Газета “УзГорак” спыніла выхад

Сёння быў надрукаваны апошні папяровы наклад газеты.

Рэдакцыя вырашыла прыпыніць выхад выдання – гаворыцца на сайце газеты. Прычыны такога рашэння не паведамляюцца, пакідаючы права чытання паміж радкоў. 

“Спадзяемся, не назаўжды. – гаворыцца ў развітальнай нататцы – Прыйдуць іншыя часы, і мы будзем працаваць для вас і разам з вамі, як гэта было апошнія 12 год.”

Газета “УзГорак” стала яркай з’явай у рэгіянальнай журналістыцы, дасягнуўшы папулярнасці і вагі ў вырашэнні сацыяльных пытанняў і асвятленні жыцця рэгіёна. Газета асвятляла падзеі ў Горацкім, Дрыбінскім і Мсціслаўскім раёнах. Яе можна было набыць у шматлікіх крамах і шапіках у Горках, да апошняга часу на “УзГорак” можна было падпісацца праз “Белпошту”. Цяпер падпіску таксама прыпынілі. Усім, хто падпісаўся на выданне да канца года, будуць вернутыя сродкі – паведамілі ў рэдакцыі.

Апошні нумар газеты выйшаў на 16 старонках. У ім змяшчаюцца прыватныя аб’явы з Горак і Дрыбіна, народныя прыкметы і месяцовы каляндар да канца кастрычніка, тры сканворды, астрапрагноз, афіша кінатэатра “Крыніца” і праграма тэлеканалаў. У гэтым нумары шмат фота і артыкулы аб людзях паўночна-ўсходняга рэгіёну Магілёўшчыны.