Дарожнікі не здолелі засвоіць фінансы ў бягучым годзе

Грошы на рамонт дарог забяруць у Шклова і Крычава, і перанакіруюць у Бабруйск, Бялынічы, Дрыбін і Магілёў.  

У гэтай гісторыі выявілася безгаспадарчасць і неарганізаванасць дзяржаўных чыноўнікаў, забюракратызаванасць працэсаў вызначэння праектных і будаўнічых арганізацый. А яшчэ бачна смеласць абласнога начальства, якое наважылася забраць грошы ў “недатыкальнага” Шклоўскага раёна. 

Шэраг раёнаў Магілёўскай вобласці, найперш Шклоўскі і Крычаўскі раёны, не здолелі засвоіць грошы на рамонтныя работы. У выніку дадатковыя метры дарожнага пакрыцця плануюць адрамантаваць у больш паспяховых раёнах.   

У многіх рэгіёнах вобласці зацягнулі падрыхтоўку да правядзення рамонту дарог – паведамляе магілёўская рэдакцыя тэлеканала “Беларусь 4”. Прычынай затрымкі, па словах чыноўнікаў, сталі складанасці з правядзеннем тэндараў для вызначэння праектных і будаўнічых падрадчыкаў. Не ўсе тэндары адбыліся. Прыходзілася прызначаць новыя. У выніку такія раёны, як Шклоўскі і Крычаўскі, нават страцілі магчымасць засвоіць выдзеленыя грошы да канца года. 

Цяпер незасвоеныя грошы Шклова і Крычава пераразмеркавалі на Бабруйск, Бялынічы, Дрыбін і Магілёў. У наступным годзе плануецца чарговае паступленне сродкаў рэспубліканскага дарожнага фонду.


Больш за 760 тысяч квадратных метраў вулічных дарог сёлета мусіць быць адрамантавана ў Магілёўскай вобласці, з іх амаль 75 тысяч «квадратаў» – капітальны рамонт. На сёння больш як 80 працэнтаў гэтых работ у вобласці выканана.