Ванэса Каладзінская з Бабруйска стала чэмпіёнкай Еўропы па вольнай барацьбе

Цяпер беларуская спартсменка з’яўляецца трохразовай чэмпіёнкай Еўропы.

Бабруйская спартсменка Ванэса Каладзінская ўдзельнічала ў Чэмпіянаце Еўропы па барацьбе ў Румыніі ў вагавай катэгорыі да 53 кілаграмаў. Фінал спаборніцтваў прайшоў 16 лютага. Напярэдадні беларуска выбіла з барацьбы Вераніку Рабавалаву з Паўночнай Македоніі, расіянку Наталлю Малышаву і грачанку Марыю Прэваларакі. У заключным паядынку Каладзінская сустрэлася з шведкай Эмай Мальгрэм, якую ўжо перамагала ўвосень 2023 года ў чвэрцьфінале Чэмпіянату свету. Учора беларуска таксама аказалася мацнейшай – паядынак завяршыўся з лікам 10:2 – паведамляе афіцыйны сайт Нацыянальнага Алімпійскага камітэта.

25 студзеня Міжнародны Алімпійскі камітэт прагаласаваў за вяртанне расійскіх і беларускіх спартоўцаў на міжнародныя спаборніцтвы ў нейтральным статуце. 28 сакавіка прэзідэнт МАК Томас Бах паведаміў, што арганізацыя падтрымлівае допуск спартсменаў у нейтральным статусе, аднак для гэтага атлеты павінны не падтрымліваць вайну Расіі супраць Украіны і не быць звязанымі з расійскімі і беларускімі ўзброенымі сіламі ці органамі нацыянальнай бяспекі.

Фота: НАК

Віктар Лукашэнка расказаў пра свае спартыўныя дасягненні

Старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі, прэзідэнт Нацыянальнага Алімпійскага камітэта Беларусі Віктар Лукашэнка наведаў у Шклове Спартыўную дзіцяча-юнацкую школу алімпійскага рэзерва – піша інфармацыйнае агенцтва БелТА. Падчас размовы з трэнерамі і навучэнцамі СДЮШАР ён расказаў пра свае спартыўныя дасягненні. З паведамлення БелТА вынікае, што ў Віктара Лукашэнкі быў як мінімум адзін сярэбраны медаль, аднак застаецца няясным, на спаборнцтвах якога ўзроўню ён быў атрыманы. Вось як пра гэта гаворыцца ў тэксце.

“Дарэчы, свой першы сярэбраны медаль Віктар Лукашэнка заваяваў менавіта ў зале барацьбы гэтай СДЮШАР. Паводле яго слоў, у раённым цэнтры варыянтаў у выбары віду спорту для заняткаў было няшмат. Вольнай барацьбе ён аддаў перавагу футболу і лёгкай атлетыцы. Гаворыць, у дзяцінстве быў моцным хлопцам, і калі іх школьны клас прывялі ў СДЮШАР для адбору, трэнер адразу вызначыў яго ў ліку перспектыўных хлопцаў для барацьбы. Трэніроўкі праходзілі па-рознаму – як любому дзіцяці, у нечым даводзілася з сабой змагацца. Напрыклад, больш за ўсё ён не любіў адпрацоўваць прыёмы і заняткі на турніку. Маральна гэта давалася складана.”

Фота: БелТА