Са сваім голасам. На магілёўскую пагулянку вяртаюцца музыкі (невялікае відэа)

Гітары на вуліцах сыходзяць у мінулае, адзначае аўтар здымка і відэа, зробленых у Магілёве на мясцовай пагулянцы.

 

Па ягоных словах на пешаходную вуліцу вяртаюцца музыкі. Іх становіцца ўсё больш. Калі раней, заўважае ён, на вуліцы спявалі пераважна пад гітару, то цяпер даюць канцэрты невялікія музычныя калектывы.

«У вуліцы з’яўляецца свой калектыўны голас. Адметны музычны і непаўторны», – піша магілёвец.

Расійскаму «Вкусно и точка» бракуе бульбы. А, як жа Беларусь з яе бульбай?

Сетка ядальняў «Вкусно и точка» замяніла ў Расіі «Макдоналдс», які сышоў з мясцовага рынку праз вайну ва Ўкраіны.

Частка рэстаранаў гэтай сеткі прыбрала з меню бульбу фры, а некаторыя яшчэ і бульбу па-вясковаму.

Такія меры тлумачацца нястачай сыравіны для такіх страваў, бо мінулы год, нібыта, быў «неўраджайным».

«На працягу апошніх васьмі гадоў кампанія арыентавалася на расійскіх пастаўшчыкоў і закупляла прадукты ў іх. Акрамя таго, стаў немагчымы імпарт з рынкаў, якія маглі б стаць часовымі пастаўшчыкамі бульбы для прадпрыемстваў у Расіі», – заяўляюць прадстаўнікі кампаніі.

Выданне «Медуза» піша, што стравы з бульбы вернуцца ў меню, калі збяруць новы ўраджай.

Сярод прычынаў браку патрэбных гатункаў бульбы называюцца перабоі ў пастаўках пасадачнага матэрыялу з Бельгіі і Польшчы.

Тым часам, у Міністэрстве сельскай гаспадаркі Расіі заяўляюць, што расійскі рынак цалкам забяспечаны бульбай.

У маі рэстараны «Макдоналдс» набыў бізнесмен Аляксандр Говар, чыя кампанія кіравала 25 установамі гэтай сеткі хуткага харчавання ў Сібіры.

Новая сетка атрымала назву «Смачна і кропка», першыя яе рэстараны адкрыліся на месцы «Макдоналдсаў» 12 чэрвеня.

Паводле ўмовах здзелкі, новыя ўладальнікі не могуць выкарыстоўваць брэнд «Макдоналдс» і назву самых папулярных страў, напрыклад, «Біг Мак».

У «Вкусно и точка» запэўнівалі, што паспрабуюць захаваць меню «Макдоналдса».

фота з адкрытых крыніц

Продаж новых аўтамабіляў. У чэрвені больш, чым у маі, але менш, чым летась

У чэрвені было прададзена больш новых легкавых аўтамабіляў, чым у маі. У параўнанні з мінулым годам продажы скараціліся на траціну.

Пра гэта піша рэсурс Myfin, спасылаючыся на звесткі Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі.

Паводле яе, у чэрвені набыта 1113 легкавікоў, што амаль у 2,5 разы больш, чым месяцам раней.

Прагнозы на бліжэйшую перспектыву не радуюць. У другім паўгоддзі на кошт новых аўтамабіляў можа ўплываць іх дэфіцыт, лічаць у Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі.

Паводле яе на беларускім рынку прадстаўленыя пераважна машыны, вырабленыя ў Расіі, альбо ўвезеныя з гэтай краіны. Іх кошт залежыць ад цаны расійскага экспарцёра і суадносінаў двух нацыянальных валют.

У Беларуская аўтамабільнай асацыяцыі лічаць, каб прадухіліць далейшае павышэнне кошту на легкавікі, трэба вярнуцца да паставак машын наўпрост ад замежных вытворцаў.

