Што ў Крычаве з помнікамі архітэктуры – адзін аднавілі, астатняе разбурылі

Адрэстаўравалі толькі палац Пацёмкіна-Галынскіх, і на гэтым клопат пра спадчыну палічылі завершаным. Стайні палаца, вінакурню, піўзавод знішчылі, плябанія ў занядбаным стане

Лёс крычаўскай архітэктурнай спадчыны яскрава сведчыць нам пра ўменне мясцовых чыноўнікаў пускаць пыл у вочы. Мясцовыя вертыкаль і прэса гадамі ўсхваляюць на сваіх старонках рэстаўрацыю палаца Пацёмкіна-Галынскіх – архітэктурнай перліны горада. Аднак гэта адзіны аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны ў старадаўнім Крычаве, які быў адноўлены ў часы незалежнай Беларусі. Што ж да астатняй архітэктурнай спадчыны горада, то яна як быццам бы ўжо і не патрэбная і нават лішняя. 

Што да палаца – ён быў пабудаваны на працягу 1778-1787 гг. па праекце Івана Старова ў стылі класіцызму, аднак змяніў архітэктурны выгляд пры Галынскіх.

У 1980-х гадах пачаліся работы па рэстаўрацыі палаца, але з-за недахопу фінансавання помнік быў закансерваваны на дваццаць год. Урэшце ў 2003 годзе будынак быў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. З гэтага часу пачалося аднаўленне і рэстаўрацыя аб’екта гісторыка-культурнай спадчыны, якое было завершана ў 2008 годзе. У гэты ж час у помнік архітэктуры пераехаў мясцовы краязнаўчы музей. Дарэчы, на сайце мясцовага райвыканкама можна прачытаць змястоўны матэрыял, прысвечаны падрабязнай гісторыі эклектычнага помніка і сучаснай музейнай экспазіцыі, што ў ім знаходзіцца. 

І гэта адзіны станоўчы прыклад. У той жа самы час страчаных і занядбаных гістарычных аб’ектаў у Крычаве – процьма. Яскравы прыклад, акрамя самога палаца Пацёмкіна-Галынскіх побач з ім захаванымі доўгі час заставаліся стайні, якія былі часткай палацава-паркавага комплексу.  Падчас рэстаўрацыі палаца ўнікальная гаспадарчая пабудова канца XVIII стагоддзя была практычна знішчана, засталіся толькі падмуркі, аб чым пісалі mogilev.media. Падмуркі ад былых стайняў, якія непасрэдным чынам адносіліся да палацава-паркавага комплексу, цяпер знаходзяцца за жалезным плотам музейнай тэрыторыі ў разбураным і занядбаным стане.

Пра стайні ў Крычаве зараз нагадвае толькі банер з выявай дваранскай карэты з рамізнікам на фоне палаца Пацёмкіна-Галынскіх. Выглядае такі банэр як сапраўдны здзек над знішчанай ўнікальнай гаспадарчай пабудовай.

Будынак вінакурні таксама аказаўся знішчаным. Узведзены ён быў яшчэ напрыканцы XVIII стагоддзя. Першы яго ўладальнік – «святлейшы» князь Рыгор Пацёмкін, які наладзіў там скураную вытворчасць. Але неўзабаве ўладальнікам стаў мясцовы шляхціц Іван Галынскі. Менавіта ён перапрафіляваў вытворчасць і наладзіў выпуск спірту. З канца XVIII стагоддзя і ажно да 1940-х гадоў у гэтым будынку была размешчана вінакурня, а пазней спіртзавод.

З пасляваеннага часу – піўны завод. Пасля таго, як напрыканцы 1990-х піўзавод быў закрыты мясцовымі ўладамі, будынак знаходзіўся ў занядбаным стане. Рэстаўрацыі гэтага цікавага помніка прамысловай архітэктуры, на вялікі жаль, так і не адбылася.

