Спёка вярнулася, але купацца ў магілёўскіх вадаёмах спецыялісты не раяць – кепская вада

Вада не адпавядае гігіенічным і санітарна-хімічным патрабаванням на:

– Грабянеўскім і Пячэрскага вадасховішчах;

– Дняпры на гарадскім пляжы ў Магілёве, а таксама вёсцы Палыкавічы;

– Вадаёме ля вёскі Вільчыцы Магілёўскага раёну.

Занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі адправіў у Магілёўскі гарадскі і раёны выканаўчыя камітэты хадайніцтвы аб неабходнасці ўвядзення забароны на купанне дзяцей, дарослых і заняткі відамі воднага спорту на згаданых вадаёмах.

 

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.


Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч

Тром палітзняволеным праваабаронцам падоўжаная меру стрымання пад вартай яшчэ на тры месяцы, да 14 кастрычніка.

За кратамі яны ўжо год. Як паведамляць іхныя калегі, увесь гэты час ідзе следства, невядома, на якой яно стадыі, бо з адвакатаў узятыя падпіскі аб неразгалошванні.


Юлія Каценя

Асуджаная да 3 гадоў «хіміі» за, нібыта, групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак.

26 гадовую жанчыну тры месяцы ўтрымлівалі на «Валадарцы». Суд адправіў яе ў калонію адкрытага тыпу. Яна вызваленая з-пад варты і будзе чакаць пакуль ёй не вызначаць месца адбыцця пакарання на волі.


Дзмітрый Марозаў

Яе дэпартуюць з Расіі ў Беларусь, дзе, паводле праваабаронцаў, яе чакае да 20 год зняволення.

Рашэнне пра дэпартацыю прыняў суд у Санкт-Пецярбургу 21 ліпеня.

Праваабаронцы нагадваюць, што Камітэт па правах чалавека ААН забараніў Расіі выдаваць Пінчук Беларусі.

25-гадовай грамадзянцы Беларусі пагражае да 20 гадоў калоніі за адміністраванне тэлеграм-чата, які прызнаны экстрэмісцкім.


Дзмітрый Марозаў

Застаецца ў зняволенні за, нібыта, распаўсюджванне «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Паводле праваабаронцаў урача-анестэзіёлага затрымалі 18 ліпеня ў Магілёве ў анкадыспансеры.

Цяпер ён у ізалятары часовага ўтрымання чакае суду.

Пасля абмялення на Бярэзіне чакаецца паводка. На Дняпры ў Магілёве без зменаў

Амаль два месяцы Бярэзіна мялела. Падзення ўзроўню вады выклікала праблемы з суднаходствам. Пра тое Белгідрамет паведамляў напачатку ліпеня.

Цяпер жа Белгідрамет паведамляе пра адваротнае. Паводле ведамства на рэках краіны назіраюцца ваганні ўзроўню вады, якія маюць тэндэнцыю да павышэння.

«У выніку на Дняпры ў Рэчыцы і Бярэзіне ў Бабруйску палепшыліся ўмовы для працы рачнога транспарту, а на Віліі ля аграгарадка Сцешыцы ўзровень вады на непрацяглы час перавысіў адзнаку выхаду вады на пойму», – кажуць у Белгідрамеце.

Што тычыцца Дняпра ў Магілёве, то сітуацыя тут пакуль застаецца без зменаў, піша быхаўская раёнка «Маяк Прыдняпроўя»

«Неспрыяльныя ўмовы для працы рачнога транспарту адзначаюцца на Заходняй Дзвіне ў Віцебску, Нёмне ў Гродне, Дняпры ў Магілёве і Жлобіне», – канстатуе Белгідрамет і дадае, што тэмпература вады ў рэках і вадаёмах павысіцца.

фота: komkur.info

Магілёўскія ўніверсітэты павысілі кошт платнага навучання амаль на 10%

Плату за навучанне павысілі ўніверсітэт імя Куляшова і Беларуска-расійскі ўніверсітэт. Тое вядома са звестак апублікаваных на сайтах навучальных устаноў.

Зусім нядаўна MOGILEV.MEDIA паведамляў актуальныя звесткі пра кошты навучання ў галоўных ВНУ Магілёўшчыны. А ў другой палове ліпеня гэтыя расцэнкі ўжо істотна выраслі. Калі дакладней – на 9,1%.

Навучанне на эканамічных спецыяльнасцях, сацыяльных камунікацыях, псіхалогіі, правазнаўстве і кіраванні інфармацыйнымі рэсурсамі ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Куляшова каштавала першакурснікам 3 626 рублёў, то з 18 ліпеня гэты кошт вырас да 3 988 рублёў.

Тое ж тычыцца студэнтаў 1 курсу гэтага ўніверсітэту па астатніх спецыяльнасцях – рост з 3 501 рубля да 3 851 за год навучання.

Ідэнтычны рост заўважаны ў Беларуска-Расійскім універсітэце – першакурснікі па эканамічных спецыяльнасцях маюць аплаціць за год 3 728 рублёў, замест 3 389. На тэхнічных спецыяльнасцях кошт вырас з 3 324 да 3656.

