Скандальна вядомых расійскіх вундэркіндаў Алісу і Хеймдаля Цепляковых чакаюць у магілёўскім БРУ

Як стала вядома Магілёў.media, дзесяцігадовую Алісу Цеплякову рыхтуюцца сустракаць на завочным аддзяленні спецыяльнасці АСАІ – яна будзе навучацца праграмаванню – а яе дзевяцігадовы брат Хеймдаль паступіў на эканамічную спецыяльнасць.

У Беларуска-Расійскім універсітэце ўжо прайшлі нарады з выкладчыцкім калектывам, на якіх прадстаўнікі адміністрацыі ВНУ тлумачылі асаблівасці двух новых залічаных студэнтаў – перадаюць крыніцы Магілёў.media. Будучых выкладчыкаў дзяцей-вундэркіндаў папярэдзілі пра тое, што з імі заўсёды знаходзіцца бацька Яўген, які аднойчы ўжо развязаў бойку у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце, незадаволены ходам экзаменацыйнага іспыту ў дачкі на псіхалагічным факультэце.

Аліса Цеплякова стала шырока вядомай у расійскай медыяпрасторы ў 2020 годзе, калі ў сямігадовым узросце яна завяршыла праграму 11-класнага сярэдняга школьнага навучання. Бацька шмтдзетнай сям’і – у Цепляковых сямёра дзяцей – агаломшыў грамадскасць заявай, што дачка збіраецца паступаць на псіхалагічны факультэт МДУ. У восем гадоў Аліса сапраўды паступіла туды на спецыяльнасць “Псіхалогія службовай дзейнасці”, аднак пасля скандалу на экзамене па “Уводзінах у псіхалогію” перастала паяўляцца ў гэтым ВНУ.

Летам 2022 года Алісу Цеплякову і яе малодшага брата не залічылі ў расійскі універсітэт “Сінэргія”. У паступленні ім адмовілі на падставе лакальных актаў універсітэта, а таксама з-за немагчымасці асваення практыкаарыентаваных адукацыйных праграм гэтай ВНУ.

Гісторыя Алісы і яе сям’і мае дыяметральна процілеглыя ацэнкі ў расійскім грамадстве. 

– З экспертнага пункту гледжання, гэтая сітуацыя з’яўляецца неапрабаваным эксперыментам па кагнітыўнай акселерацыі малалетняга дзіцяці, які не ўлічвае пазнавальныя і асобасныя заканамернасці развіцця дзяцей гэтай узроставай катэгорыі – заяўляў доктар навук, псіхолаг Аляксандр Асмолаў.

– Скажу адразу, што я вельмі трапётка стаўлюся да гэтай сям’і – даваў каментарый MK.RU адзін са знаёмых Цепляковых – яны вялікія малайцы. Але апошні год іх проста не пазнаю. Спачатку я з захапленнем глядзеў на іх перадавыя методыкі выхавання і навучання, так радаваўся поспехам Алісы, калі яна паступіла ў лепшую ВНУ краіны. Зараз жа бачу, што зусім юнае дзіця ўцягнулі ў нейкую дзіўную гульню. Гэта ўжо не гісторыя пра паспяховае навучанне дзяўчынкі-вундэркінда, а гісторыя пра вайну бацькоў і ўніверсітэта.

Магілёў.media будзе сачыць за ходам вучобы скандальна вядомых вундэркіндаў у магілёўскім універсітэце. Вядома, што на восеньскую ўстановачную сесію Аліса і Хеймдаль не з’явіліся, іх чакаюць праз пару тыдняў на зімовай сесіі.

Фота: АО “ТВ Центр”

 

У Магілёве заўтра будуць уключаць сірэны

На Магілёўскім мясакамбінаце пройдуць вучэнні па ўзаемадзеянні органаў Грамадзянскай абароны, пагэтаму пачынаючы з 15.00 у горадзе будуць уключаць сістэмы апавяшчэння. Насельніцтву пры гэтым нічога рабіць не трэба – папярэджваюць арганізатары мерапрыемства.

