На Лютэранскіх могілках – талака. Магілёўскія энтузіясты аднавілі помнік знанаму земляку (фота)

Верагодна, ён належаў прадстаўніку шляхецкага роду, які вёў сваё паходжанне ад паплечніка міфічнага Палямона, князя Доўспрунка.

Помнік складаўся з некалькіх гранітных прызмаў вагой па 300-500 кілаграмаў

Неабыякавыя жыхары звярнулі ўвагу на праблему яшчэ 30 красавіка. Тады камунальнікі актыўна пілавалі дрэвы на гарадскіх могілках, а на Лютэранскіх пашкодзілі некалькі пахаванняў.

Мясцовым актывістам, у тым ліку вядомым у Магілёве гадзіннікаваму майстру Генадзю Галоўчыку, гісторыкам Яўгену Балбераву і Аляксею Бацюкову прыйшла думка правесці талаку, каб аднавіць адзін з помнікаў.

 

Працы з ім былі абцяжараныя тым, што ён складаўся з некалькіх гранітных прызмаў вагой па 300-500 кілаграмаў. Іх неабходна было падняць і саставіць. Для гэтага выкарысталі гідраўлічны кран, які пазычала аўтарамонтная майстэрня.

У планах каманды энтузіястаў, якія прыдумалі назву свайму дабрачыннаму калектыву – «Віра!» – заняцца іншымі абрынутымі надмагіллямі на старажытных гарадскіх цвінтарах.

Чыё надмагілле аднавілі талакоўцы

Стэфан Іванавіч Доршпрунг-Целіца нарадзіўся ў 1822 годзе і памёр у 1884. Пакіну пасля сябе дзяцей, пра што сведчыць эпітафія «Благодарныя дети незабвенному отцу» на зваротным баку помніка.

Магчыма, гэта той жа самы чалавек, які пазначаны ў Памятных кнігах Магілёўскай губерні як Сцяпан Іванавіч Целіца, калежскі асэсар і эканом Прыказу Магілёўскіх богаўгодных устаноў, удзельнік Крымскай вайны.

Прыстаўка «Доршпрунг» сведчыць аб прыналежнасці да старажытнага роду Вялікага княства Літоўскага, што цягнуў свой радавод ад міфічнага Доўспрунка. У легендзе аб Палямоне князь Доўспрунк быў старшым сярод рымскіх перасяленцаў у Літву паплечнікаў Палямона.