У Магілёве аварыя на Пушкінскім праспекце. Будзьце пільнымі, магчымыя вялікія пробкі – фотафакт

Інфармацыя пра аварыю паявілася на магілёўскіх пабліках. Як відаць на фота, сутыкненне аўтамашын адбылося пасярод ажыўленай праезжай часткі недалёка ад магазіна “Перекресток”, што па праспекце імя Пушкіна, 35Б. 

Парада аўтааматарам – шукайце альтэрнатыўныя маршруты праезду.

У Горках збіраюць сродкі на рамонт помніка ахвярам вайны. Сам помнік гараджане таксама будавалі за складкі і адстойвалі ад уладаў

Зараз жа прадстаўнікі вертыкалі зноў выступілі з ініцыятывай збору грошай у насельніцтва – цяпер на рэканструкцыю мемарыяла.

Людзі баранілі помнік

Помнік «Тужлівая маці» быў усталяваны на паўночным ускрайку Горак у 2009 годзе. Так было ўшанаванае месца, дзе ў часы вайны нямецкія акупанты расстралялі каля 80 мясцовых падпольшчыкаў і больш за 150 дзяцей, выхаванцаў дзіцячага дому. 

Будаўніцтва вялося за кошт ахвяраванняў жыхароў раёну, якія «збіралі» падчас суботніка, і абышлося ў 500 мільёнаў недэнамінаваных рублёў.

Месца мемарыяльнага комплексу жыхарам горада аднойчы прыходзілася адстойваць ад пасягальніцтваў – у 2015 годзе ўлады меркавалі размясціць побач гаражны масіў. 

Тады дзясяткі гараджан скардзіліся ў дзяржаўныя інстанцыі і дамагліся, каб гаражы былі перанесеныя ў іншае месца. Замест іх побач з мемарыялам пасадзілі яблыневы сад – лаканічна адзначана гэта гісторыя на сайце райвыканкаму.

Месца пафасных імпрэзаў

У апошнія гады месца мемарыяла ператварылася ў пляцоўку, на якой праводзяцца ідэалагічныя акцыі ў савецкім стылі. Як, напрыклад, мітынг са свечкамі смутку 22 чэрвеня. Таксама мемарыял летась быў дапоўнены помнікам, прысвечаным дзецям, ахвярам вайны.

Як паведамляюць Gorki News, акрамя ахвяраванняў гараджане могуць дапамагчы ва ўсталяванні імёнаў ахвяр, што знайшлі свой спачын у брацкіх магілах на месцы мемарыяла. Тыя, хто валодае адпаведнай інфармацыяй, мусяць звярнуцца ў раённы ідэалагічны аддзел.

фота: wwii.space

Траіх заблуканых у лесе грамадзян міліцыя не можа адшукаць. Бывае, што знаходзяць парэшткі зніклых людзей

У Беларусі за пяць апошніх гадоў 84 чалавекі міліцыя не змагла адшукаць. Супрацоўнікі кажуць, што бываюць выпадкі калі знаходзяць праз некалькі гадоў парэшткі людзей.

За апошнія два дні сёлетняга ліпеня ў органы ўнутраных справаў было пяць зваротаў аб зніклых у лесе людзях у Па двух усё яшчэ вядзецца актыўны пошук.

Паводле начальніка аддзелу арганізацыі вышуковай працы крымінальнай міліцыі Міністэрства ўнутраных спраў Дзмітрыя Крукава штогод паступае ад 150 да 400 заяў аб згубах людзей, піша інфармацыйнае агенцтва “Белта”.

«Як правіла, сезон пачынаецца ў ліпені, – апавядае міліцыянт. – У першым паўгоддзі 2022-га нам паступіла 14 заяў. На жаль, трох грамадзян мы так і не знайшлі. Калі браць ліпень гэтага года, то толькі за апошнія два дні было пяць такіх зваротаў у органы ўнутраных справаў. Па двух з іх усё яшчэ вядуцца актыўныя пошукавыя мерапрыемствы».

Па ягоных словах з 2017 года было разгледжана каля 2 тысячы такіх заяў аб знікненні людзей.

«На сённяшні дзень 84 чалавекі застаюцца зніклымі без вестак,  — адзначае ён. — Бывае, мы знаходзім парэшткі людзей праз некалькі гадоў, але ўвесь гэты час сваякі зніклых не ведаюць аб лёсе сваіх блізкіх».

