Лак для валасоў стаў тэрмічнай бомбай і ледзь не забіў бабруйчанку

Бабруйчанка  распыляла лак для валасоў побач з уключанай газавай плітой. Успышка газу ледзь не спаліла яе. Летась з-за запалення адзення ад газавай пліты загінуў магілёвец. Драма і трагедыя нагадалі, што парушэнне правіл пажарнай бяспекі можа прывесці да траўмы і нават смяротнага выпадку.  

Бабруйск. У двухпакаёвай кватэры шматкватэрнага жылога дома на вуліцы Гогаля дама паважанага ўзросту прыводзіла сябе ў парадак. Рабіла гэта яна на кухне каля працуючай газавай пліты. Успышка пароў распыленага лаку для валасоў аказалася вельмі моцнай і нечаканай для гаспадыні. У выніку 59-гадовая жанчына атрымала тэрмічныя апёкі і была шпіталізавана. Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім абласным упраўленні МНС.  Гаспадарам пашчасціла, што ўспышка не выклікала яшчэ і пажар. 

Магілёў. Гэта не першы ў вобласці выпадак апёкаў грамадзян ад газавых пліт. Напрыканцы мінулага году падобны выпадак быў на вуліцы Папаніна. Ад газавай пліты загарэлася адзенне мужчыны. Нягледзячы на “тэрмічныя апёкі полымем 1-4 ступені 45% цела” яго сям’я выклікала хуткую толькі праз 7 гадзін. Ужо ў шпіталі мужчына памёр. 

МНС падкрэслівае, што балоны з аэразолямі нельга награваць, трымаць каля газавай пліты, радыятара ацяплення, каля крыніц адкрытага агню і кідаць у агонь, а іх змесціва нельга распыляць блізка ад агню. Таксама важна памятаць, што прадукты хімічнай прамысловасці (у тым ліку лакі і фарбы) з’яўляюцца лёгкаўзгаральнымі вадкасцямі. У абодвух выпадках назіралася відавочнае парушэнне правіл эксплуатацыі газавых прылад і агрэгатаў. 

І яшчэ, памятайце, што лепш выклікаць хуткую дапамогу ў небяспечнай для здароўя сітуацыі, чым потым кусаць локці і шкадаваць з-за сваёй нездагадлівасці ці абыякавасці. Не трэба займацца і самалячэннем.