У Быхаве і Горках збіраліся краязнаўцы і гісторыкі.
28 снежня ў сценах Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі на кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін факультэта бізнэса і права прайшла VIII Міждународная краязнаўчая канфэрэнцыя «Бацькаўшчына».
Цікавым дакладам на ёй адзначыўся выкладчык Магілёўскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Уладзімір Зарэмскі, які выступіў з тэмай «Сафійская школа ў гісторыі магілеўскага масларобства і сыраробства».
Канферэнцыя выклікала пэўную цікавасць сярод вучоных, выкладчыкаў і студэнтаў не толькі Акадэміі, але і іншых навучальных устаноў нашай краіны – арганізатары атрымалі на разгляд каля 100 навуковых прац.
29 снежня 2022 года ў Быхаўскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі прайшла штогадовая навукова-практычная канферэнцыя “Быхаўскія краязнаўчыя чытанні – XII”.
На краязнаўчых чытаннях было прадстаўлена два з паловай дзясяткі дакладаў, якія ахопліваюць розныя гістарычныя перыяды мінулага Быхаўшчыны, даследаванні ў галіне археалогіі, краязнаўства і крыніцазнаўства, а таксама матэрыялы, прысвечаныя вядомым ўраджэнцам Быхаўскага раёна.
Напрыклад, дырэктар гісторыка-краязнаўчага музея Сяргей Жыжыян выступаў з двума паведамленнямі “Злачынствы халакоста на тэрыторыі Быхаўскага раёна” і “Фалерыстыка Быхаўскага аэрадрома”.
Настаўнік Магілёўскага абласнога ліцэя Павел Сініла асвяціў ва ўласным дакладзе гісторыю даследавання стаянкі каменнага века Бароўка 1Б, а краязнаўца Анатоль Даронін асвяціў тэму “ Гандаль на Быхаўшчыне ў ХІ-ХІV ст. па дадзеных археалагічных і краязнаўчых назіранняў”. Важная тэматыка была паднята і гісторыкам Яўгенам Балберавым, які выступіў з паведамленнем аб палітычных рэпрэсіях на Быхаўшчыне. Аднак большая частка дакладчыкаў прысутнічалі з матэрыяламі, прысвечанымі падзеям апошняй сусветнай вайны.
Па выніках абодвух канферэнцый плануюцца выданні зборнікаў артыкулаў, якія пабачаць свет ужо ў наступным годзе.
У старабеларускай мове месяц назваўся стычень (як і ў польскай – Styczeń) пры гэтым славянская назва выкарыстоўвалася побач з лацінскай формай генвар. У выданнях Ф. Скарыны даецца народная назва студзеня – стычень, таксама яна ўпамінаецца ў «Храналогіі» Андрэя Рымшы (1581).
Слова студень выкарыстоўвалася ў старабеларускіх тэкстах у значэнні «холад».
Назва, ужываная ў сучаснай беларускай літаратурнай мове, узнікла ў асяроддзі газеты «Наша ніва» і набыла больш-менш канчатковую форму ў 1912 годзе, калі ў календары «Нашай нівы» былі пададзены прапанаваныя назвы месяцаў з тлумачэннямі.
Паслядоўна ў «Нашай ніве» ўжываліся такія варыянты назвы: у 1907 – январ (стычань), у 1908 – стычань, у 1909 – январ, у 1910-1912 – студзень (январ); далей – студзень («бо дужа сцюдзёна»).
Іахім фон Зандрарт, Студзень, 1642.
“Студзень – году пачатак, зіме сярэдзіна”.
За гэты месяц паўдзённая вышыня сонца павышаецца на 8º (на 22 студзеня), амаль на 1,5 гадзіны павялічваеца дзень, але гэта недастаткова, каб паўплываць на тэмпературу паветра ў бок яе павышэння, – піша П. Лярскі ў кнізе “Прырода Магілёўскай вобласці” (2005).
У студзені сярэдняя шматгадовая тэмпература паветра ніжэйшая за снежаньскую толькі на 1ºС, у межах вобласці вагаецца ад -8,3º у Горках да -6,8ºС у Бабруйску. У Магілёве яна складае -7,6ºС.
Самая халодная трэцяя дэкада студзеня – на 1ºС ніжэй за пачатак месяца. Адзін раз на 4 гады сярэдняя тэмпература паветра ў студзені ніжэйшай за -10º, адзін раз на 20 гадоў -13ºС і ніжэй.
