У Магілёве, на плошчы Адзінства пачалі ўсталёўваць навагоднюю ёлку

Яе вышыня складзе 18 метраў. Так сама на плошчы Славы будзе ўстаноўленая ёлка вышынёй 10 метраў, а самая вялікая з’явіцца на плошчы Леніна – 36 метраў.

 

Пухнаты Магілёў сустракае зіму – нашы фота і сюрпрыз

Каляндарная восень абрынула на горад сапраўднае зімовае надвор’е. Моцныя снегапады і стойкі мінус на дварэ падарылі магілёўцам сапраўдны навагодні настрой. Некалькі нашых цёплых фота з зацярушаных вуліц і ваколіц.

А вось такога стойкага маладзёна давялося сустрэць марозным снежным ранкам у горадзе.

Фота: mogilev.media

У Магілёве пройдзе навагодні аўтапарад, абвешчаны конкурс эскізаў

Навагодні аўтапарад “За рулём Дзед Мароз”, арганізаваны Магілёўскім гарадскім цэнтрам культуры і вольнага часу, пройдзе 17 снежня. Аўтакалона праедзе па вул.Першамайскай. Старт будзе дадзены ля галоўнай абласной ёлкі, размешчанай на плошчы Леніна, фінішуе працэсія ў парку Падміколле ля рэзідэнцыі Дзеда Мароза. Пачатак мерапрыемства запланаваны на 12.00

Удзел у аўтапарадзе можа прыняць кожны аўтамабіліст, для гэтага неабходна зрабіць эскіз навагодняга афармлення свайго аўто і падаць адпаведную заяўку на ўдзел да 10 снежня на электронны адрас: [email protected]. Арганізатары прапануюць упрыгожыць машыны мішурой, гірляндамі, ёлачнымі цацкамі і іншымі атрыбутамі маючага адбыцца свята.

Фота ўзята з адкрытых крыніц і мае ілюстрацыйны характар

Амаль пяцьдзясят цягнікоў спазніліся на Магілёўшчыне з-за снегападаў

Затрымка складала ад некалькіх хвілін на трох гадзін – паведамляе прэс-цэнтр Беларускай чыгункі.

Стыхія, якая абрынулася на Беларусь у выходныя, у асноўным закранула Магілёўскі рэгіён. Усяго было зафіксавана падзенне больш за 1300 дрэў. 

Агульная працягласць участкаў чыгункі, на якіх былі адзначаны збоі ў электразабеспячэнні і рабоце сродкаў сігналізацыі і сувязі, склала 210 км. 

У перыяд 27–28 лістапада 2022 года на ўчастках Магілёў – Крычаў, Крычаў – Бялынкавічы, Крычаў – Орша 49 пасажырскіх цягнікоў ехалі з адхіленнем ад устаноўленага графіка руху. Затрымка складала ад 7 хвілін да 2 гадзін 54 хвіліны.

 

Магілёўскі сенатар запатрабаваў не пускаць у арганізацыі неправераных святароў

На нядаўнім семінары ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце абмяркоўвалі ўдасканаленне міжканфесійных адносін. Нечаканымі на мерапрыемстве сталі рэзкія папярэджванні ад Алега Дзячэнкі – чыноўніка і былога навукоўца – пра экстрэмісцкія схільнасці служкаў розных канфесій. 

Штогадовае руціннае мерапрыемства не павінна было стаць экстраардынарным. Спецыялісты гарадскіх, раённых выканаўчых камітэтаў, якія курыруюць пытанні канфесійнай абстаноўкі ў рэгіёнах, сабраліся каб паслухаць думкі навукоўцаў, пазнаёміцца з сучаснымі тэндэнцыямі і абмеркаваць рэлігійную сітуацыю ў вобласці.  

Але сёлета на абмеркаванне былі вынесены пытанні рэлігійнага экстрэмізму, дзейнага заканадаўства пры правядзенні масавых рэлігійных мерапрыемстваў, прафілактыкі працы па недапушчэнні парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі і захаванасці маёмасці ў культавых будынках, а таксама прадстаўлення і выкарыстання рэлігійнымі арганізацыямі зямельных участкаў. 

Сама пастаноўка пытання ўжо насіла абвінаваўчую накіраванасць, а з улікам апошніх затрыманняў магілёўскіх святароў, пра што паведамлялі mogilev.media,  выглядала, як грознае папярэджанне.

Ход семінара пацвердзіў нядобрыя прадчуванні ўдзельнікаў. Асабліва рэзка выступіў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльнаму развіццю Алег Дз’ячэнка. Як паведамілі “Магілёўскія ведамасці” амбіцыйны чыноўнік падкрэсліў наступныя тэзісы: 

– Калі мы запрашаем святароў у школы і арганізацыі, мы павінны быць упэўненыя, што гэтыя людзі выходзяць у масы з правільнымі пасылам. Калі рэлігія ўзаемадзейнічае з грамадствам, мы павінны быць перакананыя, што яна – наша апора, праз якую мы будзем вырашаць задачы, звязаныя з кампаніяй 2024 і 2025 гадоў (маюцца на ўвазе выбарчыя кампаніі). Рэлігія не павінна супярэчыць нормам права, а таксама агульнай ідэалогіі дзяржавы, аказваючы няправільны ўплыў на чалавека, прыкрываючыся “боскай”, гэта значыць экстрэмісцкай шырмай.

Прадстаўнікоў якіх рэлігій і канфесій меў на ўвазе высокапастаўлены ахоўнік права і маралі засталося недасказаным. Каго нельга, а каго можна пускаць у школы і ўстановы таксама засталося адкрытым пытаннем. Удзельнікі семінара зразумелі, што пад падазрэннем цяпер служкі ўсіх рэлігій і канфесій. Незразумелым таксама засталося, хто і як павінен вызначаць, дзе святар выконвае свой пастарскі абавязак, а дзе ён ужо экстрэміст? 

З невясёлымі тварамі слухалі чыноўніка прадстаўніцы райвыканкамаў.

– Прасцей проста забараніць усім папам прыходзіць ва ўстановы, чым разбірацца, хто з іх экстрэміст, а хто наш чалавек, а потым паляцець са сваёй пасады. – выказалася адна з удзельніц семінара па яго заканчэнню. 

Вынікі семінара сведчаць, што выбары ўлада адклала на 2024 і 2025 гады, але ўжо цяпер клапоціцца пра тое, каб абмежаваць уплыў на грамадства самых розных сіл. А для святароў, як сведчыць выступленне Дз’ячэнкі, надыходзіць складаны этап здзяйснення імі сваіх пастырскіх абавязкаў. 

Фота: mogilevnews.by

На Магілёўшчыне аднаўляюць пастаўку электрычнасці, 259 населеных пунктаў былі без святла

Вялізнымі снегападамі на мінулых выхадных на Магілёўшчыне парвала правады ў вялікай колькасці раёнаў – перадае Тэлеграм-канал “Белэнерга”. Мокры снег наліпаў на правады і галлё дрэваў, якое ламалася і шкодзіла лініям электраперадач.

Яшчэ да раніцы 28 лістапада працягваліся аварыйна-аднаўленчыя работы ва ўзмоцненым рэжыме.

У нядзелю 27 лістапада і ноччу 28 лістапада перыядычна ўзнікалі парушэнні электразабеспячэння ў размеркавальных электрасетках па ўсёй Магілёўскай вобласці, парушэнні ў энэргазабеспячэнні былі зафіксаваныя ў 259 населеных пунктах.

Фота: Белэнерга

Як зручней чытаць mogilev.media – некалькі парадаў

Ва ўмовах праблем з доступам да інфармацыйных рэсурсаў у Беларусі, мы сабралі для вас самыя простыя рэкамендацыі па тым, як можна бяспечна выходзіць у сеціва і дакладна мець магчымасць чытаць mogilev.media і іншыя незалежныя крыніцы.

Калі вы выходзіце ў сеціва праз кампутар ці ноўтбук, то самы лёгкі спосаб – карыстацца браўзэрам Opera. Гэты браўзэр мае ўбудаваны VPN, які дазваяе атрымаць доступ да ўсіх сайтаў, якія абмежаваныя ў Беларусі.

Алгарытм наладкі VPN у Opera вельмі просты – трэба зайсці ў налады і даць дазвол на аўтаматычнае выкарыстанне VPN – гл. на фота.

Таксама можна ўсталяваць бясплатны VPN на свой кампутар і карыстацца іншым браўзэрам, да якога вы больш прывыклі. Гэтая самая парада адрасуецца тым, хто чытае з тэлефона ці планшэта.

Просты і эфектыўны VPN, напрыклад – Psiphon. Па гэтай спасылцы можна знайсці кнопкі для спампоўвання як на любую мадэль тэлефона з самых распаўсюджаных (Android, iPhone) так і для Windows і ўсіх гаджэтаў на iOS. Яшчэ адзін выдатны бясплатны VPN для ўсіх самых распаўсюджаных гаджэтаў – X-VPN

Таксама можна назваць праграму Tachyon, але гэты VPN працуе толькі з прыладамі на MacOS ад Apple. 

Выява: expertreviews.co.uk

Кітайскія пажарныя машыны пачалі тэставаць у Магілёве, яны заменяць беларускія

Ратавальнікі Магілёўшчыны атрымалі для эксплуатацыі і выпрабаванняў тры новыя спецаўтамабілі з кітайскім абсталяваннем, у зборцы якіх удзельнічалі машынабудаўнікі Магілёва. Мяркуецца, што гэтыя машыны будуць лепш прыстасаваны для ліквідацыі гарадскіх пажараў, чым беларуская тэхніка. 

Да ведама, навукова-даследчы інстытут пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь прымае ўдзел у распрацоўцы пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі. Сярод распрацаваных машын – аўтацыстэрны пажарныя АЦ 5, АЦ 10, аўтацыстэрны 11 і 12 тон для тушэння агню “з колаў”, аўталесвіцы, аўтамабілі парашковага тушэння, аўтамабілі аэрадромнага тушэння, каленчатыя пад’ёмнікі, мабільныя пункты кіравання і іншая тэхніка. 

Аўтацыстэрна (АЦ 10,0-40 (6317), на загалоўным фота) – самая масавая машына, якая прызначана для дастаўкі да месца пажару баявога разліку, ПТВ, аварыйна-выратавальнай прылады і запасу вогнетушыльных сродкаў. Ёмістасць цыстэрны для вады  з нержавеючай сталі або ўзмоцненага кудзелістага шклапластыка 10 000 літраў. У рэальных пажарах у жылым сектары яе магчымасці празмерныя, а пад’ехаць да месца пажару ёй бывае цяжка з-за мноства прыпаркаваных каля дамоў машын. 

Аўтацыстэрна АЦ-5,0-50 (5434) прызначана для тушэння пажараў вадой з цыстэрны, адкрытага вадаёма або водаправоднай сеткі, а таксама паветрана-механічнай пенай. Аўтацыстэрна служыць для дастаўкі да месца пажару баявога разліку, пажарнага абсталявання, вады і пенаўтварэння. Выраблена на шасі аўтамабіля “МАЗ 5434” высокай праходнасці. Ёмістасць цыстэрны для вады – 5000 літраў, а бака для пенаўтваральніка – 300 л. Але і гэта машына не настолькі кампактная, каб лёгка і хутка пад’ехаць да месца пажару, што мае часцяком жыццёва важнае значэнне. 

Выпускаюць ратавальную спецтэхніку вядучыя беларускія вытворцы: ТАА “Пажснаб”, размешчаным у горадзе Барысаве, і філіял Адкрытага акцыянернага таварыства “Мінскі аўтамабільны завод” “Завод “Магілёўтрансмаш”. Вось і цяпер партнёры з Кітаю гатовы былі даслаць свае машыны, але нашы чыноўнікі настаялі на тым, каб замежнае абсталяванне было ўсталявана на беларускую аўтамабільную базу МАЗаў.

Увогуле, кітайская тэхніка ўсё больш упэўнена прыходзіць на рынкі Беларусі. Гэта адбываецца дзякуючы таму, што іх машыны эканамічныя, танныя, а часам і больш эфектыўныя за беларускія. Раней адзіным плюсам беларускай тэхнікі заставалася яе надзейнасць. Выпрабаванні і павінны найперш адказаць на пытанне, наколькі доўга зможа надзейна працаваць тэхніка з кітайскім абсталяваннем?  

Фота ўзяты з адкрытых крыніц і носяць ілюстрацыйны характар