Міжнародная следчая група абвінавачвае Пуціна ў катастрофе Боінга МН17 у 2014 годзе

Следчыя заявілі, што Пуцін мог асабіста ўхваліць дастаўку ракетнага комплексу БУК, які збіў самалёт MH17 над Данбасам, але яго немагчыма абвінаваціць з-за міжнароднага імунітэту.

Як паведаміла BBC, праз два з паловай месяцы пасля таго, як завяршыўся суд над абвінавачванымі па справе MH17, следчая група абвясціла, што зрабіла ўсё магчымае, каб усталяваць іншых падазраваных, але больш не можа нікому афіцыйна прад’явіць абвінавачванне.

У пачатку прэс-канферэнцыі прадстаўнікі аб’яднанай следчай групы заявілі, што ўсе магчымыя версіі былі старанна вывучаны, што следчыя зрабілі ўсё магчымае, каб усталяваць праўду, але атрыманых вынікаў недастаткова, каб прад’явіць абвінавачванні ў дачыненні да іншых магчымых удзельнікаў.

У той жа час, следчыя прадэманстравалі ўлікі, у тым ліку тэлефонныя перахопы, якія сведчаць, што Уладзімір Пуцін браў асабісты і непасрэдны ўдзел у тым, што адбывалася на Данбасе. Але Нідэрланды не могуць расследаваць яго ролю, бо ў прэзідэнта ёсць імунітэт у адпаведнасці з міжнародным заканадаўствам да таго часу, пакуль ён застаецца прэзідэнтам.

Для таго, каб пацвердзіць тэзіс аб адказнасці Пуціна, былі прадстаўлены дзве перахопленыя тэлефонныя размовы з удзелам памочніка кіраўніка Крыма (Крым быў далучаны Расіяй у 2014 годзе) Сяргея Аксёнава 8 ліпеня 2014 года. У абедзвюх размовах чыноўнік неаднаразова кажа, што рашэнне адправіць Бук у Данбас прымае “ніякі [не] генерал, не міністр абароны”, а толькі “самая першая асоба”. Паведамляецца, што гэтыя размовы адбыліся яшчэ да таго, як Boeing быў збіты.

На прэс-канферэнцыі таксама быў агучаны запіс размовы Пуціна з кіраўніком самаабвешчанай Луганскай Народнай Рэспублікі Ігарам Платніцкім у лістападзе 2017 года. Размова відавочна паказвае, як Расія і асабіста Ўладзімір Пуцін удзельнічалі ў дзеяннях сепаратыстаў у Данбасе.

Міністэрства замежных спраў Нідэрландаў ужо выклікала расійскі пасла з-за доказаў удзелу Пуціна ў катастрофе MH17. Аднак прэм’ер-міністр Нідэрландаў адмовіўся адпраўляць расійскага пасла з краіны, паколькі ён лічыць важным “захаваць адкрытыя лініі з Крамлем”.

Фота з адкрытых крыніц.

Замежныя госці магілёўцаў могуць свабодна наведваць Смаленск і Пецярбург

Пуцін падпісаў закон аб ратыфікацыі пагаднення з Беларуссю аб узаемным прызнанні віз.

Раней гэта пагадненне было ратыфікавана Саветам Федэрацыі Расіі і беларусім Парламентам.

Пагадненне заключана 19 чэрвеня 2020 года ў Мінску і рэгулюе працэсы міграцыі ў Беларусі і Расіі. Згодна з дакументам, замежнікі і асобы без грамадзянства атрымліваюць права ўязджаць, пакідаць, заставацца, следаваць транзітам па тэрыторыі Беларусі і Расіі на аснове візы адной з дзяржаў і дакументаў па ідэнтыфікацыі асобы.

Папросту гэта азначае, што беларускія візы прызналі ў Расіі, а замежнікі, якія атрымалі візу Беларусі ці Расіі, змогуць перасекчы межы другой краіны без неабходнасці атрымання дадатковай візы. 

Чайкоўскі, Рахманінаў і Шастаковіч перамагаюць Пуціна на сцэнах Брытаніі

Украіна заклікае заходніх саюзнікаў байкатаваць культуру Расіі на час вайны, але на Захадзе з гэтай нагоды разгарнулася сур’ёзная дыскусія. Байкатаваць расійскую культуру, ці культура вышэй за войны?

