Дзень у гісторыі. 18 лістапада. Надрукавана першая кніга ў Англіі. Створаны заказнік “Заазер’е”. Адбыўся самы масавы суіцыд ХХ стагоддзя

1307 год.  Вільгельм Тэль прабівае стралой яблык на галаве свайго сына. 

Ішоў селянін са швейцарскага кантона Уры Вільгельм Тэль па горадзе Альтдорфу з маленькім сынам. На цэнтральным пляцы горада стаяла тычка, на верхавіне якой красаваўся капялюш аўстрыйскага намесніка ландфохта Геслера, якой ён загадаў кланяцца. Наш герой капелюшу не пакланіўся. 

За такое злачынства ён быў схоплены вартаўнікамі. Але тут на пляцы з’явіўся сам Геслер, які ўбачыў за спіной Тэля ці то арбалет, ці то лук. Захацелася намесніку даведацца, ці ўсе швейцарцы – майстэрскія стрэлкі і ён загадаў Тэлю са 100 крокаў збіць яблык з галавы сына стралой.

Тэль не прамазаў. Але дзёрзкасць яго не спадабалася ландфохту і ён загадаў кінуць бунтара ў вязніцу замка Кюсанахт. 

Закаванага ў ланцугі Тэля пасадзілі ў лодку і павезлі праз возера, але тут наляцела бура і вязня прыйшлося раскаваць, таму што лішнія рукі веслярам не перашкодзілі б. Тэль не прамінуў гэтым скарыстацца, і як толькі лодка ткнулася ў бераг, збег у горы, а неўзабаве падпільнаваў на вузенькай сцяжынцы Геслера і забіў яго. Пасля гэтага паўстаў увесь швейцарскі народ і выгнаў аўстрыйцаў назаўжды з краіны.

Тэлю паставілі некалькі помнікаў, а ў тым месцы, дзе ён выскачыў з лодкі на бераг, пастаўлена капліца.

tunnel.ru

 1477 год.  Англійскі першадрукар Уільям Кекстан выдае першую надрукаваную ў Англіі кнігу – анталогію “Выслоўі філосафаў”.

Усяго ён выдаў больш за 100 кніг.

Трэба нагадаць, што другім брытанскім друкаром з’яўляецца Ян (Iван) Лiцвiн або Джон Летоў, які пачаў друкаваць кнігі праз 3 гады пасля Кекстана, у 1480 годзе. Мяркуюць, што Ян-Джон паходзіць з Полаччыны. 

1883 год. Нарадзіўся Язэп Лёсік. 

Беларускі мовазнавец, грамадска-палітычны дзеяч, старшыня Рады БНР.

Выкладчык БДУ, правадзейны сябра Інбелкульта, акадэмік. Родны дзядзька Якуба Коласа, брат Антона Лёсіка.

На пачатку педагагічнай дзейнасці працаваў у Бабруйскай сельскагаспадарчай школе.

Быў у царскай ссылцы ў Сібіры (разам з Алесем Гаруном).

Член Беларускага нацыянальнага камітэта, Вялікай беларускай рады, 2-гі старшыня Рады БНР.

Арыштоўваўся ў 1922, 1930, 1938 гадах. Быў у турмах, ссылцы.

Даследчык вытокаў беларускай нацыянальнай культуры, гісторыі ВКЛ, кнігадрукавання, старадрукаў. Аўтар прац «Гісторыя Вялікага княства Літоўска-Беларускага», «Памяткі старасвецкай беларускай мовы і пісьменства», «Бітва пад Грунвальдам у апісанні хронікі Быхаўца, Длугаша, Бельскага і інш.», падручнікаў «Практычная граматыка беларускае мовы», «Беларуская мова: Пачатковая граматыка», «Беларуская мова: Правапіс», «Сінтаксіс беларускае мовы» і іншых.

Паводле афіцыйнай версіі, памёр 1 красавіка 1940 года ад сухотаў у саратаўскай турме. Паводле іншай версіі, быў застрэлены адразу па абвяшчэнні прысуду.  Месца пахавання невядомае.

У гонар Язэпа Лёсіка названыя вуліцы ў Маладзечне, Мікалаеўшчыне і Стоўбцах.

wikimedia.org

 1902 год. Нарадзіўся Міхась Машара

Беларускі паэт, празаік, драматург, перакладчык.

Рэдагаваў газету “Наша воля”, працаваў у дзіцячым часопісе “Заранка”, у газетах “Звязда”, “Савецкая Беларусь”, “Партызанскае слова”, часопісе “Полымя”, “Настаўніцкай газеце”, на радыё.

Аўтар зборнікаў вершаў, паэм, п’ес, раманаў, кнігі ўспамінаў.

Вершы, напісаныя падчас зняволення ў віленскіх Лукішках тайна вынесла і выдала асобным зборнікам “Малюнкі” Зоська Верас.

Пераклаў на беларускую мову “Мёртвыя душы” М. Гогаля, “Апавяданні” Г. Сянкевіча, “Уральскія сказы” П. Бажова, “Калевалу” і інш.

Памёр 7 чэрвеня 1976 года.

1931 год. Нарадзіўся Анатоль Вярцінскі

Беларускі паэт, грамадскі і палітычны дзеяч. Заслужаны работнік культуры. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР за кнігу «Нью-Ёркская сірэна», Лаўрэат прэміі «Залаты апостраф».

Працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва», выдавецтве «Беларусь». Член Беларускага ПЭН-цэнтра.

У 1990-1995 гадах – дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі, намеснік старшыні пастаяннай Камісіі па пытаннях галоснасці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека, член Канстытуцыйнай камісіі.

Аўтар вершаў, паэм, п’ес для дзяцей, кніг паэзіі, зборнікаў вершаў, літаратурнай крытыкі і публіцыстыкі.

Паасобныя вершы пакладзены на музыку. Па паэме «Колькі лет, колькі зім!» пастаўлены тэлеспектакль (1980), чатыры п’есы ставіліся ў тэатрах.

Пераклаў на беларускую мову некаторыя п’есы Лопэ дэ Вэгі, М. Себасцьяна, В. Пальчынскайтэ, якія пастаўлены ў тэатрах, асобныя вершы з класічнай і сучаснай рускай, украінскай, літоўскай, латышскай, балгарскай, польскай, венгерскай, кубінскай паэзіі.

Узнагароджаны Медалем 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Памёр 21 красавіка 2022 года.

cdn.3bls.eu

1931 год. Нарадзіўся Генадзь Мурамцаў

Беларускі скульптар.

Стварыў партрэтныя вобразы вядомых пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў Беларусі – М.Багдановіча, А. Куляшова, В. Быкава, З. Азгура, М. Керзін, В. Бялыніцкага-Бірулі і іншых.

Вядомы як скульптар-манументаліст, аўтар помнікаў К. Заслонаву, камсамольцам-падпольшчыкам пасёлка Асінторф, савецкім салдатам — вызваліцелям Полацка, маршалу В. Сакалоўскаму ў Гродна, апошняга ў Беларусі помніка У. Леніну на цэнтральнай плошчы г. Оршы (1987).

Стварыў шматлікія мемарыяльныя дошкі знакамітым беларусам.

Памёр 23 кастрычніка 2022 года. 

1952 год. Нарадзіўся Эдвард Зайкоўскі

Беларускі археолаг. Кандыдат гістарычных навук.

Працаваў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі. Удзельнік грамадскага аб’яднання «Беларуская Майстроўня» (1979-1984).

У 2009 годзе ўвайшоў у аргкамітэт «Міленіум Літвы», у звароце якога паведамлялася, што назва Літва датычыцца старажытнай тэрыторыі Беларусі, а цяперашнія беларусы да пачатку XX стагоддзя называлі сябе ліцьвінамі.

Даследуе помнікі неаліту і бронзавага веку, паганскія вераванні і першабытнае мастацтва, старажытную кулінарыю.

Аўтар навукова-папулярных прац з пытанняў старажытнага мастацтва, у тым ліку «Першабытныя помнікі Паўночнай Беларусі» і кнігі «Старажытная беларуская кухня» (у суаўтарстве).

1963 год. Нарадзіўся Сяргей Шыла. 

Беларускі мастак-канцэптуаліст, дызайнер, спявак аўтарскай песні.

Мастаком і дызайнерам стаў праз саманавучанне. Спецыялізуецца на мастацкім і экспазіцыйным дызайне.

Аўтарскія праекты: «Кола часу» (Музей гісторыі Мінска), «Krieg, крик, крык…» (Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны), «Штрых-код» і «Абрыў» прысвечана памяці У. Высоцкага (Мінская бібліятэка імя А. Пушкіна), «ГРУЗ 300» (Віцебск), «КРОПКА, ці КРОПЛЯ АДліку»,  «Успаміны пра будучыню» (Цэнтр Сучасных Мастацтваў, Мінск).

wikimedia.org

1968 год. У Бялыніцкім раёне створаны гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння «Заазер’е». 

Мае плошчу 4 172,1 га, займае частку міжрэчча Бярэзіны і Друці. 

Уключае вярховыя балоты. 

Расце 100 відаў раслін, у тым ліку такія ахоўныя як клубняносная зубніца і пустая чубатка. Тут 108 відаў птушак, 45 відаў сысуноў, 8 земнаводных відаў і 6 відаў паўзуноў. 

У 2012 годзе ўключаны ў спіс водна-балотных угоддзяў міжнароднага значэння. 

