IKEA абвінавацілі ў гандлі таварамі, зробленымі палітзняволенымі ў магілёўскіх турмах – кампанія аспрэчвае

Рэзананснае расследаванне правялі журналісты нямецкай газеты Taz і французскага выдання Disclose. Яны сцвярджаюць, што пасля палітычных рэпрэсій у Беларусі ў 2020 годзе IKEA працавала з беларускімі пастаўшчыкамі, якія выкарыстоўвалі працу вязняў у турмах, і ў тым ліку палітзняволеных.  

У якасці пастаўшчыкоў IKEA ў Беларусі выступалі магілёўскае тэкстыльнае прадпрыемства “Магатэкс”, а таксама холдынг Borwood і дзяржаўнае мэблевае прадпрыемства “Івацэвічдрэў”. Прычым “Магатэкс”, як сцвярджаюць расследавальнікі, працаваў прынамсі з чатырма выпраўленчымі калоніямі.

“Адзін з ізалятараў, з якімі супрацоўнічае Магатэкс – гаворыцца ў даследаванні – называецца ІК-15, як паказвае бухгалтарскі дакумент ад ліпеня 2021 года, апублікаваны турмой. «ІК-15 — гэта тэрыторыя поўнага жаху, дзе карнікі робяць, што хочуць» – сведчыць Disclose Ціхан Клюкач. 19-гадовы юнак знаходзіўся пад замком на працягу дзесяці месяцаў, паміж 2021 і 2022 гадамі.”

У IKEA на запыт беларускіх журналістаў адказалі, што вельмі сур’ёзна ставяцца да паведамленняў пра Беларусь і ніколі не дапускаюць парушэнняў правоў чалавека ў ланцужку паставак. 

– На ўсіх рынках, дзе мы прысутнічаем, мы дакладна заяўляем, што ў нашым бізнэсе няма месца парушэнням правоў чалавека – паведамілі ў прэс-службе кампаніі – Прысутничаючы ў Беларусі, мы праводзілі рэгулярныя праверкі ў спалучэнні з маніторынгам нашых ланцужкоў паставок, каб забяспечыць адпаведнасць нашым патрабаванням.

Прэс-сакратар IKEA паведаміў, што ў чэрвені 2021 года кампанія прыняла рашэнне спыніць развіццё любога новага бізнесу з-за праблем з правамі чалавека ў Беларусі і непрадказальнай абстаноўкі.

Фота: aikea.by, disclose.ngo

Рыгор Кастусёў напісаў Лукашэнку адкрыты ліст

Асуджаны на 10 гадоў зняволення старшыня партыі БНФ накіраваў на імя Аляксандра Лукашэнкі адкрыты ліст, у якім выказаўся пра сваю поўную невінаватасць. 

– Як старшыня Партыі БНФ я быў запрошаны для ўдзелу ў ЗУМ-канферэнцыях экспертна-аналітычнага характару, дзе мелася адбыцца абмеркаванне пытання санкцыйнай палітыкі краін Захаду ў дачыненні да Беларусі. Як паслядоўны праціўнік санкцый супраць нашай краіны, я пагадзіўся ўдзельнічаць, каб данесці сваю пазіцыю. – сказана ў дакуменце.

Кастусёў адзначае, што толькі пасля арышту яму стала вядома пра сапраўдныя намеры іншых удзельнікаў што да падрыхтоўкі дзяржперавароту.

– Нажаль, мая пазіцыя і аргументы не былі пачутыя як падчас папярэдняга, так і судовага следства. У выніку я атрымаў пакаранне ў выглядзе 10 гадоў пазбаўлення свабоды. Тым не менш, я настойваю на сваёй поўнай невінаватасці паводле прад’яўленага абвінавачання і ў дадзены момант накіраваў апеляцыйную скаргу ў Вярхоўны суд”. – перадае Sputnik.by словы Рыгора Кастусёва.

Магілёў.media пісалі пра асуджэнне старшыні партыі БНФ на 10-гадовага тэрміну, а таксама пра тое, што падчас судовага працэсу палітык адпрэчыў абвінавачванні ў змове дзеля захопу ўлады.

фота: аккаунт Григория Костусева в Facebook

Магілёўцы ў сярэднім жывуць крыху больш чым на 15 рублёў у дзень

Рэгіянальны паказчык рознічнага таваразвароту прасеў – паведамляе Белдзяржстат. У студзені-кастрычніку 2022 года рознічны таваразварот у Магілёўскай вобласці склаў 97,9% у супастаўных цэнах да ўзроўню студзеня-кастрычніка 2021 года (па краіне у цэлым – 96,9%).

