Падчас транспартнага калапсу кіроўца аднаго з магілёўскіх аўтобусаў паступіў нестандартна – фота

Вечарам 14 чэрвеня ў Магілёве здарылася магутная дарожная пробка, якая скавала ўсе цэнтральныя вуліцы. Гэта здарылася з-за абрыву тралейбуснай лініі электраперадач у раёне чыгуначнага вакзала. Відэа з інцыдэнтам апублікавала ДАІ.

У выніку практычна ўсе тралейбусы на гэтай лініі сталі і заблакавалі рух машын па вуліцы Першамайскай. Чытачы mogilev.media падзяліліся назіраннем за паводзінамі кіроўцы аднаго з рэйсавых аўтобусаў. 

Рухаючыся па Першамайскай з боку драмтэатра ў кірунку плошчы Леніна, аўтобус №4 павярнуў з маршрута на Круты завулак – налева па ходзе руху, у завулак паміж ГУБАЗіКам і кінатэатрам “Чырвоная зорка”. Тут, каля кінатэатра вадзіцель “чацвёркі” масава высадзіў пасажыраў і далей стаў рухацца ў бок вуліцы Дзяржынскага, маючы намер праскачыць пробку па гэтай вуліцы, а потым выруліць назад на Першамайскую каля ўнівермага, альбо наогул змяніць маршрут.

Тут аўтобус аказаўся заблакаваны патокам легкавушак, каторыя гэтаксама аб’яжджалі затор праз Дзяржынскага. Пасля перапалкі з кімсьці з пасажыраў, кіроўца аўтобуса памяняў маршрут – павярнуў у бок вуліцы Лазарэнкі, і праз яе і вуліцу Касманаўтаў паехаў на праспект Міра.

Фота: чытачы mogilev.media

Магілёўскую “Строммашыну” выставілі на таргі, летась завод згубіў кантракты на 9 мільёнаў даляраў з-за санкцый

Уся маёмасць магілёўскага завода “Строммашына выстаўленая на таргі за 26,6 мільёны рублёў – паведамляецца на сайце аўкцыённай пляцоўкі “Белрэалізацыя”. Гэта аб’екты нерухомасці (больш за 70 000 м2), энергетычнай інфраструктуры, добраўпарадкавання.

Стартавы кошт складае 26 692 149,17 бел. руб., а мінімальны, за які гатовыя прадаць завод – крыху больш за 21 мільён. Падача заявак пачалася сёння, 15 чэрвеня, а самі таргі адбудуцца 17 ліпеня.

Увесну гэтага года «Строммашына» была прызнана банкрутам.

Летась магілёўскае прадпрыемства «Строммашына» пасля ўвядзення санкцый страціла кантрактаў больш чым на 9 мільёнаў даляраў, а працаўнікі былі пераведзеныя на няпоўную занятасць – пісалі mogilev.media год таму.

Санкцыі Еўрапейскіх краін супраць Беларусі цягам апошніх трох год уводзіліся за гвалт у адносінах да ўдзельнікаў пратэстаў, якія былі не згодныя з абвешчанымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. За прымусовую пасадку самалёта кампаніі Ryanair у траўні 2021 году, а таксама іміграцыйны крызіс. Нагодай для апошніх санкцыйных абмежаванняў стала падтрымка Беларуссю расійскай вайны ва Украіне.

Фота: mogilev.media

Спякотна, да +32°С, без дажджоў – прагноз надвор’я на канец тыдня

На ўікенд у Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць сярэднесутачныя тэмпературы вышэй за +20°С, з ваганнямі ноччу ад +9°С да +19°С, днём – ад 20°С да +32°С.

Будзе пераважаць воблачнае, пераважна без ападкаў надвор’е. Працягласць дня вырасце да 17 гадзін 8 хвілін 18 чэрвеня. У нядзелю сонца ўзыйдзе а 4:27, зойдзе а 21:35.

16 чэрвеня, пятніца. 

Надвор’е абяцае быць воблачным. Уноч да +9° +15°С, днём тэмпература падрасце да +24° +26°С, у асобных раёнах да +29°С. Пераважна без ападкаў. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўночнага ўсходу, у другой палове дня – з поўдня, хуткасць вятроў 2-3 м/с, месцамі пры парывах да 9 м/с. Маладзік. Магнітнае поле няўстойлівае.

У суботу, 17 чэрвеня, пераважна воблачна. 

Уноч і ўранні да +12° +19°С. Днём слупкок тэрмометра падымецца да +26° +28°С, месцамі і ў асобных раёнах да +30°С. Надвор’е пратрымаецца ў асноўным без ападкаў. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўночнага ўсходу, поўдня. Хуткасць вятроў 3-4 м/с, пры парывах да 9-10 м/с. Маладзік. Магнітнае поле няўстойлівае.

У нядзелю, 18 чэрвеня, таксама воблачна.

Уноч і раніцай да +18°С, удзень паветра прагрэецца да +27° +29°С, у асобных раёнах Магілёўшчыны да +30° +32°С, пераважна без ападкаў. З рання і да вечара вызначаць надвор’е будуць паўночна-ўсходнія вятры хуткасцю 3-7 м/с. Маладзік. Магнітнае поле няўстойлівае.

Ранак панядзелка 19 чэрвеня пачнецца з воблачнага надвор’я, з ранішнімі тэмпературамі да +18°С, з паўднёвымі вятрамі хуткасцю да 2-3 м/с. Днём да +24°С. Маладзік.

Фота: mogilev.media

У Магілёве быў жорстка затрыманы пратэстанцкі прапаведнік Сяргей Удальёў

Праваабаронцы паведамляюць, што днём 13 чэрвеня АМАП жорстка затрымаў пратэстанцкага прапаведніка Сяргея Удальёва. Сведкамі затрымання выпадкова сталі валанцёры зоаабарончых ініцыятыў – а Сяргей Удальёў актывіст у гарадскіх суполках, дзе шукаюць дом бадзяжным жывёлам.

Усё адбылося каля магілёўскага лядовага палаца. Па словах сведкаў, сілавікі выскачылі з «цёмнай машыны з затаніраванымі вокнамі», проста вырвалі мужчыну з яго аўтамабіля і брутальна ўціснулі ў зямлю.

Пазней яго павезлі, але не ў Кастрычніцкі РАУС, які знаходзіцца паблізу, а ў супрацьлеглы бок. Як удалося прасачыць валанцёрам, у Ленінскі РАУС яго таксама не даставілі, а машына “згубілася” на вуліцы Піянерскай, дзе размешчана Магілёўскае аблуўленне КДБ.

Затрыманне, магчыма, звязана з палітыкай. Тры месяцы таму з Удальёвым не працягнулі на працы кантракт з-за недастатковай лаяльнасці. Акрамя таго, раней Сяргей Удалёў вучыўся ў Кіеўскай Рэфармацкай семінарыі, ён вядомы як адзін з лепшых пратэстанцкіх багасловаў горада. Навучанне ва Украіне таксама, як мяркуецца, магло стаць прычынай пераследу.

Фота з сацыяльных сетак Удальёва

Рубрыка – прыдумай подпіс да фотаздымка

Вясёлай карцінкай падзяліўся чытач mogilev.media. Што тут адбываецца – у прынцыпе, інтуітыўна зразумела, але ўсё роўна лёгкая абсурднасць выявы не пакідае без усмешкі. То – смела каментуйце а самыя лепшыя водгукі мы неўзабаве апублікуем, разам з тлумачэннем карцінкі.

Каб пракаментаваць – падпісвайцеся на нашы старонкі ў VK, Facebook, Instagram, Ok, на канал у Telegram. Свае вясёлыя карцінкі высылайце таксама на пошту.

Фота з адкрытых крыніц

Цяпер купацца можна ўсюды – знялі забарону на пляжы, што быў закрыты

Санстанцыя правяла паўторную праверку на возеры каля базы адпачынку “Мерэя” ў Леніно Горацкага раёна.  7 чэрвеня тут уводзілася першая ў гэтым сезоне забарона на купанне – паведамлялі mogilev.media. Цяпер жа наяўнасць кішачнай палачкі не перавышае нормы – піша “Горацкі веснік”. Пагэтаму ўсе абмежаванні для купання на гэтай зоне адпачынку знятыя.

Па іншых афіцыйна зацверджаных зонах адпачынку вынікі даследаванняў спроб вады не перавышаюць нарміруючых значэнняў.