Студзень 1987 года стаў самым халодным за ўсю гісторыю метэаназіранняў з паказчыкам – 17,1ºС (у 1950 годзе -15ºС). А рэкорд цяпла пабіў студзень 1989 года, -0,6º (да гэтага быў рэкорд 1925 года -0,9ºС).
Глыбокія і доўгія адлігі пад уплывам марскога умеранага паветра, калі тэрмометр паказвае +3 +5ºС у студзені на тэрыторыі Магілёўшчыны не такія ўжо і рэдкія. 11 студзеня 2005 года у Магілёве фіксаваўся рэкорд +9,8º С.
У студзені нас турбуе і Арктыка. Арктычныя паветраныя масы часта прыносяць “калядныя маразы” – у канцв другой, пачатку трэцяй дэкады.
17 студзеня 1940 года быў пастаўлены рэкорд абсалютнай мінімальнай тэмпературы ў Магілёве -37,3º. Былі пастаўлены рэкорды і ў іншых месцах: Горкі -39,5ºС, Касцюковічы -38,1ºС, Бабруйск і Прапойск (з 1945 года – Слаўгарад) -37,4ºС, Клічаў -37,0ºС.
А вось на тэрыторыі Жорнаўскай лясной доследнай станцыі ў Асіповіцкім раёне слупок тэрмометра ўвогуле ўпаў да адзнакі -41ºС – самая нізкая з калі-небудзь адзначаных у Магілёўскай вобласці. Ад такіх марозаў поўнасцю загінулі граб і арэшнік.
У студзені менш за ўсё адліг. Дзён без адліг у Бабруйску – 21, Горках – 24.
За месяц у сярэднім выпадае ападкаў 40-45 мм. У 1915 годзе ў Магілёве выпала іх рэкордная колькасць – 103 мм, а ў 1947 годзе толькі толькі 3 мм. Амаль рэкордным па ападках стаў і 2004 год – 99,7 мм.
Сярэдняя вышыня снегавога порыва на канец месяца складае 25-30 см, а вось снежны 2004 год даў у студзені вышыню – 60 см.
Пры вялікіх марозах у Магілёве глеба прамярзае да 130 см пры адсутнасці значнага покрыва снега.
Доўгатэрміновы прагноз на студзень 2023 года (можа спраўдзіцца на 30%) такі:
Пасля адлігі на пачатку года, яшчэ магчыма адліга ў сярэдзіне месяца. У асноўным прагназуюцца тэмпературы паветра ўдзень ад -2 да -10ºС, уночы ад -5 да -13ºС, у самую халодную дэкаду студзеня начныя тэмпературы могуць скласці -10 -17ºС. Прагназуецца 2 дні ясных, 12 перменна ясных, 17 з воблачнасцю. 18 дзён будзе без ападкаў, 13 – з ападкамі, у тым ліку 4 – снег з дажджом.
Народныя прыкметы
Калі ў студзені дажджы – дабра не жджы.
Як студзень цёплы на лік, дык завідны сакавік.
Студзень пагодны – будзе год плодны.
Калі студзень добра марозіць, селянін лучынку паліць і дровы з лесу возіць.
Калі студзень імглісты – мокры год, калі халодны – позняя вясна і халоднае лета.
У паўночным паўшар’і – зімовае сонцастаянне (самы кароткі дзень года), у паўднёвым – летняе сонцастаянне (самы доўгі дзень). Наступае 21 снежня у 21:48 па Сусветнаму часу, і 22 снежня у 00:48 па Мінскаму. У Магілёве дзень усяго толькі 7 гадзін і 24 хвіліны.
Ганны (славянскі народны каляндар).
«Ганкі — сядайце на санкі».
Русіны Букавіны лічылі, што з гэтага дня пачынаецца Новы год, а беларусы — што здзяйсняецца паварот на лета.
Ва ўсходніх славян прынята ў гэты дзень маліцца святой Ганне пры бясплоднасці. Цяжарным загадвалася пасціцца, а таксама на працягу сутак забаранялася прымацца за якую-небудзь істотную працу, не сыходзіць з хаты.
Казалі, што з гэтага дня ваўкі пачынаюць хадзіць зграямі: «На Зачацце Святой Ганны ваўкі становяцца, а пасля Вадохрышча разбягаюцца». Ганны – прыбавіцца багата дня.
