Амаль усе тутэйшыя арэндныя кватэры працяглы час пустуюць, бо маюць непрымальны стан.
Часткова разбураныя сцены і дах
92 працэнты ад агульнай колькасці свабодных жылых памяшканняў не адпавядае ўстаноўленым для пражывання патрабаванням, піша інфармагенцтва Белта, спасылаючыся на вынікі праверкі бабруйскай пракуратуры арэнднага жылля.
Апроч нездавальняльнага тэхнічнага стану ў шэрагу кватэр адсутнічалі цэнтральнае ацяпленне і водазабеспячэнне. У некаторых жылых памяшканнях былі часткова разбураныя сцены і дах, адзначаецца ў публікацыі.
У вызваленых кватэрах больш за 6 месяцаў наймадаўцы не рупіліся прыбраць іх.
Праведзены аналіз стану разлікаў за арандаванае жыллё і жыллёва-камунальныя паслугі сведчаць аб масавым парушэнні наймальнікамі тэрмінаў аплаты, паведамляе Белта.
Да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнутыя 10 службоўцаў жыллёва-камунальнай арганізацыі. Чыноўнік гарвыканкаму, які адказваў за працу з арэндным жыллём звольнены.
Так выглядае праезная частка аднаго з падворкаў у магілёўскім мікрараёне «Юбілейны». Аўтаўладальнікі закладаюць цэглай выбоіны, каб уратаваць падвескі сваіх машын. На дапамогу дарожнікаў, кажуць яны, даўно махнулі рукой. Не дачакацца!
Між тым у лютым мясцовае дарожна-маставое прадпрыемства рапартавала, што возьмецца за ямачны рамонт магілёўскіх дарог як дазволіць надвор’е. Для гэтага, паводле кіраўніка прадпрыемства Мікалая Харца, было падрыхтавана 700 тон шчэбеню і 20 тон бітуму.
У паведамленні, аднак, не ўдакладнялася, ці прадугледжаны такі рамонт дарог у падворках. Гаворка, як вынікала, тычылася наагул магілёўскіх дарог.
Дарэчы, паводле жыхароў «Юбілейнага», адна з праезных частках на вуліцы Каралёва пасля кожнай залевы пераўтвараецца ў «мора». Тутэйшыя жартуюць, што лужына становіцца мыйняй для машын. «Мора» адпампоўваюць камунальнікі. На фота зафіксавана праезная частка пасля апошняй залевы.
23 (або 25) мая 1173 года ў Ерусаліме памерла Еўфрасіння Полацкая (1104-1173), полацкая князёўна і ігумення, прылічаная да святых, асветніца і апякунка Беларусі праваслаўнымі і грэка-каталікамі, першая ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе падарожніца. У паломніцтва ў 1167 г. ішла па Дняпру, праходзіла месца, дзе зараз стаіць Магілёў. У 1187 г. яе мошчы былі перанесены з Ерусаліму ў Кіева-Пячорскую лаўру. У 1910 г. пры вяртанні машчэй з Кіева ў Полацк, рака з парэшткамі святой стаяла тры дні ў Іосіфаўскім саборы. 5 чэрвеня – Дзень Св. Еўфрасінні.
23 мая 1946 года памёр Кастусь Езавітаў (1893-1946), беларускі палітычны, грамадскі і ваенны дзеяч, ваенны міністр БНР. Загінуў у мінскай турме НКУС.
23 мая 1954 года нарадзіўся Алесь Грудзіна, грамадскі дзеяч са Шклова, краязнавец.
23 мая 1990 года на вайсковай базе «Лясная» у Баранавіцкім раёне ліквідавалі апошнюю балістычную ракету тыпу Р-12 (СС-4) з Пружан. Гэта адбылося ў межах дамоўленнасцяў 1987 г. паміж СССР і ЗША. У Беларусі былі знішчаны ўсе ракеты с дальнасцю 500-5500 км. Пасля развалу СССР Беларусь была 8-ай краінай у свеце па запасам ядзернага ўзбраення: 1120 ядзерных боезапасаў на ўзбраенні 180 часцей агульнай колькасцю 40 тыс. чалавек.
23 мая 1992 года закладзены і асвечаны архібіскупам Максімам першы камень падмурак новай будучай магілёўскай ратушы. 11 верасня 1953 г. Магілёўскі гарвыканкам абвесціў будынак ратушы (1696 г.) помнікам архітэктуры, а ў ліпені 1957 быў узарваны. Да рэальнага аднаўлення будынку прыступілі толькі ў 2007 г. і ў дзень гораду ў 2008 г. адбылося адкрыццё ратушы.
23 мая 1992 года ў Лісабоне Беларусь, ЗША, Расія, Казахстан і Украіна падпісалі пратакол да дамовы START 1 (аб скарачэнні стратэгічных наступальных узбраенняў). Паводле пратаколу, уся ядзерная зброя Беларусі, Казахстану і Украіны падлягала знішчэнню альбо перадачы пад кантроль Расіі.
