Як паведамляе прэс-служба абласнога УУС, 23-гадовы магілёвец паглядзеў, дзе трымае грошы яго 55-гадовая цешча. У яго прысутнасці яна пералічвала свае накаплення за шмат гадоў, 7 800 долараў. Маючы свой камплект ключоў ад кватэры – цешча неаднойчы прасіла выгуляць яе сабаку – малады мужчына па 200-300 долараў цягаў з заначкі і нарэшце выкраў усю суму. Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.
Ноччу 9 ліпеня два маладыя хлопцы вярталіся з базы адпачынку ў Кіраўск. Частку дарогі яны пад’ехалі папуткай, але папрасілі кіроўцы іх высадзіць на трасе, на 89-м кіламетры дарогі Магілёў-Бабруйск. Адзін з юнакоў пайшоў па патрэбе ў хмызы, а іншы, 18-гадовы жыхар Бабруйска выйшаў на прязную частку.
Тут яго збіла кіроўца аўтамабіля Kia, 61-гадовая жанчына, якая разам з мужам вярталася з вяселля. Ад атрыманых траўмаў юнак памер на месцы – піша газета “Кіравец”.
Днём 10 ліпеня пажар адбыўся на пятым паверсе дзевяціпавярховага інтэрната ў Бабруйску на вуліцы Ульянаўскай – паведамляе прэс-служба МНС. Падгарэў адзін з пакояў, закуродыміла блок. Ніхто не пацярпеў.
У той жа дзень каля вёскі Цішоўка Магілёўскага раёна згарэла 10 тон саломы – скірда 2022 года ўраджаю. Яшчэ 65 тон саломы былі выратаваныя ад агню работнікамі МНС. Бліжэй да вечара 10 ліпеня загарэлася сенасховішча ў аграгарадку Семукачы Магілёўскага раёна. 3 тоны сена агонь пашкодзіў, астатнія 27 тон былі выратаваныя.
Старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі, прэзідэнт Нацыянальнага Алімпійскага камітэта Беларусі Віктар Лукашэнка наведаў у Шклове Спартыўную дзіцяча-юнацкую школу алімпійскага рэзерва – піша інфармацыйнае агенцтва БелТА. Падчас размовы з трэнерамі і навучэнцамі СДЮШАР ён расказаў пра свае спартыўныя дасягненні. З паведамлення БелТА вынікае, што ў Віктара Лукашэнкі быў як мінімум адзін сярэбраны медаль, аднак застаецца няясным, на спаборнцтвах якога ўзроўню ён быў атрыманы. Вось як пра гэта гаворыцца ў тэксце.
“Дарэчы, свой першы сярэбраны медаль Віктар Лукашэнка заваяваў менавіта ў зале барацьбы гэтай СДЮШАР. Паводле яго слоў, у раённым цэнтры варыянтаў у выбары віду спорту для заняткаў было няшмат. Вольнай барацьбе ён аддаў перавагу футболу і лёгкай атлетыцы. Гаворыць, у дзяцінстве быў моцным хлопцам, і калі іх школьны клас прывялі ў СДЮШАР для адбору, трэнер адразу вызначыў яго ў ліку перспектыўных хлопцаў для барацьбы. Трэніроўкі праходзілі па-рознаму – як любому дзіцяці, у нечым даводзілася з сабой змагацца. Напрыклад, больш за ўсё ён не любіў адпрацоўваць прыёмы і заняткі на турніку. Маральна гэта давалася складана.”
Міжнародны пленэр па кераміцы ў Бабруйску пачне сваю працу 12 ліпеня і працягнецца 18 дзён. У ім прымуць удзел 18 прафесійных мастакоў-керамістаў з Беларусі, Расіі і Егіпта. Асноўнай тэмай пленэру сёлета стане культура і мастацтва ў гістарычных фактах, асобах і падзеях.
Падчас пленэру прадугледжана правядзенне майстар-класаў і эксперыментальных абпалаў, а таксама шоу-абпал “Вогненная скульптура”. Завершыцца пленэр урачыстым адкрыццём выніковай выставы “Кераміка жывога агню”, якая пройдзе 28 ліпеня ў Бабруйскім мастацкім музеі – паведамляе БелТА.
Побач з кар’ерам каля вёскі Парадзіна Мсціслаўскага раёна прайшлі спаборніцтвы па паляўніча-стралковым мнагаборстве. Іх арганізатарам стала мсціслаўская раённая арганізацыя “Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў”.
У праграму спаборніцтваў уваходзіла стральба з 35 метраў па мішэні з малюнкам казулі і стэндавая стральба па лятаючых талерках.
Згодна з умовамі спаборніцтва кожны ўдзельнік мог зрабіць чатыры кулявыя стрэлы па мішэні з казуляй і дзесяць дробавых па лятаючых талерках.
У стральбе па талерках лепшы вынік паказаў Іван Клеянкоў – 46 з 50 магчымых, а дакладней за іншых па мішэні з казуляй страляў малады паляўнічы Уладзіслаў Балтушэнка (37 ачкоў), хоць гэта яму не дапамагло ўвайсці ў тройку мацнейшых.
Па выніках дзвюх дысцыплін першае месца заняў Іван Клеянкоў, які набраў 70 ачкоў і адарваўся ад іншых больш чым на дзесяць балаў – паведамляе мсціслаўская раённая газета “Святло кастрычніка”.
Новае жыццё крыніца атрымала дзякуючы братам Андрэю і Сяргею Волікавым – ураджэнцам вёсцы Юр’евічы, якая ў сярэдзіне 2010-х гадоў знікла з карты Клімавіцкага раёна. Але крыніца раней не з‘яўлялася святой, таму яе асвячэнне – з’ява выключна сучасная.
