Пасля абмялення на Бярэзіне чакаецца паводка. На Дняпры ў Магілёве без зменаў

Амаль два месяцы Бярэзіна мялела. Падзення ўзроўню вады выклікала праблемы з суднаходствам. Пра тое Белгідрамет паведамляў напачатку ліпеня.

Цяпер жа Белгідрамет паведамляе пра адваротнае. Паводле ведамства на рэках краіны назіраюцца ваганні ўзроўню вады, якія маюць тэндэнцыю да павышэння.

«У выніку на Дняпры ў Рэчыцы і Бярэзіне ў Бабруйску палепшыліся ўмовы для працы рачнога транспарту, а на Віліі ля аграгарадка Сцешыцы ўзровень вады на непрацяглы час перавысіў адзнаку выхаду вады на пойму», – кажуць у Белгідрамеце.

Што тычыцца Дняпра ў Магілёве, то сітуацыя тут пакуль застаецца без зменаў, піша быхаўская раёнка «Маяк Прыдняпроўя»

«Неспрыяльныя ўмовы для працы рачнога транспарту адзначаюцца на Заходняй Дзвіне ў Віцебску, Нёмне ў Гродне, Дняпры ў Магілёве і Жлобіне», – канстатуе Белгідрамет і дадае, што тэмпература вады ў рэках і вадаёмах павысіцца.

фота: komkur.info