Самае кранальнае відэа дня з Магілёўшчыны

Трактарыст спыніўся на ажыўленай трасе, каб вынесці разгубленую касулю на ўзбочыну. Відэа было знятае на трасе Магілёў-Бабруйск.

Паглядзіце, які сыр прадаваўся ў Магілёве

У соцсетках паявіліся фотаздымкі прадукцыі кампаніі “Савушкін прадукт”. Чорны ад цвілі сыр быў набыты ў краме “Еўраопт” па вуліцы Лазарэнкі ў абласным цэнтры.

 

У Магілёве пройдзе онлайн-семінар па навагодніх цацках, арганізаваны праз адно месца

Вам прыйдзецца вельмі пастарацца, каб прыняць удзел у практыкуме.

Абласны метадычны цэнтр народнай творчасці размясціў аб’яву пра онлайн-семінар па вырабе навагодніх цацак у стылі выцінанкі для ўсіх жадаючых. Праўда, чамусьці семінар вырашана правесці паасобна для розных раёнаў Магілёўшчыны, як быццам бы гэта мае значэнне для онлайн-фармата. Першы этап заяўлены на 23 лістапада для Бялыніцкага, Бабруйскага, Быхаўскага, Глускага, Горацкага, Дрыбінскага, Клімавіцкага, Клічаўскага, Кіраўскага, Касцюковіцкага і Крычаўскага раёнаў. Для астатніх раёнаў семінар пройдзе 30 лістапада.

Заняткі будзе праводзіць крычаўская майстрыца Наталля Бернадская, сябар Міжнароднага клуба “Папяровыя традыцыі”, “Беларускага саюза майстроў народнай творчасці” і народны майстар выцінанкі.

Вось толькі прыняць удзел у онлайн-семінары будзе вельмі няпроста. Па-першае, ніякай спасылкі на трансляцыю практыкума няма ні на сайце Установы культуры “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай працы”, ні ў сацсетках і мэсенджарах арганізацыі. 

Па-другое, пра алгарытм падключэння да трансляцыі любога жадаючага не змаглі патлумачыць ні ў прыёмнай установы, ні ў аддзеле спецыялістаў (то бок, прыйшлося зрабіць некалькі званкоў, і не заўсёды трубку падымалі). Тэхнічныя супрацоўнікі арганізацыі патлумачылі Магілёў.media, што для падключэння да трансляцыі, неабходна пакінуць свае кантакты ў Viber альбо нумар тэлефона, пасля чаго жадаючаму будзе скінута спасылка на Zoom-трансляцыю семінара. Такім чынам, для ўдзелу ў семінары любому ахвотнаму прыйдзецца прайсці праз пошукі кантактаў арганізатара, праз некалькі тэлефонных званкоў і абмен асабістымі паведамленнямі з супрацоўнікамі цэнтра народнай творчасці.

У Магілёў упершыню завітаў апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч

Апостальская нунцыятура ў Мінску з’яўляецца дыпламатычнай місіяй Святога Пасаду ў Беларусі і рэзідэнцыяй прадстаўніка Папы ў нашай краіне. Пасля прыбыцця ў Мінск Антэ Ёзіч пачаў наведваць рэгіёны Беларусі. Цяпер прыйшла чарга Магілёўшчыны.

Прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне ўпершыню наведаў Магілёўшчыну ў верасні мінулага года, калі ўзяў удзел у агульнабеларускіх урачыстасцях, якія праходзілі ў Бялынічах з нагоды 260-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Бялыніцкай папскімі каронамі і 30-годдзя адраджэння касцёльных структур у Беларусі.

Гэтым разам ватыканскі дыпламат наведаў першую біскупскую сталіцу на тэрыторыі сучаснай Беларусі, што калісьці была цэнтрам самай вялікай па плошчы дыяцэзіі ў гісторыі Каталіцкага Касцёла.

Нунцый Ёзіч узначаліў цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ў старадаўняй магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава.

Нядаўна ўлады нарэшце перадалі гэтую гістарычную святыню ў бязвыплатнае карыстанне магілёўскім католікам, якія дагэтуль павінны былі плаціць штомесячную арэндную плату.

