Вядро сернай кіслаты праліла на сябе работніца-бабруйчанка

Следчы камітэт праводзяць праверку па факту атрымання хімічных апёкаў жыхаркай Бабруйска – паведамляе сайт ведамства.

Працоўная аднаго з бабруйскіх заводаў 13 лютага была дастаўлена ў лякарню з хімічнымі апёкамі. Яна паведаміла, што на працы выпадкова на сябе выліла вядро сернай кіслаты.

Следчыя устанавілі, што ў парушэнне тэхнікі бяспекі жанчына ўмяшалася ў тэхналагічны працэс па вытворчасці этылавага спірту. Спроба ўручную паскорыць працу абярнулася для яе  моцнымі апёкамі.

Высвятляюцца прычыны і ўмовы, якія садзейнічалі вытворчай траўме.

Фота: Следчы камітэт

“Усходняя бездань” – Магілёўшчына на самым дне ў рэйтынгу беларускіх гарадоў

У апублікаваным рэйтынгу беларускіх гарадоў абласны і тры раённыя цэнтры Магілёўшчыны трапілі ў канец спісу, як самыя дэпрэсіўныя і безініцыятыўныя.

Даследчы “Цэнтр новых ідэй” правёў статыстычны і сацыялагічны аналіз 40 гарадоў Беларусі з усіх рэгіёнаў. Па такіх крытэрыях, як дэмаграфічная ўстойлівасць, стан эканомікі, якасць жыцця і грамадска-палітычныя практыкі горад Магілёў трапіў на 18-е месца ў спісе. Гэта самы нізкі вынік сярод усіх абласных цэнтраў краіны, перадапошні, Гомель ідзе дзявятым. 

Раённыя цэнтры Магілёўшчыны – а ў спіс патрапілі гарады з насельніцтвам больш чым 20 000 чалавек – размясціліся на наступных месцах: Горкі 22-я, Асіповічы 35-я, Бабруйск і Крычаў занялі 28 і 39 месцы з 40.

“У 2023-ым годзе мы сумняваемся, што ідэя “найлепшага горада Беларусі”, вакол якой мы і рабілі гэты рэйтынг раней, працуе. – адзначаюць аўтары даследавання – Ва ўмовах штораз мацнейшых рэпрэсій, эканамічнага спаду, саўдзелу Беларусі ў расійскай вайне супраць Украіны канцэпцыя “найлепшага горада”, хутчэй, ператварылася ў “горад, куды можна перабрацца для лепшага жыцця, калі не хочаш эміграваць”. Гэта балюча для нас як для даследчыкаў і для беларусаў, але, ацэньваючы гэты рэйтынг, кожны з чытачоў мусіць памятаць пра гэты нюанс.”

Найгоршы сярод абласных цэнтраў – Магілёў

Паводле метадалогіі даследавання, найлепшым горадам, “куды можна перабрацца”,выступае горад з найбольш устойлівым, але адначасова дынамічным жыццём. Гэта горад, у якім – зыходзячы з мноства фактараў – людзям прасцей гадаваць дзяцей і зарабляць годныя грошы. Або сюды можна прыехаць, каб здабыць вышэйшую адукацыю.

І пры гэтым тут пры неабходнасці можна лёгка атрымаць сацыяльныя і медыцынскія паслугі. І, вядома, важна быць упэўненым, што ты можаш паўплываць на рашэнні мясцовай улады, ці хаця б мець поўную інфармацыю аб яе дзейнасці.

Складзены рэйтынг паводле крытэрыяў, якія выкарыстоўваюцца для шматлікіх аналагічных рэйтынгаў гарадоў свету. Улічваюцца адкрытыя статыстычныя дадзеныя – напрыклад, для крытэрыя дэмаграфічнай устойлівасці за аснову бярэцца натуральны прырост насельніцтва на тысячу жыхароў і доля людзей, якія перакрочылі прадукцыйны век, ад агульнай колькасці насельніцтва. Крытэрый “годнасць жыцця” ўключае ў сябе: колькасць злачынстваў на тысячу жыхароў, колькасць лекараў на тысячу жыхароў, колькасць студэнтаў дзённай формы навучання на тысячу жыхароў а таксама экспертны рэйтынг славутасцяў. Верагодна, менавіта колькасць студэнтаў вывела Горкі на лепшы вынік сярод усіх раённых цэнтраў вобласці.

Першыя тры месцы ў агульным рэйтынгу чакана занялі Мінск, Гродна і Брэст. Магілёў разам з Віцебскам і Гомелем патрапіў у кампанію “абласных цэнтраў, якія адстаюць. 

“Сярод абласных “уломкаў” традыцыйна вылучаюцца Гомель, Віцебск і Магілёў. – гаворыцца ў даследаванні – Калі зірнуць на дадзеныя, то гэтыя тры гарады мала дзе абганяюць нават некаторыя раённыя цэнтры ў плане заробкаў ды прыросту насельніцтва. Падобная сітуацыя назіраецца з інвестыцыямі ў асноўны капітал. Трэнд, вызначаны ў развіцці гэтых гарадоў у мінулым рэйтынгу, не змяніўся, і для пералому сітуацыі неабходная зусім іншая гарадская і рэспубліканская палітыка развіцця.”

“Усходняя бездань”

Разам з некаторымі гарадамі Віцебшчыны і Гомельшчыны, Горкі, Асіповічы і Крычаў былі ўключаныя ў дэпрэсіўную катэгорыю “Усходняя бездань”.

“Як і ў выпадку з адсталымі абласнымі цэнтрамі, дно нашага рэйтынга амаль прабілі раённыя цэнтры, якія знаходзяцца на ўсходзе Беларусі. – адзначаюць даследчыкі – Гэтыя гарады вельмі розныя, напрыклад, у Рэчыцы (за кошт нафты) і ў Оршы (як у буйным транспартным вузле) сярэдні заробак вышэйшы, чым у большасці раённых цэнтраў. Адначасова гэтыя гарады знаходзяцца моцна ніжэй паводле якасці жыцця: праблемы з адукацыяй і лекарамі, слабая грамадская актыўнасць. Усход Беларусі па-ранейшаму застаецца рэгіёнам, якому патрэбная дадатковая дапамога, каб забяспечыць прывабны ўзровень жыцця.”

Бабруйскі гарвыканкам просіць гараджан прыдумаць лагатып і слоган горада

На сайце гарвыканкама бабруйчанам афіцыйна прапанавана прыдумаць турыстычны брэнд Бабруйска. Ранейшыя спробы чыноўнікаў ставарыць паспяховы лагатып і слоган горада не былі паспяховымі. 

Лагатып – гэта графічны знак, эмблема альбо сімвал, які пакажа ўнікальнасць, індывідуальнасць Бабруйска для павелічэння пазнавальнасці і распазнавальнасці ў грамадстве.

Слоган – гэта кароткі эмацыйны выраз, дэвіз, лозунг, які ўмацуе імідж і прастымулюе інтарэс да Бабруйска і можа выкарыстоўвацца для турыстычнай рэкламы горада.

Бабруйчан просяць ёмка і сцісла паказаць самабытнасць, каларытнасць, унікальнасць і каштоўнасць горада і гараджан, іх культуры і гісторыі. 

Пра ўзнагароды пераможцам нічога не паведамляецца. 

Фота з адкрытых крыніц.

22 гады – двум бабруйскім рэйкавым партызанам далі жахлівыя тэрміны

Дзмітрыю Клімаву і Уладзіміру Аўрамцаву (першы і другі на фота) прысудзілі 22 гады пазбаўлення волі. Яўгену Мінкевічу далі 1,5 года пазбаўлення волі і выпусцілі ў зале суда.