фота з адкрытых крыніц

Фотаальбом «Магілёў.media». Нясвіж вачыма пенсіянераў з Краснапольшчыны

Для пенсіянераў паездку ў Нясвіж арганізавалі ўнукі. У сваім лісце яны адзначалі, што наведванне знакавай для Беларусі мясціны для дзядулі і бабулі было падарункам да залатога юбілею іхнага шлюбу.

Ідэю паехаць туды падказалі самі старыя, адзначана ў допісе.

«У сваіх аповедах бабуля і дзядуля не раз наракалі, што пражыўшы доўгае жыццё далей Мінску не выязджалі. Ды і паездка ў сталіцу, па іх словах, не была прагулкай. Там былі справы», – тлумачаць аўтары ліста.

Унукі здымалі тое, што найбольш падабалася іх родзічам у Нясвіжы. Серыю фотаздымкаў даслалі Магілёў.media. Чытачы не назвалі імёнаў ні сваіх, ні бабулі з дзядуляй. Выбачылі, што сярод фотаздымкаў няма фота са «сваімі старымі», бо тыя не пажадалі таго.

Па словах аўтара ліста яны «проста хочуць, каб прыгажосць Нясвіжу пабачылі тыя хто ў ім не бываў».


У фотаальбоме Магілёў.media – сабраныя фотаздымкі, дасыланыя чытачамі. Так павялося, што іх аўтары суправаджаюць свае работы невялікімі допісамі. У асноўным тлумачаць, чаму вырашылі сфатаграфаваць той, ці іншы ўпадабаны вобраз. Як і раней, чакайма фотаздымкай і допісаў да іх у паштовай скрынцы [email protected].


Палацава-паркавы комплекс у Нясвіжы – помнік архітэктуры XVI–XVIII стагоддзяў. Заклаў яго князь Мікалай Крыштаф Радзівіл «Сіротка». У XVI–XX стагоддзях замак быў рэзідэнцыяй князёў Радзівілаў.

Род Радзівілаў не меў сабе роўных у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага па колькасці знаных палітычных, царкоўных, ваенных і культурных дзеячаў.

Палацава-паркавы ансамбль размешчаны на паўночным усходзе Нясвіжа, у акружэнні сажалак ракі Уша.

Замак стаіць на востраве, створаным ракой Уша, ставамі і ровам. Акружаны валам з бастыёнамі па кутах. Меліся і падземныя хады.

На тэрыторыі комплексу сам замак, замкавыя ўмацаванні, а таксама вялікі ландшафтна-пейзажны парк.

Ландшафтныя паркі Нясвіжа – культурна-гістарычны здабытак, адмысловая з’ява ў паркавым дойлідстве Беларусі.

Нясвіжская ратуша з’яўляецца найстаражытнай сярод пабудоў гарадскога самакіравання, якія захаваліся ў Беларусі.

Нясвіжскі касцёл Божага Цела – першы помнік архітэктуры барока ва Ўсходняй Еўропы.

 

Дзень у гісторыі. Адбыўся настаўніцкі з’езд. Нарадзіўся Ўладзімер Някляеў. Міжнародны дзень знішчэння зброі

9 ліпеня – Міжнародны дзень знішчэння зброі.

Адзначаецца з 2001 году з ініцыятывы Арганізацыі Аб’яднаных нацыяў.

Закліканы нагадаць аб небяспецы, якую залішняя, недастаткова абароненая і незаконная зброя ўяўляе для бяспекі насельніцтва.

Прынята Праграма дзеянняў у прадухіленні і выкараненні незаконнага гандлю стралковай зброяй і лёгкімі ўзбраеннямі ва ўсіх яе аспектах.

9 ліпеня 1883 года нарадзіўся Аляксандр Дубах (1883-1942).

Навуковец у галіне меліярацыі і гідралогіі, пачынальнік сучаснай гідралесамеліярацыі.

Працаваў ва ўпраўленні земляробства і дзяржаўнай маёмасці ў Магілёве, прафесарам Горацкай акадэміі, займаўся асушэннем лясных сельскагаспадарчых земляў.

Рэпрэсаваны ў 1930 і 1937 гадах.

