Амаль шаснаццаць тон гранітнага друзу 37-гадовы жыхар Горак спрабаваў прадаць «налева» – паведамляе прэс-служба УУС аблвыканкаму.
Будаўнічы матэрыял ён загрузіў на самазвал на адным з дарожных рамонтна-будаўнічых упраўленняў гораду, дзе і сам працаваў. Не маючы ніякіх дакументаў на груз, зламыснік паспрабаваў прадаць матэрыялы мясцовай камерцыйнай арганізацыі.
15 800 кілаграмаў друзу праваахоўнікі ацанілі ў 600 рублёў шкоды, нанесеных дарожнаму рамонтна-будаўнічаму ўпраўленню.
Праблемы з пакункамі TetraPak дабраліся і да «Малочных горак». Гэта прадпрыемства знаходзіцца ў райцэнтры Горкі, што на Магілёўшчыне.
Мясцовыя спажыўцы малочнай прадукцыі звярнулі ўвагу, што ў пакунках, прызначаных для малака разлітыя вяршкі 10-працэнтнай тлустасці. Тое ўдакладняла налепка.
Сама ж упакоўка была не з «Малочных горак», а «Малочнага гасцінца», прадпрыемства з Мачулішчаў Мінскай вобласці. Акрамя расейскай мовы на этыкетках меўся надпіс на кітайскай мове, паведамляе рэсурс Horki.info.
Праблемы з упакоўкай днямі прызнаў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Вадзім Шагойка.
«Ёсць пэўныя складанасці з тэтрапакам, але гэтае пытанне вырашаецца» – запэўніваў ён.
Раней беларускую прадукцыю з кітайскай мовай на этыкетках прадавалі ў Магілёве і Бабруйску. У тамтэйшыя крамы малако пастаўляла акцыянернае таварыства «Бабушкіна крынка», пісаў Магілёў.media.
Яе прадстаўнікі тлумачылі, што ў продаж прадукцыя з кітайскай мовай трапіла, бо прадпрыемства збіралася супрацоўнічаць з Кітаем.
Умяшанне журналістаў дапамагло развязаць праблему. Цяпер у доме, дзе жыве сям’я Артура, хлопчыка з дыягназам ДЦП, ёсць парэнчы, адкідны шчыт для выхаду на вуліцу і зручны спуск да ходніка.
Маці Артура ўпершыню звярнулася ў мясцовыя камунальныя службы яшчэ ў 2018 годзе, як толькі стала вядома пра хваробу малечы.
У 2019 годзе старшыня райвыканкаму даручыў адпаведным службам зрабіць на ўваходзе ў пад’езд пандус. Але і тады камунальнікі не выканалі даручэння.
Замест пандуса яны зрабілі парэнчы, і толькі ўнутры пад’езда. Дзесяць прыступак ад кватэры да вуліцы маці Артура адольваць, несучы спачатку сына, дваццаці кілаграмовую каляску і торбы з прадуктамі.
Сітуацыю змагла скрануць з мёртвай кропкі публікацыя ў мясцовай газеце «Узгорак». Як паведамляла Магілёў.media , пасля асвятлення праблемы, камунальнікі правялі апытанне жыхароў пад’езда і ўзвялі пандус.
На Магілёўшчыне міліцыя працягвае аперацыю «Мак». Праваахоўнікі вышукваюць плантацыі наркаўтрымліваючых раслінаў на прыватных участках, ці ў дзікай прыродзе.
Чарговыя зараслі канопляў выяўленыя ў Касцюковіцкім раёне. Плантацыя з гектар разраслася ў Зоне адчужэння – радыеактыўным участку Касцюковіцкага раёну, забароненым для наведвання чалавекам, паведамляе прэс-служба абласнога УУС.
У паселішчы Горы Горацкага раёну міліцыі прыйшлося даганяць бяспраўніка. 50-гадовы мясцовы жыхар вырашыў уцякаць ад патрульнай машыны, але быў дагнаны ля свайго дому. Як выявілася, ён ужо пазбаўлены правоў за п’янае ваджэнне. Цяпер яго чакае штраф памерамі ад 640 да 1 600 рублёў, альбо арышт, апавядае прэсавая служба абласной міліцыі.
Міліцыя вобласці занятая выяўленнем крадзяжоў калгаснай маёмасці. Магілёў.media раней пісалі, што ў адсутнасці рэальнага гаспадара на зямлі такія рэйды – адзінае, што можа супрацьпаставіць дзяржава носьбітам постсавецкай ментальнасці на сяле. Гэтым разам амаль 70 літраў фарбаванага паліва былі знойдзеныя ў жыхара вёскі Глухі, 65 літраў – у жыхара вёскі Тайманава Быхаўскага раёну. Злодзеяў чакае штраф ад 10 да 50 базавых.
Вага самага вялікага з памідораў — амаль адзін кілаграм.
Галінка таматаў з неверагоднымі пладамі вырасла ў цяпліцы мясцовай жыхаркі Дзіны Маўло.