Да XVI стагоддзя верхавыя балоты заказніка не мелі мховага покрыва і ўяўлялі сабой адкрытыя крыніцы прэснай вады. У 1887 годзе Заазер’е і яго наваколлі ўжо ўяўлялі суцэльнае балотнае ўтварэнне.

1978 год. У джунглях паўднёва-амерыканскай Гаяны быў здзейснены самы масавы суіцыд ХХ стагоддзя: загінулі 918 чалавек, 276 з якіх дзеці. 

Трагедыя адбылася ў горадзе Джонстаун з членамі рэлігійнай арганізацыі “Храм народаў”, лідэрам якой быў Джэмс Уорэн Джонс.

Секта “Храм народаў” узнікла ў 1957 годзе ў Каліфорніі. У 1970-х гадах перабралася ў Гаяну, дзе ў непралазных джунглях утварыла пасёлак, названы ў гонар “прападобнага” Джонса – Джонстаунам.

Жылі людзі ў бараках, у галечы, гэта пры тым, што на замежных банкаўскіх рахунках Джонса ляжалі дзясяткі мільёнаў даляраў, атрыманых ім ад паслядоўнікаў.

З намерам расследаваць чуткі аб жорсткім абыходжанні святара Джонса са сваёй паствай у Джонстаўн была накіравана інспекцыйная група з ЗША, якая складалася з журналістаў і адвакатаў і пад кіраўніцтвам кангрэсмена Леа Раяна.

Але Раян і чацвёра яго памагатых былі забітыя па распараджэнні Джонса. 

Пасля гэтага Джонс вырашыў зрабіць “канец свету”. Усе чальцы “Храма народаў”, уключаючы дзяцей, выпілі па шкляначцы ліманаду з цыяністым каліем, пасля чаго ў страшных канвульсіях адправіліся ў іншы свет.

Калі ў Джонстаўн увайшлі салдаты, яны ўбачылі там страшнае відовішча: сотні і сотні трупаў сектантаў, якія ляжалі па вуліцах горада.

1979 год. Памёр Гаўрыла Верасаў.

Беларускі савецкі шахматыст, міжнародны майстар (1950). Кандыдат гістарычных навук.

Шасціразовы чэмпіён Беларусі. Удзельнік трох чэмпіянатаў СССР.

Шахматны тэарэтык, аўтар сістэмы  «Дэбют Верасава» (1. d4 d5 2. Кc3 Кf6 3. Сg5).

Фота: Сістэма Верасава

2020 год. Памерла Любоў Румянцава

Беларуская актрыса. Заслужаны артыст БССР.

Працавала на кінастудыі «Беларусьфільм», у Тэатры-студыі кінаактора.

Выканаўца лірыка-драматычных і драматычных роляў. 

Здымалася ў кіно з 1959 года – у яе актыве ролі ў 60 кінафільмах.

Яе галоўная роля Джуліі Навэлі ў фільме «Альпійская балада» (1965) прынесла актрысе сусветную вядомасць.

Узнагароджана Ордэнам Францыска Скарыны.

vokrug.tv

На Магілёўшчыне аднаму з заказнікаў змянілі рэжым аховы і яго статус таксама

У Быхаўскім раёне мясцовы рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Старыца» стаў проста рэспубліканскім заказнікам. Пераўтварэнне статусу тлумачыцца зменамі межаў, рэжымам аховы і выкарыстаннем.

probelarus.by

Заказнік быў заснаваны 27 лютага 1997 году. Яго плошча – 2033 гектары. Ранейшы статус прадугледжваў ахову спецыфічных поймавых ландшафтаў у даліне Дняпра. У ім прадстаўленыя стромкія і пакатыя схілы, фрагменты тэрас, эолавых пагоркаў. На ягонай тэрыторыі знаходзяцца 27 азёр серпападобнай формы і возера Старыца.

Тут растуць чырвона кніжны вадзяны арэх. З птушак варакушка, а з жамяры жужалі ды пераліўніца.


Магілёўскай вобласці бракуе асабліва ахованых прыродных мясцін.


Паводле прыродазнаўцаў у рэгіёне няма ніводнага нацыянальнага парка, ці запаведніка рэспубліканскага ўзроўню.

У 1990-я гады планавалі стварыць Свіслацка-Бярэзінскі нацыянальны парка, але замест яго на тэрыторыі Кіраўскага, Клічаўскага і Асіповіцкага раёнаў зрабілі заказнік рэспубліканскага значэння.

На Магілёўшчыне толькі 5 заказнікаў і 14 помнікаў рэспубліканскага значэння.

Калі ў краіне ахоўваныя тэрыторыі складаюць 9,1%, з лідарамі Брэсцкай і Гродзенскай абласцямі, то Магілёўская займае апошняе месца з доляй удвая меншай за сярэднерэспубліканскі паказчык.