9 ліпеня 1906 года адбыўся нелегальны настаўніцкі з’езд Мінскай губерні.

Праходзіў у вёсцы Мікалаеўшчына на Стаўбцоўшчыне Мінскай губерні, разагнаны паліцыяй.

На ім агучваліся думкі аб неабходнасці навучання дзяцей на беларускай мове, увядзенне бясплатнага навучання ў пачатковых школах. Прызнаваўся факт бяспраўнага становішча народнага настаўніка.

Удзельнікі былі арыштаваны і пазбаўлены права настаўнічаць, некаторыя, як К. Міцкевіч (Якуб Колас) адсядзелі ў турме, 13 настаўнікаў былі звольнены з працы, у тым ліку І. Фёдараў (Янка Маўр).


9 ліпеня 1946 года нарадзіўся Уладзімір Някляеў.

Паэт, празаік, эсэіст, грамадска-палітычны дзеяч.

Лідар грамадскай кампаніі «Гавары праўду!», кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах, палітычны зняволены. Намінант на Нобелеўскую прэмію.

Працаваў на кіроўных пасадах у афіцыйных выданнях, калі Беларуссю ўжо кіраваў Лукашэнка.

З 6 чэрвеня 1999 года жыў у Польшчы, публічна абвясціўшы аб разрыве з беларускімі ўладамі. Уладзімір Някляеў стаў першым дзеячам беларускай культуры, які з’ехаў з Беларусі па палітычных матывах.

Філосаф і культуролаг Валянцін Акудовіч лічыць, што Някляеў разбурыў стэрэатып, што найлепшыя вершы паэт піша ў маладосці, паколькі эмоцыі ў чалавека больш моцныя ў маладыя гады.

9 ліпеня 1955 года адкрыта Мінская дзіцячая чыгунка.

Працуе з 1 мая да канца верасня і на зімовых канікулах па пэўнаму раскладу.

Галоўная станцыя «Заслонава». Працуюць два цеплавоза і 12 вагонаў з сістэмай радыёвяшчання для правядзення музычнага суправаджэння і тэматычных экскурсіяў.

У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікепедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніц


 

Зрынуты вандаламі, апаганены скарбашукальнікамі – у Магілёве актывісты аднавілі чарговы помнік – відэа

Помнік Аляксандру Гаўрылавічу Бако знаходзіцца на Петрапаўлаўскіх могілках. Гэтыя могілкі размяшчаюцца на скрыжаванні вуліцы Гагарына і бульвара Непакораных. Яны адносіліся да Петрапаўлаўскай царквы, што стаяла прыблізна на месцы сучаснай гасцініцы “Турыст”. 

Помнік быў зрынуты з пастамента, верагодна, вандаламі ў 1990-х ці 2000-х гадах, а акрамя гэтага і магіла Бако і суседняе скляпенне зведалі апаганьванне з боку скарбашукальнікаў – на месцах пахаванняў дагэтуль зеўраюць вырытыя ямы.

Каманда актывістаў “Віра!” здзейсніла чарговую талаку па падняццю помніка. Магілёў.media паведамляла раней пра працы энтузіястаў на Лютэранскіх могілках па аднаўленні помніка Доўшпрунг-Целіцы і пліты з узгадкай пра загадкавага “чалавека, пахаванага чатыры разы”.

 

Імя Аляксандра Гаўрылавіча Бако з горада Магілёва ўзгадваецца ў дакументах у сувязі з яго ўдзелам ва Ўсерасійскай выставе 1882 года. Там магілёўскі прамысловец прадстаўляў скураныя вырабы – “белую юфць”.

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Павел Дайлід

Затрыманы ў Івацэвічах. Калегам паспеў паведаміць, што яго з дому даставілі ў мясцовы РАУС для разбіральніцтва і затрымалі.

Падставай для затрымання стаў, нібыта, размешчаны ў сацыяльнай сетцы фотаздымак Дайліда з бел-чырвона-белым сцягам. Фота было зробленае ў 2020 годзе на дазволеным пікеце ў падтрымку балатаванай у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.

