Беларусы праігнаравалі праблемы вадзіцеля машыны з расійскімі нумарамі

На трасе М5 у Бабруйскім раёне вадзіцель Opel Insignia і яго спадарожніца замярзалі ў заглухшай машыне. Ніхто з удзельнікаў руху не адгукнуўся на знакі аб дапамозе.

На трасе «Мінск – Гомель» у Бабруйскім раёне пара правяла каля чатырох гадзін у заглухшым аўтамабілі на марозе. Нягледзячы на ўключаную аварыйную сігналізацыю, падняты капот і спробы спыніць машыны, ніводзін кіроўца не спыніўся, каб дапамагчы. Пра гэта піша komkur.info.

Інцыдэнт адбыўся ў нядзелю, 25 студзеня 2026 года ўвечары. Каля 16.00 паміж паваротамі на Дубоўку і Савічы спыніўся Opel Insignia, бо з рухавіка выліўся алей, і працягваць рух машына не магла. У салоне знаходзіліся Дзмітрый і Крысціна, жыхары Гомеля, якія ехалі ў Полацк па справах. Пры гэтым сам аўтамабіль меў расійскую рэгістрацыю (гэта відаць па здымку аўтамабіля), што, магчыма, і абумовіла такую абыякавасць людзей на трасе.

Надвор’е ў той дзень было па сутнасці экстрэмальным: тэмпература апускалася ніжэй за мінус 15 градусаў, а адкрытая мясцовасць узмацняла адчуванне холаду. Абагрэць салон без працуючага рухавіка было немагчыма. Дзмітрый уключыў аварыйку, падняў капот і перыядычна выходзіў на дарогу, спрабуючы «галасаваць», але дарэмна. Паволе яго, хоць машын праязджала шмат, ніхто не меў намеру спыняцца.

Пра сітуацыю Дзмітрый паведаміў знаёмаму, які размясціў заклік аб дапамозе ў вадзіцельскай суполцы Viber «Дороги.by». На паведамленне адгукнуўся Максім Шырокі з вёскі Міхалёва і актыўны ўдзельнік аўтамабільных супольнасцяў.

“Я ўбачыў пост каля 19.00, быў дома. – распавёў Максім – Зразумеў, што марудзіць нельга”.

На месца ён прыехаў прыкладна ў 19.30. Да таго моманту Дзмітрый і Крысціна былі моцна пераахалоджаныя. Прычым, паводле Максіма, у вадзіцеля настолькі замерзлі рукі, што ён не мог нават зачапіць трос. Дзяўчына ўвесь гэты час заставалася ў салоне нерухомай машыны. 

Аўтамабіль удалося адцягнуць на бліжэйшую АЗС. Там пара сагрэлася гарачым чаем і дачакалася яшчэ аднаго гомельскага знаёмага, які выехаў насустрач і ўзяў Opel на буксір. Пасля гэтага ўсе разам накіраваліся ў бок Гомеля.

Фотаздымак: komkur.info

Бабруйчаніна адправілі на “хімію” за пагрозы забіць падчарку-падлетка

Бабруйчанін пастаянна збіваў і пагражаў забіць 12-гадовую дачку сваёй сужыцелькі. Суд адправіў яго на чатыры гады на “хімію”.

Як стала вядома на судзе ў Бабруйску, з красавіка па кастрычнік мінулага года мужчына сістэматычна збіваў дзяўчынку. З-за свайго малалетства і бездапаможнасці яна не магла аказаць крыўдзіцелю нейкага супраціву.

Адметна, што ўпершыню мужчына прымяніў фізічны гвалт да дачкі сужыцелькі на дзень яе народзінаў. Аднойчы схапіў яе за шыю і душыў – менавіта гэты выпадак прымусіў дзяўчынку ўсвядоміць, што ёй пагражае рэальная небяспека.

Падчас суда мужчына сваю віну цалкам прызнаў. За сістэматычныя пабоі і пагрозу забойствам суд Бабруйска і Бабруйскага раёна прызначыў яму чатыры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Таксама з падсуднага спагнаны штраф у 4500 рублёў. Акрамя таго, яго накіравалі на прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.

Прысуд пакуль у законную сілу не ўступіў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У бабруйскім зефіры знайшлі трэскі і гэта аказалася экалагічна

Знойдзеныя ў зефіры кавалачкі дрэва бабруйскія вытворцы патлумачылі тэхналогіяй.

Жанчына ласавалася бабруйскім зефірам і выявіла ў ім трэскі. Пра сваю знаходку яна расказала ў Threads. Высветлілася, што і іншыя карыстальнікі сацыяльнай сеткі сутыкаліся з падобнай праблемай і ведаюць прычыну з’яўлення трэскаў у зефіры. 

Уся справа – ў тэхналогіі, якая разлічана на тое, каб захаваць натуральны смак і водар зефіру. Яго на «Красном пищевике» вытрымліваюць на сасновых дошках, і іх часцінкі могуць трапляць у прадукт. Пластык і метал не выкарыстоўваюцца.

Гэта ж пацвердзілі і вытворцы, якія аператыўна папрасілі прабачэння за дапушчаны пракол.

Фота Threads.

Бабруйскі «юны натураліст» скраў фотапастку

Бабруйчанін прысвоіў сабе фотапастку, маючы намер паназіраць за дзікімі жывёламі.

У міліцыю звярнуліся прадстаўнікі адной з прыватных фірм Магілёўскага раёна. Яны паскардзіліся на тое, што знікла дарагая фотапастка.

Аператыўнікі высветлілі карціну здарэння. Фотапастку, усталяваную ў лесе, зняў 30-гадовы жыхар Бабруйска. Свой учынак ён растлумачыў жаданнем вывучыць паводзіны дзікіх жывёл.

Супраць «натураліста-даследчыка» ўзбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У наркакурыера, затрыманага ў Бабруйску, знайшлі рэдкі псіхатроп

Фотаздымкі месцаў закладак і іх геаграфічныя каардынаты бабруйскі наркакурыер захоўваў у смартфоне.

Наркотык «экстазі», або «молі» рэдка сустракаецца ў Магілёўскай вобласці, але ў закладчыка з Бабруйска ў кватэры знайшлі гэтыя экзатычныя для нашага рэгіёна таблеткі. Іх было 110 штук агульнай масай больш за 45 грамаў.

Акрамя таго, у жыллі бабруйчаніна былі выяўлены псіхатропныя рэчывы 4-CMC і альфа-PVP масай больш за 52 і 250 грамаў адпаведна.

Ва ўпраўленні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці правялі экспертызы.

На пакетах, у якія былі запакаваныя таблеткі, эксперты выявілі біялагічны матэрыял, які паслужыць доказам віны закладчыка. Крымінальная справа накіравана ў суд Бабруйскага раёна.

Фота ведамаснага сайта ДКСЭ.

Бабруйскага хрысціяніна-баптыста абвінавацілі ў “садзейнічанні экстрэмізму”

Былога зенітчыка і прыхаджаніна «Царквы Божай Ласкі» з Бабруйска асудзілі за палітыку.

Кадравы вайсковец, маёр-зенітчык у адстаўцы Анатоль Рыбак асуджаны Магілёўскім абласным судом за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.

Анатолю 54 гады, ён прыхаджанін адной з найстарэйшых абшчын евангельскіх хрысціян-баптыстаў у Бабруйску.

Сутнасць прэтэнзій беларускіх уладаў да Рыбака невядомая. Магчыма, яго пераследуюць па дадзеных «Гаюна».

Прысуд – «хімія» з накіраваннем ва ўстанову папраўчага тыпу або калонія.

Фота са старонкі «Хрысціянская Візія» ў Facebook.

Бабруйскі вадзіцель пахваліўся дрыфтам і атрымаў шэсць пратаколаў ДАІ

За рызыкоўныя манеўры на Mercedes, якія засняў для сацсетак малады вадзіцель у Бабруйску, ён быў пакараны па шасці адміністрацыйных артыкулах.

24-гадовы вадзіцель Mercedes размясціў відэа, якое ў ДАІ назвалі як «адно з небяспечных парушэнняў правілаў дарожнага руху». У роліку ён “здзяйсняе наўмысны занос – так званы дрыфт”.

І хоць манёўр быў зроблены на абсалютна пустыннай дарозе, інспектары палічылі гэта свядомым парушэннем правілаў дзеля эфектнага кадра. У дачыненні да парушальніка складзена шэсць адміністрацыйных матэрыялаў.

“ДАІ нагадвае: рызыкоўныя дзеянні ў грамадскіх месцах і на аўтамабільных дарогах з’яўляюцца недапушчальнымі і могуць пацягнуць за сабой негатыўныя наступствы як для самога парушальніка, так і для іншых удзельнікаў дарожнага руху» – адзначылі ў Дзяржаўтаінспекцыі.

Скрыншот: Інстаграм gai.mogilev

Бабруйчане збянтэжылі дворніка навагоднім падарункам

Жывучыя па суседстве ў адной з бабруйскіх шматпавярховак Дыяна і Сяргей зрабілі нечаканы падарунак дворніку, які прыбірае іх двор.

Відэа свайго віншавання бабруйчане выклалі ў Тікток. Яны падрыхтавалі падарунак і падыйшлі да дворніка, які чысціў тратуар у двары ад снегу. 

“Вырашылі павіншаваць вас з надыходзячым Новым годам, сказаць вам вялікі дзякуй, што кожную раніцу наш двор самы чысты ў горадзе Бабруйску. – кажа ў відэароліку Сяргей, звяртаючыся да мужчыны – Мы вам хочам уручыць стандартны наборчык”.

Такімі словамі бабруйчане вельмі збянтэжылі дворніка і ён напачатку адмаўляўся прыняць падарунак, але ў рэшце рэшт прыняў невялікую папяровую торбачку і падзякаваў, паціснуўшы руку Сяргею.

Гэтае відэа набрала больш за паўмільёны праглядаў. У шматлікіх каментарах гледачы пахвалілі ініцыятараў віншавання дворніку і дзякавалі за падарунак яму.

Скрыншот Тікток dianastankevi4

У Бабруйскай калоніі пераднавагоднія новаўвядзенні

У бабруйскай Папраўчай калоніі №2 да Новага года зняволеным, “якія сталі на шлях выпраўлення”, абяцаюць дадатковы відэазванок. А для ўсіх – змены ў правілах рэчавых перадач.

Адміністрацыя калоніі ў мэтах заахвочвання тых, хто супрацоўнічае з ёй, прапанавала асуджаным пісаць заявы на дадатковы святочны пяціхвілінны званок, паведамляе  MAYDAY.TEAM. Заявы спачатку падпісвае начальнік атрада, а потым начальства ўключае самых “добранадзейных” у спецыяльныя спісы. Ім дазволяць 31 снежня патэлефанаваць дадому па-за рэжымным графікам.

Для астатніх жа пакуль не вельмі прыемнае новаўвядзенне. Напярэдадні Новага года адміністрацыя папярэдзіла, што звычайную пісчую паперу фармату А4 цяпер нельга перадаваць у звычайнай рэжымнай перадачы. Яна будзе прымацца толькі ў рэчавай перадачы, якую вязні маюць права атрымліваць два разы на год. З чым звязана новаўвядзенне – не тлумачыцца.

Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”

У Бабруйскім раёне ў капкан для куніцы трапіла рысь

У Бабруйскім раёне ў вяровачны капкан, усталяваны для адлову куніцы, трапіла рысь. Зверу спатрэбілася лячэнне.

Здарэнне адбылося ў раёне вёскі Мальева на паўднёвым усходзе раёна, піша komkur.info. пра гэта паведаміў начальнік Бабруйскай гаррайінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Анатоль Грыб. Паводле яго, у пастцы апынулася маладая самка рысі узростам каля васьмі месяцаў.

Паляўнічы, які выявіў звера, апавясціў Бабруйскую міжраённую інспекцыю аховы расліннага і жывёльнага свету, як таго патрабуюць правілы палявання. На месца выехалі інспектары і спецыялісты па дзікай фаўне. У іх прысутнасці рысь вызвалілі з капкана, змясцілі ў клетку і даставілі ў ветэрынарную клініку.

Пры аглядзе ў звера выявілі пералом правай пярэдняй лапы. Гэта была траўма, атрыманая ў выніку траплення ў пастку. 29 снежня рысёнку вагой блізу 10 кілаграмаў правялі аперацыю. Па словах ветэрынара Рыгора Белягова, хірургічнае ўмяшанне прайшло паспяхова, у бліжэйшыя дні жывёла будзе знаходзіцца пад наглядам.

Пасля завяршэння ветэрынарнага кантролю, рысь плануюць перадаць у заапарк гарадскога пасёлка Акцябрскі Гомельскай вобласці. Вяртанне звера ў натуральнае асяроддзе спецыялісты лічаць небяспечным, бо ён мог страціць страх перад чалавекам.

Разглядаўся і варыянт размяшчэння ў Магілёўскім заасадзе, аднак там адмовіліся прыняць дзікага драпежніка.

Рысь у Беларусі мае асаблівы прыродаахоўны статус і адначасова лічыцца паляўнічым відам і відам, занесеным у Чырвоную кнігу. Забарона на паляванне на рысь дзейнічала ў краіне на працягу 40 гадоў і была часткова знятая толькі ў адыходзячым годзе – ў асобных раёнах Віцебскай і Гомельскай абласцей. У Бабруйскім раёне паляванне на гэтага драпежніка па-ранейшаму забароненае.

Гэта не першы падобны выпадак у раёне. Летась рысь таксама трапляла ў пастку, аднак тады звер не атрымаў траўм і быў выпушчаны назад у лес.

Фотаздымак: komkur.info