Калі снег прываліць ушчыльную да агароджы – дрэннае лета, а калі ёсць прамежкі–ураджайнае.
1216 год. Папа Ганорый III зацвердзіў ордэн вандроўных прапаведнікаў ― дамініканцаў.
Члены ордэна называлі сябе «божымі сабакамі», а на іх сцягу былі намаляваныя сабакі, якія раздзіраюць на часткі цела ерэтыкоў.
Прасоўванне ордэна на Усход пачалося з Кіева, пры князі Уладзіміры Рурыкавічы, калі адкрыўся касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі і пачала дзейнічаць у 1233 годзе дамініканская місія.
У Беларусі першы дамініканскі манастыр заснаваны ў Любчы ў 1250 годзе. У першай палове XVII стагоддзя тут заснавана 10 дамініканскіх манастыроў, у другой палове – 25, у XVIII стагоддзі – 6, у XIX – 1. У Навагрудку знаходзіўся манастыр сясцёр-дамініканак.
Дамініканскі манастыр быў заснаваны ў 1681 годзе ў Княжыцах пад Магілёвам, дамініканцы размясціліся і ў Мсціславе, Клімавічах.
Фота: Былы княжыцкі дамініканскі сабор Святога Антонія. Пераўтвораны ў 1865 годзе у царкву Аляксандра Неўскага. Зачынена ў 1965 годзе. Разбураецца.
1264 год. Заключаны мірны і гандлёвы дагавор полацкага князя Гердзеня з Рыгай і Лівонскім ордэнам.
Полацк адмовіўся ад экспансіі ў ніжнім Падзвінні і латгальскіх зямель, Ордэн гарантаваў непарушнасць Полацкіх зямель. Былі агавораны правы нямецкіх і полацкіх купцоў у Рызе і Полацку.
Апошні нясвіжскі і клецкі ардынат, ваенны, грамадскі і палітычны дзеяч Польшчы. Ахвяра рэпрэсій.
Служыў у Праабражэнскім лейб-гвардыі палку, у генштабе рускай арміі, у тым ліку пры Стаўцы ў Магілёве.
У польскай арміі служыў у выведвальным аддзеле Генеральнага штаба. У 1935 годзе стаў апошнім 17-ым нясвіжскім і 14-ым клецкім ардынатам, пасяліўся ў Нясвіжы, займаўся замкам, заснаваў агурочны завод.
За некалькі дзён да захопу Чырвонай Арміяй Нсявіжу, у верасні 1939 года вывез і схаваў значныя каштоўнасці нясвіжскага замка.
Быў арыштаваны і ўтрымліваўся ў турмах Мінска, Масквы. Быў абменяны на вязняў рэжыму Мусаліні і пераехаў у Італію, потым Вялікабрытанію, у Парыж.
Памёр 8 красавіка 1959 года ў Парыжы.
Яго ўнучка Дзіяна Марыя Роза Караба-Тэтаманці наведвала Нясвіжскі палац у 2014 і 2017 гадах і ўздымала пытанне аб перапахаванні Леана ў радавой спачывальні.
1895 год. У мястэчку Горы пад Горкамі нарадзіўся Даніла Пагуляеў.
Савецкі геолаг, географ, доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар.
Удзельнік Першай сусветнай вайны (прапаршчык), грамадзянскай, Вялкай Айчыннай войн. Усё сваё жыццё выкладаў у Смаленскім педінстытуце: загадчык кафедраў геологіі, фізічнай геаграфіі і геалогіі, дэкан прыродазнаўчага факультэта, прарэктар, кіраўнік Заходнім абласным навукова-даследчым інстытутам геалогіі.
Даследчык прыродных умоў, рэсурсаў, карысных выкапняў Смаленскай вобласці.
Узначальваў Смаленскую абласную арганізацыю таварыства «Веды».
Памёр 19 верасня 1974 года.
1917 год. Ва ўмовах падполля ў Мінску быў створаны Выканаўчы камітэт 1-га Усебеларускага з’езду.
Нягледзячы на падтрымку У. Леніна і І. Сталіна, з’езд, які пачаў сваю працу 18 снежня, быў гвалтоўна разагнаны бальшавікамі А. Мясніковым, В. Кнорыным, К. Ландэрам.
