Раптоўная смерць Уладзіміра Макея – рэакцыі і каментарыі

Інфармацыю пра заўчасны сыход з жыцця аднаго з галоўных архітэктараў беларускага рэжыма, міністра замежных спраў Уладзіміра Макея актыўна абмяркоўваюць у сусветных СМІ. Найбольшага рэзанансу гэтая навіна дасягнула, зразумела, у беларускіх і расійскіх інфармацыйных палях, і ў першую чаргу з прычыны закрытасці інфармацыі пра падзею.

Загадкавая смерць

– У газетах звычайна пра такое пішуць “Загадкавая смерць” – разважае расійскі паліттэхнолаг Канстанцін Далгоў у сваім тэлеграм-канале – Зараз скажуць – [адзін чалавек] асабіста задушыў, а па факце мог нейкі тромб адарвацца і ўсё – сушыце памідоры вёсламі.

Адсутнасць афіцыйнай інфармацыі пра прычыну смерці – а пакуль вядома толькі пра сам факт і пра выказванне спачуванняў ад Аляксандра Лукашэнкі і дзяржаўных ведамстваў – спарадзіла шэраг канспіралагічных здагадак сярод журналістаў і палітолагаў. 

– Афіцыйны Мінск можа ініцыяваць правядзенне хіміка-таксікалагічных даследаванняў, звярнуцца ў Арганізацыю па забароне хімічнай зброі, якія вядуць сусветныя даследчыя лабараторыі Ізраіля, Вялікабрытаніі, Германіі, Швейцарыі, ЗША, Японіі для ўстанаўлення сапраўдных прычын смерці Уладзіміра Макея. – піша палітолаг Дзмітрый Балкунец – Ці ўжываліся якія-небудзь прэпараты, яды, атрутныя рэчывы ці смяротны зыход наступіў у сілу натуральных чыннікаў? 

Сур’ёзныя выданні, аднак, схіляюцца да натуральнай версіі пра сыход палітыка з жыцця. 

– Уладзімір Макей быў дома ў Драздах, калі здарыўся інфаркт. – піша адно са старэйшых беларускіх выданняў са спасылкай на свае крыніцы інфармацыі – Наколькі вядома, ён не звярнуўся своечасова да медыкаў, бо не ўспрыняў свой стан усур’ёз. 

Галоўны архітэктар шматвектарнасці

Міністр замежных спраў Уладзімір Макей доўгі час лічыўся магчымым пераемнікам Аляксандра Лукашэнкі – нагадвае нямецкі Bild. Макей прымаў актыўны ўдзел у перамовах Беларусі з краінамі Захаду падчас міграцыйнага крызісу 2021 года – адзначае BBC – ён таксама дапамагаў арганізаваць перамовы ўкраінскай і расейскай дэлегацый пасля ўварвання войска РФ ва Украіну 24 лютага.

Расійскі журналіст і заснавальнік “Рэха Масквы” Аляксей Венідзіктаў заўважае ў сваім Тэлеграм-канале, што Макей “шмат дапамагаў, пакуль мог, з вызваленнем палітвязняў.”

“Лічыцца, што Макей быў асноўным каналам зносін Лукашэнкі з Захадам. – дае сваю ацэнку украінскае выданне Unian – Асабліва цесна ён быў звязаны з аўстрыйскімі элітамі разведкі. Таксама Макей часта выконваў далікатныя даручэнні Крамля і лічыўся майстрам інтрыг.”

“Бадай, самым празаходнім і адным з самых уплывовых прадстаўнікоў беларускага істэблішменту. – называе Макея расійскі Politnavigator – Макея лічаць архітэктарам беларускай шматвектарнасці. Менавіта пры ім гэтая палітыка дасягнула свайго апагею, і нават пасля фактычнага банкруцтва гэтай палітыкі ў жніўні 2020 года ён, падкарэктаваўшы рыторыку, застаўся ў руля ў МЗС, забяспечваючы фармальныя і нефармальныя кантакты з Захадам.”

І робіць прагноз на далейшае развіццё падзей:

“Макей памёр. Ці памрэ шматвектарнасць? Канчаткова – ці наўрад. Занадта ўкараніўся ў беларускім істэблішменце прынцып «ласкавае цяля дзвюх матак смокча». Але перамены ў беларускай знешняй палітыцы будуць – супастаўнага з Макеем шматвектарнага хітруна ў абойме Лукашэнкі проста няма.”