Аранжавы ўзровень небяспекі: начныя снегапады з панядзелка на аўторак

Аранжавы ўзровень небяспекі аб’яўлены на тэрыторыі Магілёўскай і Гомельскай абласцей у ноч з панядзелка 21 лістапада на аўторак 22 лістапада з прычыны снегападаў, папярэджвае Белгідрамет.

У ноч з 21 на 22 лістапада прагназуецца воблачнае надвор’е, са снегападамі. Слупок тэрмометра апусціцца да -3 -5°С, месцамі да -6°С .  На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер пераважна паўночны з хуткасцю да 5-10 м/с. 

У аўторак, 22 лістапада прагназуецца воблачнае надвор’е. Месцамі выпадзе снег, да 12 мм ападкаў. На дарогах – галалёдзіца, снегавыя заносы. Вецер заходні, паўночна-заходні, хуткасцю да  4-9 м/с. Прагназуецца дзённая тэмпература да -1 -3°С.

 

Магілёўскі каталіцкі святар Віталь Чабатар арыштаваны на 15 сутак

Пра затрыманне віцэ-дэкана Магілёўскага дэканата стала вядома 17 лістапада, а сёння Тэлеграм-канал Katolik.life паведаміў, што святар атрымаў арышт на пятнаццаць сутак. 

Айцец Віталій Чабатар належыць да Ордэну кларэтынаў і працуе ў Магілёве з 2007 г. У студзені 2018 г. біскуп Аляксандр Яшэўскі прызначыў яго віцэ-дэканам Магілёўскага дэканата. Актуальна з’яўляецца вікарыем мясцовай парафіі св. Антонія Падуанскага. Паходзіць з Гродна.

Пра прычыну затрымання не паведамляецца.

Фота: katolik.life

Натарыусы бясплатна пракансультуюць магілёўцаў 2 снежня

– Падчас бясплатнага кансультавання грамадзяне, якія звярнуліся, і прадстаўнікі юрыдычных асоб могуць атрымаць адказы на пытанні, якія іх цікавяць, якія ўваходзяць у кампетэнцыю натарыуса, у тым ліку афармлення спадчынных правоў, складання завяшчанняў, шлюбных дагавораў, адчужэння нерухомасці, здзяйснення выканаўчых надпісаў, прадастаўлення электронных дакументаў для дзяржаўнай рэгістрацыі. юрыдычных асоб або індывідуальных прадпрымальнікаў або ўнясення змяненняў у статут (устаноўчы дагавор) натарыусам, забеспячэння пісьмовых доказаў. – распавялі ў Магілёўскай абласной натарыяльнай палаце рэсурсу Mycity.by.

З адрасамі і рэжымам працы натарыяльных кантор і натарыяльнага бюро Магілёўскай натарыяльнай акругі можна азнаёміцца ​​на сайце Беларускай натарыяльнай палаты ў раздзеле “Знайсці натарыуса”.

Аранжавы ўзровень небяспекі: снегапады ў суботу і ў ноч на нядзелю, марозы да -15°С

Аранжавы ўзровень небяспекі аб’яўлены ў Магілёўскай вобласці і па ўсёй Усходняй Беларусі на суботу з-за снегападаў – паведамілі ў Белгідрамеце.

У суботу 19 лістапада прагназуецца воблачнае надвор’е. Раніцай і днём чакаеца снег, часам моцны. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер пераважна ўсходні, паўночна-ўсходні хуткасцю 4-9 м/с. Тэмпература паветра ўранні да -5°С, днём да  -2 -4°С.

У нядзелю 20 лістапада прагназуецца воблачнае з праясненнямі і паніжэннем тэмператур надвор’е. Уначы ў асобных раёнах вобласці пройдзе снег. Днём пераважна без ападкаў. У асобных мясцінах чакаецца слабы туман, намаразь, на дарогах – галалёдзіца. Вецер няўстойлівы, хуткасцю да  2-7 м/с. Слупок тэрмометра ўпадзе  ноччу да  -7 -12°С, пры праясненнях, месцамі і да -15°С. Максімальная дзённая тэмпература  -1 -6°С.