На Магілёўшчыне за дзень двое чалавек загінулі на пажары

Трагедыі здарыліся 13 ліпеня ў Быхаве і Магілёўскім раёне.

У Быхаве гаспадар сядзібы 1953 году нараджэння атрымаў апёкі і памёр у больніцы. Прычыны пажару высвятляюцца, паведамляе прэс-служба Міністэрства надзвычайных сітуацыяў.

У вёсцы Таўпечыцы Магілёўскага раёну на пажарышчы знойдзены загінулы мужчына 1964 года нараджэння. Таксама прычыны пажары высвятляюцца.

 

Суд над Дашкевічамі: Змітру далі 1,5 гадоў калоніі, Насце 3 гады – «хатняй хіміі»

Змітра і Насцю Маскоўскі суд Мінска прызнаў вінаватымі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту пасля выбараў у 2020 году.

Дзяржаўны абвінаваўца запрасіў абодвум па 1,5 гады калоніі.

Паводле праваабаронцаў суддзя Таццяна Пірожнікава пагадзілася з пракурорам наконт пакарання Змітру. Насце, якая месяц таму нарадзіла чацвёртае дзіця, прысудзіла тры гады «хатняй хіміі».

Падчас працэсу над Дашкевічамі амбасада ЗША назвала суд «чарговым прыкладам бесчалавечнасці рэжыму і яго жадання знішчаць усё добрае ў Беларусі».

Змітра і Насту Дашкевічаў сілавікі затрымалі сёлета 23 сакавіка. У момант затрымання Наста была цяжарная. Неўзабаве яе адпусцілі да суду дадому, сам Зміцер увесь гэты час заставаўся пад вартай. Працэс у справе сужэнцаў пачаўся ў Маскоўскім судзе Менску 11 ліпеня.

фота: dashkevichy.jpg.webp 

Праз санкцыі ў Расіі скараціўся продаж мясцовых грузавікоў. Беларускіх МАЗаў не сталі больш набываць

Рэгістрацыі новых грузавых аўтамабіляў поўнай масай звыш 3,5 тоны за першае паўгоддзе знізіліся з 46.423 да 37.676 адзінак – рынак прасеў на 18,8%. Продажы новых МАЗаў упалі яшчэ больш – на 28,9%. «Кітаўцаў» на расійскім рынку наадварот сталі больш купляць.

Лідар расійскага рынку КАМАЗ з-за ўвядзення заходніх санкцый, скараціў продажы за паўгоддзе на 9,2% – з 16.569 да 15.050 адзінак. У чэрвені продаж у параўнанні з мінулых годам прасеў на 30 працэнтаў –  прадалі 2314 аўтамабіляў, паведамляе  рэсурс ABW.by, спасылаючыся на зьвесткі аналітычнага агенцтва «Автостат».

Рэгістрацыі новых грузавікоў ГАЗ па выніках першага паўгоддзя скараціліся з 4538 да 2989 адзінак. Падзенне склала 34,1%.

Як адзначае ABW.by, чаканага прарыву ў продажы беларускіх МАЗаў на расійскім рынку не адбылося. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года рэгістрацыі новых грузавікоў МАЗ у Расіі скараціліся з 2850 да 2027 адзінак, ці на 28,9%.

Рэсурс піша, што кітайскі брэнд Shacman (Shaanxi) на расійскім рынку нарошчвае аб’ёмы продажу сваёй тэхнікі. Са студзеня па чэрвень дылеры гэтага вытворцы змаглі рэалізаваць у Расіі 2770 грузавікоў. Год таму было 890. Скачок – у 3,1 разы.

 

 

Магілёўскую кнігарню аштрафавалі за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў»

У кніжнай краме «Асвета» пракуратура выявіла два экзэмпляры кнігі «Военная история Беларуси. Герои. Символы. Цвета» аўтара Віктара Ляхора. Быў складзены пратакол адміністрацыйнага правапарушэння.

Твор Ляхора ўнесены ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў згодна з рашэннем Ленінскага суду Гродна ад 18 красавіка 2022 году.

