«Дзень агурка» адзначаюць у Шклове. Фэст, прысвечаны агароднінай расліне, ладзяць 16 гадоў, а вырошчваюць яе тут ад 16 стагоддзя

Гурковая тэма для мясцовых жыхароў брэндавая з часоў першай згадкі пра тутэйшыя агуркі ў 1526 годзе нямецкім паслом Жыгімонтам Герберштэйнам.

Дыпламат здзівіўся масаваму захапленню насельніцтвам гэтых мясцін агуркамі. Пра шклоўскія гуркі, як іх тут называюць, напісана ў Баркулабаўскім летапісе.

У цэнтры гораду ў 2007 годзе паставілі нават бронзавую скульптурную кампазіцыю «Агурок», якая зрабілася талісманам Шклова.

З агуркоў тут робяць мноства страў: ад агурочнага варэння, настоек да разнастайных закатак.

Свята летняга ўраджаю «Дзень агурка» адзначаюць у Шклове з 2006 года. Гараджане лічаць раённы цэнтр агурковай сталіцай Беларусі. Дагэтуль амаль усе жыхары вырошчваюць гэтую гародніну.

Праўда, калі раней ёю займаліся ледзь не ў прамысловых маштабах, то цяпер высаджваюць для сябе. На мясцовых агародах значна паменела цяпліц, а тры дзясяткі гадоў таму агуркі дапамагалі людзям разжывацца капейчынай.

Сёлета «Дзень агурка» праводзяць на пляцоўцы вакол гарадской ратушы, дзе месціцца гімназія. Гэта гістарычны і гандлёвы цэнтр Шклова.

Тут разгорнуты кірмаш, на якім можна пасмакаваць стравы з агуркоў. Арганізаваныя розныя забавы для старых і маладых.