Пад Магілёвам гарэла машына, кіроўцу выратавалі. У Крычаве мужчына загінуў на пажары

За мінулыя суткі на Магілёўшчыне зафіксаваны два надзвычайных здарэнні – паведамляе прэс-служба МНС. 

У Крычаве кая 23.00 19 лютага адбыўся пажар у прыватным доме. Яго гаспадар, непрацоўны мужчына 1972 года нараджэння, быў знойдзены мёртвым. Прычына пажара ўдакладняецца.

Каля вёскі Палыкаўскія Хутары пад Магілёвам загарэлася легкавое аўто. Людзі, што апынуліся побач, здолелі выратаваць кіроўцу яшчэ да прыезду пажарных.

Фота ілюстрацыйнае.

На пажарах выратаваліся двое – у Горках і Крычаве

Мужчына 1984 года нараджэння сам здолеў пагасіць агонь у сваёй хаце ў Горках – паведамляе прэс-служба МНС. З апёкамі і з атручэннем прадуктамі гарэння ён шпіталізаваны. Пажар адбыўся раніцай 15 люттага.

У той жа дзень у Крычаве загарэлася кватэра на другім паверсе трохпавярховага дома ў мікрараёне Сож. Жанчыну 1957 года выцягнулі з полымя ратавальнікі. Яна шпіталізаваная. Паводле папярэдняй версіі, прычынай пажару стала неасцярожнасць пры курэнні.

Фота: МНС

У Крычаве каналізацыя выцякае проста ў рэчку

У невялікую рэчку Крычаўку, што ўпадае ў Сож, сцякае каналізацыйны ручай, які падпітваецца вадой са сцёкавай трубы новага жылога квартала.   

Побач з дамамі ў мікрараёне Камсамольскі ў Крычаве знаходзіцца вялікі маляўнічы яр, які працінае невялікая рэчка Крычаўка. Яна мае тры водных прытока, адзін з якіх з’яўляецца каналізацыяй. Размешчана каналізацыя ў лагчынцы побач з новай школай №8. Вада, якая выцякае з яе, ператвараецца ў моцны ручай, які нясе сваю брудную ваду ў Крычаўку. Прычым гэтай каналізацыі ўжо і не адзін дзясятак год.

У гэты ж каналізацыйны ручай, які мае непрыемны пах, выліваецца вада са сцёкавай трубы трох новых дамоў мікрараёна, што будаваліся на працягу 2018-2020 гадоў. Праблема са сцёкавай трубой узнікла яшчэ ўвесну 2020 года, аднак яна не вырашана да сённяшняга дня, бо ні мясцовыя жыхары, ні супрацоўнікі крычаўскай санэпідэмстанцыі гэтай праблемы, відаць, не заўважаюць.

Адзначым, што на працягу 2019-2020 гадоў крычаўскімі чыноўнікамі абмяркоўвалася пытанне адаптацыі берага Крычаўкі ў ланшафтна-рэкрэацыйную зону. Больш за тое, у Крычаўскім райвыканкаме ў гэты ж час адбыліся грамадскія абмеркаванні наконт экалагічнай ацэнкі градабудаўнічага праекта – будаўніцтва новага жылога квартала каля школы №8, якія да пазітыўных вынікаў не правялі.

Фота: mogilev.media 

У Крычаве зачынілася адзіная кнігарня

У горадзе зачынілася кнігарня Магілёўсаюздрука, газетныя шапікі больш не працуюць, а таксама скарацілася колькасць бібліятэк у горадзе.

На сённяшні дзень у 24-тысячным Крычаве няма ніводнай крамы ці шапіка, дзе можна было б набыць газету альбо кнігу. Усе шапікі Магілёўсаюздрука зачыніліся яшчэ летась увесну. Тады ж перастала працаваць адзіная кніжная крама ў горадзе – Магілёўсаюздрука.

Будынак былой кніжнай крамы на сённяшні дзень пустуе. Газетныя шапікі і кнігарня зачыніліся, затое горад масава апанавалі “табакеркі”, пра што раней пісалі mogilev.media.

