22 гады – двум бабруйскім рэйкавым партызанам далі жахлівыя тэрміны

Дзмітрыю Клімаву і Уладзіміру Аўрамцаву (першы і другі на фота) прысудзілі 22 гады пазбаўлення волі. Яўгену Мінкевічу далі 1,5 года пазбаўлення волі і выпусцілі ў зале суда.

Паводле версіі абвінавачвання, Клімаў і Аўрамцаў датычныя да знішчэння двух рэлейных шаф сігнальнай ўсталёўкі пад Асіповічамі. Падчас затрымання Дзмітрый Клімаў быў паранены сілавікамі. Праваабаронцы мяркуюць, што больш мяккі прысуд Мінкевічу тлумачыцца тым, што ён не ведаў пра спаленне рэлейных шафаў, а толькі падвозіў сваіх сяброў на машыне.

Дзмітрыя Клімава і Уладзіміра Аўрамцава судзілі па пяці цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за «акт тэрарызму», «здраду дзяржаве» і «ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі». Справу ў закрытым рэжыме два тыдні разглядаў суддзя Ігар Шведаў.

Фота з адкрытых крыніц.

Стала вядома, калі будуць судзіць бабруйскіх “рэйкавых партызан”

Дзмітрыя Клімава, Уладзіміра Аўрамцава і Яўгена Мінкевіча будуць судзіць у Магілёўскім абласным судзе 23 студзеня. Суд будзе закрытым. 

Паводле версіі абвінавачвання, усе трое – датычныя да знішчэння двух рэлейных шаф сігнальнай усталёўкі пад Асіповічамі. Падчас затрымання Дзмітрый Клімаў (першы на фота) быў паранены сілавікамі.

Бабруйчан будуць судзіць па пяці цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за «акт тэрарызму», «здраду дзяржаве» і «ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі». Суддзя Ігар Шведаў будзе разглядаць гэтую справу ў закрытым рэжыме. Бабруйчанам пагражаюць жудасныя турэмныя тэрміны.