Для  беларусаў пытанне не менш актуальнае, бо многія дзеячы культуры і навукі, у тым ліку на Магілёўшчыне, прынялі асабістае рашэнне аб байкоце кантактаў з расійскімі калегамі з-за ўварвання арміі Расіі ва Ўкраіну. 

Пазіцыя Ўкраіны: «паставіць на паўзу выкананне Чайкоўскага і іншых рускіх твораў пакуль вайна не спыніцца».

Міністр культуры Ўкраіны Аляксандр Ткачэнка заклікаў заходніх саюзнікаў краіны байкатаваць расійскую культуру да канца вайны. 

У The Guardian ён напісаў, што такі «культурны байкот» не будзе азначаць «адмену Чайкоўскага», але будзе «прыпыняць выкананне яго твораў, пакуль Расія не спыніць сваё крывавае ўварванне».

Ткачэнка падкрэслівае, што вайна – гэта «цывілізацыйная бітва за культуру і гісторыю», у якой Расія актыўна «спрабуе знішчыць нашу культуру і памяць», настойваючы на тым, што ўкраінцы і рускія складаюць адзіную нацыю.

Многія дзеячы культуры ва Украіне падкрэсліваюць, што расійская дзяржава актыўна інструменталізуе сваю мастацкую спадчыну падчас канфлікту. 

Напрыклад, на білбордах у акупаваным Расіяй Хэрсоне былі выявы Пушкіна з тэкстам, які згадваў пра сувязь расійскага паэта з горадам.

Дзеячы ўкраінскай культуры мовай дэкаланізацыі апісваюць працэс аддзялення сябе ад некалі дамінуючай расійскай культуры. Бо яе прасоўвалі ў той час, калі ўкраінскае мастацкае самавыяўленне падаўлялася, часам гвалтоўна, Расійскай імперыяй, а пазней і Савецкім Саюзам.

Дыскусіі ў брытанскім грамадстве гучаць так: «…мы, як саюзнікі Украіны, выступаем супраць расійскай дзяржавы, а не супраць яе народа або культуры».

«Прэзентацыя вялікіх гістарычных твораў, такіх як «Шчаўкунчык», у выкананні міжнароднага складу танцораў, павінна паслаць моцную заяву пра тое, што Чайкоўскі, які сам паходзіць з украінцаў, і яго творы звяртаюцца да ўсяго чалавецтва ў прамой і моцнай апазіцыі да вузкага і нацыяналістычнага погляду на культуру, якую прадае Крэмль» – заявіў прэс-сакратар Каралеўскага балета ў Лондане. 

Ён таксама дадаў, што падчас вайны палітыка кампаніі заключаецца ў тым, што «мы не працуем ні з расійскімі дзяржаўнымі дзеячамі, такімі як Вялікі тэатр, ні з асобамі, якія маюць відавочную сувязь з рэжымам Пуціна ў Крамлі».

Прадстаўнік Англійскага нацыянальнага балета, які таксама ставіць спектакль «Шчаўкунчык» Чайкоўскага на гэтыя Каляды, заявіў, што, хаця кампанія «салідарная з усімі, хто пацярпеў ад уварвання Расіі ва Украіну», іх праграма будзе ісці, як планавалася.

Лонданскі сімфанічны аркестр выконвае ў Германіі праграмы Стравінскага і Рахманінава пад кіраўніцтвам сэра Саймана Рэтла. Выканаўчы дырэктар Кэтрын МакДоўэл заявіла, што яны працягваюць выконваць рускую музыку і працаваць з расійскімі артыстамі, «якія не атаясамліваюць сябе з цяперашнім кіраўніцтвам».

У праграмах Манчэстэрскага аркестра гучаць творы Стравінскага і Шастаковіча. «Хоць мы ненавідзім уварванне Пуціна ва Украіну і не выконваем музыку і не працуем з артыстамі, якія падтрымліваюць гэтую незаконную вайну, мы, як саюзнікі Украіны, выступаем супраць расійскай дзяржавы, а не супраць яе народа або культуры», – сказаў Дэвід Бутчар, кіраўнік аркестра. 

