У Бабруйску 58-гадовая жанчына атрымала апёкі

29 жніўня ў Бабруйску была шпіталізавана 58-гадовая пенсіянерка з апёкамі 80 працэнтаў цела – паведамляе МНС.

Жанчына па памылцы кінула недакурак цыгарэты ў бутэльку з бензінам, якая выкарыстоўвалася для запраўкі газонакасілкі. Успышка лёгкай на загаранне вадкасці прывяла да ўзгарання адзення і атрымання апёкаў. Сын жанчыны падручнымі сродкамі ліквідаваў гарэнне.

Фота: МНС

Пад Касцюковічамі хлопчык хацеў запаліць мангал бензінам і апёкся

У аграгарадку Муравілле Касцюковіцкага раёна хлопчык малодшых класаў вырашыў самастойна распаліць мангал і атрымаў апёкі. Дарослых падчас здарэння побач з ім не было.

На выходных сям’я смажыла шашлыкі на сваім падворку. Калі мяса прыгатавалася, дарослыя пайшлі ў хату вячэраць. Але іх дзевяці гадовы сын вярнуўся да мангала і вырашыў запаліць яго самастойна. Дровы ніяк не хацелі загарацца ад запалкі, пагэтаму дзіця адкрыла гараж і пераліло з каністры бензін у пластыкавую бутэльку. Пары лёгкаўзгаральнай вадкасці патрапілі на рукі і адзенне.

Як толькі хлопчык запаліў запалку, каб развесці ў мангале агонь, полымя ўспыхнула, і ён атрымаў апёкі. Увечары таго ж дня яго даставілі ў раённы шпіталь – паведамляе міністэрства па надзвычайных сітуацыях. 

Фота ілюстрацыйнае

У Круглянскім раёне на пліце разарвала афганскі казан, двух чалавек шпіталізавалі

Днём 30 чэрвеня ў вёсцы Засіцце Круглянскага раёна ў прыватным доме падчас гатоўкі ежы на пліце разарвала афганскі казан – паведамляе прэс-служба МНС. Двух чалавек абдала гарачай парай – жонку гаспадара дома і яго брата. Абое былі шпіталізаваныя з апёкамі.

Фота ілюстрацыйнае

Яшчэ адзін мужчына загарэўся, распальваючы мангал, цяпер у Бабруйску

Увечары 23 чэрвеня мужчына 1996 года нараджэння, жыхар Бабруйска, трапіў у лякарню з апёкамі полымем 16% цела.

Як высветлілася, мужчына знаходзіўся ў гасцях у знаёмага на тэрыторыі прыватнага дома, атрымаўшы апёкі полымем ад таго, што на ім загарэлася адзенне пры распальванні мангала з выкарыстаннем спецыяльнай вадкасці для распальвання. Брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі пацярпелы быў шпіталізаваны – паведамляе міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Прычым гэты выпадак з’яўляецца ўжо другім у Магілёўскай вобласці на гэтым тыдні. Пра падобны няшчасны выпадак, які здарыўся ў Горках ўжо пісалі mogilev.media. Адбываліся гэтыя здарэнні ў самы разгар шашлычнага сезона.

Фота ілюстрацыйнае

У Горках хлопец распальваў мангал і загарэўся

У Горках на вуліцы Будаўнікоў малады чалавек у двары прыватнага дома распальваў мангал. Дзень хіліўся да вечара, і, каб справа пайшла хутчэй ён плёснуў вадкасць-распальвальнік. Але пары вадкасці патрапілі на вопратку і тканіна хутка ўспыхнула – паведамляе міністрэства па надзвычайных справах. З апёкамі юнака шпіталізавалі ў раённую бальніцу.

Фота ілюстрацыйнае

Гэта было не паленне смецця – пенсіянерку пад Шкловам падпаліў сужыцель

Гісторыю пра апёкі падчас паленне смецця прыдумаў сужыцель 61-гадовай пенсіянеркі, каб схаваць свой учынак.

Зусім нядаўна на mogilev.media выйшаў матэрыял пра пенсіянерку з вёскі Падкняжанне Шклоўскага раёна, якая нібыта паліла гаспадарчае смецце, на ёй загарэлася вопратка і жанчына атрымала апёкі 40% цела.

Насамрэч аказалася, што жанчыну падпаліў яе сужыцель. Менавіта гэты факт патлумачыла пенсіянерка лекару пры шпіталізацыі.

Следча-аператыўнай групай, якая прыбыла на месца здарэння, быў праведзены пільны агляд, які пацвердзіў словы жанчыны. Падрабязна зафіксавана карціна здарэння, апытаны суседзі і сужыцель пацярпелай.

Высветлена, што падчас сумеснага распівання спіртнога паміж сужыцелямі ўзнікла сварка. Мужчына абліў жанчыну вадкасцю лёгкай на загаранне і падпаліў. У выніку яна атрымала цяжкія тэрматраўмы.

