Сёння быў надрукаваны апошні папяровы наклад газеты.
Рэдакцыя вырашыла прыпыніць выхад выдання – гаворыцца на сайце газеты. Прычыны такога рашэння не паведамляюцца, пакідаючы права чытання паміж радкоў.
“Спадзяемся, не назаўжды. – гаворыцца ў развітальнай нататцы – Прыйдуць іншыя часы, і мы будзем працаваць для вас і разам з вамі, як гэта было апошнія 12 год.”
Газета “УзГорак” стала яркай з’явай у рэгіянальнай журналістыцы, дасягнуўшы папулярнасці і вагі ў вырашэнні сацыяльных пытанняў і асвятленні жыцця рэгіёна. Газета асвятляла падзеі ў Горацкім, Дрыбінскім і Мсціслаўскім раёнах. Яе можна было набыць у шматлікіх крамах і шапіках у Горках, да апошняга часу на “УзГорак” можна было падпісацца праз “Белпошту”. Цяпер падпіску таксама прыпынілі. Усім, хто падпісаўся на выданне да канца года, будуць вернутыя сродкі – паведаміліў рэдакцыі.
Апошні нумар газеты выйшаў на 16 старонках. У ім змяшчаюцца прыватныя аб’явы з Горак і Дрыбіна, народныя прыкметы і месяцовы каляндар да канца кастрычніка, тры сканворды, астрапрагноз, афіша кінатэатра “Крыніца” і праграма тэлеканалаў. У гэтым нумары шмат фота і артыкулы аб людзях паўночна-ўсходняга рэгіёну Магілёўшчыны.
Навучэнцы акадэміі п’юць па вечарах на беразе ракі Аршанкі, ламаюць таблічкі і разносяць клумбы – суд пастанавіў абвергнуць гэтую інфармацыю.
Артыкул пра праблемы на адным з самых папулярных пляжаў у Горках выйшаў на старонках незалежнага медыярэсурса horki.info гэтым летам. У матэрыяле пад назвай “Выяснили, что нового в этом году на любимой Оршанке, и как работается спасателям” журналісты рэгіянальнага СМІ далі слова старшаму матросу-выратавальніку Сяргею Кажэка. Ён эмацыйна распавёў выданню пра асноўныя цяжкасці, з якімі сутыкаецца выратавальная служба падчас працы на месцах адпачынку.
Сярод іншага, Сяргей Кажэка выказаўся пра паводзіны маладых людзей, якіх ён ідэнтыфікаваў як студэнтаў Горацкай сельгасакадэміі. Прыводзім урывак з абскарджанага матэрыялу з захаваннем мовы і правапісу арыгіналу.
“…самая большая проблема – это студенты. – заявіў выратавальнік Сяргей Кажэка – Они частенько устраивают на берегу пивной бар. На замечания реагируют безразличием, и это в лучшем случае. Чаще вступают в дискуссию, “качают права”, могут даже отправить по известному адресу… Как правило, они приходят ближе к девяти вечера, пьют, едят, развлекаются. По утрам после таких компаний матросы находят на берегу сломанные таблички, мусор, женские туфли, белье. За прошлую неделю они выкопали и сожгли прямо на пляже ограждение наших клумб из автопокрышек. Свернули набок козырек беседки. Пытались вытянуть и передвинуть подальше ограничительные буйки в воде. …ректорат по воспитательной работе нашей академии – займитесь своими студентами. Держать их в рамках просто уже нет сил…”
У адказ на гэтую публікацыю адміністрацыя ўстановы адукацыі “Беларуская дзяржаўная ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчая акадэмія” падала ў суд Горацкага раёна Магілёўскай вобласці позву аб абароне дзелавой рэпутацыі.
Горацкі суд вынес рашэнне “прызнаць не адпаведнымі рэчаіснасці і якія ганяць дзелавую рэпутацыю ўстановы адукацыі “Беларуская дзяржаўная ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчая акадэмія”” звесткі з матэрыяла horki.info. Адпаведны артыкул незалежнае СМІ размясціла на сваім сайце, а публікацыю “Выяснили, что нового в этом году на любимой Оршанке, и как работается спасателям” адрэдагавала, прыбраўшы адтуль пасаж выратавальніка пра студэнтаў.
horki.info – гэта незалежны рэгіянальны рэсурс, які асвятляе навіны Горацкага, Дрыбінскага і Мсціслаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці, а таксама Горацкай сельгасакадэміі. Сайт працуе з 2007 года, а таксама журналісты партала выдаюць папяровую версію, газету “УзГорак”, якая вольна прадаецца ў паштовых аддзяленнях рэгіёна.