Паводле версіі абвінавачвання, Клімаў і Аўрамцаў датычныя да знішчэння двух рэлейных шаф сігнальнай ўсталёўкі пад Асіповічамі. Падчас затрымання Дзмітрый Клімаў быў паранены сілавікамі. Праваабаронцы мяркуюць, што больш мяккі прысуд Мінкевічу тлумачыцца тым, што ён не ведаў пра спаленне рэлейных шафаў, а толькі падвозіў сваіх сяброў на машыне.

Дзмітрыя Клімава і Уладзіміра Аўрамцава судзілі па пяці цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за «акт тэрарызму», «здраду дзяржаве» і «ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі». Справу ў закрытым рэжыме два тыдні разглядаў суддзя Ігар Шведаў.

Фота з адкрытых крыніц.

Белшыну выключылі з вышэйшай футбольнай лігі Беларусі, але надзея засталася

На сённяшні дзень Магілёўская вобласць засталася без каманд у вышэйшай ліге па футболе Беларусі. «Белшына» за парушэнне фінансавага крытэрыя не атрымала ліцэнзію.

Камітэт па ліцэнзаванні клубаў Беларускай федэрацыі футбола не дапусціў 4 футбольных клуба да спаборніцтваў у вышэйшай ліге. У выніку вышэйшая футбольная ліга “скарацілася” да 11 клубаў. «Белшына» засталася без ліцэнзіі, але мае права на апеляцыю.  

Як паведамілі на сайце АБФФ, чатыром футбольным клубам Камітэт адмовіў у ліцэнзіі:

ФК «Слуцк» – Артыкул 40 (крытэрый персаналу),

ФК «Белшына» за парушэнне артыкула 57 (фінансавы крытэрый),

ФК «Нафтан» – артыкул 17-1 (спартыўны крытэрый),

ФК «Смаргонь» – артыкул 17, 17-1 (спартыўныя крытэрыі), 29, 42, 45, 46 (кадравыя крытэрыі).

У выніку толькі 11 клубаў вышэйшай лігі атрымалі ліцэнзіі на выступ у будучым чэмпіянаце Беларусі: «БАТЭ», «Гомель», «Дынама-Брест», «Дынама-Мінск», «Іслач», «Мінск», «Нёман», БДУ (каманда «Энергетык-БДУ), «Славія-Мазыр», «Тарпеда-БЕЛАЗ», «Шахцёр». 

Футбольны каляндар на 2023 год быў зацверджаны выканаўчым камітэтам АБФФ у сярэдзіне снежня. У Прэм’ер-лізе плануецца выступленне 16 каманд. Першы тур павінен прайсці ўжо 17-19 сакавіка.

Футбольныя клубы маюць права звярнуцца з апеляцыяй на рашэнне камітэта на працягу трох працоўных дзён. Як паведамляюць інсайды, «Белшына» напісала хадайніцтва, якое будзе разгледжана на наступным пасяджэнні выканаўчага камітэта АБФФ. Каманда настроена на станоўчы вынік. Зараз футбалісты трэніруюцца.

Фота з адкрытых крыніц

На пажары пад Бабруйскам загінуў мужчына, яго жонку выратавалі людзі

Пажар здарыўся днём 8 лютага ў вёсцы Туркі Бабруйскага раёна. На месцы ўзгарання ратавальнікамі было знойдзена цела гаспадара дома 1940 года нараджэння. Яго жонку 1948 года нараджэння яшчэ да прыезда пажарных выратавалі мясцовыя жыхары – паведамляе прэс-служба МНС. Прычына пажару, папярэдне – парушэнне правілаў эксплуатацыі пячнога і іншага абагравальнага абсталявання.

Фота ілюстрацыйнае.