фота з адкрытых крыніц

Каляровыя здымкі Магілёва часоў Другой Сусветнай вайны – калекцыянер Алег Лісоўскі змагаецца, каб іх выкупіць

Унікальная калекцыя фотаздымкаў знаходзіцца ў прыватнай калекцыі ў Заходняй Еўропе. Іх аўтар – нямецкі фатограф Вернер Марціні, які знаходзіўся ў Магілёве прынамсі ўвесну 1942 года і служыў пры аўтамабільным парку вермахта. Пра гэта сведчыць здымак Дубравенкі адразу пасля патопу 10 красавіка 1942 года, што ўваходзіць у калекцыю.

У сваім каментарыі Магілёў.media Алег Лісоўскі распавёў, што гэта ўжо другое паяўленне інтрыгоўнай калекцыі ў продажы. Некалькі гадоў таму ўласнік фотаплёнак ужо выстаўляў негатывы на продаж, але нечакана зняў свой лот з аўкцыёна. Захаваўся толькі калаж з тымі фотаздымкамі, зроблены з прэўю-выяваў лота.

Цяпер жа магілёўскі калекцыянер, які пастаянна жыве ў Германіі, Алег Лісоўскі, здолеў знайсці сучаснага ўласніка калекцыі і вядзе з ім перамовы аб набыцці магілёўскіх фотаздымкаў з падборкі. Па словах Алега, гэта могуць быць дзясяткі здымкаў з унікальнымі выявамі і ўнікальнай якасці. Агульны кошт калекцыі можа сягаць некалькіх тысяч еўра. З ініцыятывай дапамагчы Лісоўскаму сабраць сродкі на выкуп негатываў у сваім фэйсбуку выступіў былы дырэктар Музея гісторыі Магілёва, гісторык Аляксей Бацюкоў.

Каробка з негатывамі, за якую змагаецца Алег Лісоўскі

Алег Лісоўскі на працягу дзясятка гадоў рупліва збірае і выкупляе на еўрапейскіх аўкцыёнах фотаздымкі з выявамі Магілёва. Гэтыя выявы ён размяшчае ў вольным доступе ў сваіх альбомах на сервісах Google. Плёнам яго працы сталі тры выставы фотаздымкаў “Невядомы Магілёў”, што праходзілі ў Выставачнай зале абласнога цэнтра.

У Магілёве разгарнутая экспазіцыя, якую «арыштоўвалі» па зняволенні вылучэнца на прэзідэнцтва Віктара Бабарыкі

Яна падаецца, як выстава «Тихая жизнь» з шэдэўраў карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанку». Яе адкрыццё запланавана на 15 ліпеня ў выставачнай залі Музею гісторыі Магілёва.

Калекцыя ацэньвалася ў 20 мільёнаў долараў.

Найбуйнейшую карпаратыўная мастацкую калекцыю ў Беларусі Белгазпрамбанк, якім кіраваў Віктар Бабарыка, пачаў збіраць у 2011 – 2012 гадах. Першымі былі набытыя работы мастакоў Парыжскай школы – выхадцаў з Беларусі. Пазней калекцыю прызналі найбуйнейшым зборам работ экспрэсіяністаў Парыжскай школы ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе.

photo.virtualbrest.ru

Калекцыя налічвала 150 твораў сусветна вядомых беларускіх мастакоў, а таксама скульптуры, старадрукі. Увесь збор ацэньваўся ў 20 мільёнаў долараў.

11 чэрвеня 2020 году, па арышце кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі, карціны з калекцыі «Белгазпрамбанку» былі канфіскаваны разам з іншымі каштоўнасцямі. Яны сталі рэчавымі доказамі і былі далучаныя да матэрыялаў крымінальных спраў супраць «Белгазпрамбанку». Аб іх месцазнаходжанні не паведамлялася.

23 чэрвеня 2021 году іх вярнулі ў мастацкую галерэя «Арт-Беларусь». Ці ўсе мастацкія каштоўнасці, сабраныя «Белгазпрамбанкам» захаваныя ў поўным аб’ёме невядома.

artbelarus.by

Канкурэнта Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 году Віктару Бабарыку 6 ліпеня 2021 году асудзілі да 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніях узмоцненага рэжыму. Ён быў прызнаны вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры, легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры, хабарніцтве.