Жыхар Воршы закупаў лом чорнага металу ў Магілёўскім раёне з мэтай яго збыту ў Расійскай Федэрацыі.
30-гадовага мужчыну затрымалі ў дарозе. Яго неаднаразова прыцягвалі да адказнасці за незаконнае абарачэнне металу.
На працягу некалькіх месяцаў ён закупаў лом чорнага металу ў Магілёўскім раёне з мэтай яго збыту ў Расійскай Федэрацыі. Падчас перавозкі назапашаных 17 760 кілаграмаў на суму ў 5 000 рублёў да межаў Рэспублікі Беларусь аршанца затрымалі праваахоўнікі. Увесь металалом канфіскаваны, а на яго ўладальніка складзены пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні за незаконнае абарачэнне чорнага лому, паведамляе прэс-служба абласнога УУС.
Яна адзначае, што аршанец ужо неаднаразова прыцягваўся да адказнасці за падобныя парушэнні.
Амаль шаснаццаць тон гранітнага друзу 37-гадовы жыхар Горак спрабаваў прадаць «налева» – паведамляе прэс-служба УУС аблвыканкаму.
Будаўнічы матэрыял ён загрузіў на самазвал на адным з дарожных рамонтна-будаўнічых упраўленняў гораду, дзе і сам працаваў. Не маючы ніякіх дакументаў на груз, зламыснік паспрабаваў прадаць матэрыялы мясцовай камерцыйнай арганізацыі.
15 800 кілаграмаў друзу праваахоўнікі ацанілі ў 600 рублёў шкоды, нанесеных дарожнаму рамонтна-будаўнічаму ўпраўленню.
Праблемы з пакункамі TetraPak дабраліся і да «Малочных горак». Гэта прадпрыемства знаходзіцца ў райцэнтры Горкі, што на Магілёўшчыне.
Мясцовыя спажыўцы малочнай прадукцыі звярнулі ўвагу, што ў пакунках, прызначаных для малака разлітыя вяршкі 10-працэнтнай тлустасці. Тое ўдакладняла налепка.
Сама ж упакоўка была не з «Малочных горак», а «Малочнага гасцінца», прадпрыемства з Мачулішчаў Мінскай вобласці. Акрамя расейскай мовы на этыкетках меўся надпіс на кітайскай мове, паведамляе рэсурс Horki.info.
Праблемы з упакоўкай днямі прызнаў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Вадзім Шагойка.
«Ёсць пэўныя складанасці з тэтрапакам, але гэтае пытанне вырашаецца» – запэўніваў ён.
Раней беларускую прадукцыю з кітайскай мовай на этыкетках прадавалі ў Магілёве і Бабруйску. У тамтэйшыя крамы малако пастаўляла акцыянернае таварыства «Бабушкіна крынка», пісаў Магілёў.media.
Яе прадстаўнікі тлумачылі, што ў продаж прадукцыя з кітайскай мовай трапіла, бо прадпрыемства збіралася супрацоўнічаць з Кітаем.
Умяшанне журналістаў дапамагло развязаць праблему. Цяпер у доме, дзе жыве сям’я Артура, хлопчыка з дыягназам ДЦП, ёсць парэнчы, адкідны шчыт для выхаду на вуліцу і зручны спуск да ходніка.
Маці Артура ўпершыню звярнулася ў мясцовыя камунальныя службы яшчэ ў 2018 годзе, як толькі стала вядома пра хваробу малечы.
У 2019 годзе старшыня райвыканкаму даручыў адпаведным службам зрабіць на ўваходзе ў пад’езд пандус. Але і тады камунальнікі не выканалі даручэння.
Замест пандуса яны зрабілі парэнчы, і толькі ўнутры пад’езда. Дзесяць прыступак ад кватэры да вуліцы маці Артура адольваць, несучы спачатку сына, дваццаці кілаграмовую каляску і торбы з прадуктамі.