Гэты помнік прамысловай гісторыі Крычаў страціў назаўжды, бо на пачатку 2020 года яго зруйнавалі. Цяпер на месцы былой вінакурні знаходзяцца некалькі пагоркаў з будаўнічым смеццем, кавалкі сценаў са старой чырвонай цэглы, а таксама не да канца зруйнаваныя падмуркі, пра што паведамлялі mogilev.media.

У занядбаным стане на сённяшні дзень знаходзіцца будынак былой плябаніі. Нягледзячы на тое, што за савецкім часам яе перабудавалі ў двухпавярховы будынак пошты, аднак ён і дагэтуль ўяўляе сабой гістарычную каштоўнасць. Плябанія – адзінае, што захавалася ад касцёльнага комплексу, хоць і не захавалася ў аўтэнтычным выглядзе. Цяпер будынак плябаніі-пошты закінуты, з выбітамі вокнамі і дзвярыма, аб чым таксама пісалі mogilev.media. 

Фота з адкрытых крыніц

Палац Пацёмкіна-Галынскіх ў Крычаве адзначае свой юбілей, а стайні так і застаюцца разбуранымі

Стайні знішчылі падчас рэстаўрацыі комплекса, а яны маглі б стаць турыстычнай разынкай.

Архітэктурная перліна Крычава палац Пацёмкіна-Галынскіх адзначае 235 год з часу будаўніцтва, якое цягнулася на працягу 1778-1787 гг. па праекце Івана Старова. Доўгі час помнік знаходзіўся ў стане кансервацыі, аднак у другой палове 2000-х пачалося яго аднаўленне. Гісторыка-культурная каштоўнасць была адрэстаўравана ў 2008 годзе і тады ж у помнік архітэктуры пераехаў мясцовы музей.

Славутасць Крычава пераважна называюць палацам Пацёмкіна, рэдка згадваючы прозвішча Галынскіх. На шыльдзе, якая змешчана на сённяшнім палацы-музеі і пазначае назву аб’екта адзначана толькі “Палац Пацёмкіна”. У той час як гістарычна правільна і справядліва архітэктурную славутасць Крычава называць палацам Пацёмкіна-Галынскіх. 

Першапачаткова палац з садова-паркавым комплексам быў пабудаваны ў стылі класіцызма і з’яўляўся рэзідэнцыяй Пацёмкіна на далучаных землях былой Рэчы Паспалітай. Аднак праз дзясятак год Пацёмкін прадае свае ўладанні мясцоваму шляхцічу Яну Галынскаму. Такім чынам, з канца XVIII стагоддзя і па 1917 год палац належыў роду Галынскіх. 

Менавіта пры Галынскіх помнік архітэктуры зазнаў уплыў псеўдагатычнага стылю. Відавочна, што палац – гэта спадчына горада, якая засталася як ад расійскага князя Пацёмкіна, так і ад мясцовага шляхецкага рода Галынскіх, што праяўляецца ў эклектычным стылі гістарычнага помніка.  

Балючае пытанне што да захаванасці палацавага комплекса, гэта зруйнаваныя стайні – ўнікальная гаспадарчая пабудова канца XVIII стагоддзя. Падчас рэстаўрацыі палаца стайні практычна знішчылі, пакінуўшы толькі падмуркі. Нават пасля знішчэння існаваў праект па іх адбудове і размяшчэнні там коней. Для наведвальнікаў музейнага комплексу і асабліва замежных турыстаў, стайні былі б разынкай культурнай установы, што прыцягнула б  немалую колькасць падарожнікаў. Аднак праект так і застаўся на паперы, добрая і крэатыўная ідэя не была рэалізаваная. 

Фота: mogilev.media

Падмуркі ад былых стайняў, якія непасрэдным чынам адносіліся да палацава-паркавага комплексу, цяпер знаходзяцца за жалезным плотам музейнай тэрыторыі ў разбураным і занядбаным стане.

Фота: radzima.org