Браканьер на Чыгірынцы злавіў пад 300 асобін рыбы і ракаў і трапіў пад крыміналку

На Чыгірынскім водасховішчы Бабруйскай прыродаахоўнай інспекцыяй быў затрыманы мужчына, які на 12 ракаловак вылавіў больш за 240 рыбін і 55 ракаў. Асобна трэба адзначыць, што гэта адбылося падчас нерасту, калі лавіць рыбу можна толькі на адну вуду з берага.

Шкода, прычыненая навакольнаму асяроддзю, ацэньваецца ў 513 базавых велічынь, гэта каля 19 000 рублёў. Цяпер мужчыне пагражае крымінальная адказнасць па ч.4 артыкула 281 Крымінальнаа кодэкса – піша “Камерцыйны кур’ер”.

Фота: komkur.info

Дзень памяці ахвяр Халакосту і герояў супраціву адзначылі ў Бабруйску

У бабруйскай сінагозе ўзгадалі ахвяр Халакоста. Чытачы mogilev.media падзяліліся сваімі фота з вечарыны. 

12 красавіка 1951 года Кнэсет прыняў рэзалюцыю аб абвяшчэнні 27-га чысла месяца нісан «Днём памяці Катастрофы і гераізму». Гэта 6-ы дзень пасля заканчэння свята Песах і тыдзень перад Ём Ха-Зікарон і Днём Незалежнасці. Блізкасць гэтых дат сімвалізуе шлях яўрэйскага народа да адраджэння дзяржавы. Сёлета дзень памяці прыпаў на 18 красавіка.

У некаторых сінагогах праходзіць асаблівая служба. Звычайна запальваюць шэсць мемарыяльных свечак – у памяць аб 6 мільёнах загінуўшых падчас Катастрофы еўрапейскага яўрэйства – і вымаўляецца памінальная малітва Ізкор.

У гэты дзень яўрэі моляцца аб тым, каб часы гібелі і жаху ніколі не паўтарыліся.

На Магілёўшчыну прыйшла сапраўдная вясна, гарады атрымалі першае зялёнае ўбранне – фота

На праваслаўную Пасху ў паўднёвых раёнах вобласці заквітнелі вольха – яна квітнее раней за з’яўленне лісця – амела, асіна, ляшчына, у гарадах, Магілёве, Бабруйску з’явіліся лісточкі ў фарзіцыі, вярбы, бярозы, каштана, па сонечных схілах з’явіліся кветачкі ў падбела, які яшчэ называюць маць-і-мачахай.

Нашы чытачы з вялікай ахвотай і задавальненнем дзеляцца сваімі фотаздымкамі папрыгажэўшых гарадоў. 

Фарзіцыя. Магілёў.

Каштаны выкінулі лісточкі

Зялёная прыгажосць у цэнтры Бабруйска

Фота mogilev.media

Бабруйскі кіроўца не прапусціў матацыкліста, той у рэанімацыі

14 красвіка ўвечары на вуліцы Гогаля ў Бабруйску 38-гадовы вадзіцель аўтамабіля Citroen выяжджаў з дваравой тэрыторыі, не заўважыў 65-гадовага мужчыну на мапедзе на галоўнай дарозе і не даў яму перавагі. У выніку сутыкнення матацыкліст атрымаў траўмы і быў дастаўлены ў рэанімацыю – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. 

Фота: УУС

Бярэзіна ў Бабруйску паднялася вышэй за небяспечна высокую адзнаку

У бліжэйшыя дні на Прыпяці, у ніжнім цячэнні Дняпра, Бярэзіны і Сожа рост узроўняў вады вясновай паводкі захаваецца – паведамляе Белгідрамет. На астатніх рэках ужо адбываецца спад узроўняў вады, у першую чаргу на Заходняй Дзвіне. На прытоку Сожа рацэ Віхра каля г. Мсціслаў вада хутка ўвойдзе ў рэчышча.

Сярод населеных пунктаў Магілёўскай вобласці вада перавышае небяспечна высокую адзнаку толькі ў Бабруйску.

Фота: “Вячэрні Бабруйск”.

Пенсіянер пад Бабруйскам абгарэў, ратуючы сваю машыну ад пажару

8 красавіка ў вёсц Ломы Бабруйскага раёна ў прыватнай гаспадарцы па Бабруйскім завулку адбыўся пажар – загарэлася драўляная пабудова з лазняй, жылым памяшканнем і гаражом. 73-гадовы гаспадар дома, спрабуючы выратаваць ад агня свой “Volkswagen Passat B-4” 1994 года выпуска сам атрымаў апёкі і быў шпіталізаваны. Машына згарэла. Меркаваная прычына пажару – няправільная эксплуатацыя печкі – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

Бабруйская бабёраманія – бабры засяляюць горад. Нядзельны фотарэпартаж

Бабёр стаў візіткай і брэндам горада, а бабры засялілі вуліцы, плошчы, аркі і крамы горада так шчыльна, што гараджанам ужо становіцца цесна ў горадзе.