У Магілёве пакажуць 28 карцін жывапісу і графікі.

Пра выставу «Тихая жизнь» на старонцы Музею гісторыі Магілёва ў Фэйсбуку напісана, што ў экспазіцыі прадстаўленыя 38 карцін жывапісу і графікі, створаных знакамітымі мастакамі – ураджэнцамі Беларусі. Сярод іх легендарны прадстаўнік «Парыжскай школы» Хаім Суцін, выбітны касцюмер, дызайнер і сцэнограф Леон Бакст, знакаміты Фэрдынанд Рушчыц – удзельнік аб’яднання «Свет мастацтва», заснавальнік жанру мадэрнісцкага пейзажа ў мастацтве Беларусі; ураджэнец Магілёўшчыны, яркі прадстаўнік жывапісу ў стылі «мадэрн», блізкі сябар Альберта Эйнштэйна Абрам Маневіч і многія іншыя.

artbelarus.by

У прэзентацыі выставы адзначана, што аснову экспазіцыі склалі пейзаж і нацюрморт – два найбольш абʼёмна прадстаўленыя ў сусветнай культуры жанры. Выстаўленыя карціны разнастайныя па стылістыцы і гэтак жа разнастайныя па выбары месца іх стварэння.

 

У Мікалаеўскай вобласці ўздым анкалагічных захворванняў. У краінах Балтыі растуць цэны на харчы, на некаторыя ажыятажны попыт. Літва не пускае транзіт у Калінінградскую вобласць, выконвае еўрапейскія санкцыі супраць Расіі


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Рух параднёных гарадоў паўстаў падчас Другой сусветнай вайны. Дзеля супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту ў 1942 годзе сяброўскія адносіны наладзілі пацярпелыя ад наступстваў вайны Кавэнтры (Вялікая Брытанія) і Сталінград (СССР). У красавіку 1957 года была заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў. Паводле яе статуту мэта руху гарадоў пабрацімаў – развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і палітычнай сістэмы. Параднёныя гарады абменьваюцца досведам у эканамічнай, культурнай, гуманітарных сферах, а таксама самакіраванні, чым умацоўваюць давер між грамадзянамі.


Мікалаеў, Украіна

Пабрацімства з Магілёвам замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр Мікалаева заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай. Магілёў. media працягне сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян. Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».


У выніку абстрэлу Мікалаева, які адбыўся напярэдадні, 12 чалавек атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. Горад быў атакаваны 24 ракетамі.

Адзін двухпавярховы будынак згарэў дашчэнту, завалы і ўдарная хваля пашкодзілі суседнія будынкі. У іншым пяціпавярховіку частка ракеты прабіла столь з 5 па 3 паверхі, паведаміў мэр Мікалаева Аляксандр Сянкевіч.

Цалкам разбураны будынак адной з мікалаеўскіх школ ды выбітыя вокны і дзверы ў іншых будынках установы.

inshe.tv

Пашкоджаныя дзве больніцы. Вокны выбітыя, у некаторых пакоях абвалілася столь. Аналагічныя разбурэнні ў памяшканні банку і пошты.

Ад абстрэлаў пацярпеў грамадскі транспарт: 5 тралейбусаў не падлягаюць аднаўленню.

Ракеты трапілі на тэрыторыю рыбапрамысловага прадпрыемства. Разбураныя будынкі і транспарт.

У Мікалаеўскай вобласці – уздым запушчаных анкалагічных захворванняў, калі людзі звяртаюцца да лекараў на апошніх стадыях захворвання.

Начальнік упраўлення аховы здароўя абласной дзяржаўнай адміністрацыі Максім Бязносенка лічыць, што прычынай сталі спачатку пандэмія каранавіруса, а цяпер вайна, перадае выданне Green Post.

У Мікалеве збіраюцца адкрыць музей вайны.

Па словах начальнік упраўлення культуры і аховы культурнай спадчыны гарсавету Юрыя Любарава ад 24 лютага мясцовыя бібліятэкі працуюць над архіваваннем усяго інфармацыйнага складніка вайны.

cdn4.suspilne.media

«Віртуальны музей таго, што адбываецца, ужо існуе, – кажа ён. – Усе публікацыі, усе навіны, усё, што з’яўляецца ў сетцы, архівуецца супрацоўнікамі бібліятэкі. Але ёсць і матэрыяльны складнік: усе артэфакты, усё тое, што раскажа пра вайну, пра людзей, як яны ваявалі, будзе прадстаўлена ў музеі».


