Скандальна вядомых расійскіх вундэркіндаў Алісу і Хеймдаля Цепляковых чакаюць у магілёўскім БРУ

Як стала вядома Магілёў.media, дзесяцігадовую Алісу Цеплякову рыхтуюцца сустракаць на завочным аддзяленні спецыяльнасці АСАІ – яна будзе навучацца праграмаванню – а яе дзевяцігадовы брат Хеймдаль паступіў на эканамічную спецыяльнасць.

У Беларуска-Расійскім універсітэце ўжо прайшлі нарады з выкладчыцкім калектывам, на якіх прадстаўнікі адміністрацыі ВНУ тлумачылі асаблівасці двух новых залічаных студэнтаў – перадаюць крыніцы Магілёў.media. Будучых выкладчыкаў дзяцей-вундэркіндаў папярэдзілі пра тое, што з імі заўсёды знаходзіцца бацька Яўген, які аднойчы ўжо развязаў бойку у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце, незадаволены ходам экзаменацыйнага іспыту ў дачкі на псіхалагічным факультэце.

Аліса Цеплякова стала шырока вядомай у расійскай медыяпрасторы ў 2020 годзе, калі ў сямігадовым узросце яна завяршыла праграму 11-класнага сярэдняга школьнага навучання. Бацька шмтдзетнай сям’і – у Цепляковых сямёра дзяцей – агаломшыў грамадскасць заявай, што дачка збіраецца паступаць на псіхалагічны факультэт МДУ. У восем гадоў Аліса сапраўды паступіла туды на спецыяльнасць “Псіхалогія службовай дзейнасці”, аднак пасля скандалу на экзамене па “Уводзінах у псіхалогію” перастала паяўляцца ў гэтым ВНУ.

Летам 2022 года Алісу Цеплякову і яе малодшага брата не залічылі ў расійскі універсітэт “Сінэргія”. У паступленні ім адмовілі на падставе лакальных актаў універсітэта, а таксама з-за немагчымасці асваення практыкаарыентаваных адукацыйных праграм гэтай ВНУ.

Гісторыя Алісы і яе сям’і мае дыяметральна процілеглыя ацэнкі ў расійскім грамадстве. 

– З экспертнага пункту гледжання, гэтая сітуацыя з’яўляецца неапрабаваным эксперыментам па кагнітыўнай акселерацыі малалетняга дзіцяці, які не ўлічвае пазнавальныя і асобасныя заканамернасці развіцця дзяцей гэтай узроставай катэгорыі – заяўляў доктар навук, псіхолаг Аляксандр Асмолаў.

– Скажу адразу, што я вельмі трапётка стаўлюся да гэтай сям’і – даваў каментарый MK.RU адзін са знаёмых Цепляковых – яны вялікія малайцы. Але апошні год іх проста не пазнаю. Спачатку я з захапленнем глядзеў на іх перадавыя методыкі выхавання і навучання, так радаваўся поспехам Алісы, калі яна паступіла ў лепшую ВНУ краіны. Зараз жа бачу, што зусім юнае дзіця ўцягнулі ў нейкую дзіўную гульню. Гэта ўжо не гісторыя пра паспяховае навучанне дзяўчынкі-вундэркінда, а гісторыя пра вайну бацькоў і ўніверсітэта.

Магілёў.media будзе сачыць за ходам вучобы скандальна вядомых вундэркіндаў у магілёўскім універсітэце. Вядома, што на восеньскую ўстановачную сесію Аліса і Хеймдаль не з’явіліся, іх чакаюць праз пару тыдняў на зімовай сесіі.

Фота: АО “ТВ Центр”