Недахоп вадзіцеляў у Бабруйску зноў прывёў да адмены аўтобусных рэйсаў

У Бабруйску праблема недахопу вадзіцеляў аўтобусаў з вострай ператварылася ў хранічную. У чарговы раз з-за гэтага ў горадзе адмяняюць рэйсы грамадскага транспарту.

29 траўня 2025 года былі скасаваныя 17 рэйсаў аўтобусаў №14 і №25. Бабруйскі філіял Аўтобуснага парку №2 ААТ «Магілёўаблаўтатранс» паведаміў на сваім сайце, што «ў сувязі з вострым недахопам вадзіцельскага складу 29 траўня былі скасаваныя асобныя рэйсы маршрутных аўтобусаў».

Для бабруйчан такія адмены — не навіна. Раней паведамлялася пра падобныя выпадкі ў горадзе на Бярэзіне 6 ліпеня 2023 года, 27 чэрвеня 2023 года і 21 чэрвеня 2023 года.

Цікава, што, паводле звестак бабруйскага выдання «Коммерческий курьер» на 8 траўня 2025 года, пасада вадзіцеля ў аўтобусным парку нават не ўваходзіць у топ-10 самых запатрабаваных вакансій для вадзіцеляў.

Фота: «Коммерческий курьер»

Сумная навіна: лось, якога эвакуявалі з дому ў Бабруйску, загінуў

Мы ўжо паведамлялі, што ў Бабруйску раніцай 25 мая лось трапіў на тэрыторыю прыватнага дома і стаў прычынай сапраўднай надзвычайнай сітуацыі. Як стала вядома, жывёла загінула.

У нядзелю раніцай у адзін з прыватных дамоў па вуліцы Сялянскай заблукаў малады лось вагой каля 200 кілаграмаў. Жывёла трапіла на тэрыторыю падворка, пераскочыўшы цераз плот, разбіла вакно і апынулася ў доме.

На месца здарэння выехалі супрацоўнікі некалькіх гарадскіх службаў. Была аператыўна сфарміравана спецыяльная камісія, каб вызначыць далейшыя дзеянні.

Паводле пратаколаў, жывёла павінна была быць усыплена дзвюма ін’екцыямі. Аднак спецыялісты паспелі зрабіць толькі адзін укол. Лось моцна параніўся пры спробе ўцячы — а менавіта, калі пераскокваў цераз плот і разбіў шкляное вакно. Жывёла загінула ад страты крыві, паведамляе “Вечерний Бобруйск”.

Інцыдэнт адбіўся і на гаспадарах дома. Па іх словах, дачцэ, якая стала сведкай інцыдэнту, можа спатрэбіцца псіхалагічная падтрымка. Матэрыяльная шкода ацэньваецца ў суму каля 5 000 рублёў. Акрамя таго, уласнікі паведамілі, што маёмасць не была застрахаваная.

Фота: “Вечерний Бобруйск”.

У Бабруйску выкрылі махляроў і злавілі серыйную зладзейку

У Бабруйску супрацоўнікі міліцыі раскрылі адразу дзве крымінальныя справы: махлярства з бюджэтнымі сродкамі і серыйныя крадзяжы. У выніку — фігуранты затрыманы, заведзены крымінальныя справы.

Супрацоўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС Бабруйскага гарвыканкама выкрылі групу з трох чалавек, якія махлярскім шляхам завалодалі грашыма дзяржаўнай арганізацыі, паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”.

Устаноўлена, што падазраваныя пад выглядам закупкі матэрыяльна-тэхнічных каштоўнасцяў аформілі накладную на неіснуючы тавар. Атрыманыя сродкі яны перавялі ў гатоўку і патрацілі на ўласныя патрэбы.

Мяркуючы па гэтых апісаннях, махляры былі чыноўнікамі, або скарысталіся халатнасцю чыноўнікаў.