Як бачна, большасць брытанскіх музыкаў не лічаць мэтазгодным адмяняць, прыпыняць або самацэнзураваць выдатную расійскую музыку, якая заслугоўвае таго, каб яе выканалі і пачулі. Пры гэтым яны відавочна дыстанцуюцца ад артыстаў, якія падтрымліваюць рэжым Пуціна і вайну Расіі ва Ўкраіне. 

 

Пазіцыя заходніх дзеячаў культуры.

Многія дзеячы культуры саюзных Украіне дзяржаў і народаў напачатку падтрымалі заклікі да байкоту расійскай культуры, якая не змагла супрацьстаяць аўтарытарызму і імперскасці. Але такая радыкальная пазіцыя, як паказала перадкалядная афіша, адназначнай падтрымцы на Захадзе не атрымала.

У калядным сезоне “Шчаўкунчыкі” стануць “зімовай стравай” для гледачоў і будуць выкананы балетнымі трупамі ад Нью-Ёрка да Лондана, а культурныя лідары Вялікабрытаніі перасталі байкатаваць кананічныя расійскія творы. 

Toby Melville/Reuters

У Венскай дзяржаўнай оперы ўсе квіткі на класічны балет “Спячая прыгажуня” на музыку Чайкоўскага па лібрэта Марыуса Петыпа ўжо прададзеныя на 21 і 23 снежня, а на 27 снежня “маленькія бясплатныя месцы яшчэ засталіся”, – гаворыцца ў афішы. 

Кіраўніцтва Ла Скала не адмяніла пастаноўку Барыса Гадунова з расійскай зоркай Ілдарам Абадакавым, які тры гады таму прапанаваў адкрыць сезон 2022–2023 менавіта гэтай канкрэтнай расейскай операй. У дзень Вялікай прэм’еры 7 снежня тры дзясяткі чалавек зладзілі пікет перад тэатрам. Удзельнікаў акцыі трымалі на другім баку галоўнай плошчы, і палітыка не ўвайшла ў тэатр. Вядучыя дзеячы італьянскай культуры, палітыкі, бізнесмены 13-ць хвілін апладыравалі артыстам.

 

Байкатаваць расійскую культуру, ці культура вышэй за войны?

У заходнім грамадстве перамагае культура. Дзеячы культуры абвяргаюць словы расійскіх палітыкаў і прапагандыстаў пра тое, што “у сваёй русафобіі Захад пазбавіўся Чайкоўскага”. 

А вось само выкананне твораў расійскіх кампазітараў на сцэнах еўрапейскіх тэатраў становіцца падставай для выказвання дзеячамі культуры сваёй пазіцыі асуджэння незаконнага ўварвання Расіі ва Ўкраіну. 

Зяленскі стаў асобай года па версіях Time, Financial Times, а Пуцін няўдачнікам года

Вайна ва Ўкраіне стала галоўнай падзеяй года на планеце. Невыпадкова часопіс Time назваў Зяленскага “Чалавекам года”, а раней тое ж зрабіла брытанская газета Financial Times. 

Часопіс Time абірае “Чалавека года” амаль сто гадоў з 1927 года. Герой года не заўсёды станоўчы. Чалавекам года станавіліся неадназначныя і нават адыёзныя асобы: Адольф Гітлер, Іосіф Сталін, Аятала Хамейні, у 2007 і Уладзімір Пуцін.

Чалавекам года (да 1999 года быў “мужчына года” і “жанчына года”), можна быць абвешчаны “Чалавек, група людзей, некаторыя з іх, некаторыя ідэі і нават аб’ект, які ў лепшы ці нават нават горшы бок найбольш моцна паўплываў на ход падзей у бягучым годзе “.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін безумоўна меў шанц стаць негатыўным героем года, бо рашэнне пра пачатак ваенных дзеянняў, якія закранулі ўсё чалавецтва, прымаў ён персанальна. І калі б Уладзімір Зяленскі збег з Кіева, а ўкраінская армія здалася больш моцнаму праціўніку, то ён і стаў бы тым чалавекам, які вызначыў контуры 2022 года. 

Але Украіна паўстала ў барацьбе за свабоду, а Зяленскі выявіў неверагодную мужнасць кіруючы краінай у амаль цалкам акружаным Кіеве. Ён стаў лідарам не толькі Ўкраіны, але і большай частцы чалавецтва. 

