У Чэрыкаўскім раёне стартавала ўборачная-2026. Першым у поле выйшаў КСУП «Агракомплекс „Светлы”». Старшыня райвыканкама Аляксей Жарнасекаў (на фота) і дырэктар гаспадаркі падняліся ў кабіны да камбайнераў, асабіста праехалі па полі з экіпажамі і «пракантралявалі, як першыя зярняты новага ўраджаю леглі ў бункеры».
А што такое «Светлы» на карце раёна? КСУП «Агракомплекс „Светлы”» – адна з усяго трох сельскагаспадарчых арганізацый Чэрыкаўскага раёна, плюс у раёне ёсць яшчэ 11 фермерскіх гаспадарак.
Спецыялізацыя – збожжавыя, свінагадоўля, БРЖ, малако і мяса. Гістарычная эвалюцыя гаворыць не на карысць гаспадаркі:
- саўгас-камбінат «Светлы» (савецкі час);
- ЧПТУП «Агракомплекс „Светлы”» пад кіраўніцтвам ААТ «Магілёўхлебапрадукт»;
- цяперашні КСУП пад кіраваннем сельскагаспадарчага аддзела Чэрыкаўскага райвыканкама.
Кожная такая пераўпакоўка ў беларускім АПК звычайна азначае працу над назапашанымі абавязацельствамі і спробу санацыі праз змену арганізацыйнай формы.
Акрамя таго, варта памятаць, што Чэрыкаўскі раён – адзін з пяці найбольш пацярпелых ад Чарнобыля раёнаў Магілёўшчыны і адзін з 21 найбольш пацярпелага ў Беларусі ў цэлым (разам з Быхаўскім, Касцюковіцкім, Краснапольскім і Слаўгарадскім).
Паводле даных Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС МНС, адны з самых высокіх паказчыкаў у Беларусі па забруджванні глеб радыеактыўнымі рэчывамі зафіксаваны менавіта тут: утрыманне цэзію-137 у глебе дасягала 59 000 кБк/м² (1595 Кі/км²), стронцыю-90 – 29 кБк/м² (0,78 Кі/км²).
У раёне 25 вёсак адселены і сцёрты з твару зямлі. З сельскагаспадарчага абароту выведзена больш за 9 000 гектараў зямель. На частцы тэрыторыі лясгасаў дагэтуль дзейнічае кантрольна-прапускны рэжым.
Частка Чэрыкаўскага раёна трапляе ў «зону з правам на адсяленне» і «зону пражывання з перыядычным радыяцыйным кантролем». Гэта не запаведнік, гэта тэрыторыя з абмежаваным прававым рэжымам.
Выходзіць, што зямля, на якой стартавала гэтая ўборачная, тая самая, што ў даведках МНС праходзіць па раздзеле «тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання».
Заўважым, што гаспадарка «Светлы» існуе не ў вакууме. Паводле публікацыі 2023 года першага намесніка старшыні Чэрыкаўскага райвыканкама Сяргея Запрудскага, «як „чарнобыльскаму” раёну, пастаянна аказваецца падтрымка ў набыцці фосфарна-калійных угнаенняў пад поўны аб’ём, выдзяляліся сродкі на рамонт тэхнікі і закупку паліва пад пасяўную». Плюс закупка сеялак і трактароў за кошт бюджэтных сродкаў.
То бок «першыя бункеры» Чэрыкаўскага раёна збіраюцца ў гаспадарцы, якая:
- сее атрыманым па льгоце насенным матэрыялам (пры гэтым для кукурузы – замежныя гібрыды «Пуморы» і „Тэрмік”, напляваўшы на імпартазамяшчэнне;
- уносіць угнаенні, атрыманыя пад поўны аб’ём бясплатна;
- працуе на тэхніцы, купленай аблвыканкамам;
- сее і ўбірае на паліве, аплачаным часткова з бюджэту;
- працуе на зямлі, юрыдычны статус якой – «тэрыторыя радыеактыўнага забруджвання».
Выходзіць, што не «Светлы» ўносіць «важкі ўклад у агульны каравай». Гаспадарка збірае тое, за што ўжо заплаціў бюджэт некалькімі спосабамі адразу. А тут яшчэ і радыяцыя. У такой сітуацыі крычаць пра пачатак уборачнай – тое самае, што рагатаць на пахаванні.
Фота раённай газеты.
