Навіны тыдня – сабралі для вас самыя важныя падзеі, што патрапілі ў аб’ектыў Магілёў.media

Галоўная падзея мінулага тыдня, безумоўна – раптоўная смерць уплывовага беларускага міністра МЗС Уладзіміра Макея. Мы сабралі для вас самыя свежыя рэакцыі і каментарыі пра гэтую падзею.

Скандальнай і эксклюзіўнай навіной mogilev.media сталі інфармацыя пра тое, што вядомыя расійскія дзеці-вундэркінды Аліса і Хеймдаль Цепляковы плануюць вучыцца ў Беларуска-Расійскім універсітэце.

Да іншых навін – у Магілёў упершыню завітаў нунцый папы Рымскага, у той час як магілёўскі ксёндз Віталь Чабатар сядзіць на сутках, а ў Клімавічах прайшоў самотны Кірмаш вакансій, на якім з дваццаці прэтэндэнтаў запрашэнне на суразмову атрымалі толькі чацвёра.

Днямі сталі вядомыя падрабязнасці падзення магілёўскай дзевяцігадовай дзяўчынкі з вакна шостага паверха.

Пазітыўныя навіны тыдня прыходзілі з Бабруйшчыны на гэтым тыдні. Так, эколаг у горадзе на Бярэзіне выказаўся, што 300-гадовы дуб-волат можна ўсё ж уратаваць.

Самае кранальнае відэа тыдня было знята на трасе Магілёў-Бабруйск – тут трактарыст на сваіх руках выносіў перапалоханую касулю. А ў самі Бабруйску пачаўся мантаж навагодняй ёлкі, хаця першай ёлкай на Магілёўшчыне ўсё роўна стане хоцімская.

Фота: РИА Новости

У Магілёў упершыню завітаў апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч

Апостальская нунцыятура ў Мінску з’яўляецца дыпламатычнай місіяй Святога Пасаду ў Беларусі і рэзідэнцыяй прадстаўніка Папы ў нашай краіне. Пасля прыбыцця ў Мінск Антэ Ёзіч пачаў наведваць рэгіёны Беларусі. Цяпер прыйшла чарга Магілёўшчыны.

Прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне ўпершыню наведаў Магілёўшчыну ў верасні мінулага года, калі ўзяў удзел у агульнабеларускіх урачыстасцях, якія праходзілі ў Бялынічах з нагоды 260-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Бялыніцкай папскімі каронамі і 30-годдзя адраджэння касцёльных структур у Беларусі.

Гэтым разам ватыканскі дыпламат наведаў першую біскупскую сталіцу на тэрыторыі сучаснай Беларусі, што калісьці была цэнтрам самай вялікай па плошчы дыяцэзіі ў гісторыі Каталіцкага Касцёла.

Нунцый Ёзіч узначаліў цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ў старадаўняй магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава.

Нядаўна ўлады нарэшце перадалі гэтую гістарычную святыню ў бязвыплатнае карыстанне магілёўскім католікам, якія дагэтуль павінны былі плаціць штомесячную арэндную плату.