5 ліпеня Ленінскі суд Магілёва аштрафаваў кнігарню, як юрыдычную асобу, на 4800 рулёў (1850 долараў ЗША) за «распаўсюджванне» экстрэмісцкіх матэрыялаў. Справу разглядала суддзя Аксана Ратнікава.

Пра прысуд стала вядома праваабаронцам. Паводле іх дырэктарка крамы ў судзе даводзіла, што «на пасаду прызначаная толькі 24 мая і ёй не было вядома аб наяўнасці забароненых кніг ва ўстанове, якой кіруе».

Па яе словах, выдавецтва «Харвест», якое выпусціла кнігу Ляхора, таксама не папярэдзіла, што яе варта прыбраць з продажу. Згодна з дамоваю, казала ў судзе кіраўніца крамы, творы Ляхора ўласнасць выдавецтва. Яна адзначала, што Міністэрства інфармацыі не паведаміла ёй аб продажы забароненай літаратуры.

Віктар Ляхор – вядомы ў Беларусі мастак-геральдыст. Ён стварыў сімволіку ДАІ, АМАП, ГУБАЗіК, Дэпартаменту аховы, а таксама МЗС. Па яго словах ён цалкам спыніў супрацу з беларускімі сілавымі структурамі пасля пратэстаў 2020 года.

Віктар Ляхор – адзін з аўтараў сімволікі беларускіх гарадоў. Уваходзіў у Геральдычную раду пры найвышэйшым органе выканаўчай улады.

 

Дзень у гісторыі. Паўстала выдавецкае таварыства, друкавала творы беларускіх пісьменнікаў. Нарадзіўся Павел Пруднікаў, пісаў пра сталінскія рэпрэсіі. Памёр Пётр Конюх, оперны спявак, у яго рэпертуары быў гімн «Магутны Божа»

14 ліпеня 1911 года нарадзіўся Павел Пруднікаў.

Пісьменнік, заслужаны работнік культуры. У Клімавіцкім і Браслаўскім краязнаўчых музеях працуюць экспазіцыі, прысвечаныя яму.

Аўтар твораў пра сталінскія рэпрэсіі. Сам ён быў рэпрэсаваным.

11 жніўня 1937 году яго арыштавалі. Некалькі месяцаў утрымліваўся ў ленінградскіх «Крыжах». Атрымаў восем гадоў ссылкі. Быў этапаваны ў Бурацію. Працаваў на будаўніцтве чыгунак, шыннага заводу ў Омску і горна-металургічнага камбіната ў Нарыльску, грузчыкам у рачным порце.

Аўтар зборнікаў вершаў, успамінаў аб беларускіх літаратарах.

Нарадзіўся ў вёсцы Стары Дзедзін (цяпер – Клімавіцкі раён).


14 ліпеня 1913 года ў Вільні заснаванае Беларускае выдавецкае таварыства.

Паўстала на базе выдавецтва «Нашай Нівы» і знаходзілася пад ідэйным уплывам Беларускай сацыялістычнай грамады. Галоўную мэту сваёй дзейнасці бачыла ў духоўным адраджэнні беларускага народу.

Існавала ў 1913-1915 і 1919-1930 гадах. Выдавала і распаўсюджвала творы беларускай літаратуры.

Спыніла дзейнасць у пачатку 1930-х гадоў пасля забароны ўрадам Польшчы легальных формаў вызваленчага руху.


14 ліпеня 1927 года нарадзіўся Георгій Штыхаў.

Археолаг, гісторык-медыявіст.

Даследчык старажытных гарадоў Полацкай зямлі, вытокаў беларускай народнасці. Узначальваў Беларускую асацыяцыю ахвяр палітычных рэпрэсій.


14 ліпеня 1992 года памёр Аляксей Карпюк.

Пісьменнік, грамадскі дзеяч.

Аўтар твораў пра жыццё Заходняй Беларусі ў 1-й палове 19 стагоддзя. Гэта тэма дазваляла ва ўмовах савецкай цэнзуры раскрываць старонкі нацыянальнай гісторыі

21 красавіка 1972 быў выключаны з КПСС па абвінавачванні ў нацыяналізме, кулацкім паходжанні, хлусні пра сваё мінулае. У 1970–1972 не мог нідзе ўладкавацца на працу.

У яго абарону пісаў Васіль Быкаў.

Імя Карпюка носіць адна з вуліц Гродна, усталявана Мемарыяльная шыльда на гродненскай вуліцы Алаізы Ажэшкі.


14 ліпеня 1994 года памёр Пётр Конюх.

Сусветна вядомы оперны спявак, бас,

Спяваў у операх усяго свету на беларускай, італьянскай, польскай, французскай, англійскай, нямецкай, рускай і ўкраінскай мовах. Жыў у ЗША, выконваў беларускія песні.

Запісваў на пласцінкі беларускія песні, сярод якіх быў гімн «Магутны Божа».

Падчас Другой сусветнай вайны ваяваў у польскім корпусе генерала Андэрса на поўначы Афрыцы і на поўдні Еўропы. Герой бітвы пры Монтэ-Касіна. Скончыў Рымскую акадэмію мастацтваў.

У 1975 г. прыязджаў у Беларусь. Памёр у ЗША.


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і з іншых адкрытых у інтэрнэце крыніц


 

 

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Кацярына Андрэева

Журналістка тэлеканалу «Белсат» паўторна асуджана на закрытым працэсе на 8 гадоў зняволення. Справу разглядаў суддзя Алег Харошка. Пра гэта стала вядома калегам Кацярыны Андрэевай.

5 верасня 2022 году яна мелася быць вызваленай па сканчэнні папярэдняга прысуду.

7 красавіка 2022 году сям’і палітзняволенай стала вядома, што ёй выстаўленае абвінавачанне ў «Здрадзе дзяржаве». Падставы для крымінальнага пераследу зняволенай застаюцца невядомымі

Журналістак Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову затрымалі 15 лістапада 2020 года за стрым, падчас якога яны паказалі разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. За яго ім прысудзілі па 2 гады зняволення.

Зняволенне Андрэева адбывала ў папраўчай калоніі № 4 у Гомелі. 10 лютага яе этапавалі ў гомельскае СІЗА. Цягам 55 дзён сваякі не ведалі, у межах якой справы і ў якім статусе яе трымаюць.

_______________________________________________

Павел Аўчароў

Асуджанаму да пяці гадоў калоніі палітзняволенаму дадалі яшчэ паўтара года.

Паводле праваабаронцаў яго прызналі вінаватым у «злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы».

Аўчарова затрымалі 8 кастрычніка 2020 года, а 20 мая 2021 года суд Маскоўскага раёну Мінска прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках, (арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама за супрацьдзеянне супрацоўніку міліцыі.

_______________________________________________

Мікалай Бузько

У Брэсцкай вобласці жыхара райцэнтру Іванава аштрафавалі на 960 рублёў за рэпост у сацыяльных сетках, які ён зрабіў 5 гадоў таму.

Згодна з матэрыяламі справы Бузько 27 сакавіка 2017 году размясціў на сваёй старонцы ў Facebook у адкрытым доступе матэрыял «Радыё Свабода» і захоўваў яе.

У 2021 годзе публікацыя стала забароненай, бо выданне, якое апублікавала яе, трапіла ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Бузько прызналі вінаватым у распаўсюджанні заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасці, або прапагандаванай такую дзейнасць.

_______________________________________________

Прафсаюзы

Вярхоўны суд Беларусі зліквідаваў Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці і Беларускі незалежны прафсаюз.

14 і 18 ліпеня суд разгледзець аналагічныя пазовы ў дачыненні да яшчэ трох незалежных прафсаюзаў: Свабоднага прафсаюзу металістаў, Свабоднага прафсаюзу Беларускага і Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Лідары двух зліквідаваных прафсаюзаў застаюцца пад вартай, як і прадстаўнікі тых, ліквідацыю якіх яшчэ будуць разглядаць.

Паводле прэс-службы Генпракуратуры дзейнасць незалежных прафсаюзаў з 2020 года нібыта «набыла палітызаваны характар», а іх кіраўніцтва і шараговыя сябры займаліся «дэструктыўнай дзейнасцю», удзельнічалі ў «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах», распаўсюджвалі «экстрэмісцкую прадукцыю».

Аўтамабіліст прадэманстраваў, што ўмее рабіць дрыфт і пазбавіўся на год права кіраваць машынай (відэа)

Майстэрствам дрыфтынгу жыхар Бялынічаў пахваліўся пад камерамі відэаназірання ў цэнтры гораду. Машыну некалькі разоў перакруціла на перакрыжаванні.

Дрыфтам кіроўца стварыў аварыйную абстаноўку, за што быў аштрафаваны і пазбаўлены на год права на кіравання аўтамабілем, піша газета «Зара над Друццю».

 

Пасведчанне кіроўцы жыхар райцэнтру атрымаў год таму.

Дрыфт – тэхніка праходжання паваротаў і від аўтаспорту, які характарызуецца выкарыстаннем кіраванага заносу на максімальна магчымых для ўтрымання на трасе хуткасці і вугла траекторыі.

 

Больш у медыкаў кавідных надбавак няма. Скасаваная адпаведная пастанова

Міністэрства аховы здароўя скасавала пастанову аб кавідных надбаўках медыкам. Яна была прынятая 20 красавіка 2020 году, калі пандэмія толькі пачыналася.

Пастанова называлася «Аб устанаўленні пераліку інфекцыяў, за работу ва ўмовах, звязаных з якімі, вызначаецца штомесячная надбаўка»

Згодна з гэтай пастановаю на даплату медыкі маглі разлічваць пры працы з пацыентамі хворымі на каранавірус, халера, чума, гемарагічная ліхаманка, эболу.

На Нацыянальным прававым партале з’явілася рашэнне Міністэрства аховы здароў аб скасаванні пастановы аб надбаўках. Яно датавана 27 чэрвеня 2022 года. У ім напісана, што рашэнне набывае моц па афіцыйным апублікаванні.

21 чэрвеня прэсавай службы Лукашэнкі паведаміла, што медыкам будзе павышаная заработная плата, устанаўленнем стымуляваных выплат.

«Найбольшы яе памер прадугледжаны для дактароў і медычных сясцёр аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі, участковай службы, прыёмных аддзяленняў, хуткай дапамогі, аддзяленняў для пацыентаў з інсультамі», – гаварылася пра надбаўкі.

Тады ж паведамлялася, што згодна з распараджэннем Лукашэнкі, скасоўваюцца ковідныя даплаты. Тлумачылася тое «стабілізацыяй у краіне эпідэміялагічнай сітуацыі па інфекцыі COVID-19».

У Бабруйскім раёне пенсіянер разразаў снарад і выбухам яму адарвала нагу

67-гадовы мужчына снарад часоў вайны вырашыў распілаваць балгаркай.

Снарад знайшла падчас рамонтных работ сямейная пара і, каб пазбегнуць выбуху выкінула яго ў меліярацыйны канал побач з домам. Вестка пра знаходку дайшла да бацькі гаспадыні. Ён выцягнуў снарад і спрабаваў яго распілаваць, паведамляе Следчы камітэт.

Выбухам пенсіянеру адарвала частку левай нагі і ў цяжкім стане ён знаходзіцца ў шпіталі.

фото: sk.gov.by

Папулярныя начныя свяцільнікі аказаліся небяспечнымі – у Магілёве забаранілі іх продаж

Як паведамляе БелТА, інспекцыя Дзяржстандарта выявіла ў крамах адной з буйных сетак гандлю ў Магілёве начныя свяцільнікі, эксплуатацыя якіх можа быць небяспечнай.

Гэта начнікі ад кітайскага вытворцы Flarx, якія ўстаўляюцца ў звычайную штэпсельную разетку. Прэтэнзія кантралюючых органаў заключаецца ў тым, што гэты свяцільнік дзеці могуць прыняць за цацку і паспрабаваць выцягнуць з разеткі. У такім выпадку магчымае паражэнне электрычным токам праз недастатковую трываласць мацавання крышкі.

Свяцільнікі Flarx – папулярная кітайская лінейка асвятляльных прыбораў, якія могуць працаваць таксама ад батарэек, і якія найчасцей прадаюцца ў крамах з недарагім асатыментам.  

Фота носяць ілюстратыўны характар