Браты Волікавы хоць нарадзіліся і выраслі ў Юр’евічах, але з цягам часу з’ехалі ў горад і цяпер займаюцца перавозкамі пасажыраў на маршрутных таксі. Тым не менш пра месца, дзе нарадзіліся, не забыліся, і ў роднай вёсцы вырашылі ўладкаваць пасеку. Падчас прыездаў у родныя мясіны браты і ўспомнілі пра крыніцу, якая некалі паіла вяскоўцаў смачнай вадой.
Волікавы прызнаюцца, што было няпроста адшукаць гэтую крыніцу, бо знаёмыя з дзяцінства месцы зараслі дрэвамі і густой травой. Імі шмат зроблена ў справе ўпарадкавання юр’еўскай крыніцы. Побач з самой крыніцай з цягам часу была зроблена яшчэ і купеля, у якую вернікі могуць акунацца.
На выходных адбылося асвячэнне крыніцы і купелі ў былой вёсцы Юр’евічы, якое правёў настаяцель Мілаславіцкай і Звянчацкай цэркваў айцец Мікалай. Крыніца была асвечана ў гонар Ціхвінскай іконы Божай Маці. На асвячэнні воднага аб’екта было нямала людзей, бо Волікавы арганізавалі на сваіх маршрутках бясплатны падвоз клімаўчан да крыніцы. Жадаючых прыехаць было нямала. Былі таксама вяскоўцы з навакольных паселішчаў – Мілаславічаў, Макеевічаў, Перавалачні і нават некаторыя жыхары суседняга Шумяцкага раёна Расійскай Федэрацыі – паведамляе клімавіцкая раённая газета “Родная ніва”.
Пасля асвячэння ўсе ахвочыя змаглі набраць крынічнай вадзічкі ў прынесеныя з сабой ёмістасці, а некаторыя не прамінулі і магчымасці акунуцца ў новаствораную купелю.
Ад рэдакцыі. “Упарадкаванне” крыніцы з удзелам праваслаўнай царквы і мясцовых уладаў адбылося тыпова бязграматнае, бо не адпавядае народным традыцыям і толькі шкодзіць экалогіі вясковага воднага аб’екта. Замест традыцыйнага драўлянага зруба і акуратнага экалагічнага падыходу да вады пляцоўка вакол крыніцы зацэментавана, быў зроблены абсалютна непатрэбны дрэнаж. Сама крыніца закавана ў бетонныя кольцы і ўсёй прыроднай яе прыгажосці цяпер не ўбачыш.
Таксам важна адзначыць, што вясковая крыніца ў Юр’евічах колісь не лічылася святой, а вызнавалася мясцовымі жыхарамі выключна як добрая пітная вада. Аднак цяпер мясцовая праваслаўная царква яе асвяціла і прызнае святой, праўда звязана сакральнасць выключна з царкоўным культам без аніякіх народных традыцый, бо ранейшага ўшанавання воднага аб’екта папросту не было. Даследчыкі-этнографы называюць падобную з’яву сучаснай сакралізацыяй крыніц, калі водны аб’ект асвячаецца царквой ў гонар нейкага святога, хоць крыніца ніколі мясцовым насельніцтвам не вызначалася асаблівай.
У аграгарадку Разанцы Мсціслаўскага раёна працягваецца будаўніцтва праваслаўнай капліцы. Ужо ўзвялі блочныя сцены, робіцца дах.
Некалькі месяцаў таму mogilev.media ужо паведамлялі пра тое, што ў аграгарадку Разанцы плануюць пабудаваць праваслаўную капліцу. З такой ініцыятывай да мясцовых уладаў звярнуліся мясцовыя жыхары і атрымалі дазвол ад іх і ад Магілёўскай епархіі.
На дадзены момант узвялі блокавыя сцены, робяць дах. Цяпер прапрацоўваецца канцэпцыя добраўпарадкавання тэрыторыі, прылеглай да капліцы, яе азеляненне. – паведамляе раённая газета “Святло кастрычніка”.
Нагадаем, што населены пункт Разанцы быў пабудаваны ў 1991 годзе для перасяленцаў з зоны адчужэння Чарнобыльскай АЭС. На сённяшні момант тут пражывае 650 чалавек і ўвесь гэты час паселішча не мела свайго храма.
Мост паміж вуліцай Суворава і Слабой у Горках разламаны настолькі, што кожны, хто ім карыстаецца, рызыкуе праваліцца – паведамляюць horki.info.
Мостам штодзённа праходзіць мноства людзей, піша выданне. Мясцовыя жыхары ўжо неаднаразова спрабавалі адрамантаваць яго сваімі сіламі, але надоўга такога ўпарадкавання не хапае.
“Хадзіць тут рэальна небяспечна. – распавялі рэсурсу horki.info мясцовыя – Там такая вышыня пад зіготкімі дошкамі, што можа праваліцца дарослы чалавек.”
Сёння Аляксандр Лукашэнка наведвае “Магілёўліфтмаш”. Тут ён будзе знаёміцца з інвестыцыйным праектамі і рэалізацыяй праграмы імпартазамяшчэння – паведамляе БелТА.
Пралятаючы на верталёце над горадам па шляху да прадпрыемства Лукашэнка звярнуў увагу на неўпарадкаваныя вытворчыя тэрыторыі і захопленасць на будоўлях. Кіраўніцтва горада і вобласці атрымалі даручэнне навесці парадак на працягу года, піша агенцтва БелТА.