Магілёўскі сенатар запатрабаваў не пускаць у арганізацыі неправераных святароў

На нядаўнім семінары ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце абмяркоўвалі ўдасканаленне міжканфесійных адносін. Нечаканымі на мерапрыемстве сталі рэзкія папярэджванні ад Алега Дзячэнкі – чыноўніка і былога навукоўца – пра экстрэмісцкія схільнасці служкаў розных канфесій. 

Штогадовае руціннае мерапрыемства не павінна было стаць экстраардынарным. Спецыялісты гарадскіх, раённых выканаўчых камітэтаў, якія курыруюць пытанні канфесійнай абстаноўкі ў рэгіёнах, сабраліся каб паслухаць думкі навукоўцаў, пазнаёміцца з сучаснымі тэндэнцыямі і абмеркаваць рэлігійную сітуацыю ў вобласці.  

Але сёлета на абмеркаванне былі вынесены пытанні рэлігійнага экстрэмізму, дзейнага заканадаўства пры правядзенні масавых рэлігійных мерапрыемстваў, прафілактыкі працы па недапушчэнні парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі і захаванасці маёмасці ў культавых будынках, а таксама прадстаўлення і выкарыстання рэлігійнымі арганізацыямі зямельных участкаў. 

Сама пастаноўка пытання ўжо насіла абвінаваўчую накіраванасць, а з улікам апошніх затрыманняў магілёўскіх святароў, пра што паведамлялі mogilev.media,  выглядала, як грознае папярэджанне.

Ход семінара пацвердзіў нядобрыя прадчуванні ўдзельнікаў. Асабліва рэзка выступіў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльнаму развіццю Алег Дз’ячэнка. Як паведамілі “Магілёўскія ведамасці” амбіцыйны чыноўнік падкрэсліў наступныя тэзісы: 

– Калі мы запрашаем святароў у школы і арганізацыі, мы павінны быць упэўненыя, што гэтыя людзі выходзяць у масы з правільнымі пасылам. Калі рэлігія ўзаемадзейнічае з грамадствам, мы павінны быць перакананыя, што яна – наша апора, праз якую мы будзем вырашаць задачы, звязаныя з кампаніяй 2024 і 2025 гадоў (маюцца на ўвазе выбарчыя кампаніі). Рэлігія не павінна супярэчыць нормам права, а таксама агульнай ідэалогіі дзяржавы, аказваючы няправільны ўплыў на чалавека, прыкрываючыся “боскай”, гэта значыць экстрэмісцкай шырмай.

Прадстаўнікоў якіх рэлігій і канфесій меў на ўвазе высокапастаўлены ахоўнік права і маралі засталося недасказаным. Каго нельга, а каго можна пускаць у школы і ўстановы таксама засталося адкрытым пытаннем. Удзельнікі семінара зразумелі, што пад падазрэннем цяпер служкі ўсіх рэлігій і канфесій. Незразумелым таксама засталося, хто і як павінен вызначаць, дзе святар выконвае свой пастарскі абавязак, а дзе ён ужо экстрэміст? 

З невясёлымі тварамі слухалі чыноўніка прадстаўніцы райвыканкамаў.

– Прасцей проста забараніць усім папам прыходзіць ва ўстановы, чым разбірацца, хто з іх экстрэміст, а хто наш чалавек, а потым паляцець са сваёй пасады. – выказалася адна з удзельніц семінара па яго заканчэнню. 

Вынікі семінара сведчаць, што выбары ўлада адклала на 2024 і 2025 гады, але ўжо цяпер клапоціцца пра тое, каб абмежаваць уплыў на грамадства самых розных сіл. А для святароў, як сведчыць выступленне Дз’ячэнкі, надыходзіць складаны этап здзяйснення імі сваіх пастырскіх абавязкаў. 

Фота: mogilevnews.by