У тым жа Бабруйску затрымалі 26-гадовую мясцовую жыхарку, якую падазраюць у серыі крадзяжоў, паведамляецца на сайце УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Высветлілася, што дзяўчына дзейнічала некалькімі спосабамі: у некаторых выпадках яна забірала наяўнасць з незачыненых кабінетаў, дастаючы яе з жаночых сумак. Акрамя таго, яна неаднаразова падбірала ключы да шафак у распранальні спартыўнага комплексу, пасля чаго забірала чужыя рэчы. Агульная сума скрадзенага склала больш за 1000 рублёў.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

З Бабруйска можна будзе дабрацца да Сочы без перасадак на аўтобусе

З 26 чэрвеня з Мінска ў Сочы можна будзе дабрацца на прамым аўтобусе. Рэйсы будуць адпраўляцца кожныя чатыры дні і праходзіць праз Бабруйск.

Гэты маршрут, арганізаваны беларускім перавозчыкам, прапануе больш хуткі і, магчыма, больш камфортны спосаб дабрацца да папулярнага расійскага курорта. Як паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны», рэгулярныя рэйсы будуць адпраўляцца кожныя чатыры дні. Зваротны маршрут з Сочы ў Мінск пачне дзейнічаць з 28 чэрвеня.

Адным з ключавых пераваг новага аўтобуснага злучэння з’яўляецца час у дарозе. Пасажыры будуць ехаць прыблізна 34 гадзіны, што значна хутчэй, чым падарожжа на цягніку, якое займае амаль двое сутак. Гэты фактар можа стаць вырашальным для тых, хто шануе кожную хвіліну свайго адпачынку.

Новы аўтобусны маршрут не абмяжоўваецца толькі Сочы. Ён дазволіць дабрацца да шматлікіх іншых папулярных курортных напрамкаў Чарнаморскага ўзбярэжжа, уключаючы Джубгу, Лермантава, Наваміхайлаўскі, Вольгінку, Туапсэ і Лазараўскае. У Расіі таксама прадугледжаны прыпынкі ў Бранску, Варонежы, Растове-на-Доне і Краснадары.

Выданне паведамляе, што маршрут будзе актуальны і для тых, хто планаваў паездку ў Абхазію. Транспартны сродак прыбывае ў Адлер і да памежнага пераходу «Псоў» на расейска-абхазскай мяжы. Але тут варта памятаць, што афіцыйна Абхазія з’яўляецца часткай тэрыторыі Грузіі, якую акупавала Расія. Таму перасячэнне расійска-абхазскай мяжы з’яўляецца парушэннем грузінскіх законаў, за якое ў Грузіі прадугледжана пакаранне. У 2009 годзе МЗС Беларусі настойліва рэкамендавала грамадзянам Беларусі пры наведванні Абхазіі і Паўднёвай Асеціі выконваць грузінскія законы.

Фота з адкрытых крыніц

Стала вядома імя аднаго з катаў паэта Міхася Чарота – гэта ўраджэнец Бабруйска

Упершыню дакументальна пацверджана, хто вёў справу супраць аднаго з самых таленавітых беларускіх паэтаў – Міхася Чарота, расстралянага ў 1937 годзе. У адным з дакументаў у варшаўскім Архіве новых актаў знайшлося сведчанне, што гэта ўраджэнец Бабруйска Віктар Эмануілавіч Быхоўскі.  

Міхася Чарота, аднаго з яркіх прадстаўнікоў беларускага літаратурнага адраджэння, арыштавалі 24 студзеня 1937 года. Пасля шматлікіх допытаў і катаванняў ён прызнаў сваю “віну”. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года паэт быў расстраляны разам з іншымі дзеячамі беларускай культуры.

Што ж датычыцца ураджэнца Бабруйска Віктара Эмануілавіча Быхоўскага (на здымку справа), то ён – адна з самых злавесных постацяў, што стаяць за жорсткімі рэпрэсіямі супраць беларускай інтэлігенцыі падчас Вялікага тэрору ў 1937–1938 гадах. 

Тады Быхоўскі узначальваў сакрэтна-палітычны аддзел НКУС БССР, які займаўся пераследам беларускіх нацыянальных дзеячоў.

Менавіта Быхоўскі “вёў справу на беларускага паэта Чарота і атрымаў паказанні як на “ворагаў народа” і былых беларускіх нацыяналістаў, удзельнікаў антысавецкай змовы”. Пра гэта сведчаць дакументы з Архіва новых актаў у Варшаве, знойдзеныя даследчыкамі Беларускага інстытута публічнай гісторыі.

Адзін з калегаў ахарактарызаваў Быхоўскага “як садыста, здольнага сфабрыкаваць любую справу”. Яго метады ўключалі катаванні, фальсіфікацыю паказанняў і поўную адсутнасць маральных межаў.

