Ёсць складанасці з-за санкцый – міністр сельскай гаспадаркі і харчавання пра сітуацыю з малаком.

Паводле Вадзіма Шагойкі «звужэнне асартыменту малочнай прадукцыі звязанае з упакоўкай».

«Ёсць пэўныя складанасці з тэтрапакам, але гэтае пытанне вырашаецца» – адзначае ўрадовец.

Па яго словах, вытворцы малака занятыя пошукам іншых пастаўшчыкоў такой упакоўкі, каб вярнуць звыклы людзям асартымент, які быў да санкцый. Прапрацоўваецца супрацоўніцтва з вытворцамі Кітаю, іншых дружалюбных краінаў і ўжо завезены партыі для выпрабаванняў.

«Пакуль, каб не было змяншэння аб’ёмаў, беларускія вытворцы актыўна перабудаваліся на вытворчасць малака ў ПЭТ-бутэльцы, у плёнцы» – кажа ён.

Вадзім Шагойка настойвае: унутраны рынак забяспечаны малаком.

«У краіне вельмі высокі ўзровень развіцця малочнай жывёлагадоўлі. Пры вытворчасці ў мінулым годзе 7,8 мільёнаў тон малака мы спажываем каля 3 мільёнаў, а астатняе экспартуецца» – падкрэслівае ўрадовец, словы якога падае  «БелТА»

_____________________________________

Беларускія прадпрыемствы закупляюць упакоўку Tetra Pak, вырабленую на заводзе ў Маскоўскай вобласці. Праблемы на расійскіх заводах шведска-швейцарскай кампаніі ўзніклі пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.

З падобнымі праблемамі сутыкнуліся і ў Беларусі. Яны пачалі шукаць альтэрнатыўную замену ўпакоўцы Tetra Pak, пісаў Магілёў.media

На мінулым тыдні стала вядома, што Tetra Pak наагул сыходзіць з Расіі і перадае сваё расійскае падраздзяленне мясцоваму кіраўніцтву.

У кампаніі тлумачаць, што ў выніку сукупнага ўплыву экспартных абмежаванняў у дачыненні да Расіі, якія прывялі да парушэнняў у ланцужках паставак, кампанія Tetra Pak больш не можа працягваць падтрымку сваёй аперацыйнай дзейнасці ў гэтай краіне.

 

Фота ілюстрацыйнае з адкрытай у інтэрнэце крыніцы