«900 грамаў і яшчэ больш» – такімі словамі апісвае ўраджай гаспадыня, якую цытуе рэсурс Horki.info.
Для Беларусі гэта амаль рэкордная вага. Так, на фестывалі ў Іўеўскім раёне, прысвечаным культывацыі таматаў, самы вялікі памідор заважыў 1 070 грамаў – паведамляла БелТА. Другое месца заняў плод вагою ў 976 грамаў.
Самы вялікі памідор у свеце быў вырашчаны Дэнам Сазэрлэндам у ЗША ў паселішчы Ўола-Ўола каля Вашынгтона ў 2020 годзе. Ён важыў 4 кілаграмы 896 грамаў.
3 1938 году 24 ліпеня адзначаецца Дзень нараджэння распушчальнай кавы.
Гэта дата не афіцыйная. Адзначаюць яе вытворцы і гурманы напою.
24 ліпеня 1938 вытворчасць распушчальнай кавы стала масавай. З канвеера швейцарскай кампаніі Nestle сышлі першыя ўпакоўкі новага напою.
Распушчальная кава была абавязковай у рацыёне амерыканскіх салдат падчас Другой сусветнай вайны.
Штодня ў свеце выпіваецца каля 2,4 мільярдаў кубкаў кавы, і больш за палову прыпадае на долю распушчальнай.
static.insales-cdn.com
1618 году ў Еўе (цяпер Віевіс, Літва) выдадзены першы «Буквар мовы славенскай…»
Першы ў свеце элементарны падручнік пад назвай «Буквар». Другі буквар надрукаваў магілёвец Спірыдон Собаль у 1631 годзе.
vkurier.by
1820 года нарадзіўся Люцыян Крашэўскі.
Мастак, фатограф. Прыродазнавец, краязнавец.
Рабіў замалёўкі помнікаў архітэктуры і народных тыпаў на Гродзеншчыне. Здымаў краявіды краю.
Ілюстраваў выданні сваіх братоў літаратараў і навукоўцаў Юзэфа Крашэўскага і Каятан Крашэўскага.
Дапамогаў удзельнікам паўстання 1863–1864, за што быў сасланы ў Кангур Пермскай губерні.
1896 года нарадзіўся Аляксандр Орса.
Педагог, грамадскі і культурны дзеяч.
Міністр асветы Беларускай Народнай Рэспублікі. Адзін з заснавальнікаў Беларуска-амерыканскага задзіночання, стваральнік першай парафіі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, Беларускага інстытуту навукі і мастацтва, арганізатар першых беларускіх школ у Нью-Ёрку.
1911 года нарадзіўся Анатоль (Акім) Астрэйка.
Паэт, журналіст.
Працаваў у газетах розных гарадоў, у тым ліку ў Горках.
Аўтар тэкстаў многіх беларускіх песень: «Ой бацька мой, Нёман», «Песня пра Заслонава», «Шаўковыя травы», «Песня мінаеўцаў».
1921 года памёр Сцяпан Булат.
Палітычны дзеяч, журналіст.
Рэдактар газеты «Савецкая Беларусь», заснавальнік і рэдактар газеты «Белорусская деревня».
Адстойваў ідэю беларускай дзяржаўнасці, дамагаўся пашырэння БССР на ўсход, беларусізацыі краю, надання беларускай мове статуса дзяржаўнай.
На смерць Сцяпана Булата адгукнуліся вершамі Янка Купала, Міхась Чарот, Змітрок Бядуля.
1934 года нарадзіўся Генадзь Гарбук.
Актор тэатру і кіно. Народны артыст Беларусі.
Працаваў у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Сыграў больш за 50 роляў у тэатры і больш за 50 у кінастужках.
За ролю Петрака ў фільме Міхаіла Пташука «Знак бяды» паводле аднайменнага твора Васіля Быкава артыст атрымаў прыз за найлепшую мужчынскую ролю на Міжнародным фестывалі ў Заграбе.
Ён зняўся ў «Чорным замку Альшанскім», «Анастасіі Слуцкай».
1976 года нарадзіўся Іван Ціхан.
Атлет, кідальнік молата, трохразовы чэмпіён свету.
Сярэбраны прызёр Летніх Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра.
Старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі з 24 верасня 2020 года.
Падпісаў адкрыты ліст спартыўных дзеячаў краіны, якія выступаюць за дзейную ўладу пасля жорсткіх здушэння пратэстаў у 2020 годзе.
У публікацыі выкарыстаныя звесткі і рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў
«Бярозка» – танцпляцоўка ў цэнтры Горкі. Дзесяцігоддзямі яна была асяродкам гуртавання мясцовай моладзі. Тут ладзіліся дыскатэкі, поп і рок канцэрты. У 2000-х змена культурных тэндэнцый прывяла да яе заняпаду.
У 2018 годзе на танцпляцоўку звярнулі ўвагу мясцовыя актывісты. На круглым стале па пытаннях развіцця гарадскіх культурных асяродкаў была ўхваленая прапанова стварыць на месцы «Бярозкі» творчую пляцоўку, нагадвае рэсурс Horki.info.
Мясціна, на якой размяшчаецца танцпляцоўка, ужо мае новага ўласніка. На аўкцыёне зямельны ўчастак у 2015 годзе набыў прадпрымальнік Сяргей Цароў.
Ён планаваў пабудаваць тут жылы дом, але ўжо пасля здзелкі высветлілася, што, паводле генеральнага плана развіцця Горак, на месцы былой танцпляцоўкі, павінна быць размешчана выставачная прастора пад адкрытым небам.
Іншага прызначэння тэрыторыі не дапускаецца, і паўплываць на гэта на мясцовым узроўні немагчыма – генплан зацвярджаецца міністэрствам архітэктуры Рэспублікі Беларусь.
«Падчас пакупкі мне ніхто не ўказаў на гэтую дэталь, – каментуе сітуацыю Сяргей Цароў. – Цяпер я проста кожны год плачу падаткі за гэтую тэрыторыю і толькі».
У такой сітуацыі верагодныя два варыянты развіцця – альбо ўласнік зменіць свае планы на тэрыторыю «Бярозкі» і абсталюе тут выставачную прастору пад адкрытым небам, альбо ён дачакаецца зменаў у генеральным плане гораду, што дазволіць рэалізаваць праект з будаўніцтвам жылога дому.
Аляксандр Міхайлоўскі і Аляксандр Ляўтко праходзілі міма сельскага магазіна ў роднай вёсцы Копцеўка, калі заўважылі, што адно з вокан узламанае. Пашкоджанымі былі рашотка і шклопакет.
Неўзабаве, побач з крамай два Аляксандры пабачылі незнаёмага нецвярозага мужчыну. Пры сабе ў яго былі і скрадзеныя ў краме тавары – паведамляе Магілёўскае абласное Упраўленне ўнутраных спраў.
Жыхары Копцеўкі на месцы затрымалі падазроную асобу і выклікалі міліцыю. Віна затрыманага была ўстаноўленая ў ходзе далейшых следчых мерапрыемстваў, а пільныя сяльчане атрымалі падзякі і каштоўныя падарункі.
Зараз жа прадстаўнікі вертыкалі зноў выступілі з ініцыятывай збору грошай у насельніцтва – цяпер на рэканструкцыю мемарыяла.
Людзі баранілі помнік
Помнік «Тужлівая маці» быў усталяваны на паўночным ускрайку Горак у 2009 годзе. Так было ўшанаванае месца, дзе ў часы вайны нямецкія акупанты расстралялі каля 80 мясцовых падпольшчыкаў і больш за 150 дзяцей, выхаванцаў дзіцячага дому.
Будаўніцтва вялося за кошт ахвяраванняў жыхароў раёну, якія «збіралі» падчас суботніка, і абышлося ў 500 мільёнаў недэнамінаваных рублёў.
Месца мемарыяльнага комплексу жыхарам горада аднойчы прыходзілася адстойваць ад пасягальніцтваў – у 2015 годзе ўлады меркавалі размясціць побач гаражны масіў.
Тады дзясяткі гараджан скардзіліся ў дзяржаўныя інстанцыі і дамагліся, каб гаражы былі перанесеныя ў іншае месца. Замест іх побач з мемарыялам пасадзілі яблыневы сад – лаканічна адзначана гэта гісторыя на сайце райвыканкаму.
Месца пафасных імпрэзаў
У апошнія гады месца мемарыяла ператварылася ў пляцоўку, на якой праводзяцца ідэалагічныя акцыі ў савецкім стылі. Як, напрыклад, мітынг са свечкамі смутку 22 чэрвеня. Таксама мемарыял летась быў дапоўнены помнікам, прысвечаным дзецям, ахвярам вайны.
Як паведамляюць Gorki News, акрамя ахвяраванняў гараджане могуць дапамагчы ва ўсталяванні імёнаў ахвяр, што знайшлі свой спачын у брацкіх магілах на месцы мемарыяла. Тыя, хто валодае адпаведнай інфармацыяй, мусяць звярнуцца ў раённы ідэалагічны аддзел.
У Быхаве двухгадовае дзіця выпала з пятага паверху і загінула.
У Горках 1 ліпеня двухгадовае малое выпала з вакна першага паверху. Дзіця засталося жывым. Паводле следчых малое засталося без прыгляду, ускараскалася на крэсельца, якое стаяла на балконе і праз неасцярожнасць выпала з яго.
Следчыя заклікаюць бацькоў не пакідаць малалетніх дзяцей без прыгляду, нават на непрацяглы час. Усе вокны ў кватэры павінны быць абсталяваны адмысловымі замыкальнымі прыладамі.
Маскітныя сеткі ствараюць ілюзію зачыненага акна і не здольныя прадухіліць выпадзенне.
Не стаўце мэблю і цацкі поруч вокнаў – з іх дапамогай дзіця можа ўзлезці на падаконнік, заклікаюць сьледчыя.