У Бабруйску гандлявалі шкодным для людзей і для аўтамабіляў шклоамывальнікам

У Бабруйску з продажу канфіскавалі няякасную шклоамывальную вадкасць расійскай вытворчасці – паведамляе БЕЛТА. Яна не адпавядае заяўленным уласцівасцям, утрыманне метылавага спірту ў 416 разоў перавышае норму, пагэтаму яна небяспечная для здароўя кіроўцаў і пасажыраў, шкодная для сістэмы астуджэння рухавіка ўнутранага згарання. 

Падчас праверкі Магілёўскай абласной інспекцыяй Дзяржстандарта аднаго з прыватных гандлёвых аб’ектаў у продажы была выяўленая шклоамываючая нізказамярзальная вадкасць расійскай вытворчасці.

Устаноўлена, што вытворца наўмысна падмануў спажыўцоў: тэмпература крышталізацыі склала -13,5°С, а не -30°С заяўленных у маркіроўцы, метылавы спірт не заяўлены, а насамрэч яго змест у 416 разоў перавышаў норму, устаноўленую ў Беларусі для гэтай прадукцыі.

Эксперты зрабілі выснову, што такая шклоамывальная вадкасць можа сур’ёзна пашкодзіць сістэмы астуджэння рухавіка ўнутранага згарання, нанесці шкоду стану і здароўю людзей, бо ўдыханне пары метылавага спірту можа прывесці да страты самакантролю пры кіраванні транспартным сродкам ад выкліканых галаўнога болю, галавакружэння, паслаблення зроку і прытуплення рэакцыі.

Дзяржстандарт забараніў увоз і рэалізацыю гэтай прадукцыі.

Фота ілюстрацыйнае

Бабруйчанка абараніла свой гонар і адсудзіла ў наймальніка грошы за маральныя пакуты

Судовая калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда пакінула ў сіле рашэнне Бабруйскага суда і абараніла парушаныя правы работніцы. Але ісціца засталася незадаволена сумай кампенсацыі, бо ёй налічылі 300, а не 6000 рублёў. 

Як паведамляе bobr.by, бабруйчанка працавала ў гандлёвай кампаніі спецыялістам у аддзеле рознічнага гандлю. Больш чым за месяц да заканчэння кантракту яна і працадаўца ў пісьмовай форме вырашылі працягнуць працоўныя адносіны. Аднак кіраўніцтва кампаніі за 9 дзён да заканчэння кантракту паведаміла супрацоўніцы, што фірма больш не мае патрэб у яе паслугах. Жанчыну звольнілі ў сувязі з заканчэннем тэрміну працоўнага дагавора.

Бабруйчанка палічыла сваё звальненне незаконным і падала пазоў у суд першай інстанцыі. У сваёй заяве яна папрасіла аднавіць яе на працы і спагнаць з працадаўцы яе сярэдні заробак падчас прымусовага прагулу. У гэтай частцы суд раёна цалкам задаволіў яе патрабаванні, прызнаў факт парушэння працоўнага кодэксу працадаўцам, які быў абавязаны не пазней за месяц папярэдзіць супрацоўніцу пра звальненне.

Яшчэ адным патрабаваннем незаконна звольненай жанчыны было спагнанне кампенсацыі за маральную шкоду з боку працадаўцы. У сваім судовым іску яна заявіла, што перажыла маральныя пакуты, у тым ліку – перажыванні, якія былі звязаны са стратай працы і рэзкага пагаршэння фінансавага становішча, пачуццё шоку і нечаканасці. Свае пакуты яна ацаніла ў 6 тысяч рублёў. У гэтай частцы суд першай інстанцыі толькі часткова задаволіў пазоў, вырашыўшы спагнаць з працадаўца 300 рублёў за маральную шкоду, якую ён нанёс работніцы.

Сума кампенсацыі падалася бабруйчанцы недастатковай, і яна абскардзіла гэтае рашэнне ў вышэйшым судзе. Але Магілёўскі абласны суд у пачатку лютага пакінуў у сіле рашэнне Бабруйскага суда.