_____________________________

Уладзімер Булаўскі

Асуджаны на 30 дзён адміністрацыйнага арышту за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў.

Што канкрэтна яму інкрымінавалася  не вядома. Сябры даведаліся толькі пра прысуд.

Булаўскага затрымалі 6 ліпеня перад канцэртам «Купальскае кола», дзе ён меўся выступіць з этнагуртом «Гук».

______________________________

Спіс палітвязняў папоўніўся 5 зняволенымі. Цяпер у ім 1237 палітвязняў

Аксана Аўчынская 

 – утрымліваецца ў СІЗА за перадачу звестак аб перамяшчэнні расійскай ваеннай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі ў адзін з тэлеграм-каналаў;

 Алег Храмых

  – утрымліваеца ў СІЗА за перадачу звестак аб перамяшчэнні расійскай ваеннай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі ў адзін з тэлеграм-каналаў;

Андрэй Раптуновіч 

 – утрымліваецца ў СІЗА за падрыхтоўку да ўдзелу ў ваенных дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы;

 Аляксандр Загдай 

 – утрымліваецца ў СІЗА за перадачу інфармацыі аднаму з тэлеграм-каналаў аб перамяшчэнні расійскай ваеннай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі;

Канстанцін Байсараў

 – асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі за перадачу звестак пра расійскую ваенную тэхніку ў адзін з тэлеграм-каналаў;

___________________________________

Дзяніс Давыдулін

Адбыў цалкам тэрмін зняволення. Прызнаны палітвязнем.

Быў асуджаны на 1,5 года калоніяў агульнага рэжыму за актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і гвалт у дачыненні да міліцыі.

___________________________________

Наталля Хершэ

Былая палітзняволеная змагла вярнуць сваю кошку.

Пакуль сядзела ў турме яе траіх кошак у Швейцарыі забралі чужыя людзі. А рэчы распрадалі. Жанчына шукае жывёлаў.

Хершэ мае два грамадзянствы – Беларусі і Швейцарыі. Да зняволення 12 гадоў жыла ў Швейцарыі. Калі прыехала ў Беларусь, то ў верасні 2020 году далучылася да жаночага маршу пратэсту і была затрыманая.

Асуджаная 2 гады і 6 месяцаў папраўчай калоніі агульнага рэжыму за супраціў міліцыі. Адседзела 17 месяцаў.

Вызвалення дамагалася Швейцарская канфедэрацыя. Па вызваленні прадстаўнікі дыпламатычнага консульства дапамаглі Хершэ вярнуцца ў Швейцарыю.

 

Легкавік падрэзаў веласіпедыста. На месцы здарэння міліцыя і хуткая дапамога

Паводле відавочцаў роварыст ехаў па веладарожцы ўздоўж вуліцы Крупскай і, перасякаючы праезную частку завулка Гогаля, яго зачапіў легкавік.

Веласіпедыст паваліўся. Выклікана хуткая дапамога і ДАІ. Супрацоўнікі аўтаінспэкцыі высвятляюць дэталі дарожнага здарэння.

Роваст мае цялесныя пашкоджанні – драпіны і ўшыбы.

У Бабруйску машынай збілі лася. Падобнае днямі здарылася ў Бабруйскім і Мсціслаўскім раёнах

Здарэнне ў Бабруйску адбылося на выездзе з гораду.

У машыне ехала маладая пара. Хлопец і дзяўчына не пацярпелі, а жывёла загінула, піша «Бобруйский курьер».

Ад удару лася адкінула з дарогі на некалькі метраў. Аўтамабіль атрымаў сур’ёзныя механічныя пашкоджанні.

Здарылася тое на шашы Крычаў – Бабруйск – Івацэвічы.

Днямі ў Бабруйскім раёне была падобная гісторыя. Машынай ля вёскі Міхайлаўка збілі лася, які выйшаў на праезную частку.

Тое ж адбылося і ў Мсціслаўскім раёне.

У апошніх двух здарэннях, справакаваных дзікімі жывёламі, пацярпелі чацвёра чалавек, сярод іх дзіця.

У Магілёве ставяць помнік святару Каніскаму. Раней гараджане не дазволілі назваць плошчу яго імем

Помнік размесцяць на глядзельнай пляцоўцы побач з лесвіцай, якая вядзе ў Падмікольскі парк. Працы ўжо пачаліся. Яго збіраюцца адкрыць разам з праваслаўнай Свята-Пакроўскай царквой. Побач з глядзельнай пляцоўкай плошча, якую гараджане не дазволілі назваць імем Каніскага.


 Магілёўскай епархіяй Каніскі кіраваў на зломе эпохаў у другой палове 18 стагоддзя.


Праваслаўны святар Георгій Каніскі не мае адназначнай пазітыўнай рэпутацыі ў беларускай гісторыі. Стаўленне да яго асобы дыяметральна супрацьлеглае – ад «расейскім калабаранта» да «абаронца праваслаўных».

У 2016 годзе яго імем хацелі назваць адно з плошчаў у абласным цэнтры. Абвясцілі грамадскае абмеркаванне, якое разгарнула палеміку ў беларускім інтэрнэце. Яно і выявіла неадназначнае стаўленне да святара.

На епіскапскае служэнне ў Беларусь Каніскага запрасілі з Украіны ў 1755 годзе. Магілёўскай епархіяй ён кіраваў на зломе эпохаў у другой палове 18 стагоддзя. Падзеі таго часу прывялі да знікнення з палітычнай карты Еўропы Рэч Паспалітую.

 

Падтрымліваў прымусовае  навяртанне ў праваслаўе ўніятаў, каталікоў ды пратэстантаў

Паводле гісторыкаў, па ўмацаванні на беларускіх землях расійскай улады, з ініцыятывы Каніскага прымусова пасалі навяртаць у праваслаўе ўніятаў, каталікоў ды пратэстантаў. Методыку, апрабаваную на Магілёўшчыне і Мсціслаўшчыне, пазней пашырылі на ўсю Беларусь.

Паводле ўкраінскага гісторыка Яраслава Фошчана, Георгій Каніскага, трапіўшы ў Беларусь, аказаўся закладнікам часу і ўмоваў, у якіх яму давялося дзеіць. Ён прасіўся, каб яго адправілі з архіепіскапскага служэння ў Рэчы Паспалітай ва ўкраінскі манастыр. Навуковец прызнае, што цяпер у гісторыяграфіі стаўленне да дзейнасці Каніскага палярныя.

Канчатковае рашэнне аб помніку Каніскаму было прынята пасля пратэстаў 2020 году

Цяперашняя ўлада Ў Беларусі Каніскага ставіць у адзін шэраг з Еўфрасінняй Полацкай і іншымі прызнанымі беларускімі дзеячамі і асветнікамі.

6 жніўня 1993 году архіяпіскап Георгій Каніскі быў далучаны да ліку мясцовых святых. Ягоны вобраз намаляваны на некалькіх праваслаўных святынях Магілёва. На Архірэйскім вале стаіць крыж у яго памяць, а на будынку былога архірэйскага палацу ўсталяваная шыльда са звесткамі пра яго жыццё.

У 1992 годзе пераназванне ў горадзе валу «Красной звезды» у архірэйскі вал Каніскага не выклікала ў грамадстве напружання. Такі крок расцэньваўся як аднаўленне гістарычнай праўды.

Цяпер Беларусь успрымаецца, як саўдзельніца вайны, распачатай Расіяй супраць Украіны. Адбылося гвалтоўнае здушэнне грамадскага пратэсту 2020 году. А, канчатковае рашэнне аб помніку Каніскаму было прынята 2021-ым. Грамадскага абмеркавання, як у выпадку пераназваннем плошчы, не абвяшчалася. Летась на месцы, дзе ставяць помнік,  паклалі капсулу з пасланнем нашчадкам.