Клайпеда, Літва

8 сакавіка 1997 году падпісаная дамова аб аднаўленні пабрацімскіх сувязяў літоўскага гораду з Магілёвам. Месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.


У другім квартале бягучага года цэны на прадукты харчавання істотна выраслі ва ўсіх краінах Балтыі

Ва ўсіх трох краінах Балтыі назіраўся ажыятаж на соль, грэчку і чорны чай. У Эстоніі ў пачатку чэрвеня гэтыя прадукты яшчэ цалкам не вярнуліся на паліцы магазінаў, тады як у Латвіі і Літве гэтыя тавары ўжо былі ў крамах, але па больш высокім кошце, піша выданне Press.

press.lv/slir

Калі параўноўваць цэны на прадукты харчавання ў сеткавых супермаркетах сталіц краін Балтыі, то ў Латвіі яны ў асноўным вышэйшыя.

На думку кіраўніка аддзелу садзейнічання сельскагаспадарчаму рынку Інстытуту аграрэсурсаў і эканомікі Латвіі Інгуны Гулбе ў будучыні больш сурʼёзную праблему ўяўляюць не падаражэнне прадуктаў харчавання, а нізкая пакупніцкай здольнасці.

Тое адбудзецца, калі не будзе развівацца прадпрымальніцкая дзейнасць, лічыць яна.

«Грошы ствараюць грошы, – тлумачыць эксперт. – Калі будзе бізнес, будуць заробкі і падаткі. Людзям не трэба будзе турбавацца аб тым, што прадукты сталі на еўра даражэйшыя, таму што яны змогуць іх сабе дазволіць».


Клайпеда, Літва

8 сакавіка 1997 году падпісаная дамова аб аднаўленні пабрацімскіх сувязяў літоўскага гораду з Магілёвам. Месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.


34 грузавікі не прапусцілі праз мяжу Літвы пасля таго, як 10 ліпеня набыла моц забарона на транзіту Калінінград новых віды расійскіх тавараў.

g3.dcdn.lt

Паводле Літоўскай мытні частка грузавікоў везла груз праз Беларусь у Калінінград, а частка спрабавала ўехаць у Літву з Калінінграда. Рабіліся спробы ўвозу аўтазапчастак, драўніны, мэблі, алкагольных напіткаў і іншых тавараў, піша выданне Delfi.

Ад 10 ліпеня, па заканчэнні пераходнага перыяду пятага пакета санкцый Еўрапейскага саюзу супраць Расіі, праз Літву забараняецца перавозіць цэмент, спірт, дрэва, шкло, алюміній, вырабы з паперы, гіпс, суднавыя дэталі і іншыя тавары расійскага паходжання.

 

200 гадоў барацьбы за незалежнасць. У Магілёве знаёмяць з каракамі – змагарамі з расійскім каланіялізмам

З культурай і мастацтвам каракаў – аднаго з самых свабодалюбных народаў Сібіры знаёміць выстава «Амто (вітанні), Каракія», якая разгорнутая ў абласным краязнаўчым музеі. Яна нагадвае пра сумны лёс народаў, якія апынуліся ў складзе расійскай дзяржавы, пра іх барацьбу за сваю свабоду.

Для большасці беларусаў народы зваяванай Расіяй Сібіры – гэта вобраз дурнаватых чукчаў з анекдотаў. У расійскіх жа падручніках асваенне Сібіры падаецца як цывілізацыйная місія расіян, але гэта была звычайная каланіяльная экспансія.


Каракі – карэнны этнас поўначы Камчаткі і суседніх раёнаў Магаданскай вобласці і Чукоткі. Са старажытнейшых часоў асноўным заняткам каракаў былі рыбалоўства і паляванне. У XI–XVI стагоддзяў частка насельніцтва перайшла да аленегадоўлі.


Барацьба за незалежнасці і трагічны лёс народу

Каракі жылі ў гармоніі з прыродай і еднасцю з наваколлем. У іх уяўленні кожная жывёліна мае душу і здабыўшы яе тутэйшы люд дагэтуль просіць у яе прабачэння. На духоўных стасунках з наваколлем асяроддзем трымаецца іхная культура.