Скарацілася і колькасць гарадскіх бібліятэк, якіх цяпер налічваецца ў Крычаве чатыры. Невялікая бібліятэка, што знаходзілася па вуліцы Гогаля (злучаецца з гарадскім паркам на тэрыторыі мікрараёна Сож), была пятай. Яна размяшчалася ў былым будынку некалі культавай відэатэкі, і цяпер зачыненая. Кнігі з гэтай невялікай бібліятэчкі былі перавезены ў бібліятэку №1 Крычава, а сам цагляны будынак ніяк не выкарыстоўваецца. 

Фота: mogilev.media

Пад Крычавам мужчына забіў сужыцельку падчас застолля, святкуючы выхад з турмы

У турму мужчыну саджалі за нанясенне цяжкіх траўм і пагрозу забойствам той жа сужыцельніцы.

61-гадовы жыхар аграгарадка Батвінаўка Крычаўскага раёна выйшаў з турмы пасля адсідкі за прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў і пагрозу забойствам сужыцельніцы. Жанчына сустрэла свайго каханага чалавека застоллем, набыўшы закуску і спіртное – паведамляе Следчы камітэт. 

Падчас святочнага застолля пара пасварылася, адбылася бойка, падчас якой мужчына ўдарыў жанчыну па твары. У адказ тая схапілася за нож. 

Мужчына забраў нож і ў час змагання з жанчынай нанес ёй як мінімум пяць нажавых раненняў у рукі. Як потым высветлілася, яны былі смяротнымі з-за разрыву артэрый Мужчына ж пасля бойкі лёг спаць. Назаўтра ён знайшоў жанчыну нежывой, у лужыне крыві. Жыхар аграгарадка сам папрасіў суседзяў выклікаць міліцыю. Ён затрыманы.

Фота: Следчы камітэт Беларусі

Спартыўны комплекс у Крычаве пераплаціў камунальнікам 650 тысяч рублёў, заведзена справа

Кантралёрамі камітэта дзяржкантроля Магілёўскай вобласці было ўстаноўлена, што Крычаўскім фізкультурна-аздараўляльным комплексам на працягу некалькіх гадоў аплачваліся завышаныя больш чым у два разы рахункі, якія прад’яўляліся яму за паслугі цеплазабеспячэння мясцовым камунальным прадпрыемствам «Камунальнік».

Як паведамляюць у абласным ведамстве, па выніках праверкі было выяўлена больш за 650 тысяч рублёў сродкаў, якія незаконна атрымлівала жыллёва-камунальная структура «Камунальнік».   

Прычынамі правапарушэння з’яўляюцца адсутнасць належнага кантролю за цеплавой энергіяй, якую спажываў Крычаўскі фізкультурна-аздараўляльны комплекс, а таксама ўтойванне камунальнікамі расходу паліва на кацельні і аб’ёмаў фактычнай яе вытворчасці.

Па матэрыялах гэтай праверкі следчымі органамі ў дачыненні да службовых асоб камунальнага прадпрыемства Крычава ўзбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае.

У Крычаве зруйнавалі маслазавод

Былы крычаўскі маслазавод ператварыўся ў горы смецця, усе завадскія будынкі знішчаны

Усе будынкі маслазавода на сённяшні момант зруйнаваны, а гэта – галоўны адміністрацыйны будынак, пост аховы, вытворчыя і складскія памяшканні. Тэрыторыя былога маслазавода агароджана, ад завадскога комплекса засталося толькі куча будаўнічага смецця, якое разграбаецца экскаватарам і вывозіцца грузавымі машынамі. 

Нагадаем, што працы па знішчэнні прамысловай зоны былога маслазавода пачаліся яшчэ летась, у кастрычніку. Спачатку былі зруйнаваны толькі некаторыя склады. Актывізавалася праца ўжо ў лістападзе, калі была разламана і знішчана большая частка працоўных памяшканняў. 

