Паведамленне пра гэта з’явілася ў гарадскім пабліку. Аўтар фотаздымка задае рытарычнае пытанне: “Зразумела, што ўсе сышлі ў гістарычную памяць, але хаця б ахоўную стужку наматаць можна?”
Tag: Бобруйск
2,5 праміле алкаголю – сталі зразумелымі прычыны жахлівага здарэння ў Бабруйску
Аўтамабіль імчыць на чырвонае святло і ледзьве не тараніць людзей на пешаходным пераходзе. Як бачна па відэа з камеры назірання, пад колы магла трапіць маленькая дзяўчынка – яна, альбо жанчына побач падае пасля кантакту з аўтамабілем. Пасля здарэння аўтамабіль Audi, які здзейсніў наезд, пакінуў месца ДТЗ.
Шакуючае відэа паявілася ў Тэлеграм-канале прэс-службы абласнога УУС. Здарэнне адбылося 8 кастрычніка ў 16.00 на Георгіеўскім праспекце Бабруйска. А неўзабаве сталі вядомыя прычыны неадэкватных паводзін кіроўцы аўтамабіля. У яго крыві было выяўлена 2,5 праміле алкаголю.
Вадзіцелю аўтамабіля Opel, 40-гадоваму бабруйчаніну пагражае буйны штраф і канфіскацыя правоў кіроўцы на пяць год. Яго аўтамабіль размешчаны на штрафстаянцы.
У выніку ДТЗ нязначныя траўмы атрымалі дзве жанчыны, 28 і 37 гадоў.
Лак для валасоў стаў тэрмічнай бомбай і ледзь не забіў бабруйчанку
Бабруйчанка распыляла лак для валасоў побач з уключанай газавай плітой. Успышка газу ледзь не спаліла яе. Летась з-за запалення адзення ад газавай пліты загінуў магілёвец. Драма і трагедыя нагадалі, што парушэнне правіл пажарнай бяспекі можа прывесці да траўмы і нават смяротнага выпадку.
Бабруйск. У двухпакаёвай кватэры шматкватэрнага жылога дома на вуліцы Гогаля дама паважанага ўзросту прыводзіла сябе ў парадак. Рабіла гэта яна на кухне каля працуючай газавай пліты. Успышка пароў распыленага лаку для валасоў аказалася вельмі моцнай і нечаканай для гаспадыні. У выніку 59-гадовая жанчына атрымала тэрмічныя апёкі і была шпіталізавана. Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім абласным упраўленні МНС. Гаспадарам пашчасціла, што ўспышка не выклікала яшчэ і пажар.
Магілёў. Гэта не першы ў вобласці выпадак апёкаў грамадзян ад газавых пліт. Напрыканцы мінулага году падобны выпадак быў на вуліцы Папаніна. Ад газавай пліты загарэлася адзенне мужчыны. Нягледзячы на “тэрмічныя апёкі полымем 1-4 ступені 45% цела” яго сям’я выклікала хуткую толькі праз 7 гадзін. Ужо ў шпіталі мужчына памёр.
МНС падкрэслівае, што балоны з аэразолямі нельга награваць, трымаць каля газавай пліты, радыятара ацяплення, каля крыніц адкрытага агню і кідаць у агонь, а іх змесціва нельга распыляць блізка ад агню. Таксама важна памятаць, што прадукты хімічнай прамысловасці (у тым ліку лакі і фарбы) з’яўляюцца лёгкаўзгаральнымі вадкасцямі. У абодвух выпадках назіралася відавочнае парушэнне правіл эксплуатацыі газавых прылад і агрэгатаў.
І яшчэ, памятайце, што лепш выклікаць хуткую дапамогу ў небяспечнай для здароўя сітуацыі, чым потым кусаць локці і шкадаваць з-за сваёй нездагадлівасці ці абыякавасці. Не трэба займацца і самалячэннем.
Раварыст патрапіў пад машыну ў Бабруйску
Здарэнне адбылося 5 кастрычніка на нерэгуляваным пешаходным пераходзе – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. 52-гадовы веласіпедыст не спешыўся і быў збіты аўтамабілем Citroen. З траўма і ён быў дастаўлены ў шпіталь, але пасля аказання медыцынскай дапамогі быў адпушчаны дамоў.
Што можа знайсці ў магілёўскім архіве звычайны магілёвец – расказваем у сусветны дзень архівіста
Дзейнасць архіваў цяжка пераацаніць. Яны – матэрыалізаваная памяць грамадства. Як чалавек без памяці, так і грамадства без архіваў не можа паўнацэнна функцыяваць. Архівы насамрэч даюць вялізныя аб’ёмы інфармацыі па запытах грамадзян і арганізацый. Апошнія гады адным з важных напрамкаў іх дзейнасці з’яўляецца аблічбоўка дакументаў архіўных фондаў, што не толькі спрашчае пошук звестак, але і забяспечвае захаванасць першакрыніц. Але што з таго звычайнаму чалавеку?
