У Бабруйску падрываюць знакаміты “храм Бахуса” – фота, відэа

Знос карпусоў былога вінзавода пачаўся ў панядзелак 3 кастрычніка. Як паведамлялі Магілёў.media, напярэдадні жыхароў бліжэйшых дамоў папрасілі раскрыць вокны, каб выбуховай хваляй не выбіла шкло.

Будынкі вінзаводу руйнавалі два дні па частках. Першай, 3 кастрычніка была ўзарваная чатырохпавярховая вежа. Імпазантны будынак віннага складу 1897 года пабудовы з надпісам “Vinitus Unitis” (“Таварыства вінаградараў”) на фасадзе быў знішчаны 4 кастрычніка двума выбухамі – паведамляе “Коммерческий курьер”.

Відэа з момантам аднаго з выбухаў на сваім YouTube-канале размясціў адзін з жыхароў горада.

Фота: komkur.info

Трактар паехаў на чырвонае святло на пераездзе пад Бабруйскам і яго збіў матавоз

Здарэнне адбылося каля вёскі Брожа. Трактарыст выехаў на пераезд, нягледзячы на светлавыя і гукавыя сігналы, якія забаранялі праезд.

Матавоз – рухомая адзінка, якая абслугоўвае чыгуначныя пуці – аказаўся больш цяжкім, збіў прычэп і адкінуў яго на некалькі метраў.

На шчасце, трактарыст і чыгуначнікі не пацярпелі.

Легендарны бабруйскі вінзавод будуць падрываць 3 і 4 кастрычніка

Жыхароў бліжэйшых дамоў просяць раскрыць вокны, каб выбуховай хваляй не выбіла шкло.

Паведамленне пра знос будынку былога бабруйскага вінзавода днямі паявілася ў СМІ. Вядома, што 3 і 4 кастрычніка, у панядзелак і аўторак, з 12.00 да 13.00 і з 16.00 да 17.00 па адрасе вуліца Навашасейная, 25 метадам падрыву будзе знесены будынак.

Магілёў.media раней распавядалі пра руйнаванне знакамітага бабруйскага “храма Бахуса”. Імпазантныя будынкі вінзавода прыцягваюць шматлікіх аматараў экстрыму і арыгіальных фотасесій, але толькі не гаспадарлівых уласнікаў.

Гарадскія паблікі ўжо размяшчаюць настальгічныя запісы пра вінзавод, у якіх нагадваюць, як прастора прамысловых аб’ектаў магла б трансфармаваць, упрыгожыць і развіць бабруйскі культурны і сацыяльны ландшафт. 

Бабруйск становіцца лідарам Магілёўшчыны па канфіскаваных “палёных” спіртовых напоях

Паспяховыя рэйды міліцыянераў дазволілі ў верасні канфіскаваць у Бабруйску больш за 5 тон спіртазмяшчальнай вадкасці. 

Напачатку аператыўнікі затрымалі фуру ў паўпрычэпе якой было знойдзена схованка – паведамляе прэс-служба абласнога УУС. У ёй выявілася больш за 700 каністраў са спіртазмяшчальнай вадкасцю агульным аб’ёмам амаль 3,6 тысячы літраў. За стырном вялікагруза быў 46-гадовы беспрацоўны бабруйчанін.

Днямі ў 61-гадовага мясцовага жыхара знайшлі буйную партыю аналагічнага рэчыва ў грузавіку на тэрыторыі ягонага домаўладання. У мужчыны канфіскаваны каністры з агульным аб’ёмам звыш 1,6 тысячы літраў.

Па абодвух фактах, як адзначылі ў МУС, праводзіцца праверка, а тавар адпраўлены на экспертызу. Высвятляецца яго паходжанне.

Ужыванне спіртазмяшчальнай вадкасці невядомага паходжання можа быць смяротна небяспечным. У так званыя “ліхія” 1990-я выраб, продаж і ўжыванне левай гарэлкі і спірта было звычайнай з’явай. Мноства людзей страцілі сваё здароўе і нават пазбавіліся жыцця, толькі таму, што не грэбавалі піць “палёную” спіртовую вадкасць. 

 

Галоўнага рэдактара “Бабруйскага кур’ера” не выпусцілі з сутак

Паведамляецца, што следам за першым арыштам яму адразу далі другі – 14 сутак.

Галоўны рэдактар інтэрнэт-выдання “Бабруйскі кур’ер” Анатоль Санаценка першы раз быў затрыманы ў 10-х чыслах верасня. Справу разглядала суддзя суда Бабруйскага раёна і г. Бабруйска Ганна Асіпенка, якая прызначыла журналісту 15 сутак. Сёння тая ж самая суддзя пакінула яго за кратамі на 14.

За што быў асуджаны Санаценка – застаецца невядомым. Сайт “Бабруйскага кур’ера” перастаў адкрывацца ў Беларусі.

У жыхара Бабруйскага раёна канфіскавана 10 рыбалоўных сетак

Ён адмовіўся выдаць забароненыя прылады рыбалоўнай лоўлі. Цяпер пасля пагражае штраф да 960 рублёў. 

Прыродаахоўнікі даўно падазравалі 62-гадовага жыхара вёскі Шчаткава ў захоўванні незаконных прыладаў лоўлі рыбы. Яны прапанавалі выдаць іх добраахвотна. Але мужчына пайшоў у несазнанку і сказаў, што ў яго такіх няма, толькі пару старых сетак завалялася. 

З санкцыі пракурора ў яго двары правялі ператрус. Пры правядзенні агляду выявілася, што ён усебакова падрыхтаваны да браканьерства. У бабруйчаніна быў выяўлены склад рыбалоўных прылад: 10 сетак, дзве таптухі, чатыры нерэта, два жака. 

Цяпер мужчыну за “незаконныя выраб, набыццё, захоўванне або збыт прылад здабычы рыбы” пагражае штраф да 30 базавых велічыняў (да 960 рублёў).  Дарэчы, калі б ён добраахвотна здаў сеткі і іншыя рыбалоўныя прылады да таго, як да яго прыйшлі з вобшукам, то быў бы вызвалены ад адказнасці.

Дарожнікі не здолелі засвоіць фінансы ў бягучым годзе

Грошы на рамонт дарог забяруць у Шклова і Крычава, і перанакіруюць у Бабруйск, Бялынічы, Дрыбін і Магілёў.  

У гэтай гісторыі выявілася безгаспадарчасць і неарганізаванасць дзяржаўных чыноўнікаў, забюракратызаванасць працэсаў вызначэння праектных і будаўнічых арганізацый. А яшчэ бачна смеласць абласнога начальства, якое наважылася забраць грошы ў “недатыкальнага” Шклоўскага раёна. 

Шэраг раёнаў Магілёўскай вобласці, найперш Шклоўскі і Крычаўскі раёны, не здолелі засвоіць грошы на рамонтныя работы. У выніку дадатковыя метры дарожнага пакрыцця плануюць адрамантаваць у больш паспяховых раёнах.   

У многіх рэгіёнах вобласці зацягнулі падрыхтоўку да правядзення рамонту дарог – паведамляе магілёўская рэдакцыя тэлеканала “Беларусь 4”. Прычынай затрымкі, па словах чыноўнікаў, сталі складанасці з правядзеннем тэндараў для вызначэння праектных і будаўнічых падрадчыкаў. Не ўсе тэндары адбыліся. Прыходзілася прызначаць новыя. У выніку такія раёны, як Шклоўскі і Крычаўскі, нават страцілі магчымасць засвоіць выдзеленыя грошы да канца года. 

Цяпер незасвоеныя грошы Шклова і Крычава пераразмеркавалі на Бабруйск, Бялынічы, Дрыбін і Магілёў. У наступным годзе плануецца чарговае паступленне сродкаў рэспубліканскага дарожнага фонду.


Больш за 760 тысяч квадратных метраў вулічных дарог сёлета мусіць быць адрамантавана ў Магілёўскай вобласці, з іх амаль 75 тысяч «квадратаў» – капітальны рамонт. На сёння больш як 80 працэнтаў гэтых работ у вобласці выканана.


 

Байкер у Бабруйску не справіўся з кіраваннем – матацыкл выбухнуў пад коламі МАЗа

Жудасная карціна дарожна-транспартнага здарэння трапіла на камеры відэаназірання. На відэа, якое публікуе ў сваім Тэлеграм-канале прэс-служба магілёўскага УУС, бачны момант падзення байкера на праезжую частку. Імгненнем пазней матацыкл сутыкнуўся з коламі грузавіка МАЗ, што ехаў наперадзе, і ўспыхнуў.

Байкер – 33-гадовы жыхар Бабруйска – ударыўся аб прыпаркаваныя на ўзбочыне дарогі аўтамабілі. Са шматлікімі траўмамі ён шпіталізаваны. 

Здарэнне адбылося на вуліцы Дняпроўскай Флатыліі ў Бабруйску.

 

У Бабруйску з’явіліся станцыі зарадкі электратранспарту

Устанавілі першыя 2 электразапраўкі. Буйнейшы не абласны горад Беларусі зрабіў важны крок да электрыфікацыі гарадскога транспарту. 

Зарадныя станцыі для электратранспарту атрымліваюць усё большае распаўсюджанне на Магілёўшчыне, але да апошняга часу заправіць электрамабіль у Бабруйску было немагчыма. Найбліжэйшая станцыя зарадкі AE Charging Station знаходзілася каля вёскі Сычкава непадалёк ад скрыжавання вуліцы Мінская шаша і бабруйскай акружной дарогі. 

Натуральна, што напачатку найвялікшы попыт на станцыі быў у буйных гарадах Беларусі, але цікавасць да такога транспарту пашырае сваю геаграфію. З’явіўся попыт на электразапраўкі і на Бабруйшчыне.

Як паведамляе рэсурс bobr.news, 21 верасня ў Бабруйску ўстанавілі адразу 2 зарадкі для электратранспарту. Электразапраўкі ўсталявала фірма Маланка непадалёк ад гандлёвага цэнтра Карона (вул. 50 год УЛКСМ). 


Зарадная станцыя (або электразаправачная станцыя) — прадстаўляе электраэнергію для зарадкі акумулятарнага электратранспарту, такога як электрамабілі, электробусы, электраскутары, электрасамакаты, гіраскутары, сігвеі, электравеласіпеды і г. д.


Калі ў Бабруйску новы від транспарту робіць толькі першыя крокі, то ў Магілёве электразапраўкі здзіўляюць толькі турыстаў з расійскіх рэгіёнаў. Магілёўцы да іх даўно прызвычаіліся. Толькі найбуйнейшая сетка электразарадных станцый Malanka мае ў горадзе больш за 10 заправак. 

Адрасы папулярных электразаправак у Магілёве: М-8 232-гі км, вул. Карла Маркса 11, вул. Чалюскінцаў 8, вул. Першамайская 146, вул. Будзёнага 15/34, вул. Цярохіна 11, пр-т Пушкінскі 7, вул. Прывакзальная 2а, каля будынку Тэхнапарку і г.д. 

«Уласцівая еўрапейцам абавязковасць не заўсёды ўласцівая нашым усходнім партнёрам», кіраўнік бабруйскага прадпрыемства пра адносіны з новымі пакупнікамі, якімі яно разжылося ва ўмовах санкцыяў

Амаль 90 працэнтаў прадукцыі бабруйскага прадпрыемства «ФанДОК» трапіла пад еўрапейскія санкцыі – фанера, мэблевы шчыт, піламатэрыялы. Да вайны ва Ўкране «ФанДОК» прадаваў сваю прадукцыю ў тры дзясяткі краінаў.

У інтэрв’ю выданню KOMKUR.info генеральны дырэктар «ФанДОКа» Андрэй Парцянкоў кажа, што «даводзіцца перабудоўваць працу з улікам сітуацыі».

Паводле яго, цяпер 50 працэнтаў экспартных паставак накіроўваецца ў Азербайджан і Іран.

«Але, праўда, тут не без нюансаў, шмат чаму даводзіцца вучыцца нанова», – заўважае ён.

«Уласцівая еўрапейцам абавязковасць не заўсёды ўласцівая нашым усходнім партнёрам, – тлумачыць кіраўнік бабруйскага прадпрыемства. – Але і да гэтага паступова прызвычайваемся. Галоўнае, што кліенцкая база ўвесь час павялічваецца. Цяпер вырашаецца пытанне аб адгрузцы фанеры па моры ў Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку. Гэта абʼёмы, непараўнальныя з тымі, што пастаўляюцца па чыгунцы. Разавая пастаўка можа даходзіць да 5000 кубаметраў».

Па словах Андрэя Парцянкова, «Фандок» спрабуе замацавацца на расійскім рынку. На яго збіраецца пастаўляць прадукцыю аналагічнай той, якую вырабляла «IKEA», якая сышла з Расіі і Беларусі.

«Што да Кітая, то гэта другі пасля Расіі сусветны вытворца фанеры, і калі ісці туды, то толькі з мэбляй ці піламатэрыяламі. Вядуцца перамовы з Індыяй», – даводзіць ён.

«З улікам роскіду коштаў на кантэйнеры кошт дастаўкі ад завадскіх варот да порта Дурбан у ПАР (Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, ММ) можа варʼявацца да 10 да 30 тысяч еўра”, – ілюструе Парцянкоў сытуацыю.

“Таму, – працягвае ён, –  даводзіцца шукаць прыймальныя варыянты сярод перавозчыкаў, што таксама патрабуе намаганняў».

Паводле яго, з еўрапейскіх пакупнікоў прадукцыі «ФанДОка» засталіся кампаніі ў Германіі.

«Раней у нас там быў адзін стратэгічны партнёр, цяпер – тры. Мэбля – адзіны наш прадукт, які не трапіў пад санкцыі. Таму сам лёс прымушае нас паглыбляць перапрацоўку», – адзначае кіраўнік бабруйскага прадпрыемства.

Да поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Ўкраіну «ФанДОК» прадаваў прадукцыю ў звыш 30 краін.