Аднадзённы раздробны таваразварот у разліку на душу насельніцтва з пачатку года па вобласці склаў 15,7 рубля супраць 13,8 рубля за аналагічны перыяд 2021 года. Па Беларусі гэтая сума скалае 19,6 рубля. Такім чынам, на дзень пакупка магіляўчаніна амаль на 20% меней за сярэдні паказчык па краіне. 

Іншая статыстыка: рознічны таваразварот арганізацый гандлю рэгіёна за 10 месяцаў склаў па 98,7%у супастаўных цэнах да адпаведнага перыяду папярэдняга года.

Аптовы таваразварот на Магілёўшчыне за гэты ж перыяд склаў 103,1% у супастаўных цэнах да ўзроўню студзеня-кастрычніка 2021 года. Гэты паказчык па краіне куды ніжэйшы – 82,6%. 

фота: mtblog.mtbank.by

“Клумбавосень” – у Магілёве адкрылася выстава з россыпам кветак

Мастак Марына Несцярук прэзентавала сваю выставу, на якой амаль адны кветкі, і яшчэ Магілёў. Прафесійны мастак і супрацоўніца “Музея гісторыі Маглёва”, Марына Несцярук праяўляе сябе ў розных відах творчасці: манументальна-дэкаратыўны роспіс, жывапіс, ткацтва. Яна аўтар габеленаў, размешчаных у экспазіцыі магілёўскай ратушы, якія выкананы ў тэхніцы ручнога ткацтва, касцюмаў эпохі Магдэбурскага права. Асноўныя і, па словах мастака, любімыя жанры ў жывапісе – нацюрморт і пейзаж. 

На выставе прадстаўлены 58 жывапісных палотнаў аўтара. Яе карціны напоўнены энергіяй, захапленнем свету і радасцю жыцця. Творы Марыны Несцярук даюць магчымасць убачыць і адчуць дасканаласць прыроды. Кожная праца мастака – гэта гімн прыгажосці навакольнага свету – паведамляецца на афіцыйным сайце Музея гісторыі Магілёва. 

Выстава будзе праходзіць да 18 снежня ў гарадской Выставачнай зале па вуліцы Болдзіна.

 

Новы галоўны ляснічы Магілёўшчыны атрымаў задачу захаваць і аднавіць лясы вобласці

У апошнія гады ў рэспубліцы ідзе масавая прамысловая рубка лясоў. З Глуску ў Магілёў прыехаў новы галоўны ляснічы Сяргей Максімовіч, які мае добрыя навыкі ўзнаўлення лясных угоддзяў.

Шматгадовага і непатапляльнага кіраўніка лясной сферы Ўладзіміра Раеўскага на пасадзе Генеральнага дырэктарам дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання замяніў малады кіраўнік з Глушчыны Сяргей Максімовіч. Як сказана ў афіцыйных каментарах, яго прызначылі з галоўнай мэтай – аднаўлення лясоў рэгіёна. 


Сяргей Максімовіч – ляснік у 3-м пакаленні, скончыў лесагаспадарчы факультэт БДТУ. Ён прайшоў шлях ад ляснічага Даўгоўскага лясніцтва Клічаўскага лясгаса, галоўнага ляснічага Бабруйскага лясгаса, ляснічага Заваўчыцкага лясніцтва, да галоўнага ляснічага Глускага лясгаса, які ён ачольваў апошнія 8 гадоў.


Пад кіраўніцтвам Максімовіча Глускі лясгас неаднаразова станавіўся лідарам сярод іншых рэгіянальных лясгасаў. Туды стала ездзілі лесаводы, каб пераняць досвед. Так, глускія “лесавікі” вучылі калег з усёй краіны працаваць з Азіяй, пра што пісалі Магілёў.media. 

Ключавая задача Максімовіча ў новым крэсле не новая: аднаўленне і захаванне лясоў Магілёўшчыны. Як казаў ён у ранейшых інтэрв’ю, менавіта ад стадыі адбору і бесперапыннай селекцыі залежыць прадуктыўнасць будучых лясоў. Толькі за кошт пасадкі лесу з насення, сабранага з элітных і плюсавых дрэў, можна павялічыць прадуктыўнасць насаджэнняў на 15-20%. 

Фота: director.by

Кірмаш вакансій пройдзе сёння ў Магілёве

Свае працоўныя месцы для незанятых прапануюць Тралейбусны парк № 1, ЖРЭУ Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў горада, “Камбінат школьнага харчавання”, “Магатэкс”, “Ольса”, “Стужка”, Дарожна-маставое прадпрыемства, Магілёўскі вагонабудаўнічы завод і іншыя арганізацыі.

Кірмаш вакансій пройдзе з 11.00 да 12.00 па адрасе: г. Магілёў, вул. Касманаўтаў, 17 – паведамляе Mycity.by.

Падчас кірмаша ў кожнага будзе магчымасць азнаёміцца ​​з актуальнымі вакансіямі для далейшага працаўладкавання на вольныя працоўныя месцы.

Барысу Маісееву плануюць усталяваць мемарыяльныя знакі ў Магілёве і Маскве, але ёсць перашкода

Хутка зрабіць гэта замінаюць правілы мемарыялізацыі памятных месцаў і выбітных асобаў.

Дырэктар артыста Сяргей Гарох у перадачы “Ты не паверыш!” выказаў намер усталявавіць мемарыяльныя дошкі і стварыць помнік у гонар знакамітага расійскага спевака. У Магілёве і расійскай сталіцы знакі плануюцца на будынках дамоў, дзе жыў Барыс Маісееў.

Таксама ідзе праца над стварэннем надмагільнага помніка Майсееву. Аўтарам скульптуры стане ўнук мастака Аляксандра Шылава. “Мы над гэтым працуем, робім эскізы. Гэта будзе скульптура з яго любімага танца “Боль расстання””, – сказаў Гарох, паведамляе mogilev.online


Барыс Міхайлавіч Маісееў – расійскій і беларускі танцоўшчык і харэограф, а затым – эстрадны спявак, які праславіўся не ў апошнюю чаргу дзякуючы эпатажнай манеры. Нарадзіўся ён і правёў сваё дзяцінства ў Магілёве. Памёр у верасні гэтага года на 69-м годзе жыцця ў Маскве.


Перашкодай планам блізкіх да Барыса Маісеева людзей могуць стаць правілы ўсталявання мемарыяльных знакаў не раней за пэўны тэрмін пасля смерці асобы. У Магілёве ўсталяваны тэрмін 5 гадоў пасля канчыны выбітнага чалавека. А ў Маскве тэрмін яшчэ большы. Памятныя таблічкі там ўстанаўліваюцца не раней, чым праз 10 гадоў пасля здзяйснення гістарычнай падзеі або смерці дзеяча, якога ўвекавечваюць. Аднак, калі арганізацыя жадае размясціць знак на ўласным будынку, то ў Маскве гэты тэрмін можа скараціцца да двух гадоў. 

 

Магілёвец пакінуў гаманец і тэлефон на скамейцы, іншы магілёвец іх, канечне, забраў

Знойдзены кашалёк перастаў быць прыкметай удачлівасці – у гэтым пераканаўся 33-гадовы жыхар абласнога цэнтра, калі на скамейцы каля крамы знайшоў чужыя грошы і тэлефон. Забраўшы і тое і другое, раней не судзімы рабочы аднаго з магілёўскіх прадпрыемстваў проста пайшоў да сябе дахаты. Як высветлілася, гаманец з 1 600 рублёў і мабільнік за 900 на гэтым месцы пакінуў 31-гадовы жыхар горада. Ён тэрмінова вярнуўся ў краму для вырашэння канфліктнай сітуацыі з іншым пакупніком. Супраць мужчыны, які прысабечыў чужую ўласнасць, узбуджана крымінальная справа – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС.

Фота ўзята з адкрытых крыніц і мае ілюстрацыйны характар

Галоўны магілёўскі паштамт закрываецца сёння на рамонт

Будынак галоўнай пошты ў цэнтры Магілёва 15 лістапада на тры месяцы зачыняецца на рамонт. Але яго паслугі можна будзе атрымліваць тут па-ранейшаму. 

У пасылачнай секцыі злева ад галоўнага ўваходу можна атрымаць ці адправіць бандэролі і пасылкі.

А вось прымаць плацяжы пошта будзе на другім паверсе будынку галоўпаштамта. Туды трэба ўваходзіць са двара. Аплаціць паслугі магілёўцы змогуць таксама ў тэрміналах у фае на першым паверсе.

Магілёўскія гандлёвыя сеткі пачалі ўпрыгожвацца да Калядаў – фота

Адной з першых крам, дзе пачаўся тэматычны продаж калядных цацак і гірляндаў да навагодніх святаў, аказалася “Ома” на вуліцы Маўчанскага. Таксама тут паставілі і ўжо пачалі ўпрыгожваць агромністую штучную ёлку на ўваходзе.

А калі ўспрымаць колеравую гаму выставачнай вітрыны як рэкамендацыйную, то адразу кідаецца ў вочы прыемнае спалучэнне белага і чырвонага на ёлцы, што выступае як узор.