У 1939 годзе і сам Быхоўскі трапіў пад махавік рэпрэсій. За катаванні і фальсіфікацыі яго асудзілі на 10 гадоў лагераў. Але ўжо у 1946 годзе ён  быў вызвалены з месцаў пазбаўлення волі «за добрую працу».

Потым працаваў начальнікам нагляднай службы ў Куйбышаўскай вобласці. У студзені 1951 года быў звольнены з МУС па ўласным жаданні. 

Міхась Чарот развітаўся з намі радкамі свайго апошняга верша, які пазней знайшлі на муры камеры паэта: “Мяне заціснулі за краты. Я прысягаю вам, сябры, Мае палі, Мае бары – Кажу вам – я не вінаваты! “

Фота тэлеграм-канала Беларускага інстытута публічнай гісторыі.

Паштовыя маркі са зніклымі жывёламі надрукавалі ў Бабруйску

19 траўня 2025 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі выпусціла ў абарачэнне чатыры паштовыя маркі з серыі «Жывёлы, якія зніклі з тэрыторыі Беларусі».

Як паведамляе РУП «Белпошта», маркі выйходзяць накладам па 24 тыс. штук. Мастак – Аляксандр Міцянін, дызайнер – Марына Крэзо.

Маркі друкаваліся ў РУП ” Бабруйская ўзбуйненая друкарня ім. А.Т. Непагодзіна».

У дзень выпуску паштовай маркі ў абарачэнне на паштамце Менска прайшло спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень».

Дарэчы, на 2025 год запланавана чарговае, пятае, выданне Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь. Нацыянальнай акадэміяй навук ужо падрыхтаваны папярэднія спісы раслін і жывёл, якія ўвойдуць у яе. Навукоўцы хочуць уключыць 305 відаў раслін і выключыць 26 відаў. Таксама ў том “Жывёлы ” плануецца ўключыць 211 відаў, у тым ліку 21 новы, і выключыць 13. Пра гэта піша “Мінская праўда”.

Фота: Белпошта

Сталі вядомы падрабязнасці асуджэння ў Бабруйску палітвязня з Украіны

У Бабруйску грамадзяніна Украіны Юрыя Бандарэнку асудзілі да палутара гадоў калоніі за нібыта абразу Лукашэнкі. Прычынай стала выказванне меркавання ў прыватнай гутарцы. 

Аб тым, што стала прычынай затрымання ўкраінца год таму і цяперашняга яго зняволення, Праваабарончы цэнтр “Вясна” даведаўся толькі цяпер. Паводле даных праваабаронцаў, Бандарэнка каля крамы выказаўся ў прысутнасці іншых грамадзян у непрыстойнай форме пра Лукашэнку. Згодна версіі абвінавачвання, матывам украінца стала нібыта «падтрымка ідэй сацыяльнай нецярпімасці да прадстаўнікоў улады Рэспублікі Беларусь і адкрытая праява непрыязнасці да яе». Вынікам стала ўзбуджэнне супраць яго крымінальнай справы па артыкуле 368 КК РБ,

Адзін з прысутных звярнуўся ў міліцыю і нават прадставіў фотаздымак машыны, на якой з’ехаў Юрый Бандарэнка са сваім таварышам. На наступны дзень украінца затрымалі па абвінавачванні ў абразе Лукашэнкі.

20 верасня 2024 года Бандарэнка быў унесены ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, паведамляецца на сайце “Вясны”.

Фота: “Вясна”

У Бабруйску не захацелі пераймяноўваць вуліцу Куйбышава

Па выніках грамадскага апытання ў Бабруйску большасць яго ўдзельнікаў выказаліся супраць перайменавання вуліцы Куйбышава ў вуліцу Санчукоўскага.

Вывучэнне грамадскай думкі з нагоды перайменавання вуліцы Куйбышава ў вуліцу Санчукоўскага праходзіла з 18 сакавіка па 20 красавіка 2025 года. Адпаведную прапанову ўнесла Магілёўская абласная арганізацыя Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.

На афіцыйным сайце Бабруйскага гарвыканкама была апублікаваная спецыяльная форма. Любы ахвотны мог выказацца “за” ці “супраць”, а таксама абгрунтаваць сваю пазіцыю. 