23 мая 1987 года памёр ураджэнец в. Гарадзец Быхаўскага раёну Канстанцін Лукашоў (1907–1987), заснавальнік Беларускага геаграфічнага таварыства (1954) і яго прэзідэнт (1957–1960), акадэмік, віцэ-прэзідэнт АН БССР, рэктар БДУ (1956–1969), дырэктар Інстытуту геалагічных навук. Акрамя таго, ён у 24 гады стаў загадчыкам кафедры, у 25– дэканам, потым – рэктарам Ленінградскага ўніверсітэту. Пад час вайны прадстаўляў СССР у ЗША, дзе адказваў за набыццё па «Ленд–Лізу» бранятэхнікі, самалётаў, узбраення.
23 мая 1996 года пад Баранавічамі разбіўся Су-27 ВПС Беларусі. Загінуў падпалкоўнік і начальнік баранавіцкай базы Уладзімер Карват (1958-1996), якога пазней пасмяротна стаў першым Героем Беларусі.
Пішам пра адметныя мясціны Магілёўшчыны. Наведаемся на Слаўгарадчыну. За 2,5 кіламетры ад райцэнтру ёсць мясціна, якая збірае тысячы паломнікаў. Гаворка пра Блакітную крыніцу. Мы сабралі праўдзівае і выдуманае пра яе.
Старажытнае капішча радзімічаў
– Акрамя агульна прынятай назвы «Блакітная крыніца». Яе называюць яшчэ «Сіні калодзеж», «Сіняя студня».
– Блакітная крыніца, унікальны для Ўсходне-Еўрапейскай раўніны прыродны феномен. Вада ў крыніцы блакітна-бірузовага колеру з высокім утрыманнем фтору і крэмнію, з 180,6 мг/л раствораных рэчываў.
– Сакральнае месца радзімічаў, тут было старажытнае капішча. Паводле легенды, у крыніцы ў 988 годзе прынялі хрышчэнне радзімічы.
– З прыходам хрысціянства яе асвяцілі. Побач з ёю ўзведзеная царква. 14 жніўня, на праваслаўны Макавей, тут ладзяцца малебны. На свята збіраецца тысячы паломнікаў.
Крынічная вада валодае высокімі пітнымі якасцямі
– Крыніца ўяўляе сабой натуральную студню – вертыкальную шахту 150-200 м глыбінёй, з якой штосекундна з крэйдавай тоўшчы выліваецца 60 літраў вады. У старажытныя часы вада тут біла слупам вышынёй з чалавека.
– Вада ў крыніцы лічыцца гаючай і валодае высокімі пітнымі якасцямі. Існуе павер’е: калі акунуцца ў яе і перайсці тройчы ручай, які выцякае з яе, то хваробы адступяць на год. Вада круглы год мае тэмпературу каля 4 C.
– Гліну з дна крыніцы выносіць катэгарычна забаронена. Навукоўцы даказалі, што яна хвароб не лечыць.
Мясціна, дзе крыніца, зведала радыяцыйнае забруджванне
– У 1985 годзе крыніца абвешчаная гідралагічным помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. На Магілёўшчыне 14 помнікаў прыроды і толькі два – гідралагічныя. Акрамя Блакітнай, яшчэ ў Магілёве Палыкавіцкая.
– У 1986 годзе мясціны, дзе крыніца, як і 37% Магілёўшчыны, былі забруджаныя радыенуклідамі. Цяпер тут зона забруджвання 5-15 кюры па цэзію 137. Навуковыя даследаванні цвердзяць, што радыеактыўнае забруджванне мясціны не адбілася на якасці, чысціні, хімічным складзе, крынічнай вады.
Сонечныя батарэі і гандаль сувенірамі
– Блакітная крыніца ўключана ў склад агратурыстычных кластараў «Сырная краіна», «Край жыватворных крыніц».
– З крыніцы выцякае ручай Галуба, які праз некалькі кіламетраў упадае ў раку Сож.
– Ля крыніцы на працягу турыстычнага сезону гандлююць сувенірамі, мёдам, сырам, ласункамі, іншай прадукцыяй мясцовай саматужнай вытворчасці.
– Тут усталяваныя сонечныя батарэі для патрэб адпачываючых і гандлёвых кропак.
22 мая – Сусветны дзень скрыпкі (World Fiddle Day).
22 мая – Дзень нараджэння тэхналогіі «Ethernet».
22 мая – Сусветны дзень гарадскіх фермераў (World Urban Farmers Day).
22 мая – Міжнародны дзень біялагічнай разнастайнасці (International Day for Biological Diversity). Свята было заснавана Генеральнай Асамблеяй ААН у 1995 годзе.
22 мая – Сусветны дзень гота (World Goth Day).
