У Магілёве быў жорстка затрыманы пратэстанцкі прапаведнік Сяргей Удальёў

Праваабаронцы паведамляюць, што днём 13 чэрвеня АМАП жорстка затрымаў пратэстанцкага прапаведніка Сяргея Удальёва. Сведкамі затрымання выпадкова сталі валанцёры зоаабарончых ініцыятыў – а Сяргей Удальёў актывіст у гарадскіх суполках, дзе шукаюць дом бадзяжным жывёлам.

Усё адбылося каля магілёўскага лядовага палаца. Па словах сведкаў, сілавікі выскачылі з «цёмнай машыны з затаніраванымі вокнамі», проста вырвалі мужчыну з яго аўтамабіля і брутальна ўціснулі ў зямлю.

Пазней яго павезлі, але не ў Кастрычніцкі РАУС, які знаходзіцца паблізу, а ў супрацьлеглы бок. Як удалося прасачыць валанцёрам, у Ленінскі РАУС яго таксама не даставілі, а машына “згубілася” на вуліцы Піянерскай, дзе размешчана Магілёўскае аблуўленне КДБ.

Затрыманне, магчыма, звязана з палітыкай. Тры месяцы таму з Удальёвым не працягнулі на працы кантракт з-за недастатковай лаяльнасці. Акрамя таго, раней Сяргей Удалёў вучыўся ў Кіеўскай Рэфармацкай семінарыі, ён вядомы як адзін з лепшых пратэстанцкіх багасловаў горада. Навучанне ва Украіне таксама, як мяркуецца, магло стаць прычынай пераследу.

Фота з сацыяльных сетак Удальёва