Жыхары Шклова ўжо некалькі дзён са здзіўленнем прыслухоўваюцца да гукаў стрэлаў з аўтаматычнай зброі. Найбольш выразна яны чутны на поўдні города ў раёне папраўчай калоніі № 17. Па гораду ходзяць самыя розныя чуткі і страшылкі.
Выявіць прычыны такой стралковай актыўнасці ў горадзе ў мясцовых жыхароў не ўдалося. Усе выказваюць думку, што страляюць вайскоўцы з воінскай часткі, якая ахоўвае зняволеных папраўчай калоніі № 17. А вось чаму такі працяглы час чуюцца стрэлы з аўтаматаў ніхто не ведае. Раней гукі падобных стрэлаў гучалі вельмі рэдка, заяўляюць шклаўчане. Найбольш верагодная версія – адпрацоўка асабістым складам часці навыкаў стралковай падрыхтоўкі. “Не зэкаў жа яны адстрэльваюць!” – з сумам разважаюць мясцовыя жыхары.
Экспертам падалося невыпадковай супадзенне такой актыўнасці вайскоўцаў з ухвалай Палатай прадстаўнікоў законапраекта, які дазволіць Унутраным войскам прымяняць баявую зброю для спынення масавых беспарадкаў.
Законапраект, які пашырае паўнамоцтвы ўнутраных войскаў, прыняты ўжо ў другім чытанні. Адпаведна яму ўнутраныя войскі змогуць прымяняць баявую і спецыяльную тэхніку для спынення масавых беспарадкаў і групавых парушэнняў грамадскага парадку альбо дзеянняў, накіраваных на разбурэнне або знішчэнне маёмасці ўсіх формаў уласнасці, пішуць афіцыйныя медыя Беларусі.
Асноўнымі задачамі ўнутраных войскаў цяпер прызнаюцца: удзел у ахове грамадскага парадку, забеспячэнні грамадскай бяспекі, бяспекі ахоўваемых асобаў і ахоўных абʼектаў, рэжыму надзвычайнага становішча, вайсковага становішча, прававога рэжыму ў зоне правядзення контртэрарыстычнай аперацыі, мерапрыемствах па ўзмацненні дзяржаўнай мяжы.
Вайскоўцы ўнутраных войскаў надзяляюцца правам на прымяненне зброі ў дачыненні асоб, якія ўдзельнічаюць у групавым або ўзброеным нападзе на вайсковы нарад ці каравульнае памяшканьне, якія спрабуюць незаконна пракрасціся на тэрыторыю аб’ектаў, што ахоўваюцца, або збегчы пасля такой спробы.
Версія ўзмоцненай падрыхтоўкі вайскоўцаў унутранай службы ў Шклове да рэальнага прыменення стралковай зброі супраць грамадзян Беларусі на сёння выглядае найбольш рэалістычнай у святле новых заканадаўчых актаў, якія пашыраюць магчымасці прымянення Унутраным войскам баявой зброі.