У каментарах чытачы звярнулі ўвагу на тое, што пасля прысуду работніца доўга не зможа працаваць у фірме, і на тое, што справа паказвае падзел нашага грамадства на няроўныя групы: “… адным 10 тысяч выплачваюць, а звычайным людзям 300 руб і хопіць”.

Фота з адкрытых крыніц. 

У Бабруйскім раёне гарэў BMW

Здарэнне адбылося ў аграгарадку Цялуша Бабруйскага раёна вечарам 3 лютага – паведамляюць “Магілёўскія ведамасці” са спасылкай на прэс-службу МНС. 

Да прыбыцця ратавальнікаў з-пад капота аўтамабіля ішоў дым. У выніку пажару пашкоджана падкапотная прастора, пярэдняя панэль, лабавое шкло. Прычына пажару высвятляецца. Разглядаецца версія, што адбылося парушэнне правіл эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання.

Фота: МНС

Першая бабруйская мазаіка пад пагрозай знішчэння

Мазаіка на хірургічным корпусе лякарні імя У. Марзона ў Бабруйску, якую ў 1968 годзе стварыў мясцовы мастак Сямён Абрамаў, можа быць знішчаная, паколькі сам корпус запланавана знесці.

На месцы старога хірургічнага корпуса лякарні запланавана будаўніцтва новага. Знос будынка найхутчэй прывядзе і да разбурэння самай першай мазаікі, што паявілася ў Бабруйску. Аўтар твору, мастак Сямён Абрамаў у сваім інтэрв’ю выданню 1387.by быў філасафічным:

– Гэта знак нашага часу. Напрыклад, у Маскве некалі была гасцініца «Расія», я там спыняўся не раз. У ёй было шмат мастацкіх твораў – мазаік, вітражоў. Усё знеслі. Гэтак жа і ў нас. Ні на што не глядзяць.

Праз 55 год – у выдатным стане

Мазаіку для бабруйскай лякарні хуткай дапамогі Сямён Абрамаў стварыў у 1968 годзе. Працаваў над ёю ў адзіночку. Яна дагэтуль, і праз 55 гадоў знаходзіцца ў выдатным стане.

Пра будаўніцтва новага корпуса экстраннай хірургіі на тэрыторыі Бабруйскай гарадской лякарні хуткай дапамогі імя У.Марзона распавёў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Старавойтаў.

Новы будынак размесціцца на месцы старога чатырохпавярховага хiрурiчнага корпуса. Адрамантаваць яго нельга, паводле магілёўскага чыноўніка, таму трэба зносіць. Будаўніцтва пачнецца ўжо ў 2023 годзе, закончыць яго плануецца ў 2025 годзе.

– Рамонт не дазволіць атрымаць будынак, які будзе адпавядаць неабходным патрабаванням, бо медыцына за апошнія гады сышла далёка наперад, – падкрэсліў Старавойтаў. – Таму старыя медычныя плошчы пойдуць пад знос.

Без савецкай идэалогіі

Пра лёс мазаікі пры гэтым ніякіх афіцыйных каментарыяў не даецца. Мастакі і мастацтвазнаўцы тым часам хвалююцца пра лёс першага бабруйскага манументальнага твора ў гэтым стылі.

У сваім інтэрв’ю выданню гісторык мастацтваў Кацярына Рускевіч зазначала, што гэтая мазаіка цікавая тым, што ў ёй няма савецкай ідэалогіі, і ў ёй адразу кідаюцца ў вочы адсылкі да манументальных працаў 1920-х гадоў, асноўныя рысы якіх – лаканічнасць падачы, строгасць формаў.

– Сюжэт мазаікі на Марзонаўцы – цалкам медычны. Мы бачым вялікі твар лекара ў медычнай масцы, з суворым, але глыбокім позіркам. Гэты лекар трымае ў руцэ чалавечае сэрца. На другасных планах мазаікі – чалавек пад рэнтгенаўскім апаратам, фігуры і твары медыкаў.

Фота: 1387.by