На “Белшыне” затрымалі галоўнага метролага?

Беларускія СМІ паведамляюць пра яшчэ адно гучнае затрыманне на бабруйскай “Белшыне”. Нібыта быў арыштаваны галоўны метролаг прадпрыемства. Верагодна, гаворка ідзе пра Ігара Маршына (на фота – справа).

Крыніцы аднаго з беларускіх выданняў паведамляюць, што адбылося затрыманне падчас дачы хабару. Нібыта прычынай затрымання стала прыватная фірма, якая “рамантавала прыборы ў абыход “Белшыны””. Што гэта за прыватная фірма і каму яна належыць, невядома.

На самім прадпрыемстве журналістам так пракаментавалі сітуацыю:

– Вы з ім не звяжацеся, яго пакуль не будзе. – сказалі на “Белшыне” – Калі ён з’явіцца, цяжка сказаць. Я нават не адкажу вам на гэтае пытанне зараз.

На пытанне, што здарылася з галоўным метролагам, прама не адказалі, адзначыўшы, што “там пытанне сур’ёзнае”.

Фота: газета “Шыннік”

Смерці на вадаёмах — тапельцы на рэках і загадкавая гібель у Магілёве

Паводле інфармацыі абласнога асвода, за апошні час у Магілёўскай вобласці зафіксаваны чатыры выпадкі гібелі людзей на вадаёмах.

У Бабруйску на Бярэзіне быў знойдзены малады мужчына 1994 года нараджэння, які сышоў з дому яшчэ ў студзені гэтага года. У Магілёве на Дняпры было знойдзена цела мужчыны 1942 года нараджэння, а ў Глускім раёне ў сажалцы ўтапіўся мужчына 1963 года. 

Аднак самы загадкавы інцыдэнт адбыўся ў Магілёве, дзе першага траўня ў закапанай у зямлю двухсотлітровай бочцы была знойдзена жанчына 1959 года нараджэння. паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”.  

Адзначым, што ўсе тапельцы былі знойдзены ў адзенні. На дадзены момант абставіны гібелі людзей высвятляюцца.

Фота ілюстрацыйнае

Жыхарка Бабруйска цудам не паддалася тэлефонным махлярам – у яе проста не аказалася рахунку ў банку

Па аднаму з месенджараў бабруйчанцы Ларысе патэлефанавалі “супрацоўнікі службы бяяспекі аднаго з банкаў”. Яе папрасілі тэрмінова зрабіць фотаздымак пашпарта і сэлфі на фоне адной са старонак дакумента – нібыта неабходна абнавіць кліенцкую базу.

Нягледзячы на тое, што жанчына цудоўна ведала пра выпадкі тэлефоннага махлярства, упэўнены і буднічны голас суразмоўцы ўнушыў ёй поўны спакой. Яе не прасілі ўзяць крэдыт альбо перавесці грошы, а маніпуляцыі адносіліся толькі да дакумента і базы дадзеных Не сумняваючыся ў правільнасці сваіх дзеянняў, Ларыса тэрмінова зрабіла сканы неабходных старонак пашпарта, выслала ўсё што яе прасілі і дадаткова паставіла сабе “ахоўнае” прыкладанне AnyDesk (насамрэч ахоўным яно не з’яўляецца, а наадварот – дазваляе падлучыцца да выдаленага кампутара і кіраваць ім).

Праз некалькі хвілін пасля завяршэння размовы бабруйчанка апрытомнела – прыгадала, што не з’яўляецца кліентам банка, з якога ёй нібыта тэлефанавалі. Прыкладанне тут жа выдаліла, так што, на шчасце, ні крэдыту, ні мікразайму ад яе імя ўзяць не паспелі – піша “Камерцыйны кур’ер”.

Фота ілюстрацыйнае

Патанулі адразу два чалавекі за дзень – у Бабруйску, пад Глускам

Целы двух чалавек даставалі ратавальнікі Магілёўскай воббласці за дзень 29 красавіка – паведамляе прэс-служба МНС. У Бярэзіне ў Бабруйску патануў мужчына 1994 года нараджэння, беспрацоўны. Таксама беспрацоўны мужчына, 1963 года нараджэння патануў у вёсцы Карповічы Глускага раёна.

Фота ілюстрацыйнае.

Бабруйчанін уцёк з расійскай калоніі

Як перадаюць “Кубанскія навіны”, 41-гадовы жыхар Бабруйска Алег Калінаў самавольна пакінуў калонію-пасяленне ў горадзе Краснадары, дзе адбываў пакаранне за крадзёж. Ён быў асуджаны на 1 год і 8 месяцаў. Цяпер за ўцёкі з калоніі яму пагражае новы тэрмін да чатырох гадоў. 