“Уладзімір Зяленскі ўскалыхнуў свет, як ніхто не ўзрушваў яго шмат дзесяцігоддзяў”.

“Уладзімір Зяленскі і Дух Украіны абвяшчаюцца Чалавекам года за тое, што яны даказалі, што мужнасць можа быць такой жа заразнай, як і страх, за тое, што аб’ядналі народы і дзяржавы і ўзнялі іх на абарону свабоды, за тое што нагадалі свету пра далікатнасць дэмакратыі і свету… У гэтым годзе выбар быў самым простым на нашай памяці. Кагосьці бітва за Украіну напаўняе надзеяй, кагосьці – страхам, але ў любым выпадку, Уладзімір Зеленскі ўскалыхнуў свет, як ніхто не ўзрушваў яго шмат дзесяцігоддзяў” – напісалі супрацоўнікі Time.

На думку супрацоўнікаў часопіса і надалей прэзідэнт Украіны быў паўсюдна. У сваіх  штодзённых відэазваротах да ўкраінцаў, выступах у парламентах, Сусветным банку, ААН, на сустрэчы 20 найбольш уплывовых краін свету, цырымоніі Грэмі і іншых форумах ён яднаў чалавецтва вакол ідэі свабоды, змяніў клімат геапалітыкі і запусціў хвалю падтрымкі Ўкраіны. 

Самым уплывовым еўрапейцам Зяленскага назвала таксама выданне Politico, тады як Уладзімір Пуцін названы няўдачнікам года.

Забаўляльны комплекс з васкавой фігурай Пуціна з’яўвіўся ў Крычаве

У Крычаве з’явіўся цэлы перасоўны забаўляльны комплекс у мясцовым парку Перамогі, які знаходзіцца ў цэнтры горада. Гэты комплекс быў прывезены з Расіі і ўключае ў сябе выставу васкавых фігур, розныя дзіцячыя каруселі: машынкі, якімі можна кіраваць, слонікі, на якіх можна пакатацца. 

Асабліва прыцягвае ўвагу выстава васкавых фігур пад назвай «Империя». Прычым на знешнім баку адной сцяны выставачнай пляцоўкі можна ўбачыць фота тых палітыкаў і гістарычных асобаў, фігуры з воску якіх прадстаўлены: Пётр І, Кацярына ІІ, Ленін, Сталін, Гарбачоў, Пуцін. Больш за тое, забаўляльны комплекс мае і музычнае суправаджэнне ў выглядзе рускай і савецкай папулярнай музыкі. Штовечар песні рускай эстрады чутны на прасторах цэнтральнага парку Крычава.

Адзначым, што вялікага ажыятажу сярод мясцовых жыхароў забаўляльны комплекс не выклікае, нават у выхадныя дні. Тым не менш знаходзіцца ў крычаўскім парку ён будзе да 15 лістапада.  

Расія прагне “вярнуць” Клайпедскі край, хоць юрыдычныя падставы зразумелыя толькі Пуціну

Яшчэ ў 2005 годзе Уладзімір Пуцін тлумачыў, што Клайпеда са старажытных часоў з’яўляецца спрадвечнай рускай зямлёй. Такая «дробязь» як тое, што Клайпеда (Мемель) 700 гадоў належала германцам, а да гэтага балтам, рускага дыктатара не бянтэжыць – піша atviraklaipeda.lt


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.


Расійскі правадыр сказаў недарэчнасць, але слова яго святое для рускіх прапагандыстаў. Таму гэтае глупства стала расійскай дактрынай. Беспрынцыповая расійская прапагандысцкая машына, якая атрымлівае на распаўсюджванне хлусні за мяжой каля 2 мільярдаў долараў ЗША ў год, нясе глупства аб тым, што ёсць магчымасць вярнуць Клайпеду ў абдымкі Расіі прававым шляхам.

«Дзе дакументы, якія дазваляюць перадачу Віленскага краю ці Клайпедскага порта Літве? Вярхоўны Савет СССР такога рашэння не прымаў. Давайце сфармуем камісію і вырашым. Вярніце Клайпеду, вярніце Віленскі край. У іх была канстытуцыя: усяго тры гарады – Каўнас, сталіца Літвы, Шаўлі, Панявеж. Што ж, тры гарады вашыя, усё астатняе трэба вярнуць. Гэта наша тэрыторыя. Мы атрымалі гэта дзякуючы вайне. А Сталін быў добры і аддаў. Узяў у беларусаў, аддаў літоўцам. Ён забраў у немцаў Памеранію і Сілезію і аддаў іх палякам…» – так у 2018 годзе заяўляў цяпер ужо нябожчык дэпутат расійскай Думы і лідэр ліберальна-дэмакратычнай партыі Расіі, Уладзімір Жырыноўскі.

Як прапаганда хлусіць

Расійская прапаганда ставіць пад пытанне прыналежнасць Клайпедскага краю Літве сыходзячы з таго, што на момант заканчэння Другой Сусветнай вайны ён не належыў Літве. Але ігнаруецца той факт, што Германія аддзяліла гэты край ад Літвы ў сакавіку 1939 года пасля заключэння Пакта Молатава-Рыбентропа. 

У 2014 годзе, пасля таго, як расійскія вайскоўцы ціха ўвайшлі ва ўкраінскі Крым, дзейная ў Літве грамадская ўстанова Būkime vieningi падзялілася апублікаванай парталам «avaaz.org» петыцыяй са зваротам на рускай мове да рускамоўных жыхароў Літвы, заклікаючы іх запатрабаваць далучэння Клайпеды да Расіі.

Ці існуюць дакументы, што Клайпеда належыць Расіі? 

Што такіх дакументаў няма, пацвердзіў і сам В. Жырыноўскі, заявіўшы, што “мы атрымалі яе дзякуючы вайне”. І ні ў адным міжнародным судзе Расія не зможа прад’явіць ніякіх дакументаў, якія пацвярджаюць яе правы на Клайпеду і Клайпедскі край. Калі б такія юрыдычныя дакументы і аргументы існавалі, Расія ўжо даўно б пачала судзіцца.

Асуджэнне Пуціным пакта Молатава-Рыбентропа. 

Яшчэ ў 2005 годзе падчас прэс-канферэнцыі, адказваючы на пытанне латвійскага журналіста, прэзідэнт Расіі пацвердзіў, што ў 1989 годзе “ім начыста было запісана”, што З’езд народных дэпутатаў Расіі асуджае пакт Молатава-Рыбентропа і лічыць яго юрыдычна несапраўдным.

Нібыта гэты акт не адлюстроўваў меркаванні савецкага народа, а быў асабістай справай Гітлера і Сталіна. “Вы хочаце, каб мы паўтаралі гэта кожны год?” – рытарычна пытаўся тады У. Пуцін. І сказаў, што «гэтае пытанне закрытае. Усё. Мы больш не будзем вяртацца да гэтага пытання».

Рэвізія адносінаў Расіі да пакту Молатава-Рыбентропа. 

Пуцін не жадаў вяртацца да пакту, аднак вярнуўся. Адразу ж пасля таго, як увёў войска ў Крым і адарваў яго ад Украіны. А ўжо ў лютым гэтага года, калі пачалі забіваць украінскіх дзяцей, старых, усіх жыхароў, бамбаваць іх гарады і вёскі, расійская прапаганда, якая ўслаўляе свайго правадыра, стала лямантаваць аб тым, што яны імкнуцца вярнуць сабе ўсе свае старыя, “спрадвечныя” землі.

У апошняе дзесяцігоддзе пуцінская Расія захапіла частку Грузіі, Украіны. Украіну рабуюць, яе людзей забіваюць з жахлівым энтузіязмам. Скаляць зубы і на краіны Балтыі, і на ўвесь постсацыялістычны свет. Не ў сілах выхаваць агульначалавечыя каштоўнасці, яны мабілізуюць жывёльны інстынкты свайго народа і кажуць: ідзіце, бярыце сілай і рабуйце ўвесь свет. Ён – ваша законная здабыча.

Аб тым, што свет не бачыць у сённяшняй расійскай агрэсіі ні сэнсу, ні законных падстаў, сведчыць той факт, што ў кастрычніку 2022 года Генеральная Асамблея ААН галасамі 143 краін асудзіла анексію Расіяй акупаваных тэрыторый Украіны. А Расію падтрымалі толькі яна сама і чатыры дзяржавы, якія не маюць нічога агульнага з дэмакратыяй – Сірыя, Нікарагуа, Паўночная Карэя і Беларусь.

Юрыдычныя падставы прыналежнасці Клайпеды Літве. 

Літоўскія гісторыкі падкрэсліваюць, што юрыдычнай падставай прыналежнасці Клайпедскага краю з’яўляюцца прынятыя ў 1923-1924 гадах рашэнні Канферэнцыі Амбасадараў, якімі Клайпедскі край у 1924 годзе быў перададзены Літве. Іншых міжнародна-прававых актаў, якія гавораць аб чыіх-небудзь правах на Клайпеду, няма.

migration.lt


Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.

27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.

Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.

фота: seanews.ru

Пуцін абвясціў у Расіі частковую мабілізацыю і прыгразіў атамнай зброяй

Пад прызыў трапляюць усе запаснікі. Шойгу ўдакладніў, што ў войска забяруць 300 тысяч чалавек.

Афіцыйны зварот прэзідэнта Расійскай Федэрацыі да сваіх грамадзян адбыўся ў 9.00 па беларускім часе. У ім Уладзімір Пуцін прачытаў кароткую лекцыю, у якой расказаў пра сваю версію міжнароднага ваенна-палітычнага становішча. Паводле яго перакананняў, агрэсарам на тэрыторыі Украіны ў бягучай вайне выступае ўкраінская ўлада.

Пуцін абвясціў, што падтрымлівае правядзенне рэферэндумаў на акупаваных тэрыторыях, у Херсонскай, Запарожскай, Данецкай і Луганскай абласцях Украіны аб далучэнні да Расійскай Федэрацыі. Таксама ён выказаў пагрозу прымяніць “усе сродкі паражэння, у тым ліку і ядзерныя” падчас далейшай эскалацыі канфлікта.

Частковая мабілізацыя адзначае, што прызыву на ваенную службу будуць падлягаць тыя грамадзяне РФ, якія знаходзяцца ў запасе.

– Толькі тыя грамадзяне, якія знаходзяцца ў запасе і, перш за ўсё, тыя, хто праходзіў службу ў шэрагах узброеных сіл, мае пэўныя ваенна-ўліковыя спецыяльнасці і адпаведны вопыт. – сказаў Уладзімір Пуцін – Прызваныя на ваенную службу перад адпраўкай у часці абавязкова будуць праходзіць дадатковую ваенную падрыхтоўку.

Мабілізацыя стартуе ўжо 21 верасня. Усе прызваныя ў войска будуць прыроўнівацца да кантрактнікаў, а за спробы ўхіліцца ад прызыву грамадзянам РФ пагражае крымінальны пераслед з магчымым тэрмінам пакарання да 10 гадоў. 

Пасля выступу Пуціна было апублікавана інтэрв’ю міністра абароны Расіі Сяргея Шойгу. Ён заявіў, што прызыву ў войска падлягаюць 300 000 чалавек. Пры гэтым колькасць страт расійскай арміі на вайне з Украінай была ацэненая ім у 5 937 чалавек.

У Еўропе з аўкцыёну прадалі канфіскаваную праз вайну ва Ўкраіне яхту расійскага мільярдэра

Яхту мільярдэра Дзмітрыя Пумпянскага прадалі на першым публічным аўкцыёне канфіскаванага актыву з пачатку вайны ва Украіне.

Аўкцыён праходзіў у Гібралтары, які належыць Вялікай Брытаніі. Уварванне Расіі ва Украіну прымусіла ўлады краіны замарозіць раскошныя судны ў партах па ўсім свеце.

Пяціпалубная 72-метровая яхта Axioma – плывучы палац з пейзажным басейнам і 3D-кінатэатрам, была канфіскаваная ў сакавіку на брытанскай тэрыторыі ў Міжземным моры.

Яе выставілі на продаж пасля таго, як адна з кампаніяў запатрабавала вярнуць пазыку ў 20,5 мільёна еўра, прывязаную да судна.

Кошт і імя пераможцы аўкцыёну застаюцца канфідэнцыйныя, іх апублікуюць праз 2 тыдні.

Як вынікае з публікацыі выдання Bloomberg, продаж яхты выклікаў жывы інтарэс у патэнцыйных яе пакупнікоў. Ён прыцягнуў 63 стаўкі.

