«Дзень агурка» адзначаюць у Шклове. Фэст, прысвечаны агароднінай расліне, ладзяць 16 гадоў, а вырошчваюць яе тут ад 16 стагоддзя

Гурковая тэма для мясцовых жыхароў брэндавая з часоў першай згадкі пра тутэйшыя агуркі ў 1526 годзе нямецкім паслом Жыгімонтам Герберштэйнам.

Дыпламат здзівіўся масаваму захапленню насельніцтвам гэтых мясцін агуркамі. Пра шклоўскія гуркі, як іх тут называюць, напісана ў Баркулабаўскім летапісе.

У цэнтры гораду ў 2007 годзе паставілі нават бронзавую скульптурную кампазіцыю «Агурок», якая зрабілася талісманам Шклова.

З агуркоў тут робяць мноства страў: ад агурочнага варэння, настоек да разнастайных закатак.

Свята летняга ўраджаю «Дзень агурка» адзначаюць у Шклове з 2006 года. Гараджане лічаць раённы цэнтр агурковай сталіцай Беларусі. Дагэтуль амаль усе жыхары вырошчваюць гэтую гародніну.

Праўда, калі раней ёю займаліся ледзь не ў прамысловых маштабах, то цяпер высаджваюць для сябе. На мясцовых агародах значна паменела цяпліц, а тры дзясяткі гадоў таму агуркі дапамагалі людзям разжывацца капейчынай.

Сёлета «Дзень агурка» праводзяць на пляцоўцы вакол гарадской ратушы, дзе месціцца гімназія. Гэта гістарычны і гандлёвы цэнтр Шклова.

Тут разгорнуты кірмаш, на якім можна пасмакаваць стравы з агуркоў. Арганізаваныя розныя забавы для старых і маладых.

 

У Шклове адкрылі рэканструяваны помнік ахвярам Галакосту

Некропаль ахвяр нацысцкага генацыду адкрылі на мясцовых яўрэйскіх могілках 26 жніўня. Побач з мемарыялам старажытны чысцец, муры якога закансервавалі, каб уратаваць ад разбурэння.

Помнік рэканструяваны, дзякуючы намаганням выхадца са Шклова расійскага прадпрымальніка Ільі Клябанава. Ён прапанаваў праект аднаўлення ўнікальнай мясціны.

На жалобным мітынгу выступілі прадстаўнікі раённай улады, аўтар мастацкага рашэння скульптар Георгій Франгулян, былы міністр культуры Расіі Міхаіл Швыдкой, прадстаўнікі яўрэйскай грамады і сам Ілля Клябанаў.

Удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі да помніка і ўшанавалі памяць 3 200 забітых нацыстамі у 1941 годзе яўрэяў Шклоўшчыны.

Анонс суботніх забаваў на Магілёўшчыне. Кірмаш народных рамёстваў, фестываль сямейнай творчасці і Дзень гурка

Апошнія фэсты лета правядуць у Глуску, Асіповічах і Шклове.

Імі завяршаецца абласная праграма фестываляў і святаў клубных арганізацыяў рэгіёну «Яскравае свята лета».


У Асіповічах чакаюць на фестываль-кірмаш народных рамёстваў «Асіпоўшчына рамесная».

Пройдзе на пляцоўцы ля Раённага цэнтру культуры.

У праграме: выстава і продаж работ майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Канцэрт духавога аркестру.

Арганізатары запрашаюць на майстар-класы па ткацтву паясоў, вырабу керамічных гаршкоў і кашоў з лазы.


У Глуску запрашаюць на рэгіянальны фестываль сямейнай творчасці «Сузор’е талентаў».

Адкрыюць ля Дому рамёстваў.

Тут пройдзе музычна-песенны фестываль, конкурс на лепшую прэзентацыю «атрыбута побыту беларускай сям’і».

У гарадскім парку плануюць правесці конкурс «Тата, мама і я – спартыўная сям’я», а таксама спаборніцтвы па шахматах і футболу.

