Дактароў няма на месцы, медкамісію праходзяць тыднямі – што з медыцынай у Крычаве

На працягу чатырох месяцаў у Крычаўскім раёне ідзе маніторынг медыцынскай сферы. Ён паказаў розныя праблемы: адсутнасць лекараў на працоўных месцах, недастатковы кантроль над працоўным часам спецыялістаў з боку адміністрацыі медыцынскай установы, дагэтуль маюць месца хамства і абыякавасць.

Члены маніторынгавай групы ў Крычаве зафіксавалі шэраг сур’ёзных надахопаў у працы ўстановы аховы здароўя, а менавіта – адсутнасць адразу некалькіх урачоў на сваіх рабочых месцах у працоўны дзень, графік работы дактароў установы не адпавядаў таму графіку, што адміністрацыя бальніцы прадаставіла райвыканкаму. Таксама адзначана была сітуацыя, калі на адным з кабінетаў вісіць аб’ява, што трэба звяртацца ў іншы кабінет, а на дзвярах таго самага другога кабінета таксама аб’ява – “Доктар у адпачынку”.   

Кіраўнік Крычаўскага раёна Андрэй Седукоў на спецыяльным пасяджэнні прызнаў – кідаеццца ў вочы поўная і сістэмная неарганізаванасць рэгістратуры, а таксама складанасць праходжання медыцынскіх камісій. Па яго словах, медыцынскую камісію не назавеш іначай як хаджэнне па пакутах, бо людзі ходзяць тыднямі, па некалькі гадзін стаяць у чэргах і не могуць дачакацца прыёму. 

Седукоў адзначыў, што рэгістратура не працуе сістэматычна. Больш за тое, ёсць факты, калі людзей не абслугоўваюць, пацыенты знаходзяцца ў чарзе гадзінамі, а таксама не могуць датэлефанавацца на стацыянарны тэлефон бальніцы. У сваю чаргу пракурор і кіраўнік дэпартамента фінансавых расследаванняў адзначылі, што адсутнасць дактароў на працоўным месцы можна кваліфікаваць як раскраданне дзяржаўных бюджэтных сродкаў – паведамляе раённая газета “Крычаўкае жыццё”. 

Разынкай на торце паседжання сталіся пагрозы Седукова звольніць кіраўніка адміністрацыі бальніцы Аляксандра Плятнёва, калі той не разбярэцца з праблемамі, каб палепшыць якасць медыцынскіх паслуг жыхарам Крычаўскага раёна. 

Ад рэдакцыі. Шмат якія заявы правільныя, але праблемы паднятыя існуюць ўжо не першы год. Прамовы з высокіх трыбунаў пахнуць звычайным папулізмам, бо шмат якія праблемныя моманты, якія хвалююць людзей, у папярэнія месяцы і гады не вырашаліся. Затое лёгка звальнялі медсясцёр і дактароў па палітычных матывах. 

Фота ілюстрацыйнае

Шэсць рэгіянальных бальніц будзе мадэрнізавана ў 2023 годзе на Магілёўшчыне

У шэрагу цэнтральных раённых бальніц вобласці будзе праведзены капітальны рамонт будынкаў. Акрамя таго, рэканструююць і анкалагічны дыспансер у Магілёве.

На Магілёўшчыне працягваецца мадэрнізацыя медыцынскіх устаноў. У першым квартале 2023 года ў строй дзеючых быў уведзены інфекцыйны корпус Магілёўскай гарадской бальніцы №1. Цяпер завяршаецца рэканструкцыя абласнога анкалагічнага дыспансера.

На працягу года таксама плануецца правядзенне рэканструкцыі ў чэрыкаўскай, хоцімскай і шклоўскай цэнтральных раённых бальніцах, а таксама капітальны рамонт галоўнага корпуса быхаўскай бальніцы.

Таксама распачаты работы па капітальным рамонце бабруйскай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, а ў цэнтральнай раённай бальніцы Крычава будаўнічыя работы працягваюцца – паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”.

Фота ілюстрацыйнае

У Крычаўскім раёне за мінулы год не было зроблена ніводнага хірургічнага аборту

Па словах загадчыцы жаночай кансультацыі крычаўскай раённай бальніцы Марыі Патапенка хірургічных абортаў за мінулы год у Крычаўскім раёне не рабілі ніводнага. Былі толькі медыцынскія, так званыя вакуумы – малатраўматычная медыцынская маніпуляцыя па перапыненні цяжарнасці, якая робіцца на самых ранніх тэрмінах развіцця плода – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”. 

Як адзначае Патапенка, перапыненне або захаванне цяжарнасці – гэта рашэнне сям’і, рашэнне самой мамы. Нават калі лекары ведаюць, што ёсць паталогія, калі генетыкі раяць перапыніць цяжарнасць, выбар застаецца за сям’ёй. 

Адсутнасць хірургічных абортаў за год у цэлым раёне – сведанне, што вырасла адказнасць у сферы інтымных адносін.

Фота ілюстрацыйнае

Глуская бальніца – найлепшая ў Магілёўскай вобласці ў 2022-м годзе

Медыкі “партызанскага” Глускага раёна выдатна працавалі летась і атрымалі дыплом за першае месца ў конкурсе раённых бальніц. 

У апошні дзень студзеня ў Магілёве былі падведзены вынікі работы медыцынскай галіны вобласці. Як звычайна, былі вызначаны лідары. Самую высокую ацэнку на абласным узроўні атрымала праца глускіх медыкаў. Па выніках конкурсу медыцынскіх устаноў рэгіёна першае месца заняла бальніца раёна. 

Ацэньваліся разнастайныя аспекты якасці і культуры медычнага абслугоўвання насельніцтва. Сярод цэнтральных раённых бальніц (раёнаў з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек) Глуская цэнтральная раённая бальніца заняла першае месца. 

Дыплом за добрасумленную працу быў уручаны кіраўніку ўстановы Ірыне Пятровай. 

Фота: Газета “Радзіма”.