У Магілёве лютая пробка на “фацінскім” мосце – фота

У выніку авары амаль цалкамі заблакаванымі аказаліся абедзве паласы, што вядуць з боку вуліцы Каралёва ў бок вуліцы Дзімітрава. Пробка заблакавала праезд для соцень аўтамашын, іх сярэдняя хуткасць складае 10-20 км/г.

Аварыя адбылася з удзелам аўтамашын “Audi” і “Opel”, прычым першую ад сутыкнення цалкам развярнула ў паласе.

Фота: тэлеграм каналы і магілёўскія паблікі 

У Бабруйску ўзяліся адрамантаваць мост. Сродкі інвеставаў Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, які сышоў з Беларусі

Рамонт маста праз Бярэзіну пачалі яшчэ ў канцы мінулага году. Працы трывалі да першых дзён сакавіка, а потым спыніліся на пяць месяцаў.

Тым часам, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, які ў 2020 годзе выдзеліў 259 мільёнаў еўра на рамонт 12 мастоў, сярод якіх быў і бабруйскі, як пачалася вайна ва Ўкраіне згарнуў дзейнасць у Беларусі. Разам з ім сышлі і падрадчыкі, што ўзяліся рэканструяваць аб’ект.

Увесь комплекс прац вымагае амаль 90 мільёнаў рублёў. Акрамя фактычнай замены старой пераправы, узведзенай у 1957 годзе, абяцалася злучыць два бярэзінскія берагі новым мостам, піша выданне «Бобркуйский курьер».

З неабходнай на рамонт сумы з рэспубліканскага бюджэту выдзяляць 21 мільён рублёў.

Рэканструкцыю абяцаюць завяршыць у 2024 годзе.

фота: babruysk.by

“Калі-небудзь зробім” – жыхары вёскі ў Горацкім раёне пакутуюць з-за аварыйнага маста

Мост праз невялічкую ручаіну злучае дзве паловы вёскі Ульяшына на беразе Проні. Гэты мост яшчэ ў васьмідзясятых гадах мінулага стагоддзя зрабілі самі жыхары вёскі – абсталявалі насыпы на абодвух берагах ручаіны і паклалі на іх дзве бетонныя пліты. Да таго, як маста не было, праз рачулку прыходзілася хадзіць проста ўброд, альбо абыходзіць усю вёску іншай дарогай. Калі мост з’явіўся, яго шырыні і трываласці спачатку хапала для праезду на гужавым транспарце, і нават легкавой машыне. 

Пазней – зноў жа сіламі саміх вяскоўцаў – мост быў пашыраны і ўмацаваны бярвеннем, і па ім змаглі праяжджаць грузавыя машыны і трактары. Гэта яго і згубіла – пад цяжарам гусенічнага трактара ён аднойчы не вытрымаў і часткова зламаўся. Адзіная бетонная пліта, што вытрымала тое падзенне экскаватара, так і застаецца апошняй рэшткай ад калісьці шырокага і зручнага маста. У зімняе надвор’е карыстацца такой пераправай бывае небяспечна для вяскоўцаў – па склізкай нахінутай паверхні можна лёгка зваліцца ў ручаіну.

Вяскоўцы зноўку спрабавалі сваімі сіламі адрамантаваць пераправу, падганялі кран, разлічваючы зноўку навесці бетонныя пліты. Аднак берагі ручаіны за апошнія гады забалоціліся, і тэхніка проста не змагла пад’ехаць. 

– Усё ж такі нам бы не хацелася займацца самадзейнасцю. – падзялілася з выданнем horki.info сваімі перажываннямі жыхарка вёскі Алена – Трэба, каб за гэта ўзяліся спецыялісты. Мост павінен быць такі, каб не толькі было бяспечна хадзіць, але і ездзіць. Вось нядаўна рэчка разлілася – і хоць ты на лодцы пераплывай на суседнюю вуліцу. Там прыпынак аўтобуса, дзеці выходзяць туды, каб ехаць у школу. Бабулькі нашы тут увесь час ходзяць, дачнікі. Так што мост трэба зрабіць абавязкова.

Зварот у сельсавет асаблівай надзеі вяскоўцам не дадаў. Прадстаўніца адміністрацыі прыяжджала для ацэнкі масштаба работ і вынесла несуцяшальную рэзалюцыю – “Магчыма, калі-небудзь зробім”.

Раман Ганін

фота: horki.info