Увечары абяцаюць канцэрт і салют.


У Шклове ў 16 раз правядуць Свята летняга ўраджаю «Дзень агурка».

Арганізатары запэўніваюць: цікава будзе і малых, і старым.

«Дзень агурка» адзначаць на пляцоўцы вакол комплексу будынкаў гарадской ратушы, у якой месціцца гімназія.

У праграме парад страваў, тэматычная тэатралізацыя, конкурсы, квэсты, інтэрактыў для дзяцей, фестываль фарбаў.

Ля ратушы створаць спартыўна-гульнявую пляцоўку. Тут жа адбудзецца агурочны гастрафест. Не абыдзецца свята без гораду майстроў, фотаасяродка.

Завершыцца «Дзень агурка» канцэртам і дыскатэкай.

 

У Шклове на грошы мецэнатаў ратуюць «Чысцец» – унікальны помнік яўрэйскай культуры (фота)

Чысцец знаходзіцца на мясцовых яўрэйскіх могілках. Працяглы час ён быў пакінуты на волю лёсу. Цяпер жа ўзяліся за яго ўпарадкаванне. Муры ўжо закансерваваныя. На саміх могілках з’явіліся новыя памятныя знакі – менгіры. Паволі старажытныя могілкі становяцца сапраўдным мемарыялам.

Знакаміты сёння «Чысцец» яшчэ пару дзесяцігоддзяў таму быў забытым, а яго муры разбураліся. Шклоўскі краязнаўца Аляксандр Грудзіна доўгі час звяртаў увагу навукоўцаў на бядотны стан адзінага ў Беларусі ацалелага тутэйшага ганку яўрэйскіх могілак. Намаганні рупліўца далі плён – пачалося вывучэнне будынку.

Настойлівасцю археолага, даследчыцы ўсходняй Беларусі, доктара навук Вольгі Ляўко Чысцец атрымаў афіцыйны статус помніка. Ён прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю. 

Тым не менш, заняпад працягваўся. Абваліўся дах парталу. Несці нябожчыка праз чысцец, што паводле мясцовых вераванняў дазваляе памерламу трапіць у рай, стала небяспечна.

На шчасце для помніка, знайшоўся неабыякавы да яго лёсу чалавек, чые продкі былі выхадцамі са Шклова. На праблему звярнуў увагу расійскі прадпрымальнік Ілья Клябанаў. Ягонымі намаганнямі быў зроблены праект аднаўлення і праведзена рэканструкцыя ўнікальнай мясціны.

Напачатку беларускія эксперты прапаноўвалі зрабіць поўную рэстаўрацыю з рэканструкцыяй помніка. Але большасць сусветных экспертаў лічаць менавіта кансервацыю выдатным спосабам захавання аўтэнтычнасці помніка.

Мастак Георгій Франгулян настаяў не на аднаўленні, а выключна на кансервацыі партальнай групы. З яго ініцыятывы на яўрэйскіх могілках паставілі 7 менгіраў. На яго думку,  гэтыя першыя рукатворныя вобразы чалавека будуць сімвалізаваць на могілках целы памерлых.

Комплекс уключае помнік забітых нацыстамі ў гады Другой сусветнай вайны мясцовых яўрэяў, 7 менгіраў і закансерваваны Чысцец.

Цягам бліжэйшага месяца чакаецца завяршэнне прац і ўрачыстае адкрыццё мемарыялу.


Менгір груба апрацаваны дзікі камень у выглядзе слупа. Камяні могуць стаяць як па адзіночцы так і прадстаўляць цэлую групу менгіраў, размешчаных недалёка адзін ад аднаго. Вядомыя з каменнага веку. Прызначэнне менгіраў не мае выразнага тлумачэння . Дапускаеца, што яны “кіравалі” культавымі збудаваннямі, звязанымі з услаўленнем Сонца.


 

На Магілёўшчыне згарэлі кватэра, машына, сена

Ратавальнікі на пажары выязджалі чатыры разы ў апошні дзень чэрвеня. Страху нацярпеліся жыхары Бабруйску, Быхава, Шклова ды Клічаўскага раёну.

У Бабруйску з неўстаноўленай пакуль прычыны загарэлася нежылая двухпакаёвая кватэра. Пашкоджаная маёмасць, сцены і перакрыцці. У кватэру быў вольны доступ.

У Быхаве загарэўся прыпаркаваны легкавік. Пажарам знішчаны салон аўтамабілю.

Меркаваная прычына пажару – парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання: кароткае замыканне электраправодкі, піша  газэта «Сб. Беларусь сегодня».

У Клічаўскім раёне ля вёскі Колбча пажар знішчыў 36 тон сена ў рулонах, пашкодзіў паветку. Пацярпелых няма, прычына ўзгарання высвятляецца.

 

Забаранілі купацца ў Шклове і Клімавічах

Па выніках лабараторнага аналізу проб вады спецыялістамі Цэнтру гігіены і эпідэміялогіі забаронена купацца яшчэ ў двух вадаёмах на Магілёўшчыне.

Як паведамляе газета «Родная ніва» у сувязі з тым, што вада не адпавядае санітарным і эпідэміялагічным паказчыкам забарона накладзеная на купанне ў сажалцы, што ў Клімавічах і на раце Асцёр, каля дзіцячага аздараўленчага лагера «Арлёнак» у Клімавіцкім раёне.

Не даступным для акунання стаў і пляж у Шклове. Гаворка пра той, што на правым беразе Дняпра ля лядовай арэны.

Тым часам, Магілёўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі адправіў у Магілёўскі гарвыканкам і райвыканкам хадайніцтвы аб забароне купання дзяцей, дарослых і займацца воднымі відамі спорту на ўсіх мясцовых пляжах.

Сярод іх гарадскі на Дняпры, а таксама ў вёсцы Палыкавічы. Акрамя таго на Пячэрскім, Грабянеўскім вадасховішчах і на возеры ў вёсцы Вільчыцы.

Санэпідстанцыя адзначае, што гарадская і раённая ўлады не прынялі рашэння аб забароне купання на гарадскім пляжы і пляжы ў вёсцы Палыкавічы па рэкамендацыі службы тыднёвай даўніны.

 

 

Міліцыянт, пацярпелы ад пажару ў Шклоўскім РАУС, памёр, пішуць незалежныя медыі

Супрацоўнік райаддзелу быў шпіталізаваны, а само здарэнне адбылося 31 мая.

На наступны дзень у тэлеграм-канале Следчага камітэту было паведамлена, што ў адным з рабочых кабінету Шклоўскага РАУС, дзе знаходзіліся супрацоўнік міліцыі і дастаўлены для разбіральніцтва жыхар Магілёва, адбылося ўзгаранне канфіскаванай маёмасці

У памяшканні адбыўся пажар – мужчына загінуў, а міліцыянт шпіталізаваны. У яго было дыягнаставала 76 працэнтаў апёкаў скурнага покрыва агульнай паверхні цела, тэрмаінгаляцыйная траўма. Яму зрабілі экстранную аперацыя. Заяўлялася, што пацыента рыхтуюць для транспартавання ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр.

Незалежныя медыі акцэнтавалі тады ўвагу, што дастаўлены для допыту мужчына абліў сябе і міліцыянта хуткаўзгаральным рэчавым і запаліў яго. Адзначаліся, што загінулы, нібыта, займаўся рабаваннем дамоў.

8 чэрвеня, пра смерць оперупаўнаважанага Шклоўскага раённага аддзелу ўнутраных спраў журналісты даведаліся з крыніцаў у шклоўскай больніцы і ад мясцовых жыхароў. Паводле іх хаваць загінулага на службе міліцыянта будуць сёння. У горадзе выстаўленыя пасты ДАІ.

Афіцыйнага пацверджання смерці супрацоўніка міліцыі на гэты момант няма.

 

У шклоўскай міліцыі адбыўся пажар. Загінуў мужчына, дастаўлены для разбіральніцтва, а міліцыянт у цяжкім стане шпіталізаваны. Абноўлена

У Шклоўскім аддзеле ўнутраных спраў загінуў падазраваны ў крадзяжы. Супрацоўнік міліцыі, які дапытваў яго шпіталізаваны. Следчы камітэт праводзіць праверку інцыдэнту, які адбыўся 31 мая.

Стан супрацоўніка міліцыі, які пацярпеў ад пажару ў кабінеце Шклоўскага РАУС крайне цяжкое, паведамляе тэлеграм-канал Официальнный Минздарав. У пацыента дыягнаставана 76 працэнтаў апёкаў скурнага покрыва агульнай паверхні цела, тэрмаінгаляцыйная траўма. Ён знаходзіцца ў рэанімацыі Шклоўскай раённай больніцы. Пацыенту зробленая экстранная аперацыя – некратамія. Яго рыхтуюць для транспартавання ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр. У кансіліуме, які адбыўся 1 чэрвеня ў раённай больніцы ўдзельнічаў міністр аховы здароўя Дзмітры Піневіч.

Паводле паведамлення ў тэлеграм-канале Следчага камітэту ў адным з рабочых кабінету Шклоўскага РАУС, дзе знаходзіліся супрацоўнік міліцыі і дастаўлены для разбіральніцтва жыхар Магілёва, адбылося ўзгаранне канфіскаванай маёмасці. У памяшканні адбыўся пажар – мужчына загінуў, а міліцыянт шпіталізаваны.

У паведамленні Следчага камітэту адзначаецца, што загінулы быў неаднаразова судзімы. Разбіральніцтва праводзілася па паведамленні аб крадзяжы бензапіл.

фота: glubinka.by

 

Шклову нямецкія каталікі падарылі арган. Прэзентацыю інструмента грамадскасць сустрэла авацыямі (фота, відэа)

Упершыню за амаль 100 гадоў у шклоўскім касцёле Пятра і Паўла загучаў арган. Тут адрадзілі традыцыю арганных канцэртаў. Інструмент падаравалі мясцовай каталіцкай парафіі нямецкія аднаверцы.

 

Кожная кампазіцыя, выкананая на аргане, віталася авацыямі

На канцэрт, пачуць, як гучыць арган, у каталіцкую святыню прыйшло шмат гараджанаў. На ім былі не толькі католікі, але і праваслаўныя вернікі. Наведаліся ў касцёл і навучэнцы школы-інтэрнату для дзяцей з аслабленым зрокам. У дзятвы была магчымасць пайграць на інструменце і сфатаграфавацца з выканаўцам кампазіцыяў. Кожную з іх грамада вітала авацыямі.

 

Іграў ў касцёле вядомы арганіст Юры Габрусь. За сваю кар’еру ён выступаў на фестывалях у Нямеччыне, Швецыі, Літве і Расіі. У Шклове ён выконваў творы Ёгана Сэбаст’яна Баха, Ферэнца Ліста, Леона Боэльмана, Арнольта Шліка ды іншых.

Настаяцель касцёлу айцец Міхал паведаміў, што такія канцэрты і ў далейшым будуць ладзіцца ў Шклове.

Правядзенне канцэрту супала з экспанаваннем у святыні цудадзейных абразоў Маці Божай. Шклоўскі касцёл першы на Магілёўшчыне, які прымае іх у вандроўцы па Беларусі.

 

Трагічная гісторыя шклоўскага касцёлу і яго аргана. Цяпер у адроджанай святыні свой голас

Да закрыцця шклоўскага касцёлу бальшавікамі ў 1930 гады ён меў свой арган. Ягонае гучанне, як згадвалі мясцовыя каталікі, было выдатным. Па закрыцці святыня занядбала. У 1990-я вернікам перадалі толькі яе сцены. Над імі не было нават страхі. Старадаўні жа арган быў страчаны назаўжды.

Па словах мясцовага краязнаўцы і актывіста парафіі Аляксандра Грудзіны новы арган прывезлі з нямецкага Штутгарта. Выраблены ён быў для мясцовага касцёлу ў 1969 годзе.

Па сваіх музычных характарыстыках арган, як цвердзяць спецыялісты, добры, а ягонае гучанне выдатнае. Тое не дзівіць, бо ў Германіі даўнія традыцыі вытворчасці арганаў. Гэтай працаю ў краіне займаецца блізу 400 прадпрыемстваў. ЮНЕСКА прыняла рашэнне аб унясенні нямецкай арганнай музыкі і мастацтва стварэння гэтых музычных інструментаў у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

фота і відэа: Уласнасць шклоўская каталіцкай парафіі Пятра і Паўла

 

Стрэлы са стралковай зброі некалькі дзён чутны ў Шклове

Жыхары Шклова ўжо некалькі дзён са здзіўленнем прыслухоўваюцца да гукаў стрэлаў з аўтаматычнай зброі. Найбольш выразна яны чутны на поўдні города ў раёне папраўчай калоніі № 17. Па гораду ходзяць самыя розныя чуткі і страшылкі.

Выявіць прычыны такой стралковай актыўнасці ў горадзе ў мясцовых жыхароў не ўдалося. Усе выказваюць думку, што страляюць вайскоўцы з воінскай часткі, якая ахоўвае зняволеных папраўчай калоніі № 17. А вось чаму такі працяглы час чуюцца стрэлы з аўтаматаў ніхто не ведае. Раней гукі падобных стрэлаў гучалі вельмі рэдка, заяўляюць шклаўчане. Найбольш верагодная версія – адпрацоўка асабістым складам часці навыкаў стралковай падрыхтоўкі. “Не зэкаў жа яны адстрэльваюць!” – з сумам разважаюць мясцовыя жыхары.

Экспертам падалося невыпадковай супадзенне такой актыўнасці вайскоўцаў з ухвалай Палатай прадстаўнікоў законапраекта, які дазволіць Унутраным войскам прымяняць баявую зброю для спынення масавых беспарадкаў.

Законапраект, які пашырае паўнамоцтвы ўнутраных войскаў, прыняты ўжо ў другім чытанні. Адпаведна яму ўнутраныя войскі змогуць прымяняць баявую і спецыяльную тэхніку для спынення масавых беспарадкаў і групавых парушэнняў грамадскага парадку альбо дзеянняў, накіраваных на разбурэнне або знішчэнне маёмасці ўсіх формаў уласнасці, пішуць афіцыйныя медыя Беларусі.

Асноўнымі задачамі ўнутраных войскаў цяпер прызнаюцца: удзел у ахове грамадскага парадку, забеспячэнні грамадскай бяспекі, бяспекі ахоўваемых асобаў і ахоўных абʼектаў, рэжыму надзвычайнага становішча, вайсковага становішча, прававога рэжыму ў зоне правядзення контртэрарыстычнай аперацыі, мерапрыемствах па ўзмацненні дзяржаўнай мяжы.

Вайскоўцы ўнутраных войскаў надзяляюцца правам на прымяненне зброі ў дачыненні асоб, якія ўдзельнічаюць у групавым або ўзброеным нападзе на вайсковы нарад ці каравульнае памяшканьне, якія спрабуюць незаконна пракрасціся на тэрыторыю аб’ектаў, што ахоўваюцца, або збегчы пасля такой спробы.

Версія ўзмоцненай падрыхтоўкі вайскоўцаў унутранай службы ў Шклове да рэальнага прыменення стралковай зброі супраць грамадзян Беларусі на сёння выглядае найбольш рэалістычнай у святле новых заканадаўчых актаў, якія пашыраюць магчымасці прымянення Унутраным войскам баявой зброі.