Сітуацыю змагла скрануць з мёртвай кропкі публікацыя ў мясцовай газеце «Узгорак». Як паведамляла Магілёў.media , пасля асвятлення праблемы, камунальнікі правялі апытанне жыхароў пад’езда і ўзвялі пандус.
На Магілёўшчыне міліцыя працягвае аперацыю «Мак». Праваахоўнікі вышукваюць плантацыі наркаўтрымліваючых раслінаў на прыватных участках, ці ў дзікай прыродзе.
Чарговыя зараслі канопляў выяўленыя ў Касцюковіцкім раёне. Плантацыя з гектар разраслася ў Зоне адчужэння – радыеактыўным участку Касцюковіцкага раёну, забароненым для наведвання чалавекам, паведамляе прэс-служба абласнога УУС.
У паселішчы Горы Горацкага раёну міліцыі прыйшлося даганяць бяспраўніка. 50-гадовы мясцовы жыхар вырашыў уцякаць ад патрульнай машыны, але быў дагнаны ля свайго дому. Як выявілася, ён ужо пазбаўлены правоў за п’янае ваджэнне. Цяпер яго чакае штраф памерамі ад 640 да 1 600 рублёў, альбо арышт, апавядае прэсавая служба абласной міліцыі.
Міліцыя вобласці занятая выяўленнем крадзяжоў калгаснай маёмасці. Магілёў.media раней пісалі, што ў адсутнасці рэальнага гаспадара на зямлі такія рэйды – адзінае, што можа супрацьпаставіць дзяржава носьбітам постсавецкай ментальнасці на сяле. Гэтым разам амаль 70 літраў фарбаванага паліва былі знойдзеныя ў жыхара вёскі Глухі, 65 літраў – у жыхара вёскі Тайманава Быхаўскага раёну. Злодзеяў чакае штраф ад 10 да 50 базавых.
Вага самага вялікага з памідораў — амаль адзін кілаграм.
Галінка таматаў з неверагоднымі пладамі вырасла ў цяпліцы мясцовай жыхаркі Дзіны Маўло.
«900 грамаў і яшчэ больш» – такімі словамі апісвае ўраджай гаспадыня, якую цытуе рэсурс Horki.info.
Для Беларусі гэта амаль рэкордная вага. Так, на фестывалі ў Іўеўскім раёне, прысвечаным культывацыі таматаў, самы вялікі памідор заважыў 1 070 грамаў – паведамляла БелТА. Другое месца заняў плод вагою ў 976 грамаў.
Самы вялікі памідор у свеце быў вырашчаны Дэнам Сазэрлэндам у ЗША ў паселішчы Ўола-Ўола каля Вашынгтона ў 2020 годзе. Ён важыў 4 кілаграмы 896 грамаў.
3 1938 году 24 ліпеня адзначаецца Дзень нараджэння распушчальнай кавы.
Гэта дата не афіцыйная. Адзначаюць яе вытворцы і гурманы напою.
24 ліпеня 1938 вытворчасць распушчальнай кавы стала масавай. З канвеера швейцарскай кампаніі Nestle сышлі першыя ўпакоўкі новага напою.
Распушчальная кава была абавязковай у рацыёне амерыканскіх салдат падчас Другой сусветнай вайны.
Штодня ў свеце выпіваецца каля 2,4 мільярдаў кубкаў кавы, і больш за палову прыпадае на долю распушчальнай.
static.insales-cdn.com
1618 году ў Еўе (цяпер Віевіс, Літва) выдадзены першы «Буквар мовы славенскай…»
Першы ў свеце элементарны падручнік пад назвай «Буквар». Другі буквар надрукаваў магілёвец Спірыдон Собаль у 1631 годзе.
vkurier.by
1820 года нарадзіўся Люцыян Крашэўскі.
Мастак, фатограф. Прыродазнавец, краязнавец.
Рабіў замалёўкі помнікаў архітэктуры і народных тыпаў на Гродзеншчыне. Здымаў краявіды краю.
Ілюстраваў выданні сваіх братоў літаратараў і навукоўцаў Юзэфа Крашэўскага і Каятан Крашэўскага.
Дапамогаў удзельнікам паўстання 1863–1864, за што быў сасланы ў Кангур Пермскай губерні.