Што могуць даць архівы звычайнаму грамадзяніну?
У Магілёве і вобласці працуюць шэраг архіўных устаноў, якія маюць сваю спецыялізацыю.
Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднанняў знаходзіцца ў будынку гарвыканкама. Там знаходзяцца не толькі справы пра дзейнасць камсамольскіх і партыйных арганізацый у савецкі час, але і тысячы персанальных спраў камуністаў. Калі вашы сваякі імі былі, то вам сюды для вывучэння гісторыі сваёй сям’і.
Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці знаходзіцца на Рабочым пасёлку па вуліцы Чалюскінцаў. Тут месцяцца справы арганізацый і ўстаноў усіх галін эканомікі і сацыяльнай сферы пераважна пасля 1917 году. Калі вы ведаеце, дзе працавалі вашы продкі, то можаце знайсці і інфу пра іх працу. Часцяком тут шукаюць інфармацыю пра гады працы для пенсій, нават пра прыналежнасць будынкаў для судовых спраў…
Магілёўскі гарадскі архіў размешчаны на вуліцы Маўчанскага д. 52 (былы будынак АТС). Калі арганізацыю, дзе вы працавалі закрылі, то вам сюды. Тут можна знайсці дадзеныя па асабістаму складу і зарплаце для пацверджання стажу працы і афармлення дакументаў для прызначэння пенсіі.
Архіў Органаў ЗАГС – вул. Першамайская 71, Магілёў (Дом Саветаў). Тут інфармацыя па нараджэнню і датах смерці вашых продкаў.
Яшчэ працуюць рэгіянальныя архівы ў Бабруйску і Крычаве, якія абслугоўваюць і суседнія раёны.
Маюцца архівы юстыцыі і КДБ, дзе захоўваецца інфармацыя па крымінальных справах, але яны закрытыя для шараговых грамадзян.
Кожнае дзейнае прадпрыемства ці ўстанова таксама мае свой архіў.
А тым часам
100-годдзе дзяржаўнай архіўнай службы Беларусі адзначылі магілёўскія архівісты.
Лепшымі архівістамі Магілёўшчыны з уручэннем дыпломаў прызнаны Аксана Каюшнікава і Марыя Мардэсава. Прынята рашэнне аб перадачы абласному архіву будынка па вуліцы Карла Маркса плошчай 6 тысяч кв.м. Будуць выдзелены сродкі і праведзена сур’ёзная рэканструкцыя будынка для пераезда туды архіва. Гэта доўгачаканая падзея.
фота з адкрытых крыніц
У Бабруйску абяцаюць пабудаваць новы і рэканструяваць стары мост праз Беразіну да канца наступнага года
Пасля паўгадовага перапынку, які быў выкліканы еўрапейскімі санкцыямі, аднавіліся працы па рэканструкцыі Цітоўскага маста.
Рэканструкцыя Цітоўскага аўтамабільнага маста, якому споўнілася ўжо 60 гадоў, пачалася ў канцы 2021 года з дапамогай Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Аднак пасля ўварвання Расіі ва Украіну праекты банка ў Беларусі былі замарожаны.Цяпер на гэта знайшліся грошы ў рэспубліканскім бюджэце, і работа закіпела.
Паводле праекту, побач са старым Цітоўскім мостам праз Беразіну павінен спачатку з’явіцца ягоны «дублёр», які возьме на сябе ўвесь транспартны паток. Пасля гэтага ўжо на месцы 60-гадовага “ветэрана” з’явіцца новы мост з палепшанымі характарыстыкамі і вялікай грузападымальнасцю. Стары мост будзе поўнасцю дэмантаваны, а на яго месцы ўзведзены новы. Фактычна, гэта не рэканструкцыя маста, а поўнамаштабнае будаўніцтва двух новых мастоў.
Два новыя масты будуць практычна ідэнтычнымі. Розніца будзе толькі ў 3,5 метра шырыні. У новага яна складзе 17 метраў, бо там запланаваны дадатковыя дарожкі для пешаходаў і веласіпедыстаў. А мост, які ўзвядуць на месцы старога Цітоўскага, будзе 14,5 метраў у шырыню.
Нягледзячы на дажджы будаўнікі працуюць у любое надвор’е. Спецыялісты філіяла “МСУ № 2” ААТ “Мостабуд” адліваюць бетонныя апоры. Як кажуць будаўнікі, ландшафт зручны, ніякіх сюрпрызаў не паднёс. Таму работы, як паведамляе “Вячэрні Бабруйск”, вядуцца запланаванымі тэмпамі.
Адзінай цяжкасцю, якая можа спыніць работы, гэта праблемы з фінансаваннем. Да канца бягучага года работы забяспечаны фінансаваннем і ідуць па плане. Калі так будзе і далей, то новы мост будзе ўведзены ў эксплуатацыю ўжо ў другім паўгоддзі 2023 года. Поўнасцю жа аб’ект плануецца здаць да канца 2024 года.
Бабруйск пазнаёміўся з новым мэрам, але нібыта і не прыдаў значэння змене старшыні гарвыканкама
Дэпутатам пазачарговай сесіі Бабруйскага гарадскога Савета прадставілі новага галаву гарадской вертыкалі Ігара Кісяля. Але мясцовыя медыа, у адрозненні ад магілёўскіх, дзе таксама змянілася кіраўніцтва горада, не надалі надта ўвагі гэтай падзеі.
У Магілёве ўсе значныя рэсурсы напісалі пра сыход Уладзіміра Цумарава, аналізавалі ягоную спадчыну, падкрэслілі добрае і згадалі праблемнае. Пісалі пра дасягненні, пра характар былога мэра, збольшага жадалі яму поспехаў і дзякавалі. Пісалі пра Цумарава і Магілёў.media.
Змена гарадскога галавы павінна была ўзрушыць бабруйскія медыа і паблікі, але на сыход Аляксандра Студнева з Бабруйска і прыход Ігара Кісяля яны амаль не адрэагавалі, абмежаваўшыся афіцыйнымі паведамленнямі. Няўжо былога кіраўніка няма за што падзякаваць, а ад новага нічога добрага не чакаюць?
З чаго такая стрыманая рэакцыя на сыход Студнева была ў Бабруйску?
Прагляд бабруйскіх сацыяльных груп і медыя здзіўляе няўвагай на інфармацыю пра сыход спадара Аляксандра Студнева. “Быў, і быў” – нібыта чытаецца паміж радкоў.
Але ж былы мэр так настойліва імкнуўся піарыць сваю дзейнасць, што пра гэта хадзілі ў горадзе анекдоты. Адкрыццё самага нязначнага аб’екта не абыходзілася без яго прамовы. На любым культурным мерапрыемстве ён з сям’ёй быў наперадзе. Яго прамова была абавязкова першай што на гарадскім свяце выпускнікоў, што на адкрыцці навагодняй ёлкі. І вось ён сышоў, а горад у адказ нічога не сказаў.
Пытанні, пытанні. Чаму бабруйчане аказаліся такімі няўдзячнымі? Ці наадварот яны ўспрымалі Студнева, як чужака, які спрабуе лезці навыперадкі і таму не прынялі ў лік сваіх? Адназначнага адказу як заўжды няма. Колькі людзей – столькі і думак.
Праўда, падчас сесіі старшыня аблвыканкаама Анатоль Ісачэнка выказаў падзяку былому старшыні Бабруйскага гарвыканкама, і сцісла адзначыў, што ён «імкнуўся рабіць горад лепшым, і шмат у чым яму гэта ўдалося». Яшчэ Аляксандра Віктаравіча ўзнагародзілі Ганаровай граматай Бабруйскага гарадскога Савета дэпутатаў і пажадалі поспехаў на новай пасадзе старшыні Магілёўскага гарвыканкама. Дэпутаты нібыта сказалі: “Язджай ты, дзядзька, да сябе дамоў”.
Новы старшыня Бабруйскага гарвыканкама Ігар Кісель.
Сесія гарадскога Савета дэпутатаў адзінагалосна зацвердзіла на пасадзе старшыні Бабруйскага гарадскога выканаўчага камітэта Ігара Мікалаевіча Кіселя. Ён нарадзіўся ў 1974 годзе ў вёсцы Лабанаўка Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці. У 1996 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію па спецыяльнасці “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”, у 2012 годзе – Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці “Дзяржаўнае і мясцовае кіраванне”. Ігар Мікалаевіч мае досвед працы ў органах дзяржаўнага кіравання, працаваў першым намеснікам старшыні Бабруйскага гарвыканкама, што важна.
На сесіі адзначалася ягоная кампетэтнасць, любоў да горада і жаданне працаваць.
Пажадалі яму ўкладваць грошы ў дарогі, ахову здароўя, адукацыю, у стварэнне новых вытворчасцей і пашырэнне дзеючых, у мадэрнізацыю.
“Тыя задачы, якія пастаўлены ўрадам краіны і кіраўніцтвам Магілёўскай вобласці, Бабруйск выканае. – заверыў Ігар Кісель – Планы па развіцці горада ёсць, яны будуць увасабляцца ў рэалізацыю. У Бабруйску ўжо шмат зроблена, але шмат яшчэ трэба зрабіць”.