22 мая – Міжнародны дзень памяці памерлых ад СНІДу (трэцяя нядзеля мая, з 1983 г.).
22 мая 1501 года асвечаны Касцёл Святой Ганны ў Вільні.
22 мая 1863 года за падтрымку паўстання Каліноўскага ў Вільні расстраляны ксёндз Станіслаў Ішору (1838-1863). У 2003 годзе ў Лідзе ўсталяваная мемарыяльная шыльда, прысвечаная расстраляным у 1863 годзе ксяндзам.
22 мая 1928 года ў Вільні скончыўся суд над 56 сябрамі Беларускай сялянска-работніцкай грамады (заснавана ў 1925 году).
22 мая 1959 года ў Магілёве нарадзіўся Мікалай Яцкоў (псеўданімы: Адам Доман, Панас Прусак), беларускі паэт, публіцыст, кампазытар-песеннік, дырэктар Брылёўскага Дома культуры, Сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Аўтар 1300 песень на вершы беларускіх паэтаў, аўтар музыкі афіцыйна зацверджаных гімнаў Магілёва (у суаўтарстве з А. Шлеянковым) і Слаўгарада (у суаўтарстве з Ф. Шкірманковым).
22 мая 1962 года ў пасёлку Сосны пад Мінскам запусцілі першы ў Беларусі атамны рэактар.
22 мая 1964 года ў Воршы нарадзіўся магілёўскі гісторык Ігар Пушкін, кандыдат гістарычных навук, дацэнт.
22 мая 2004 года ў Вільні адкрыта мемарыяльная дошка Наталі Арсенневай (1903-1997), беларускай паэтцы, перакладчыцы. У 2003 г. у яе гонар усталяваны помнік у горадзе Старыя Дарогі.
Музей гісторыі Магілёва запрасіў дудароў на «Ноч музеяў», а тыя са згоды супрацоўнікаў аматараў беларускіх народных танцаў. Наведнікі кажуць, што было крута. Музей гісторыі Магілёва месціцца ў ратушы.
Музыкі расказалі пра беларускую дуду, якую недасведчаны беларус аддае ірландцам. Але ў іх свая валынка, а беларусы спрадвеку гралі на сваёй дудзе.
Аматары танцаў апавялі пра асаблівасці беларускіх скокаў і зладзілі заняткі для наведнікаў музейнай імпрэзы.
Пажылыя магілёўцы памятаюць як у маладосці на вячорках бавілі час у скоках. У музеі ж згадалі маладыя гады і з задавальненнем танцавалі з цяперашняй моладдзю. Вядома ж павучаючы яе.
Чытачы выдання даслалі фотаздымкі Магілёва з прыкметамі яго беларускасці.
Магілёўцы адзначаюць, што апошнім часам паменела беларускай мовы ў вонкавым афармленні гораду. Па іх словах больш не з’яўляецца новых білбордаў з заклікамі пашыраць ужыванне нацыянальнай мовы беларусаў.Тое, што засталося нагадвае пра мінулую «эпоху» цяплейшага стаўлення ўладаў да беларускасці.
Беларускамоўная грамада гораду з настальгіяй згадвае, калі мясцовы аблвыканкам прапаноўваў адміністрацыі Лукашэнкі абвясціць 2010 год – годам роднай мовы. Ініцыятыва не была падтрыманая, але магілёўскім чыноўнікам дазволілі распрацаваць паэтапную праграму папулярызацыі беларускай мовы.
У «фотаальбом «Магілёў. media» чытачы даслалі серыю здымкаў, на якіх, як адзначана ў допісах, зафіксавана беларускасць магілёўскіх вуліц.
Паводле аўтараў у абласным цэнтры засталіся ўстановы, якія трымаюцца беларускай мовы, нягледзячы на «ледніковы перыяд» у грамадскім жыцці Беларусі.
У магілёўскім Музеі этнаграфіі прадстаўленая маштабная экспазіцыя гарадскога і сялянскага жыцця беларусаў. Імпрэзы да «Ночы музеяў» рыхтавалі і ў ім. Перлінай стала экскурсія з ліхтарыкамі па начным горадзе.
Музей сустрэў наведнікаў «жывымі» манекенамі ў строях часу з якога яны перанесліся да нас. Выглядалі “госьці з мінулага” па сучаснаму элегантна і экспазіцыя з ім была маляўнічай.
Тэатралізаваныя пастаноўкі і вернутая з небыцця батлейка, якая заўжды выклікае ў наведнікаў інтарэс, не заставаліся без іхнай увагі.
Яны завіхаліся над старажытнымі прычоскамі, рабілі керамічныя збанкі, працавалі над выцінанкамі.
З дапамогай відэаролікам ім распавядалі і вучылі гатаваць традыцыйную ежу.
Праграма «Ночы музеяў» поўнілася квэстам па музейных экспанатах. Наведнікаў дзівілі ўсходнімі танцамі…