Шэсць рэгіянальных бальніц будзе мадэрнізавана ў 2023 годзе на Магілёўшчыне

У шэрагу цэнтральных раённых бальніц вобласці будзе праведзены капітальны рамонт будынкаў. Акрамя таго, рэканструююць і анкалагічны дыспансер у Магілёве.

На Магілёўшчыне працягваецца мадэрнізацыя медыцынскіх устаноў. У першым квартале 2023 года ў строй дзеючых быў уведзены інфекцыйны корпус Магілёўскай гарадской бальніцы №1. Цяпер завяршаецца рэканструкцыя абласнога анкалагічнага дыспансера.

На працягу года таксама плануецца правядзенне рэканструкцыі ў чэрыкаўскай, хоцімскай і шклоўскай цэнтральных раённых бальніцах, а таксама капітальны рамонт галоўнага корпуса быхаўскай бальніцы.

Таксама распачаты работы па капітальным рамонце бабруйскай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, а ў цэнтральнай раённай бальніцы Крычава будаўнічыя работы працягваюцца – паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”.

Фота ілюстрацыйнае

«Хор Турэцкага» выступіць у Магілёве, уваход вольны

Музычны калектыў “Хор Турэцкага” выступіць 21 чэрвеня на плошчы перад Атрыумам у Магілёве з канцэртнай праграмай “Песні Перамогі” – паведамляецца на афіцыйным сайце арт-групы. У якасці музычнага падарунка гледачам артысты выканаюць песні на беларускай мове. Спецыяльным госцем мерапрыемства стане шоу жаночых галасоў “Soprano”.

– Мае бацькі – ўраджэнцы Беларусі, удзельнікі Вялікай айчыннай вайны. Прайшлі ўсю вайну. Бацька, выхадзец з Магілёўскай вобласці, пешшу дайшоў з Берліна ў Маскву, а маці працавала медсястрой у эвакуацыйным шпіталі. Увесь матулін род быў знішчаны нацыстамі падчас генацыду ў Беларусі ў першыя дні вайны. Таму такі канцэрт для мяне (…) гэта яшчэ і асабістая гісторыя, магчымасць аддаць даніну памяці продкаў. – адзначыў кіраўнік калектыва Міхаіл Турэцкі.

Уваход вольны, пачатак у 18:30

Фота з адкрытых крыніц

У Магілёве пройдзе майстар-клас па народных танцах

17 чэрвеня ў 17 гадзін на летняй пляцоўцы ў дворыку музея імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі пройдзе майстар-клас па народных беларускіх танцах – гаворыцца ў паведамленні ўстановы на Facebook.

Удзельнікам майстар-класа прапануюць развучыць асноўныя рухі і элементы традыцыйных беларускіх танцаў, якія танчылі нашы продкі ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзяў. Сярод іх Падэспань, Базар, Субота і Верабей.

Фота: музей імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі

Спёка, аранжавы ўзровень небяспекі на сёння – што трэба рабіць

На 17 чэрвеня ў Магілёўскай вобласці абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі з-за высокай тэмпературы паветра. Чакаецца да 31 градуса, надвор’е будзе воблачным, але без ападкаў. 

Белгідрамет нагадаў асноўныя правілы бяспекі ў спякотныя дні. Днём рэкамендуецца зачыняць вокны фіранкамі і шторамі, і адчыняць іх толькі на ноч. Па магчымасці, у гадзіны найбольшага павышэння тэмпературы, неабходна заставацца дома і карыстацца кандыцыянерам.

Штодня раіцца выпіваць 1,5 – 2 літра вады, пазбягаць ужыванні алкаголю, а таксама напояў, якія змяшчаюць кафеін і вялікую колькасць цукру. Варта насіць галаўны ўбор і адзенне светлых тонаў, абмежаваць знаходжанне на сонцы. Штодзённы рацыён харчавання лепш змяніць на карысць летніх салатаў, мінеральнай вады, сокаў і халодных супоў. Кіроўцам не рэкамендуецца садзіцца за руль у сонцапёк, калі аўтамабіль не абсталяваны кандыцыянерам.

Фота з адкрытых крыніц

Аляксандр Баль арыштаваны на 15 сутак – праваабаронцы

Як паведамляюць магілёўскія праваабаронцы на падставе сваіх крыніц, музыкант Аляксандр Баль быў арыштаваны ў горадзе Гарадок Віцебскай вобласці 15 чэрвеня.