Назва Бабруйска пайшла ад рэчкі Бабруйкі, якая ўпадае ў Беразіну ў межах горада. А назва Бабруйка, як мяркуецца, пайшла ад баброў, якія жылі на яе берагах. Таму нядзіўна, што выява бабра эксплуатуецца і бізнесам і ўладамі горада. 

Яшчэ некалькі гадоў таму бронзавы Самуілавіч ля рынку быў ледзь не адзіным сімвалам горада. Яго паміналі ўсе турыстычныя даведнікі. Асобныя кропкі на ягонай фігуры дапамагаюць у грашовых справах, а іншыя, як даказваюць на сваім прыкладзе прадаўцы сувеніраў, дапамагаюць і ў сексуальным жыцці. 

Затым з’явіўся вальяжны прайдоха, які заманьвае ў бабруйскія кавярні. 

Цяпер вялізны бабёр пужае дзетак у арцы на Сацыялістычнай 95. 

“Красны пішчавік” вырабіў чырвонага рэвалюцыйнага бабра. 

Самыя папулярныя сувеніры – таксама бабры.  

Нядзіўна, што бабры сталі адным з важных экспанатаў мясцовага музея. 

Як бачым, у паўднёвай сталіцы Магілёўшчыны імкліва пашыраецца бабёраманія. Бабры тут паўсюль. Ці застанецца ў Бабруйску месца для людзей, або берагі Бабруйкі ізноў заселяць бабры – пакажа будычыня.  

Паводка на многіх рэках Магілёўшчыны б’е рэкорды дзесяцігоддзя. Уражвае Бярэзіна

Статыстыка паводкі на Бярэзіне ўражвае. 6 красавіка ўзровень вады ў Бярэзіне склаў 304 cм над нулём Бабруйскага гідрапоста – паведамляе “Вячэрні Бабруйск”. 

За мінулыя 24 гадзіны вада ўзнялася на 9 см і не імкнецца да істотнага паніжэння.

За ўсю гісторыю назіранняў у ХХІ стагоддзі самы высокі ўзровень у Бярэзіне быў зафіксаваны ў 2010 годзе. Тады вада дасягнула адзнакі 364 см. Тую паводку добра запомнілі жыхары Бабруйскіх прадмесцяў Зялёнкі і Цітоўкі, якім давялося перамяшчацца да сваіх дамоў на лодках і ваенных амфібіях.

Фотафакт: Падтапленне прыватнага сектара Бабруйска. Правы бераг Бярэзіны, каля Рагачоўскага моста і Бабруйскай крэпасці. 

Вада па вуліцы Урыцкага.

Разліў каля Рагачоўскага моста, які знаходзіцца на рэканструкцыі

Падтапленне левага берага, мікрараён Цітаўка

Фота: mogilev.media

Раскрыта таямніца знакамітай бабруйскай воданапорнай вежы

Даследчыкаў і краязнаўцаў доўгі час турбавала пытанне пра час будаўніцтва і архітэктурны стыль былой воданапорнай вежы ў Бабруйску. Гісторык Сяргей Марціновіч знайшоў даваенную публікацыю,  якая адказала на ўсе пытанні.

Публікацыя ў газеце “Звязда” ад 8 кастрычніка 1927 года мела загаловак “У Бабруйску будуецца вадаправод”. “Яшчэ здаўна абгаворвалася пытаньне аб пабудове ў Бабруйску вадаправоду. Але яно практычна вырашаецца толькі цяпер. Нельга было насельніцтву далей ужываць нездаровую ваду з рэчкі і брудных калодзежаў… – гаворыцца ў публікацыі – Ужо закончана пабудова вежы, пастаўлены бак, які зьмяшчае 20.000 вёдзер вады”.

Такім чынам, сталі дакладна вядомы як час пабудовы воданапорнай вежы, так і час запуску ў Бабруйску цэнтралізаванага водаправоду.

“Пацвердзіліся звесткі, што знакамітая бабруйская “чырвоная” вадацяжная вежа мае міжваеннае паходжанне – каментуюць знаходку аўтары Тэлеграм-каанала Aktahon – 

Атрымліваецца, што гэтая вежа – адзін з першых узораў міжваеннай прамысловай архітэктуры ў Беларусі з рысамі, пераходнымі ад мадэрну да канструктывізму, бо адкрытая чырвоная цэгла была характэрная для дарэвалюцыйных пабудоў такога кшталту, а прастата і “сечанасць” формаў – гэта ўжо нешта ад класічнага канструктывізму.”

Зараз былая воданапорная вежа ў Бабруйску выкарыстоўваецца ў якасці рэстарана і з’яўляецца адной з архітэктурных знакамітасцяў горада.

Фота: holiday.by

З поўнай машынай людзей, з дзецьмі катаўся п’яны жыхар Бабруйска

Калі нарад ДПС затрымаў 33-гадовага жыхара Бабруйска па падазрэнні ў нецвярозым ваджэнні, у яго машыне аказалася яшчэ некалькі чалавек – двое дарослых, двое дзетак. Асведчанне паказала ў мужчыны 1,77 праміле алкаголя ў крыві – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Фота: УУС