Пажадаем і мы Ігару Кіселю плёну ў працы і таго, каб у час, калі ён будзе сыходзіць з пасады мэра, бабруйчанам было за што яго падзякаваць.
фота: БелТа
Апошнія кіёскі “Саюздруку” ў Бабруйску зачынены, у Магілёве некаторыя яшчэ працуюць
ААТ «Магілёўсаюздрук» банкрут. Больш за паўсотні бабруйскіх кіёскаў «Саюздруку» выстаўлены на продаж за даўгі.
Калісьці больш за паўсотні кіёскаў працавалі ў горадзе, а цяпер сем апошніх кіёскаў зачынены. Прычынай закрыцця стала стратная работа гэтых гандлёвых аб’ектаў.
Нядзіўна, што з пачатку кастрычніка «Саюздрук» канчаткова пакінуў Бабруйск. Яго кіёскі будуць прададзены, а сродкі накіраваны на пагашэнне шматмільённых даўгоў прадпрыемства.
Як нам стала вядома, цяпер газеты, часопісы, іншую друкаваную прадукцыю, канцылярскія тавары бабруйчане змогуць набыць толькі ў асобных гарадскіх магазінах.
У Магілёве некаторыя шапікі “Саюздруку” яшчэ працуюць.
Нагадаем, у жніўні 2022 года суд прыняў заяву аб банкруцтве ААТ «Магілёўсаюздрук» – паведамлялі Магілёў.media.
Бабруйчанка вылавіла ў Беразіне сама-гіганта велічынёй са здаровага мужыка
У канцы верасня Святлана Юркавец рыбачылі на спінінг з мужам Дзмітрыем на Бярэзіне. Адчуўшы, што рыба ўзялася, яна спрабавала вылавіць рыбу сама, але потым паклікала мужа на дапамогу.
Паўгадзіны доўжылася барацьба – паведамляе magilev.by. Сом то паднімаўся, то зноў апускаўся на дно ракі, гружаную лодку і двух чалавек у ёй з лёгкасцю перасоўваў па рацэ на 500 метраў то ў адзін, то ў другі бок. У працэсе барацьбы муж ужо думаў, што давядзецца адпусціць гэтага монстра. Але раптам сом усплыў на паверхню і яго ўдалося з дапамогай падхватніка закінуць ў лодку.
Святлана ўжо 12 гадоў мае афіцыйны статус (білет) рыбака, але такі ўлоў у яе ў першы раз. Вага сома склала 47 кілаграм 600 грам, а даўжыня – 186 сантыметраў. Нават транспартаваць такога буйнога сама было зусім нялёгкай задачай.
Бабруйскую махлярку асудзілі ў Кіраўску на 7 гадоў за непрыбраныя магілы
Жанчына атрымала тэрмін зняволення ў 7 гадоў калоніі за злачынствы на могілках і нявыкананыя паслугі.
Суд Кіраўскага раёна разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да жыхаркі горада Бабруйска, якую абвінавацілі ў махлярстве ў асабліва буйным памеры – злачынства, прадугледжанага ч. 4 арт. 209 КК і прызнаў яе вінаватай.
Прэс-служба Вярхоўнага суда паведаміла, што абвінавачаная К., ажыццяўляючы індывідуальную прадпрымальніцкую дзейнасць у перыяд з 2018 па 2021 гады заключала з грамадзянамі дамовы бытавога заказу, куплі-продажы, аб выкананні работ і аказанні паслуг. Яна ж вусна дамаўлялася з грамадзянамі аб выкананні работ па вырабе рытуальнай прадукцыі, па добраўпарадкаванні месцаў пахаванняў, пераконвала перадаваць ёй у якасці папярэдняй аплаты грашовыя сродкі. Вось толькі выконваць прынятыя на сябе абавязацельствы яна не спяшалася.
У выніку злачынных дзеянняў абвінавачаная супрацьпраўна завалодала грашовымі сродкамі грамадзян, прычыніла ім маёмасную шкоду ў асабліва буйным памеры, які цяжка сабе ўявіць – на агульную суму 69 170 рублёў 80 капеек, што склала 2 385,2 базавых велічынь.
Прысуд:
абвінавачаная К. прызнана вінаватай у завалоданні маёмасцю шляхам падману (махлярстве), у асабліва буйным памеры, і на падставе ч.4 арт.209 КК ёй прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 7 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму са штрафам у памеры 300 базавых велічыняў.
Таксама пастаноўлена спагнаць з абвінавачанай К. на карысць пацярпелых матэрыяльную шкоду, а таксама кампенсацыю маральнай шкоды.