Афіцыйны Дзень незалежнасці вачыма шараговых магілёўцаў (фота)

Чытачы працягваюць дасылаць у Магілёў.media фотаздымкі з магілёўскіх імпрэзаў, прымеркаваных да афіцыйнага Дня незалежнасці. Як сцвярджаюць аўтары ў іхных творах перададзеная атмасфера сёлетняга адзначэння галоўнага свята краіны.

Магілёў.media выбраў некаторыя з фотаздымкаў і публікуе іх без каментароў. Мяркуйма, што самі чытачы разбяруцца з тым, ці маюць рацыю аўтары.

Яшчэ чытачы, спадзяемся вызначацца, як змянілася абстаноўка ў горадзе за апошнія пару-тройку гадоў. Што памянялася ў святочным антуражы і атрыбутыцы. Каго на вуліцах паболела, а каго паменела. І наагул, ці адчуваўся ў гэтыя некалькі дзён святочны настрой у гараджан, альбо іхны ўдзел у імпрэзах быў звычайнай руцінай і  традыцыйным рытуалам.

 

«Фотаальбом Магілёў.media». Зацвіла ліпа – сімвал беларускага эратызму і сужэнскай вернасці

Ліпа – адно з найулюблёных дрэваў беларуса. Звестак пра колькасць высаджаных у Магілёве ліпавых дрэў адшукаць не ўдалося, але з упэўненасцю можна казаць, што іх нямала. Яны растуць пры гарадскіх магістралях, у дварах жылой забудовы, у асяродках адпачынку. У канцы чэрвеня і пачатку ліпеня іхны водар насычае паветра. З сімвалам беларускага эратызму мы не расстаемся ніколі.

Чытачы не забылі пра Фотаальбом Магілёў.media і даслалі ў яго серыю фотаздымкаў з квітучай ліпай.


У фотаальбоме Магілёў.media – сабраныя фотаздымкі, дасыланыя чытачамі. Так павялося, што іх аўтары суправаджаюць свае работы невялікімі допісамі. У асноўным тлумачаць, чаму вырашылі сфатаграфаваць той, ці іншы ўпадабаны вобраз. Як і раней, чакайма фотаздымкай і допісаў да іх у паштовай скрынцы [email protected].


У сваіх каментарах аўтары пішуць, што цвіценне ліпы з’ява незабыўная. Згадваюць ліпавы водар, гарбату, запараную на ліпавым цвеце, мёд і раі пчол.

«У дварах, дзе высаджана шмат ліпы стаіць такі п’янкі водар, што ўдыхала б ды ўдыхала. Ліпа – гэта наша маладосць з вячоркамі, скокамі, прыставаннем хлопцаў і начнымі прагулкамі з імі», – так напісала пра ліпавае дрэва і жыццё адна з чытачак.

А што мы ведаем пра Ліпу?

Ліпа расце ў лясных зонах Еўропы, Каўказу, у Заходняй Сібіры.

Яна жыве 300-400 гадоў. Расце марудна. Мінуюць гады, пакуль выцягнецца да двух метраў. За свой жыццёвы век вырастае да 30 метраў. Дыяметр камля сягае 1 метра.

Ліпа ўстойлівая да забруджанага паветра. Апалае лісце паляпшае глебу і павялічвае яе ўрадлівасць.

Ліпавая драўніна каштоўная ў сталярстве. З яе вырабляюць кухоннае начынне. На кірмашах рамеснікі прапануюць набыць з ліпы шмат чаго карыснага для дому.

Для медыцыны бяруць пераважна цвет ліпы. У ім утрымліваецца эфірны алей, дубільныя рэчывы, воск, цукар, аскарбінавая кіслата.

У народным знахарстве прыдаецца ўсё ліпавае: цвет, лісце, каткі, плады і нават кара. Настой з цвету – патагонны сродак. Ім палошчуць паражніны рота пры захворваннях горла, кашлю. Ліпавую гарбату спажываюць, як баліць галава, даймае рэўматызм, ці іншая немач, апанаваўшая суставы.

Ліпа карысная для здароўя жанчын. У даведніках адзначаецца, што дапамагае аднаўляць гарманальнай дысбаланс і шмат чаго іншага, пра што мужчынам ведаць не асабліва важна.

Ліпа – сімвал кахання, урадлівасці, дабрабыту, вернасці, дружбы, міру, справядлівасці, альтруізму, удачы.

Яшчэ яна – сімвал сужэнскай любові, гасціннасці і сціпласці.

У беларусаў шмат звязанага з ліпай. Многія выразы маюць эратычны падтэкст. Напрыклад, «я хаваўся ў ліпы«. Хто так кажа, намякае, што чакаў, ці чакае сваё каханне, ці адведваў мясціну, звязаную з незабыўным пачуццём.

 

У Магілёве асвяжылі графіці на доме, з якога сыплецца тынкоўка

Гэты дом у цэнтры гораду. Ён вядомы гадзіннікам на паддашку. Колісь тут месціўся магазін «Тэатральны». Многія гараджане дагэтуль лакалізуюць будынак па даўно не існуючай назве. Цяпер у тутэйшай краме прадаюць канфіскат. Графіці размяшчаецца ў адной з арак гэтага дому.

Невялікі мурал стварыла група маладых людзей. Вядома ж, без дазволу мясцовай улады зрабіць тое ў маладзёнаў не выйшла б. Несанкцыянаванае ўвасабленне крэатыўных ідэяў сканчаецца ў сучаснай Беларусі кепска.

Твор маладых людзей у абшарпанай, але падфарбаванай арцы з разбітым асфальтам выглядае чужародным. Некаторыя мінакі, аднак, лічаць іначай. На іх думку – “графіці гарманічна ўпісваецца ў антураж закрытай прасторы”.

Пра сам дом Магілёў.media пісаў двойчы. Пра тое, што з яго абвальваецца тынкоўка паведамілі чытачы. Пазней стала вядома, што камунальнікі ўзяліся будынак прыхарошваць. Цяпер на месцы абваленага тынку пляміны вапнянай замазкі. А Магілёў.media працягвае сачыць за лёсам знакавага для гораду будынка.

 

У Магілёве прайшло святочнае шэсце – са сланом, вадавозамі і розным трэшам

Традыцыйнае шэсце на дзень горада пачалося з плошчы Леніна і прайшло па Першамайскай да плошчы Славы.

Сярод удзельнікаў быў слон з цырка “Dziva”, калоны магілёўскіх прадпрыемстваў і устаноў.

Фота: magilev.by

 

 

 

У Магілёве праходзіць мясны фэст

Вялікае свята мяса праводзіць у Падміколлі Магілёўскі мясакамбінат. Яно будзе працягвацца ўвесь дзень, да 23.00.

У праграме – конкурс па паданню “Сасіска ў Фэсце”, забаўляльная мяскацека, фудзона, гіганцкая каўбаса, квэсты і абмен рэцэптамі.

 

 

Магілёў запаланілі вайскоўцы. У цэнтры «акапаліся» савецкія салдаты і гітлераўцы

Горад святкуе афіцыйны Дзень незалежнасці. Урачыстасці трываюць не першы дзень. Кожны куток гарадскога цэнтру адведзены пад імпрэзы.

Сёння, 2 чэрвеня, гараджане пабачылі ў цэнтры апранутых у вайсковае землякоў. Яны прадстаўлялі два варожыя бакі: савецкіх салдат і салдат вермахту. 

Пакуль «на фронце было зацішша» удзельнікі тэатральнай пастаноўкі пакурвалі і пазіравалі фатографам. На сцэне ж дэманстравалі зухаватасць і прагу да перамогі.

«Ваенны» Магілёў гатовы адзначыць Дзень незалежнасці Беларусі.

 

Жыхары Магілёва падзякавалі Магілёў.media. Ім прыбралі сквер

Як сцвярджаюць магілёўцы, дзякуючы публікацыі ў Магілёў.media камунальнікі прыбралі смецце ў скверы на вуліцы Мянжынскага.

30 чэрвеня Магілёў.media атрымаў калектыўны зварот ад жыхароў прылеглых да скверу вуліц з просьбай паўплываць на камунальнікаў. Магілёўцы спадзяваліся, што даведаўшыся з «апазіцыйнай прэсы» пра сітуацыю ў скверы чыноўнікі адрэагуюць.

«Ля кожнай лаўкі поўная сметніца. Птушкі расцягваюць смецце, а вецер разносіць яго па скверы. Мы і не ведаем, ці ёсць у нас смецяры», – абураліся аўтары ліста.

2 чэрвеня ў Магілёў.media прыйшоў ліст з падзякай.

«Толькі што прыбралі сквер, дзякуем вам», – гаварыцца ў ім.

Магілёў.media у сваю чаргу дзякуе магілёўцам, якія чытаюць яго публікацыі, пішуць яму, дзеляцца сваімі радасцямі і спадзяюцца на дапамогу журналістаў. Паверце, у наш няпросты час – гэта сапраўды прыемна.

Паштовая скрынка інфармацыйнага рэсурсу не змянілася – [email protected]. Чакайма вашых лістоў.

 

У Магілёве правялі парад дзіцячых вазкоў. Ацаніце крэатыўныя праекты

Парад «Мая калыска – проста казка» арганізавалі на падворку мясцовай школы №6. 

У традыцыйнай імпрэзе ўдзельнічалі больш за тры дзясяткі дзіцячых вазкоў.

Былі на парадзе і спаборніцтвы. Пераможцы вызначаліся ў забегу з вазкамі. 

А таксама ў намінацыях: «У гасцях у казкі», «Алімпійскія гульні», «Падводны свет», «Нацыянальны каларыт», «Рэтравазок», «Дзівамабіль», «Шчасця шмат не бывае».

 

На ўскрайку Магілёва свята. Узведзена дзіцячая пляцоўка

Дзіцячая пляцоўка з забавамі з’явілася ў пасёлку, які магілёўцы называюць Дачным. Ён на ўскрайку гораду, побач з Пячэрскім лесапаркам. 

Гульнявых дзіцячых пляцовак тут не было ніколі. Бацькі з дзецьмі хадзілі ў лес, альбо на школьны двор. Маглі завітаць на тэрыторыю дзіцячага садка, калі іх туды пускалі.

Мясцовыя жыхары кажуць, што звярталіся да прадстаўнікоў улады, каб тыя знайшлі месца для гульнявога кутка і ўпарадкавалі яго. Два месяцы таму пачалося будаўніцтва.

Цяпер на мясціне, дзе пасвілі коз, стаяць коўзанкі, арэлі і іншыя забавы. Ёсць пляцоўкі для валейболу і баскетболу.

Не абышлося без пафаснага адкрыцця.

 

Паўплывайце на камунальнікаў. Чаму не прыбіраюць?

У Магілёў.media звярнуліся жыхары вуліцы імя Мянжынскага з просьбай прымусіць камунальнікаў прыбраць мясцовы сквер. Па іх словах мясціна, якую з цяжкасцю прывялі да ладу, цяпер пераўтвараецца ў сметнішча.

«Ля кожнай лаўкі поўная сметніца. Птушкі расцягваюць смецце, а вецер разносіць яго па скверы. Мы і не ведаем, ці ёсць у нас смецяры», – абураюцца жыхары.

Па словах аўтараў ліста кожны з іх тэлефанаваў у «Кантакт-цэнтр 115», але плёну ад гэтага няма. Супрацоўнікі выслухоўвалі, абяцалі даць рады і на гэтым гісторыя сканчалася. Некаторыя з жыхароў, пішуць чытачы, бяруць пакеты і самі збіраюць расцягнутыя і развеяныя адыходы.

Магілёўцы спадзяюцца, што даведаўшыся з «апазіцыйнай прэсы» пра іх клопат чыноўнікі адрэагуюць.