Фота з адкрытых крыніц

Вось на такіх арэлях ужо тыдзень гойдаюцца дзеці ў Магілёве

На вуліцы Якубоўскага ў Магілёве арганізацыя “Жылэкспа”, якая абслугоўвае раён, пачала рамонт дзіцячай пляцоўкі, ды так і кінула. Ужо тыдзень няма ніякага руху што да работ – паведамляюць сведкі. Дзеці, тым часам, працягваюць свае забавы на пляцоўцы.

Фота з соцсетак

Чайны фэст “Гарбата па-сваякоўску” пройдзе ў пасёлку Усход пад Магілёвам

Традыцыйны чайны фестываль сямейнага адпачынку і здаровага ладу жыцця “Гарбата па-сваякоўску” пройдзе ў аграгарадку Усход Магілёўскага раёна 17 чэрвеня, піша “Прыдняпроўская ніва”.

Mogilev.media рабілі рэпартаж з мінулагодняга фестываля – атрымалася душэўна. Сёлета зноўку чакаецца масавае чаепіцце, конкурсы і выступы фальклорных калектываў. 

Спецыяльна запрошнаныя госці фестывалю – артыстка беларускай эстрады Ульяна Шэлах, народны арт-гурт “Горад М”, народны шоу-балет “Крычэс”.

Да месца правядзення фестывалю ад аўтавакзала ходзіць аўтобус №238. Пачатак свята а 12-й гадзіне.

Фота: mogilev.media

Усе ФАПы на Магілёўшчыне плануецца адрамантаваць, але грошай на гэта не абяцаюць

Да 1 верасня плануецца адрамантаваць усе фельчарска-акушэрскія пункты ў Магілёўскай вобласці, а да 1 лістапада – таксама і ўсе амбулаторыі. Такія планы старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі агучвае БелТА.

Прычым многія работы плануецца выканаць гаспадарчым спосабам або з прыцягненнем спонсарскіх сродкаў, а чакаць выдзялення вялікіх грошай з абласнога бюджэту чыноўнік не рэкамендуе – прыводзіць яго словы БелТА.

На гаротны стан сельскіх фельчарска-акушэрскіх пунктаў на Беларусі ў свой час звярнула ўвагу Генеральная пракуратура. Пракуроры праверылі больш за 900 ФАПаў і амбулаторый, і ў кожным трэціх з іх былі знойдзены парушэнні. 

– Дзесьці не было лекаў, дзесьці лекі былі, але ўмовы захоўвання не выконваліся, была адсутнасць вады, столя абрушвалася і гэтак далей. – пракаментаваў сітуацыю намеснік начальніка ўпраўлення Генеральнай пракуратуры Вячаслаў Дземідовіч – І быццам бы трэба прымаць меры, каб ФАПы працавалі, людзям дапамогу аказвалі, але летась пару дзясяткаў ФАПаў у краіне зачынена. На гэты год па планах некалькі дзясяткаў зачыненняў.

На сённяшні дзень у Магілёўскім рэгіёне 239 ФАПаў. Праблему з пошукам сродкаў Анатоль Ісачанка пракаментаваў так: галоўнае – індывідуальны падыход. Напрыклад, няма медыка ў канкрэтным ФАПе – заўсёды можна арганізаваць падвоз з іншай установы, і гэта толькі адзін з варыянтаў рашэння праблемы. “Трэба прывесці ў парадак тое, што ў нас ёсць, тым больш у кожнай раённай бальніцы ёсць гаспадарчая група.”

Фота ілюстрацыйнае

Трагедыя ў Магілёве – палутарагадавалая дзяўчынка выпала з вакна шостага паверху

Вечарам 11 чэрвеня на вуліцы Якубоўскага ў Магілёве насмерць разбілася дзяўчынка палутара гадоў. Яна засталася разам з бабуляй у кватэры на шостым паверсе. Бацькі былі ў ад’ездзе. У нейкі момант бабуля выйшла на кухню, каб прыгатаваць ежу.

Падчас адсутнасці дарослай, дзяўчынка забралася праз канапу на падваконне, адчыніла вакно і выпала ўніз. Ад атрыманых траўмаў яна загінула – паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Фота: Следчы камітэт