Як паведаміла komkur.info начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Бабруйскага гарвыканкама Вераніка Вільчык, у апытанні прынялі ўдзел 2 913 грамадзян. 2 120 з іх (або 73%) выказаліся за захаванне цяперашняй назвы вуліцы. За перайменаванне прагаласавалі менш за чвэрць апытаных – 667 або 23,2%. Яшчэ 126 чалавек (3,5%) прапанавалі альтэрнатыўныя назвы.

Валерыян Куйбышаў – рускі рэвалюцыянер і савецкі партыйны, палітычны дзеяч. Быў адным з бліжэйшых паплечнікаў і дарадцаў па пытаннях эканомікі ў Сталіна. Ён ніяк не быў звязаны з Бабруйскам.

У сваю чаргу, як піша “Вечерний Бобруйск” з імем Аляксандра Санчукоўскага звязана дваццаць восем гадоў гісторыі Бабруйскага фанерна-дрэваапрацоўчага камбіната, па “Бобруйскдрев” (у цяперашні час – ААТ “Фандок”), дзе ён нязменна працаваў на пасадзе дырэктара, а потым – генеральнага дырэктара (1953-1981). За заробленыя калектывам грошы былі пабудаваны Дом культуры з бібліятэкай, дзіцячыя сады, стадыён, прафілакторый, піянерскі лагер, загарадная зона адпачынку, камбінат бытавога абслугоўвання, будынак лесатэхнікума, сотні кватэр.

Фота: “Вячэрні Бабруйск”

Бабруйчанку пабіліі за паяданне беляша ў тралейбусе – з’явіліся падрабязнасці

Штраф у памеры 1260 рублёў атрымаў бабруйчанін, які накінуўся на пасажырку тралейбуса, што ела бяляш.

Суд Бабруйскага раёна і горада Бабруйска 2 мая разглядзеў незвычайную справу аб хуліганстве ў грамадскім транспарце. У сакавіку абвінавачаны раптам накінуўся на незнаёмую дзяўчыну за тое, што яна зайшла ў салон з беляшом, піша “Наша Ніва” са спасылкай на сайт Вярхоўнага суда.

Мужчына, па версіі следства, схапіў дзяўчыну за валасы і ўдарыў двойчы – адзін раз па твары, другі – па руцэ. Пры гэтым, са слоў сведак, мужчына паводзіў сябе абуральна і гучна выказваў незадаволенасць пахам ежы ў салоне.

Сам абвінавачаны на судзе адмаўляў, што дзейнічаў з хуліганскіх памкненняў. Суд прызнаў яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 339 КК (хуліганства) і прызначыў штраф 30 базавых адзінак – 1260 рублёў.

Таксама ён павінен выплаціць 500 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды пацярпелай і 126 рублёў дзяржпошліны. Прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў і можа быць абскарджаны.

У сакавіку 2023 года таксама ў Бабруйску малады чалавек ударыў 45-гадовага мужчыну ў тралейбусе пасля зробленай заўвагі, піша “Вячэрні Бабруйск”. Пацярпелы не стаў даваць адпор, мяркуючы, што перад ім школьнік, і не чакаў такой агрэсіі. Хулігана выявілі па камерах назірання.

Фота ілюстрацыйнае

Прапіў шэсць курсавых – махляр у Бабруйску падмануў двоечнікаў

Шэсць студэнтаў з Бабруйска звярнуліся ў міліцыю са скаргай, што іх “кінуў” мясцовы жыхар, выканаўца курсавых работ. Студэнты замовілі яму напісанне прац, якія павінны былі выканваць самі, але прадпрымальны бабруйчанін нават не збіраўся іх пісаць і ўсе грошы пусціў на алкаголь – піша прэс-служба УУС Магілёўскага аблвыканкама. 

Прычым, даверлівыя двоечнікі і прагадалі двойчы. Агульная сума за шэсць прац, замоўленых праз інтэрнэт-пляцоўку, склала 1135 рублёў, што дае сярэдні кошт у 190 рублёў за адну курсавую. Гэта прыкладна ў тры разы вышэй чым звычайны кошт за падобную працу – у сеціве дастаткова прапаноў па напісанні курсавых за 60-80 рублёў і з тэрмінам у тры дні.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц