«Фотаальбом Магілёў.media». Зацвіла ліпа – сімвал беларускага эратызму і сужэнскай вернасці

Ліпа – адно з найулюблёных дрэваў беларуса. Звестак пра колькасць высаджаных у Магілёве ліпавых дрэў адшукаць не ўдалося, але з упэўненасцю можна казаць, што іх нямала. Яны растуць пры гарадскіх магістралях, у дварах жылой забудовы, у асяродках адпачынку. У канцы чэрвеня і пачатку ліпеня іхны водар насычае паветра. З сімвалам беларускага эратызму мы не расстаемся ніколі.

Чытачы не забылі пра Фотаальбом Магілёў.media і даслалі ў яго серыю фотаздымкаў з квітучай ліпай.


У фотаальбоме Магілёў.media – сабраныя фотаздымкі, дасыланыя чытачамі. Так павялося, што іх аўтары суправаджаюць свае работы невялікімі допісамі. У асноўным тлумачаць, чаму вырашылі сфатаграфаваць той, ці іншы ўпадабаны вобраз. Як і раней, чакайма фотаздымкай і допісаў да іх у паштовай скрынцы [email protected].


У сваіх каментарах аўтары пішуць, што цвіценне ліпы з’ява незабыўная. Згадваюць ліпавы водар, гарбату, запараную на ліпавым цвеце, мёд і раі пчол.

«У дварах, дзе высаджана шмат ліпы стаіць такі п’янкі водар, што ўдыхала б ды ўдыхала. Ліпа – гэта наша маладосць з вячоркамі, скокамі, прыставаннем хлопцаў і начнымі прагулкамі з імі», – так напісала пра ліпавае дрэва і жыццё адна з чытачак.

А што мы ведаем пра Ліпу?

Ліпа расце ў лясных зонах Еўропы, Каўказу, у Заходняй Сібіры.

Яна жыве 300-400 гадоў. Расце марудна. Мінуюць гады, пакуль выцягнецца да двух метраў. За свой жыццёвы век вырастае да 30 метраў. Дыяметр камля сягае 1 метра.

Ліпа ўстойлівая да забруджанага паветра. Апалае лісце паляпшае глебу і павялічвае яе ўрадлівасць.

Ліпавая драўніна каштоўная ў сталярстве. З яе вырабляюць кухоннае начынне. На кірмашах рамеснікі прапануюць набыць з ліпы шмат чаго карыснага для дому.

Для медыцыны бяруць пераважна цвет ліпы. У ім утрымліваецца эфірны алей, дубільныя рэчывы, воск, цукар, аскарбінавая кіслата.

У народным знахарстве прыдаецца ўсё ліпавае: цвет, лісце, каткі, плады і нават кара. Настой з цвету – патагонны сродак. Ім палошчуць паражніны рота пры захворваннях горла, кашлю. Ліпавую гарбату спажываюць, як баліць галава, даймае рэўматызм, ці іншая немач, апанаваўшая суставы.

Ліпа карысная для здароўя жанчын. У даведніках адзначаецца, што дапамагае аднаўляць гарманальнай дысбаланс і шмат чаго іншага, пра што мужчынам ведаць не асабліва важна.

Ліпа – сімвал кахання, урадлівасці, дабрабыту, вернасці, дружбы, міру, справядлівасці, альтруізму, удачы.

Яшчэ яна – сімвал сужэнскай любові, гасціннасці і сціпласці.

У беларусаў шмат звязанага з ліпай. Многія выразы маюць эратычны падтэкст. Напрыклад, «я хаваўся ў ліпы«. Хто так кажа, намякае, што чакаў, ці чакае сваё каханне, ці адведваў мясціну, звязаную з незабыўным пачуццём.