 

У самым цэнтры Магілёва дрэва расце проста на доме – фотафакт

Пільныя чытачы MOGILEV.MEDIA адзначылі дзіўны стан аднаго з адметных гарадскіх дамоў. Былая гасцініца “Днепр”, а цяпер офісны будынак, настолькі набраўся смеццем, што на яго архітэктурных выступах пачалі расці дрэвы.

Будынак гасцініцы “Днепр” быў узведзены на месцы Іосіфаўсакага сабора, знесенага савецкімі ўладамі ў 1938 годзе. Будаўніцтва гасцініцы было запраектавана ў межах даваеннага плана па пераносу сталіцы БССР з Мінска ў Магілёў. Архітэктурны стыль, у якім выканана былая гасцініца – блізкі да канструктывізма, але пабудова не мае ахоўнага статуса і не залічаная ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Галоўны афіцыйны сцяг у Магілёве навальніцы ператварылі ў анучу – фотафакт

У Магілёў.media звярнуліся чытачы, якія заўважылі дзіўны стан сцяга на самым высокім гарадскім флагштоку. Часам магло здавацца, што яго наогул павесілі дагары нагамі.

Як высветлілі нашы карэспандэнты, гэты аптычны падман тлумачыцца жахлівым станам палотнішча – не міласэрныя вятры і навальніцы апошніх дзён парвалі яго і ператварылі ў заблытаны кавалак матэрыі.

 

На Магілёўшчыне аднаму з заказнікаў змянілі рэжым аховы і яго статус таксама

У Быхаўскім раёне мясцовы рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Старыца» стаў проста рэспубліканскім заказнікам. Пераўтварэнне статусу тлумачыцца зменамі межаў, рэжымам аховы і выкарыстаннем.

probelarus.by

Заказнік быў заснаваны 27 лютага 1997 году. Яго плошча – 2033 гектары. Ранейшы статус прадугледжваў ахову спецыфічных поймавых ландшафтаў у даліне Дняпра. У ім прадстаўленыя стромкія і пакатыя схілы, фрагменты тэрас, эолавых пагоркаў. На ягонай тэрыторыі знаходзяцца 27 азёр серпападобнай формы і возера Старыца.

Тут растуць чырвона кніжны вадзяны арэх. З птушак варакушка, а з жамяры жужалі ды пераліўніца.


Магілёўскай вобласці бракуе асабліва ахованых прыродных мясцін.


Паводле прыродазнаўцаў у рэгіёне няма ніводнага нацыянальнага парка, ці запаведніка рэспубліканскага ўзроўню.

У 1990-я гады планавалі стварыць Свіслацка-Бярэзінскі нацыянальны парка, але замест яго на тэрыторыі Кіраўскага, Клічаўскага і Асіповіцкага раёнаў зрабілі заказнік рэспубліканскага значэння.

На Магілёўшчыне толькі 5 заказнікаў і 14 помнікаў рэспубліканскага значэння.

Калі ў краіне ахоўваныя тэрыторыі складаюць 9,1%, з лідарамі Брэсцкай і Гродзенскай абласцямі, то Магілёўская займае апошняе месца з доляй удвая меншай за сярэднерэспубліканскі паказчык.

У Магілёве навальніцай сарвала металічную агароджу з даху. На шчасце ніхто не пацярпеў

Металічную канструкцыю сарвала дужым парывам ветру. Цяпер у горадзе шугае навальніца.

Гэта адбылося на вуліцы Болдзіна, у цэнтры гораду, непадалёк ад тралейбуснага прыпынку. Агароджа з даху абрынулася на ходнік. У гэты момант на ім нікога не было.

Цяпер металічную канструкцыю прыбіраюць камунальнікі, якім стала вядома пра здарэнне.

У Магілёве асобныя гатункі цурку ўсё ж даражэюць

Напрыклад, як паведамілі Магілёў.media чытачы, цукар ХЮГГЕ, колькі дзён таму каштаваў 2 рублі 60 капеек. Цяпер жа, паводле пакупнікоў, у сеткавых крамах «Соседи» яго цана – 3 рублі 15 капеек.

Нервознасць праз цукар у магілёўскіх пакупнікоў з’явілася 18 ліпеня. Тады было заўважана, што многія наведнікі крамах сталі браць яго кілаграмамі.

На наступны дзень у некаторых магазінаў цукру было не купіць наагул. Разабралі нават рафінад.

Тым часам, прадстаўнік канцэрну «Белдзяржхарчпрам» Ігар Груца запэўніваў, што сфармаваны запас цукру дае падставы для захавання цяперашніх цэн на яго.

За ім Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю настойвала,  што цукру складскіх запасаў у краіне дастаткова, каб задаволіць попыт.

«На 20 капеек». У Магілёве падаражэла маршрутнае таксі

Пра гэта Магілёў.media паведамілі жыхары абласнога цэнтру. Яны кажуць, што новая цана праезду з’явілася пакуль толькі на некаторых маршрутах. Цяпер за паездку трэба выкласці 1 рубель 50 капеек.

Ранейшы кошт праезду быў – 1 рубель 30 капеек.

У Магілёве мяркуюць, што павышэнне кошту праезду ў маршрутным таксі першая ластаўка падаражэнняў тавараў і паслуг.