Горад згубіў пэўную турыстычную адметнасць – нестандартна спалучаныя кампазіцыя-эмблема з найменнем горада і выявай палаца Пацёмкіна-Галынскіх у блакітна-белых колерах на фоне складскіх памяшканняў і ваданапорная вежа маслазавода, а таксама бетонная агароджны бела-блакітнай расфарбоўкі прыкоўвалі ўвагу гасцей Крычава. 

Крычаўскія чыноўнікі і жыхары вёскі адстаялі магазін

Крычаўскаму чынавенству і мсціслаўскаму райпо ўдалося дасягнуць кампрамісу на карысць вяскоўцаў.

Яшчэ ў пачатку студзеня гэтага года мсціслаўскае спажывецкае таварыства хацела зачыніць сваю краму ў вёсцы Ермакоўка Крычаўскага раёна, аднак мясцовыя жыхары і крычаўскае чынавенства былі супраць такога рашэння – пісалі mogilev.media. Урэшце, праз месяц крычаўскім чыноўнікам, кіраўніцтву мсціслаўскага райпо і жыхарам вёскі Ермакоўка ўдалося дасягнуць кампрамісу. 

Сельская крама працягне сваю працу, бо яе закрыцця не жадаюць не толькі ермакоўцы, але і жыхары суседніх вёсак. Акрамя таго, для павелічэння рознічнага тавааабарота ў краме ўсталяваны тэрмінал для безнаяўных разлікаў па банкаўскіх картках, а гэта значыць што ўзровень паслугаў вясковай крамы палепшыўся. Тым больш што сельская крама знаходзіцца недалёка ад ажыўленай трасы.     

Фота ілюстратыўнае.

Пенсіянерку шпіталізавалі пад Крычавам – распальвала печку бензінам

У вёсцы Бель-1 Крычаўскага раёна 62-гадовая пенсіянерка спрабавала растапіць печку, лінуўшы бензіну. Ад успышкі лёгкаўзгаральных пароў яна атрымала апёкі 15% цела. У момант здарэння ў доме знаходзіўся сын пацярпелай, які загасіў на жанчыне вопратку і выклікаў медыкаў. Жанчына шпіталізаваная – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае.

Крычаўская цацка-свістулька ўключана ў Дзяржаўны спіс каштоўнасцей Беларусі

Пастановай Міністэрства культуры статус гісторыка-культурнай каштоўнасці быў нададзены тэхналогіі вырабу і традыцыйным вобразам гліняных народных цацак-свістулек Магілёўскага Падняпроўя ў Крычаве і Магілёве. Гэты элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны цяпер уключаны ў Дзяржаўны спіс каштоўнасцей Беларусі.

Яшчэ напрыканцы 2022 года на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, якое адбылося ў Міністэрстве культуры, было прынята рашэнне аб неабходнасці надання статусу гісторыка гісторыка-культурнай каштоўнасці тэхналогіі вырабу і традыцыйным вобразам гліняных народных цацак-свістулек Магілёўскага Падняпроўя.

Як адзначае гісторык і археолаг Андрэй Мяцельскі, толькі на Крычаўшчыне выраблялася цацка-свістулька “Крычаўскі конь”. Гэта архаічны выраб, які складаецца з галавы каня і тулава качкі (яе яшчэ называюць “качка-конь”), што з’яўляецца брэндам Крычава і сімвалам рэгіянальнага фестывалю “Крычаўскі канёк”.  Дарэчы, доўгі час адраджэннем падняпроўскай цацкі і вывучэннем традыцыі вырабу займаўся народны майстар Беларусі і кіраўнік студыі “Свістулька” Вячаслаў Якавенка.

На цяперашні час старадаўную народную традыцыю спасцігаюць удзельнікі студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Свістулька” з Крычава і аб’яднання па інтарэсах магілёўскай школы № 44 “Чароўная гліна”. Яны вучацца не толькі правільна выляпляць з гліны цацкі-свістулькі, але і свістаць у іх. 

Нагадаем, што на тэрыторыі Магілёўскай вобласці ўсяго 17 элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Фота з адкрытых крыніц