Санкцыі супраць Пумпянскага Еўрасаюз увёў 10 сакавіка, а праз пяць дзён – Вялікая Брытанія. Падставай для гэтага стала тое, што яго Трубная Металургічная Кампанія супрацоўнічае з расійскімі ўладамі і дзяржаўнымі прадпрыемствамі. 24 лютага, у дзень поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Ўкраіну Дзмітрый Пумпянскі разам з іншымі бізнесменамі сустракаўся з Пуціным.

Пумпянскі, маёмасць якога ацэнваецца ў 2,1 мільярда долараў, як і іншыя алігархі, спрабаваў рэструктурызаваць свае ключавыя актывы. Ён пазбавіўся сваёй долі ў кампаніі, якая з’яўляецца найбуйнейшым вытворцам стальных труб у Расеі, і выйшаў з рады дырэктараў.

фота: bwbx.io

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган адмяніў запланаваную прэс-канферэнцыю з Пуціным. Адмовіўся ад вячэры з ім

Прычыны дэмаршу Эрдагана, які апрабоўвае сябе ў ролі міратворцы, застаюцца пакуль не агучанымі. Напачатку сустрэча двух палітыкаў выглядала бясхмарнай.

Адмена прэсавай канферэнцыі стала нечаканасцю. Акрамя таго, Эрдаган скараціў фотасесію з Пуціным да мінімуму. Некалькі сумесных фатаграфій зрабіў толькі адзін фатограф.

Турэцкі лідар амаль адразу пасля чатырохгадзінных перамоваў вылецеў на радзіму, адмовіўшыся ад сумеснай з Пуціным вячэры, паведамляе  інфармацыйнае агенцтва «УНІАН», спасылаючыся на паведамленні расійскіх мэдыяў.

Эрдаган сустракаўся з Пуціным у Сочы. Напярэдадні ён прапанаваў прэзідэнту Расіі сустрэцца з прэзідэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім у Турцыі, каб там дасягнуць дамоўленасцяў аб аднаўленні перамоваў аб спыненні вайны ва Ўкраіне.

Таксама Эрдаган пацвердзіў, што Турцыя будзе часткова аплачваць пастаўкі расійскага газу расійскімі рублямі.

фота з рэсурсу: vedomosti.ru

«Знішчыў справу яго жыцця», журналіст Аляксей Венедыктаў пра рэакцыю Гарбачова на вайну ва Украіне

Апошні лідар Савецкага Саюзу Міхаіл Гарбачоў лічыць, што Уладзімір Пуцін знішчыў усю яго спадчыну, развязаўшы вайну супраць Украіны. Ён расчараваны і цалкам усведамляе, што адбываецца.

Аб рэакцыі Гарбачова на вайну ва Украіне распавёў яго блізкі сябар, журналіст Аляксей Венедыктаў у інтэрв’ю Forbes Russia, перадае інфармацыйнае агенцтва «УНІАН».

«Я магу вам сказаць, што ён расчараваны, вядома, ён разумее (што адбываецца – УНІАН). Гэта была справа яго жыцця. Свабоды – гэта справа Гарбачова», – заявіў журналіст.

Агрэсіўная і дыктатарская палітыка Пуціна цалкам знішчыла «спадчыну Гарбачова». Венедыктаў заўважыў, што рэакцыя савецкага лідара цалкам прагназаваная.

Як адзначыў журналіст, калі Гарбачоў узначальваў СССР у 1985-1991 гадах, у Еўропе налічвалася чатыры тысячы вайскоўцаў з падраздзяленняў Сіл хуткага рэагавання НАТА.

«Цяпер НАТА абʼявіла, што да канца наступнага года тут будзе 300 тысяч чалавек», – сказаў ён.

Венедыктаў дадаў, што расце ўзровень пагрозы паміж Усходам і Захадам.

Аляксей Венедыктаў – галоўны рэдактар радыёстанцыі “Рэха Масквы” , якое было зачыненае пасля пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны.

24 лютага 2022 году, калі была атакаваная Ўкраіна ў эфіры Венедыктаў сказаў, што напад Расіі на Украіну грандыёзная палітычная памылка, “прычым яна заключаецца ў наступствах для маёй краіны (Расіі)”.

фота: unian.net