Спалохаўшыся наступстваў, мужчына паспрабаваў схаваць сляды злачынства і звярнуўся да суседзяў, каб тыя выклікалі хуткую. Медыкам, якія прыбылі на месца здарэння, ён растлумачыў, што жанчына займалася паленнем гаспадарчага смецця і на ёй выпадкова загарэлася адзенне – паведамляе следчы камітэт.

На дадзены момант у дачыненні да мужчыны ўзбуджана крымінальная справа за замах на забойства, учыненае з асаблівай жорсткасцю. Падазроны затрыманы, праводзяцца следчыя дзеянні.

Што да жанчыны, то ў цяперашні час яе стан ацэньваецца лекарамі, як цяжкі.

Фота: sk.gov.by

Пад Шкловам жанчына распальвала смецце бензінам і атрымала апёкі 40% цела

Удзень 24 мая 62-гадовая пенсіянерка з вёскі Падкняжанне Шклоўскага раёна спальвала бытавыя адыходы і траву побач з домам. Каб агонь разгарэўся хутчэй, жанчына выкарыстоўвала бензін.

Парывам ветру агонь перакінуўся на вопратку, якая загарэлася. У выніку здарэння жанчына атрымала апёкі 40 працэнтаў цела. Пацярпелая шпіталізавана — паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”.

Прычына пажару і моцных апёкаў відавочная – неасцярожнае абыходжанне з агнём.

Фота ілюстрацыйнае

Абгарэлі 20% цела – у Бабруйску гаспадар няўдала затапіў печку і трапіў у рэанімацыю

20 лютага жыхар Бабруйска 1968 года нараджэння растапліваў печку, але з-за неасцярожнасці апаліўся. Жонкі і дачкі з ім у хаце не было. Мужчына нічога не прадпрыняў пасля атрымання апёкаў, а назаўтра яго самаадчуванне значна пагоршылася. Познім вечарам 21 лютага ён быў дастаўлены ў рэанімацыйнае аддзяленне шпіталя з апёкамі 20% цела – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

Вядро сернай кіслаты праліла на сябе работніца-бабруйчанка

Следчы камітэт праводзяць праверку па факту атрымання хімічных апёкаў жыхаркай Бабруйска – паведамляе сайт ведамства.

Працоўная аднаго з бабруйскіх заводаў 13 лютага была дастаўлена ў лякарню з хімічнымі апёкамі. Яна паведаміла, што на працы выпадкова на сябе выліла вядро сернай кіслаты.

Следчыя устанавілі, што ў парушэнне тэхнікі бяспекі жанчына ўмяшалася ў тэхналагічны працэс па вытворчасці этылавага спірту. Спроба ўручную паскорыць працу абярнулася для яе  моцнымі апёкамі.

Высвятляюцца прычыны і ўмовы, якія садзейнічалі вытворчай траўме.

Фота: Следчы камітэт

Трох чалавек выратавалі на пажарах, адзін памёр ад апёкаў, яшчэ адзін патануў – здарэнні за выходныя

24 ліпеня ў Асіповіцкім раёне  ратавальнікам давялося даставаць нагу шасцігадовага хлопчыка з рашоткі на гульнявой пляцоўцы. Дзіця хадзіла па прутках прыстасавання для выбівання дываноў. Нага, саслізнуўшы, засела паміж элементамі канструкцыі. Па выратаванні медыцынская дапамога яму не спатрэбілася.

24 ліпеня ў Быхаўскім і Магілёўскім раёнах ратавальнікі двойчы выязджаць на тушэнне пажараў. У выніку два чалавекі былі выратаваныя пры тушэнні прыватнага дому ў Быхаўскім раёне.

У вёсцы Гарадок Магілёўскага раёну пажарныя знайшлі мужчыну ў непрытомным стане на падлозе яго кватэры, ахопленай агнём. Мужчына 1970 года нараджэння быў шпіталізаваны з атручэннем угарнымі газамі і з апёкамі.

23 ліпеня стала вядома пра смерць жыхара вёскі Заеліца Глускага раёну. 32-гадовы мужчына пацярпеў у пажары яшчэ 20 ліпеня, і сканаў ад атрыманых апёкаў у шпіталі.

23 ліпеня ратавальнікамі Мсціслаўскага раёну ў рацэ Сож недалёка ад аграгарадка Падлужжа было знойдзена цела 61-гадовага мужчыны, які патануў.

У Магілёве 24 ліпеня рэйсавы аўтобус збіў раварыста на вуліцы Алтайскай. 23-гадовы кіроўца аўтобуса дапусціў наезд на 60-гадовага мужчыну, які на веласіпедзе перасякаў дарогу ў недазволеным для гэтага месцы.


Публікацыя падрыхтаваная паводле звестак абласнога ўпраўлення Надзвычайных сітуацыяў і магілёўскай міліцыі.