Фота: “Кубанскія навіны”

Бабруйскі прагулачны цеплаход прадаюць з аўкцыёна

Цеплаход “Мара” на 120 чалавек пасажыраў пачынаючы з 2010 года прапаноўваў жыхарам горада на Бярэзіне водныя прагулкі. Звычайна сезон прагулак пачынаўся з мая месяца, аднак апошнія два гады з-за падзення ўзроўню вады яны прыпыніліся – піша бабруйскае выданне “Камерцыйны кур’ер”.

Цяпер жа ўласнік цеплахода, прадпрыемства “Магілёўаблвадаканал” размясціла аб’яву пра продаж карабля з аўкцыёна. Стартавы кошт – 308 382 рублі 45 капеек. Для ўдзелу ў гандлі неабходна ўнесці залогавую суму 61 600 рублёў.

Судна пабудавалі ў 1958 годзе, у Бабруйску яно знаходзіцца з 2010 года. Апошні раз у фармаце прагулачнага цеплахода «Мара» выходзіла на вялікую ваду ў 2021 годзе. Летась для яго падышоў тэрмін праходжання чарговага тэхнічнага агляду, без якога выхад на ваду немагчымы. Каб атрымаць допуск, новы ўласнік павінен будзе выканаць працы, неабходныя для бяспечнай навігацыі і эксплуатацыі.

Фота: komkur.info

 

Вакол Бабруйска адключаць тэлебачанне, але ўсяго на два дні

З 26 па 28 красавіка ў Бабруйску не будзе працаваць эфірнае тэлебаанне – паведамляе “Камерцыйны кур’ер”. Гэта звязана з працамі на радыётэлевізійнай станцыі ў Ясным Лесе. Бабруйская РТПС забяспечвае эфірным тэлебачаннем і радыёвяшчаннем некалькі раёнаў Магілёўскай і Гомельскай абласцей.

Бабруйчанка загінула на пажары, яе мужа знаёмая здолела выцягнуць з кватэры

Днём 20 красавіка трагедыя адбылася ў пяціпавярховым жылым доме па вуліцы Сямёнава ў Бабруйску. 73-гадовая гаспадыня дома знаходзілася на кухні і загінула падчас пажару. Яе 70-гадоваму мужу, які перамяшчаецца з цяжкасцю, пакінуць задымленую кватэру дапамагла знаёмая. Выратаваць гаспадыню яна ўжо не змагла з-за моцнага дыму і агню – паведамляе прэс-служба МНС. Прычыны пажару высвятляюцца.

Фота: МНС

На продаж выстаўлены Бабруйскі скураны камбінат

На рэспубліканскай гандлёвай інтэрнэт-пляцоўцы з’явілася аб’ява аб продажы Бабруйскага гарбарнага камбіната. Згодна з апублікаванай інфармацыяй, прадпрыемства прадаецца адзіным маёмасным комплексам.

Як распавялі выданню «Камерцыйны кур’ер» у кампаніі«Індустрыя інавацый», што выставіла лот, стартавы кошт прадпрыемства складае 25 мільёнаў 582 тысячы рублёў. Заяўкі прымаюцца да 28 красавіка, самі таргі прызначаны на 2 траўня.

Зараз камбінат знаходзіцца ў працэдуры санацыі, пасля таго як у сярэдзіне 2021 года эканамічны суд Магілёўскай вобласці распачаў справу аб яго эканамічнай неплацежаздольнасці – да перадбанкрутнага стану суб’ект гаспадарання прывёў доўг амаль у 24 мільёны рублёў.

Фота: komkur.info

Збіў знаёмую да смерці за гучную музыку – бабруйчаніну далі 17 гадоў

Вынесены прысуд 38-гадоваму жыхару Бабруйска, які ў гневе забіў да смерці сваю знаёмую. Трагедыя адбылася 10 жніўня 2022 года – нецвярозы мужчына быў незадаволены, што жанчына гучна слухала музыку і нанёс ёй рукамі, нагамі а таксама пустой шкляной банкай не менш за 33 удары. Ад траўм жанчына памерла. 

На судзе абвінавачаны прызнаў сваю віну толькі часткова – згадзіўся, што пад алкаголем ён здольны на агрэсіўныя і некантраляваныя паводзіны, але засумняваўся, што нанёс настолькі шмат удараў.

Бабруйчаніну прызначана пакаранне ў 17 гадоў няволі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Адначасова суд спагнаў з мужчыны на карысць дачкі загінулай грашовую кампенсацыю маральнай шкоды ў 100 тысяч рублёў – паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”.

Фота ілюстрацыйнае.