Частка дэлегатаў сышла ў падполле і абрала Выканаўчы камітэт Рады з’езду з 17 чалавек на чале з Язэпам Варонкам. Пазней гэтыя структуры адыгралі важную ролю ў абвяшчэнні БНР.
31 студзеня 1918 года паводле дэкрэта Леніна ў Народным камісарыяце па нацыянальных справах на чале са Сталіным, стварылі Беларускі нацыянальны камісарыят, які адыграў выключную ролю ў стварэнні беларускай савецкай дзяржаўнасцці.
Язэп Варонка
1918 год. У Мінску заснаваны Беларускі савецкі тэатр.
Ён узнік з удзельнікаў Таварыства драмы і камедыі, “Беларускай хаткі” і хору У. Тэраўскага. Прапрацаваў да сакавіка 1919 года. На яго базе і пад яго ўплывам узніклі першы тэатр рэвалюцыйнай сатыры (Тэрэвсат, Віцебск), БДТ-1 (тэатр імя Я. Купалы), БДТ – 2 (тэатр імя Я. Коласа).
Беларуская пісьменніца. Заслужаны работнік культуры.
Працавала ў Курскім абласным выдавецтве, часопісе «Работніца і сялянка», выдавецтвах «Мастацкая літаратура», «Юнацтва».
Аўтар аповесцей, 10 кніг апавяданняў, зборнікаў апавяданняў і аповесцей, аўтабіяграфічнай тэтралогіі, кніг нататкаў, эсэ, эцюдаў, шэрагу кніг для дзяцей.
Яе творы дакладныя ў апісанні побыту і раскрыцці характараў чалавека, у іх паэтычнае бачанне свету, стрыманая, даверлівая манера апавядання, жывая народная мова.
Перакладчыца на беларускую мову, у тым ліку рамана Д. Дэфо «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза».
Памёрла 8 жніўня 2021 года.
1932 год. Афіцыйна зарэгістравана Таварыства беларускай асветы, створанае ў Вільні.
Культурна-асветная арганізацыя Заходняй Беларусі. Арганізатары і кіраўнікі А. Луцкевіч, Р. Астроўскі, А. Неканда-Трэпка, Я. Шнаркевіч і іншыя. Выдавала газету «Родны край».
Пры арганізацыі ўтвараліся гурткі, адкрываліся бібліятэкі-чытальні, наладжваліся лекцыі, спектаклі вандроўных тэатраў, разгортвалася выдавецкая дзейнасць. ТБА дамагалася адкрыцця беларускіх школ, выступала супраць паланізацыі, асуджала палітычныя рэпрэсіі ў БССР.
Кіраўніцтва ТБА імкнулася не дапусціць моладзь да ўдзелу ў палітычнай барацьбе, за што жорстка крытыкавалася дзеячамі кампартыі і Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.
Забаронена польскімі ўладамі 20 жніўня 1937 года.
Фота: На «літаратурнай гарбатцы» ў гасцях у інжынера Антона Неканды-Трэпкі. Стаяць (злева направа): Пётра Сергіевіч, М. Мілючанка, Станіслаў Станкевіч, А. Неканда-Трэпка; сядзяць: Янка Шутовіч, Максім Танк, Наталля Арсеннева, Антон Луцкевіч, Рыгор Шырма, Г. Трэпчыха. Вільня, 1937 год.
Беларускі рымска-каталіцкі святар, грамадскі дзеяч.
Скончыў Магілёўскую духоўную каталіцкую семінарыю ў Пецярбургу (1915). Падчас вучобы наведваў культурна-асветны гурток беларускіх студэнтаў-клерыкаў.
Служыў вікарыем парафій Святой Тройцы ў Мінску і Смаленску. Удзельнік 1-га з’езда беларускага каталіцкага духавенства (Мінск, 24-25 мая 1917). Член Саюза ксяндзоў-беларусаў. Быў адміністратарам парафіі Забелы Дрыса-Себежскага дэканата Віцебскай губерні.
Арыштаваны ДПУ ў 1927 годзе, адбываў пакаранне ў Салавецкім лагеры. У 1932 годзе зноў арыштаваны і сасланы ў Казахстан. Пасля трэцяга арышту прыгавораны да расстрэлу.