16 чэрвеня суд Гарадоцкага раёна пастанавіў арыштаваць яго на 15 сутак нібыта за “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

Фота: сайт Аляксандра Баля

Затрыманы магілёўскі бард і кампазітар Аляксандр Баль

Арыштаваны вядомы магілёўскі бард Аляксандр Баль – паведамляюць праваабаронцы. Вядома, што арышт адбыўся ў чацвер, 15 чэрвеня. Падрабязнасцяў здарэння не паведамляецца, у тым ліку і прычыны затрымання. 

Аляксандр Баль – бард з вялікай колькасцю прэмій, былы супрацоўнік магілёўскага драматычнага тэатра, з якога яго звольнілі пасля падзеяў 2020 года. У тым жа годзе пасля масавых рэпрэсій з боку сілавікоў музыка напісаў песню “На радзіме маёй бяда”.

Фота з адкрытых крыніц

Магілёўскі лудаман прадаваў неіснуючы тавар

5 чалавек з розных гарадоў краіны сталі ахвярамі інтэрнэт-махляра і згубілі 2 460 беларускіх рублёў – паведамляе прэс-служба УУС.

Аператыўнікі высветлілі, што іх падманваў непрацуючы 22-гадовы магілёвец. Ён размяшчаў на адной з гандлёвых пляцовак аб’явы аб продажы камплектуючых дэталяў да камп’ютараў, дапаўняючы аб’явы фатаздымкамі дэталяў.

Аднак гэтыя здымкі былі проста спампаваныя з інтэрнэту і выкарыстоўваліся, каб пераканаць патэнцыйных пакупнікоў у рэальнасці тавара. Як толькі людзі пераводзілі яму грошы, прадавец спыняў перапіску, а атрыманыя грошы ўносіў у анлайн-казіно. Узбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае

60 зон рэкрэацыі вобласці гатовы да купальнага сезона, але на некаторых ёсць абмежаванні і забароны

Рашэннямі мясцовых адміністрацый у маі 2023 года на Магілёўшчыне вызначана 61 месца адпачынку з арганізацыяй купання на водных аб’ектах – пісалі mogilev.media. 

Па стане на 15 чэрвеня пашпарты гатоўнасці пляжаў падпісаны для 60 зон рэкрэацыі. Не падпісаны такі дакумент толькі для пляжа на вуліцы Казлоўскай у горадзе Асіповічы – паведамляе Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

За апошні тыдзень праверана 173 пробы вады вадаёмаў для купання. Не адпавядаюць гігіенічным нарматывам па мікрабіялагічных паказчыках – 15 вадаёмаў для купання. 

Эпідэміёлагі прапануюць абмежаваць купанне дзяцей на пляжах на р. Дняпро ў  Палыкавічах, на затоцы ў раёне вуліцы Фаціна, на Пячэрскім вадасховішчы ў Магілёве, на Чыгірынскім вадасховішчы каля в. Падлужжа. 

А таксама – забараніць купанне дзяцей, дарослых на сажалцы Броды, на Святым возеры ў Магілёве, на Дняпры ў раёне Шклоўскага гарадскога пляжа, на сажалцы вёскі Путнікі Шклоўскага раёна. 

Пры гэтым, нагадаем, што ў Горацкім раёне здымаецца абмежаванне купання дзяцей на базе адпачынку “Мярэя” ў Леніно. 

Фота з адкрытых крыніц.

 

У Магілёве паймалі разбойніцу

Жыхарка Магілёва 49 гадоў, раней ужо асуджаная за забойства, пагражаючы нажом напала на 91-гадовую пенсіянерку ў абласным цэнтры. Разбойніца прыйшла да пенсіянеркі пад выглядам супрацоўніцы электрасетак і папрасілася ў дом, каб праверыць лічыльнікі. Калі пажылая жанчына ўпусціла яе ў дом, рэцыдывістка стала пагражаць нажом і гвалтам, патрабуючы аддаць грошы. Атрымаўшы адмову – паведамляе прэс-служба абласнога УУС – уцякла. Па відэа з камер назірання яе аператыўна затрымалі.

На фота: скрыншот з аператыўнага відэа

Узяў у арэнду гульнявую прыстаўку і прадаў яе

У Ленінскі РУУС г. Магілёва звярнуўся прадпрымальнік, які заявіў, што невядомы завалодаў ягонай гульнявой прыстаўкай коштам каля 1500 беларускіх рублёў – паведамляе прэс-служба Магілёўскага УУС. Высветлілася, што чужую маёмасць забраў 29-гадовы магілёвец. Ён узяў прыстаўку ў арэнду на некалькі дзён, але ў выніку, пагуляўшы ў яе, праз суткі прадаў. Узбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц.