Рыгор Кастусёў напісаў Лукашэнку адкрыты ліст

Асуджаны на 10 гадоў зняволення старшыня партыі БНФ накіраваў на імя Аляксандра Лукашэнкі адкрыты ліст, у якім выказаўся пра сваю поўную невінаватасць. 

– Як старшыня Партыі БНФ я быў запрошаны для ўдзелу ў ЗУМ-канферэнцыях экспертна-аналітычнага характару, дзе мелася адбыцца абмеркаванне пытання санкцыйнай палітыкі краін Захаду ў дачыненні да Беларусі. Як паслядоўны праціўнік санкцый супраць нашай краіны, я пагадзіўся ўдзельнічаць, каб данесці сваю пазіцыю. – сказана ў дакуменце.

Кастусёў адзначае, што толькі пасля арышту яму стала вядома пра сапраўдныя намеры іншых удзельнікаў што да падрыхтоўкі дзяржперавароту.

– Нажаль, мая пазіцыя і аргументы не былі пачутыя як падчас папярэдняга, так і судовага следства. У выніку я атрымаў пакаранне ў выглядзе 10 гадоў пазбаўлення свабоды. Тым не менш, я настойваю на сваёй поўнай невінаватасці паводле прад’яўленага абвінавачання і ў дадзены момант накіраваў апеляцыйную скаргу ў Вярхоўны суд”. – перадае Sputnik.by словы Рыгора Кастусёва.

Магілёў.media пісалі пра асуджэнне старшыні партыі БНФ на 10-гадовага тэрміну, а таксама пра тое, што падчас судовага працэсу палітык адпрэчыў абвінавачванні ў змове дзеля захопу ўлады.

фота: аккаунт Григория Костусева в Facebook