Яшчэ студэнтам маскоўскага Вышэйшага мастацка-тэхнічнага інстытута стаў прызнаным мастаком. Яго творы набывалі Пушкінскі музей, Траццякоўская галерэя і іншыя ўстановы.
Пісаў партрэты, пейзажы, сцэны з гарадскога жыцця, жанравыя кампазіцыі. Аўтар партрэтаў М. Галадзеда, М. Гікалы, А. Александровіча, В. Таўлая, А. Грыневіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, скульптурнай кампазіцыі «Юны змагар».
Яго мастацтва высока цанілі яго сучаснікі.
У 1990 годзе ў Маскве адбылася першая пасмяротная выстаўка яго прац.
Н. Чаушэску (1918-1989) – генеральны сакратар ЦК Румынскай камуністычнай партыі (1965-1989), Прэзідэнт Сацыялістычнай Рэспублікі Румынія (1974-1989).
Рэжым сканаў літаральна праз тыдзень пасля пачатку антыўрадавых хваляванняў. Дыктатар, які пазбавіўся падтрымкі арміі, паліцыі, пад радасныя воклічы дэманстрантаў на верталёце пакінуў прэзідэнцкі палац у Бухарэсце, але потым быў арыштаваны вайскоўцамі.
Да ўлады часова прыйшоў апазіцыйны Фронт нацыянальнага выратавання.
25 снежня Чаўшэску і яго жонка Алена былі расстраляныя паводле пастановы Надзвычайнага ваеннага трыбунала.
Трыбунал абвінаваціў Чаўшэску ў злачынствах супраць дзяржавы, генацыдзе ўласнага народа, адкрыцці таемных рахункаў у замежных банках і падрыве нацыянальнай эканомікі.
Медык, грамадскі актывіст, кіраўнік Беларускага студэнцкага саюза (1935-1937), старшыня Беларускага камітэта ў Варшаве.
19 чэрвеня 1941 года выбраны старшынёй Беларускага нацыянальнага цэнтра, які разглядаўся як урад будучай Беларусі пад пратэктаратам Германіі. Аднак праз тры тыдні, пасля наведвання Беларусі, адмовіўся ад палітычнай дзейнасці. Вярнуўся ў Варшаву, дзе узначальваў Беларускі камітэт.
У Германіі узначальваў Беларускае праваслаўнае аб’яднанне, быў другім віцэ-прэзідэнт адноўленай Беларускай цэнтральнай рады (1948-1952).
У ЗША узначальваў Злучаны беларуска-амерыканскі дапамаговы камітэт, стаў стваральнікам і старшынёй Беларускага кангрэсавага камітэта Амерыкі, сустваральнік Камітэта незалежнай Беларусі, Беларуска-амерыканскага саюза.
Супрацоўнічаў з камісіяй па даследаваннях бальшавіцкіх рэпрэсій у дачыненні нерускіх народаў СССР (камісія кангрэсмена Чарльза Керстена): прадставіў шматлікія дакументы рэпрэсій беларусаў.
У ЗША меў уласную клініку, з’яўляўся віцэ-прэзідэнтам Амерыканскай асацыяцыі хірургаў. Займаўся дабрачыннасцю: адзін з асноўных фундатараў падчас пабудовы царквы ў Саўт-Рыверы.
Беларускі ксёндз.Перакладчык Бібліі і Катэхізіса на беларускую мову.
Скончыў беларускую настаўніцкую школу ў Барунах, гімназію пры друйскім кляштары марыянаў, Віленскую духоўную семінарыю. Член ордэна марыянаў.
Ксяндзом служыў у Крэве, Вільні, Вішневе Валожынскага раёна. У 1968 годзе Папам Рымскім прызначаны дарадчыкам пры Кангрэгацыі абрадаў.
Дабіўся папскага блаславення на правядзенне богаслужэнняў па-беларуску. Доўгія гады ён быў адзіным святаром на Беларусі, хто вёў службу на роднай мове.
Пахаваны ў Вішневе. На стагоддзе з дня народзінаў (2016) у Вішневе адкрыўся музей святара.
2018 год. Цунамі ў Зондскім праліве стала адным з самых разбуральных у гісторыі Інданезіі.
Цунамі абрынулася на абодва бакі Зондскага праліва, як мяркуюць, яно было выклікана вывяржэннем вулкана Анак Кракатау. Загінула, па меншай меры 429 чалавек, больш за 1400 былі паранены.
На думку навукоўцаў, абвалілася падводная частка вулканічнага конусу, гэта і выклікала магутную хвалю.
Сярод ахвяр апынуліся ўдзельнікі папулярнай у Інданезіі мясцовай групы Seventeen. Хвалі накрылі музыкаў і іх гледачоў проста падчас выступу ў курортным горадзе Танджунг-Лесунг.
Атрыманне геральдычнага сімвала Горкамі адбылося 27 жніўня 1867 года. Гэтаму папярэднічала ператварэнне паселішча ў павятовы цэнтр, што юрыдычна было замацавана 28 снежня 1861 года.
Дагэтуль Горкі былі толькі казённым мястэчкам, а павятовы цэнтр знаходзіўся ў Копысі, з якога ў Горкі і былі пераведзены павятовы суд з дваранскай аптэкай, павятовае казначэйства, паштовая кантора, гарадская бальніца, канцылярыя і іншыя ўстановы.
Важна адзначыць, што першы варыянт гарадскога сімвала быў распрацаваны яшчэ ў 1862 годзе, аднак ён не быў зацверджаны. Другі варыянт гарадскога сімвала атрымаўся ўдалым, пазнавальным і сэнсава звязаным з асаблівасцямі месца.
На эмблеме Горак выяўлены тры горкі, яікя адлюстроўваюць халмісты ланшафт горада і ваколіц. У сваю чаргу зялёныя калоссі, што вырастаюць з гор, абазначаюць паселішча як цэнтр развітога земляробства. Сапраўды ў гэты час Горкі ператварыліся ў цэнтр сельскагаспадарчай адукацыі, бо ў 1840 годзе была адкрыта земляробчая школа, якая ў 1848 г. была ператворана ў земляробчы інстытут. Аднак шчыт герба горада на той час падзяляўся на дзве часткі, дзе адну займаў сучасны сімвал Горак, а другую герб Магілёўскай губерні. Боль за тое, тагачасны герб з двух частак быў аздоблены вежай з трыма зубцамі.
Вось як гэта выглядала – на прыкладзе іншых гарадоў і мястэчак Магілёўшчыны
На працягу часу герб горада панёс некаторыя змяненні:знікла вежа з зубцамі і герб Магілёўскай губерні, аднак самая галоўная эмблема засталася і менавіта яна сімвалізуе цяперашнія Горкі.
Займаць месцы для стаянкі транспартных сродкаў людзей з інваліднасцю лічыцца парушэннем Правілаў дарожнага руху, ды і неэтычна па маральных прынцыпах – адзначалі парушальнікам інспектары ДАІ падчас мерапрыемства.
Такія рэйды ў горадзе праводзяцца раз у квартал – піша “Горацкі веснік”. Звычайна правяраюцца паркоўкі каля цэнтральнай раённай бальніцы, стаматалагічнай паліклінікі, крам «Санта» і іншыя. За стаянку на месцы для інвалідаў транспартам, які не мае на гэта права, прадугледжаны штраф да двух базавых велічынь. Падчас горацкага рэйда былі ўстаноўленыя два выпадкі неправамернай паркоўкі. Кіроўцам былі выдадзены папярэджанні, а за паўторнае падобнае парушэнне іх ужо будзе чакаць штраф.
Пра пажар у вёсцы Казлы паведамілі суседзі, а таксама пра тое, што ў хаце павінен быў знаходзіцца чалавек. Па прыездзе выратавальнай каманды дом гарэў адкрытым полымем – паведамляе прэс-служба МНС. Цела 47-гадовага мужчыны было знойдзенае на падлозе ў жылым памяшканні дома. Ён пражываў у хаце сваёй маці, якой не стала ў мінулым годзе.
Высветлілася, што інструкцыі на падобны выпадак проста не існуе.
Дзевяцігадовая Караліна дабіралася са школы дадому самастойна, але замест свайго рэйса села на прыгарадны маршрут да іншай вёскі. Памылку яна заўважыла, калі аўтобус ужо выехаў з горада і ў дзяўчынкі пачалася паніка. Далейшыя дзеянні пасажыраў і кіроўцы аўтобуса прадэманстравалі, што ўцямнага алгарытма паводзін пры падобных абставінах многія не ўсведамляюць. У выніку школьніца апынулася адна ў стрэсавым стане пасярод чыстага поля. Яе маці прыйшлося самастойна шукаць і забіраць дзяўчынку, супакойваць яе і загойваць душэўную траўму.
– Дакладнай інструкцыі, як павінен дзейнічаць у такой сітуацыі вадзіцель, няма. – патлумачыла“Горацкаму весніку” інжынер па пасажырскіх перавозках Аўтапарка № 17 Ганна Зінковіч – Але з улікам таго, што выпадкі, калі дзеці блытаюць маршруты, адбываюцца часта, усе работнікі аўтапарка ведаюць, што нават калі ў дзіцяці няма даведкі ці білета, яго не трэба высаджваць. Канкрэтна ў дадзеным выпадку гэта было зроблена па просьбе самога дзіцяці.
Шматлікія пасажыры рэйса Горкі-Добрая пацвярджаюць, што дзяўчынка настойвала на высадцы, спрабавалі прыняць удзел у сітуацыі.
– Дзяўчынка заплакала, калі ўбачыла, што аўтобус выязджае з горада, пачала тэлефанаваць маме. – расказвае адна з пасажырак гэтага рэйса Дар’я Пешчур – Гэта заўважылі пасажыры, сталі яе супакойваць. Яна падышла да кіроўцы, я дапамагла ёй адчыніць дзверы да яго. Кіроўца яе супакойваў і прасіў не хвалявацца, але дзяўчынка настойвала, каб яе высадзілі.
Выпадкі з дзецьмі, якія блытаюць свае маршруты і апынаюцца адны ў стрэсавай сітуацыі – частае здарэнне. У канкрэтна гэтым выпадку з Каралінай Сушковай праблема магла быць вырашаная, калі б прысутныя дарослыя зрабілі званок маці дзяўчынкі і ўзгаднілі з ёй далейшыя дзеянні. Школьніца магла праехаць да канца маршрута і вярнуцца назад – дарога да Добрай недалёкая, альбо яе магла забраць маці з бліжэйшага населенага пункта.
Выпадак у Горках падкрэсліў неабходнасць уважлівага кантролю з боку дарослых за сітуацыяй, у якой апынаюцца бездапаможныя дзеці.
Фота ўзята з адкрытых крыніц і носіць ілюстратыўны характар
Пачынаючы з ліпеня 2022 года 42-гадовая жанчына, касір адной з крам у мікрараёне Будаўнікоў у Горках, перастала здаваць выручку ад гандлю – паведамляе “Горацкі веснік”. Усе грошы яна пускала на стаўкі ў онлайн-покер у адным з віртуальных казіно. Калі кіраўніцтва крамы пачало высвятляць прычыну непаступлення сродкаў ад продажаў, высветлілася, што сума растрачаных грошай склала 16 тысяч. Супраць жанчыны ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле “Прысваенне”.
Турнір па пераадоленню перашкод прайшоў на базе Магілёўскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па конным спорце і сучасным пяціборстве за канцавым прыпынку тралейбуса №2 каля буйніцкага заасаду.
Прадстаўніцы Магілёўскай вобласці заваявалі шэраг узнагарод на рэспубліканскіх спаборніцтвах і спартакіядзе ДЮСШ Беларусі, якія адбыліся на ўскрайку Магілёва – паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”.
Магіляўчанка Антаніна Катулькіна на кані Зеўс перамагла ў маршруце з вышынёй перашкод да 130 см і заваявала срэбраныя медалі ў маршрутах з вышынёй перашкод да 120 см на Зеўсе і Сенатары. Другое і трэцяе месцы ў розных маршрутах заняла таксама Ганна Матэсевана Бае з Горак.
А вось вершніцы з Горацкай ДЮСШ сталі пераможцамі ў камандным.
Лесвіца, якая вядзе да паліклінікі з боку Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі не толькі не абсталяваная пандусам, прыступкі на ёй проста развальваюцца – пішаhorki.info.
– Добра, цяжарная тут зможа падняцца, хоць гэта даволі цяжка з жыватом. А з каляскай? – задае пытанне адна з чытачак рэсурса – Хадзіць тут вельмі складана, многія прыступкі ў дрэнным стане. Вядома, жадаецца, каб і пандус тут з’явіўся, але на гэта ці наўрад можна разлічваць хоць бы прыступкі паправілі.