Ліпень – сярэдзіна лета і самы камфортны месяц года

Самы ясны месяц, малатуманны. У ліпені – самыя інтэнсіўныя ліўні. Месяц – меданос

Ліпень – сярэдзіна лета. Паўдзённае становішча сонца з кожным днём робіцца ніжэй, карацее дзень, але пакуль не так імкліва, як у жніўні, толькі на 1-2 хвіліны, а вось у канцы месяца ўжо на 3.

Цераз палі, лугі і рэкі

Нёс лета ліпень-чараўнік…

Пад ліпу сеў і да жалейкі

Губамі млявымі прынік

Дрыжаць пялёстачкі рамонкаў

На вейках змружаных вачэй.

Струменьчыкам мядовым тонкім

Павольна музыка цячэ.

Алег Мінкін

Цікавыя факты.

У 67% выпадкаў ліпень – самы цёплы месяц года. Але раз на 10 гадоў бывае самым халодным месяцам лета, гэта вынік цыркуляцыйных “выбрыкаў”.

У ліпені ў сярэднім 26 дзён з сярэднясутачнай тэмпературай паветра вышэй за 15°С.

Ноччу тэрмометр часцей паказвае +10 +14°С. Але быў выпадак ў 1992 годзе, калі ў Магілёве было толькі +3°С. І ўсё ж на Магілёўшчыне ў апошнія некалькі стагоддзяў да замаразкаў не дахадзіла, хаця яны здараліся на тарфяніках.

З магілёўскай хронікі вядома, што “4 ліпня 1695 года “выпаў вялікі снег і праляжаў у Магілёве некалькі дзён”.

Пераважныя дзённыя тэмпературы вышэйшыя за 20°С. Абсалютны максімум дасягаў 36,3°С у 1897 годзе.

Ліпень – самы ясны месяц. Ясных дзён больш паловы, але і пахмурных дастаткова – 44%.

У сярэднім ападкаў выпадае каля 86 мм у Магілёве, 88 – у Горках, 83 – у Слаўгарадзе. А вось па гадах розніца вельмі істотная. Мінімум ліпеньскіх ападкаў адзначаны ў Слаўгарадзе – 6 мм (1940 год), там жа рэгістраваўся і абсалютны максімум – 269 мм, 3 ¼ нормы (2000 год). У Магілёве мінімум – 18 мм (1908), максімум – 215 (1962).

Сумарная працягласць выпадзення ападкаў у ліпені складае 53 гадзіны, супраць 195 гадзін ў снежні. Гэта тлумачыцца большай іх інтэнсіўнасцю ў ліпені. У ліпені часцей, чым ў іншыя месяцы, бываюць ліўні, часцей здараюцца сутачныя максімумы. Напрыклад, у Магілёве за суткі выпадала 74 мм (1916), у Касцюковічах – 69 (1949 год).

Ападкі ў ліпені выпадаюць “не тады, калі просяць, а калі жнуць ды косяць”.

Нягледзячы на рознага роду анамаліі, як 11 ліпеня 1624 года, калі «выпал велми велики град… у хатах столи папрабивала», ліпень – найбольш камфортны час.

На небе ані хмаркі…

Такой часінай дня

Густая, быццам пара,

Стаіць гарачыня.

Замерлі дрэў макушкі,

Не зварухнецца ліст;

Пявучай самай птушкі

Замоўк апошні свіст.

Пятро Глебка

У ліпені ў сярэднім усяго 2 дні, калі “туманаў лёгкія паромы над рэчкай віснуць нерухома”. Але здараецца і 4. Бывае, што цалкам месяц без туманаў. Ліпеньскія туманы – самыя кароткія, як правіла, не даўжэй за 3 гадзіны.

У Магілёве ў сярэднім 8 дзён з навальніцай. У ліпені 1960 года ў Касцюковічах было 15 такіх дзён.

Ліпень – час галоўнага медазбору. Цвітуць грэчка, скрыпень, баркун, іншыя меданосы. Гледзячы на ільняное поле, здаецца, што само неба апусцілася на зямлю. Цвіце бульба.

У канцы ліпеня нярэдка пачынаецца жніво. У разгары сенакос. Паспяваюць маліны, чорныя парэчкі, буякі, садовыя культуры.