1896 года нарадзіўся Аляксандр Орса.
Педагог, грамадскі і культурны дзеяч.
Міністр асветы Беларускай Народнай Рэспублікі. Адзін з заснавальнікаў Беларуска-амерыканскага задзіночання, стваральнік першай парафіі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, Беларускага інстытуту навукі і мастацтва, арганізатар першых беларускіх школ у Нью-Ёрку.
1911 года нарадзіўся Анатоль (Акім) Астрэйка.
Паэт, журналіст.
Працаваў у газетах розных гарадоў, у тым ліку ў Горках.
Аўтар тэкстаў многіх беларускіх песень: «Ой бацька мой, Нёман», «Песня пра Заслонава», «Шаўковыя травы», «Песня мінаеўцаў».
1921 года памёр Сцяпан Булат.
Палітычны дзеяч, журналіст.
Рэдактар газеты «Савецкая Беларусь», заснавальнік і рэдактар газеты «Белорусская деревня».
Адстойваў ідэю беларускай дзяржаўнасці, дамагаўся пашырэння БССР на ўсход, беларусізацыі краю, надання беларускай мове статуса дзяржаўнай.
На смерць Сцяпана Булата адгукнуліся вершамі Янка Купала, Міхась Чарот, Змітрок Бядуля.
1934 года нарадзіўся Генадзь Гарбук.
Актор тэатру і кіно. Народны артыст Беларусі.
Працаваў у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Сыграў больш за 50 роляў у тэатры і больш за 50 у кінастужках.
За ролю Петрака ў фільме Міхаіла Пташука «Знак бяды» паводле аднайменнага твора Васіля Быкава артыст атрымаў прыз за найлепшую мужчынскую ролю на Міжнародным фестывалі ў Заграбе.
Ён зняўся ў «Чорным замку Альшанскім», «Анастасіі Слуцкай».
1976 года нарадзіўся Іван Ціхан.
Атлет, кідальнік молата, трохразовы чэмпіён свету.
Сярэбраны прызёр Летніх Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра.
Старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі з 24 верасня 2020 года.
Падпісаў адкрыты ліст спартыўных дзеячаў краіны, якія выступаюць за дзейную ўладу пасля жорсткіх здушэння пратэстаў у 2020 годзе.
У публікацыі выкарыстаныя звесткі і рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў
«Бярозка» – танцпляцоўка ў цэнтры Горкі. Дзесяцігоддзямі яна была асяродкам гуртавання мясцовай моладзі. Тут ладзіліся дыскатэкі, поп і рок канцэрты. У 2000-х змена культурных тэндэнцый прывяла да яе заняпаду.
У 2018 годзе на танцпляцоўку звярнулі ўвагу мясцовыя актывісты. На круглым стале па пытаннях развіцця гарадскіх культурных асяродкаў была ўхваленая прапанова стварыць на месцы «Бярозкі» творчую пляцоўку, нагадвае рэсурс Horki.info.
Мясціна, на якой размяшчаецца танцпляцоўка, ужо мае новага ўласніка. На аўкцыёне зямельны ўчастак у 2015 годзе набыў прадпрымальнік Сяргей Цароў.
Ён планаваў пабудаваць тут жылы дом, але ўжо пасля здзелкі высветлілася, што, паводле генеральнага плана развіцця Горак, на месцы былой танцпляцоўкі, павінна быць размешчана выставачная прастора пад адкрытым небам.
Іншага прызначэння тэрыторыі не дапускаецца, і паўплываць на гэта на мясцовым узроўні немагчыма – генплан зацвярджаецца міністэрствам архітэктуры Рэспублікі Беларусь.
«Падчас пакупкі мне ніхто не ўказаў на гэтую дэталь, – каментуе сітуацыю Сяргей Цароў. – Цяпер я проста кожны год плачу падаткі за гэтую тэрыторыю і толькі».
У такой сітуацыі верагодныя два варыянты развіцця – альбо ўласнік зменіць свае планы на тэрыторыю «Бярозкі» і абсталюе тут выставачную прастору пад адкрытым небам, альбо ён дачакаецца зменаў у генеральным плане гораду, што дазволіць рэалізаваць праект з будаўніцтвам жылога дому.