У ліпені ўжо бачны прыкметы адыходу лета. “Прыйшоў Пятрок – адпаў лісток”.

Месяц травень, месяц май

Крыху гісторыі і назіранняў пра апошні месяц вясны

Адкуль пайшла назва месяца.

Назва травень з’явілася яшчэ ў старажытнаславянскія часы, бо ў гэты час з’яўлялася зялёная трава. Вядомыя таксама назвы песеннік, грымотнік, траўнік. Пазней пад уплывам візантыйскай традыцыі месяц атрымаў назву «май» паводле імя старажытнарымскай багіні вясны Маі.

Назва травень існуе ў украінскай, існавала ў старапольскай мове а таксама ў харвацкай – праўда ў апошняй азначае красавік.

Праславянскае слова “травень” выяўленае ў творах старабеларускай мовы двойчы: у Полацкім Эвангеллі ХІІІ ст. і слоўніку (1627) Памвы Бярынды.

У сучаснай беларускай літаратурнай мове амаль ад пачатку назва месяцу існавала ў форме «май». «Наша Ніва» пачатку XX стагоддзя ўжывала форму травень толькі ў 1910–1912 гадах. Больш шырокае ўжыванне слова травень займела за часам беларусізацыі, пасля чаго прызналася састарэлым. У афіцыйным ужытку слова травень аднаўляецца ў 1990-я гады.

Цікавыя факты пра месяц май.

Май па кліматычных паказчыках – амаль летні месяц. Пераважаюць дзённыя тэмпературы +16 +20°, начныя да +10°С.

Даўжыня дня за май вырастае з 15 да 17 гадзін.

Вышыня паўдзённага сонца набліжаецца да кульмінацыі – дасягае 55-56°.

Сярэдняя тэмпература вагаецца ад 13,2°С у Бабруйску, да 12,9°С ў Магілёве і да 12,4°С у Горках.

Максімальна цёплы май быў у 1906 годзе з сярэдняй тэмпературай 17,3°С, самы халодны – у 1974 годзе з тэмпературай 7,1°С.

Маю ўласцівы вяртанні халадоў: “Мароз казаў: І ў маі тры дні маю”.

Вяртанне халадоў – няшчасце садаводаў. Іх звычайна бывае два – у сярэдзіне першай і другой дэкад. Яны зацягваюцца да 2-3 дзён. Рэзкі пад’ём тэмпературы правакуе разгортванне вегетацыйных працэсаў. І тут – хвалі холаду – “чаромхавыя халады”. Іх пасылае Арктыка.

Сапраўды: “У май каню сена дай, а сам на печ уцякай”. Але ж трапная прыкмета: “Май халодны – год хлебаробны”.

Абсалютны максімум тэмператур мая ў Горках +26° (1912 год), у Бабруйску +30,2° (1958), у Магілёве + 26,8°.

Ясных дзён амаль трэцяя частка, пахмурных – менш за палову.

Норма ападкаў для месяца – 55-60 мм. Майскі дождж ніколі не лішні: “Мокра ў маі – будуць пышныя караваі”.

Маю ўласцівы ліўні, якія даюць дзясяткі міліметраў ападкаў за 1-2 гадзіны.

У маі назіраюцца і снегапады. 19 мая 1962 года пад цяжарам снегу абломліваліся галіны дрэў.

Май – месяц травы.

Ужо ў першай дэкадзе зацвітаюць вішні, слівы, пазней – грушы і яблыні.

У маі цвітуць браткі, незабудкі, цвітуць хвойныя, суніцы, раскрываюцца пялёсткі брусніцы. Выходзіць у трубку азімыя жыта і пшаніца, а у канцы месяца – каласяцца, усходы яравых апранаюць палі ў зялёнае ўбранне.

З’яўляецца прыплод у ласак, куніц, тхароў, лісіц, патомства ў казуль, ласёў, другі прыплод у зайцаў, вавёрак, трэці – у палёвак. Амаль поўнасцю заканчваецца прылёт птушак. Лес напаўняецца рознагалосым спевам.

Завяршаецца веснавая палявая кампанія.

Фота з адкрытых крыніц

«Фотаальбом Магілёў.media». Зацвіла ліпа – сімвал беларускага эратызму і сужэнскай вернасці

Ліпа – адно з найулюблёных дрэваў беларуса. Звестак пра колькасць высаджаных у Магілёве ліпавых дрэў адшукаць не ўдалося, але з упэўненасцю можна казаць, што іх нямала. Яны растуць пры гарадскіх магістралях, у дварах жылой забудовы, у асяродках адпачынку. У канцы чэрвеня і пачатку ліпеня іхны водар насычае паветра. З сімвалам беларускага эратызму мы не расстаемся ніколі.

Чытачы не забылі пра Фотаальбом Магілёў.media і даслалі ў яго серыю фотаздымкаў з квітучай ліпай.


У фотаальбоме Магілёў.media – сабраныя фотаздымкі, дасыланыя чытачамі. Так павялося, што іх аўтары суправаджаюць свае работы невялікімі допісамі. У асноўным тлумачаць, чаму вырашылі сфатаграфаваць той, ці іншы ўпадабаны вобраз. Як і раней, чакайма фотаздымкай і допісаў да іх у паштовай скрынцы [email protected].


У сваіх каментарах аўтары пішуць, што цвіценне ліпы з’ява незабыўная. Згадваюць ліпавы водар, гарбату, запараную на ліпавым цвеце, мёд і раі пчол.

«У дварах, дзе высаджана шмат ліпы стаіць такі п’янкі водар, што ўдыхала б ды ўдыхала. Ліпа – гэта наша маладосць з вячоркамі, скокамі, прыставаннем хлопцаў і начнымі прагулкамі з імі», – так напісала пра ліпавае дрэва і жыццё адна з чытачак.

А што мы ведаем пра Ліпу?

Ліпа расце ў лясных зонах Еўропы, Каўказу, у Заходняй Сібіры.

Яна жыве 300-400 гадоў. Расце марудна. Мінуюць гады, пакуль выцягнецца да двух метраў. За свой жыццёвы век вырастае да 30 метраў. Дыяметр камля сягае 1 метра.

Ліпа ўстойлівая да забруджанага паветра. Апалае лісце паляпшае глебу і павялічвае яе ўрадлівасць.

Ліпавая драўніна каштоўная ў сталярстве. З яе вырабляюць кухоннае начынне. На кірмашах рамеснікі прапануюць набыць з ліпы шмат чаго карыснага для дому.

Для медыцыны бяруць пераважна цвет ліпы. У ім утрымліваецца эфірны алей, дубільныя рэчывы, воск, цукар, аскарбінавая кіслата.

У народным знахарстве прыдаецца ўсё ліпавае: цвет, лісце, каткі, плады і нават кара. Настой з цвету – патагонны сродак. Ім палошчуць паражніны рота пры захворваннях горла, кашлю. Ліпавую гарбату спажываюць, як баліць галава, даймае рэўматызм, ці іншая немач, апанаваўшая суставы.

Ліпа карысная для здароўя жанчын. У даведніках адзначаецца, што дапамагае аднаўляць гарманальнай дысбаланс і шмат чаго іншага, пра што мужчынам ведаць не асабліва важна.

Ліпа – сімвал кахання, урадлівасці, дабрабыту, вернасці, дружбы, міру, справядлівасці, альтруізму, удачы.

Яшчэ яна – сімвал сужэнскай любові, гасціннасці і сціпласці.

У беларусаў шмат звязанага з ліпай. Многія выразы маюць эратычны падтэкст. Напрыклад, «я хаваўся ў ліпы«. Хто так кажа, намякае, што чакаў, ці чакае сваё каханне, ці адведваў мясціну, звязаную з незабыўным пачуццём.

 

Фотаальбом Магілёў.media. У Магілёве зацвіла акацыя. Адкуль гэтая расліна, чым карысная і небяспечная

Серыю фотаздымкаў з магілёўскай акацыяй даслаў у Магілёў.media чытач. Ён напісаў, што водар акцыі яму заўжды нагадвае пра першае каханне. Яго яму давялося спаткаць у Адэсе, а гэтая расліна лічыцца сімвалам гораду.

«Я рыхтуюся да пенсіі, – адзначае мужчына. – У мяне дарослыя дзеці і ўжо падрастаюць унукі, але водар акацыі напамінае мне пра маладосць і каханні ў Адэсе, на беразе мора».

Традыцыйна Магілёў.media сабраў колькі фактаў пра згаданую аўтарам ліста расліну. Вось што выйшла.

Звыклая для беларуса акацыя называецца – ілжывая акацыя (Robinia-pseudoacacia). У народзе ж расліну мянуюць Белай акацыяй.

У Магілёве гэтай расліны не шмат, але мясціну, дзе яна расце прамінуць не магчыма. П’янкі яе водар пазнавальны здалёк.

Акацыяў нямала ля чыгуначнай станцыі «Магілёў-2», у мікрараёне «Юбілейны», перад будынкам адміністрацыі Ленінскага райвыканкаму. Тут яны растуць плантацыямі, хаваючы сабой адхон да Дзебры. Тутэйшае кустоўе аблюбаванае птушкамі, сярод іх шмат драздоў-піскуноў ды шпакоў.

Адкуль акацыя…

Радзіма дрэва – Паўночная Амерыка. У Еўропу расліна трапіла ў 1601 годзе. Насенне з новага свету прывёз і высадзіў прыдворны садоўнік караля Людовіка ХIII. Праз кароткі час акацыя распаўсюдзілася па Францыі і за яе межамі.

У Беларусі яна з’явілася напачатку 20 стагоддзя. Спачатку ёю засаджвалі паўднёвыя мясціны. Культывавалася на Гомельшчыне, на Палессі. Белая акцыя – неад’емны кампанент дрэвастою тутэйшых старажытных сядзібных паркаў.

У той час на поўначы краю з не даверам успрынялі эмігранта з Амерыкі і наважыліся высадзіць толькі некалькі экзэмпляраў.

У другой палове стагоддзя рабінію актыўна пачалі садзіць па ўсёй Беларусі. За часамі савецкай Беларусі белая акацыя была ўлучаная ў арыенціровачны асартымент асноўных відаў дрэваў і кустоўя для азелянення гарадоў.

Белая акцыя лічыцца ўстойлівай да прамысловых газаў і гарадскіх забруджванняў.

На пачатку 21 стагоддзя зафіксана 750 мясцін, дзе яна расце. Агульная плошча плантацыяў сягае 140 гектараў. Найбольш яе На Міншчыне, Гомельшчыне і Брэстчыне. Дужа ёю зарасла пойма Бярэзіны ў Бабруйску і яго ваколіцах.

Карысная акцыя…

Рабінія, лічыцца крыніцай карысных рэчываў і гэта расліна дадаецца ў мноства лекавых прэпаратаў. Лістоты і цвет утрымліваюць аскарбінавую кіслату, вітамін А, мінералы і іншае кампаненты.

Акцыя валодае супрацьзапаленчымі і гарачкапаніжальнымі ўласцівасцямі. Прэпараты на яе аснове ўжываюцца, каб пазбегчы харчовых алергіяй, васпаленчых працэсаў, боляў жывата. Лякуе жаночыя немачы, а таксама незаменная ў тэрапіі рэўматызму, радыкуліту, астэахандрозу.

Небяспечная акцыя

Навукоўцы засцерагаюць: дрэва з пахкім цветам, можа пагражаць мясцовай флоры, калі не будзе кантролю за яго распаўсюджваннем. Акацыя без цяжкасці адаптуецца да мясцовых рэаліяў і ўкараняецца ў прыродныя супольнасці родных Беларусі раслін.

Спецыялісты рэкамендуюць адмовіцца да вырошчвання белай акацыі. Для барацьбы з раслінай раяць не высяканне, а выкопванне, бо размнажаецца рабінія пабегамі. Не забароненыя выкарыстанне гербіцыдаў, але яны небяспечныя для вадаёмаў і вадастокаў.

У паўночных рэгіёнах белая акцыя не шкодзіць наваколлю, бо там яна не размнажаецца і не рассейваецца.

У публікацыі выкарыстаныя матэрыялы з рэсурсаў sadovodu.com, hbc.bas, chudovo.org, zviazda.by.