Няшмат беларусаў ведаюць, што каракі 200 гадоў ваявалі за незалежнасць, не жадаючы падпарадкоўвацца каланізатарам. Уздымалі паўстанні. З лукамі і стрэламі яны супрацьстаялі ружжам і гарматам. Часцяком перамагалі.

Каракі – прыроджаныя паляўнічыя былі выдатнымі воінамі. Яны дзесяцігоддзямі нападалі на рускія астрогі і караваны, перакрывалі шлях на Камчатку. Самі цярпелі паразы і разню. Толькі пагалоўнае бязлітаснае знішчэнне большасці карацкіх астрогаў і алкаголь – спайванне каракаў дазволіла расійскім каланізатарам падпарадкаваць сабе край.

Лёс народу незайздросны. Нямала каракаў памерлі ад хвароб, якія прынеслі каланізатары, або былі знішчаны, ці асіміляваны, стаўшы сталі камчадаламі – этнічнай групай расіян, якая захоўвае многія элементы каракскай культуры.

Савецкая ўлада ў 1930 годзе дала каракам фармальную аўтаномію ў выглядзе Каракскай аўтаномнай акругі. У 2007 годзе ліквідавала цяперашняя расійская ўлада. Каракаў ацалела толькі 8 тыс. чалавек на вялізнай тундравай плошчы памерамі з Беларусь.

Экспанаты выставы кажуць пра «мёртвую культуру»

Выставу «Амто (вітанні), Каракія» прывезла ў Магілёў прыватная калекцыянерка з Расіі Людміла Каюрава. У яе калекцыі больш за 300 карцін і 400 прадметаў, часткі з іх прадстаўленая ў краязнаўчым музеі.

Агляд экспанатаў пакідае мірнае ўражанне да таго часу, пакуль не пачынаеш разумець, што перад табою па сутнасці ўжо «мёртвая» культура. Пра ўнікальную культуру каракаў сведчаць музейныя экспанаты, якія зберагаюць такія захопленыя людзі як Людміла Каюрава.

Яна нарадзілася і вырасла ў адным з пасёлкаў Каракскай нацыянальнай акругі Камчацкай вобласці. Разам з мужам яна збірае і захоўвае артэфакты гісторыі роднага краю больш за 30 гадоў.

Экспазіцыя знаёміць з культурай каракаў, чукчаў, ітэльменаў, эвенаў, якія пражываюць на Камчатцы.

Сярод унікальных прадметаў – кухлянкі – доўгія футравыя курткі, шапкі-малахаі, чыжы – футравыя шкарпэткі, боты-торбасы. У гэтым нацыянальным адзенні Людміла Каюрава і Аляксандр Сувораў аб’язджалі сёлы тутэйшага народу. У ёй можна спаць на снезе ў лютую сцюжу.

Паколькі рыбалова і аленяводства вызначылі матэрыяльную культуру карэнных народаў, то на выставе прадстаўленыя этнаграфічныя прадметы з меха паўночнага аленя, скуры нерпы, маржа, маржовых іклаў і косткі.

Абсалютна нетыповае для еўрапейцаў жытло і адзенне прыцягвае ўвагу і зацікавіць любога наведніка.

Мастацкія вырабы майстроў разьбы па костцы, унікальныя торбачкі з лапак дзікіх качак, лебедзяў, гусей.

Каракі сёння пераважна праваслаўныя хрысціяне, якія, як і беларусы, маюць моцныя паганскія традыцыі і язычніцкія культы. Рытуальныя прадметы культу шаманаў загадкавыя самі па сабе, а ў звязку з фотаздымкамі і рытуальнай дзідай прымушаюць задумацца пра злых і добрых духаў, пра нябачны духоўны свет.

Выставу прадметаў цудоўна аздабляюць і дапаўняюць мастацкія карціны і фотаздымкі.

 

Дзень у гісторыі. Фестываль «Басовішча». Нарадзіўся Аляксандр Ціхановіч, саліст гурта «Верасы». Супермесяц

13 ліпеня 1868 года памёр Канстанцін Тышкевіч.

Гісторык, краязнавец, адзін з заснавальнікаў беларускай археалогіі.

Стварыў Лагойскі музей старажытнасцяў. Адзін з заснавальнікаў Віленскага музею старажытнасцяў.

Даследаваў курганы, гарадзішчы і замчышчы.


13 ліпеня 1897 года нарадзіўся Міхась Міцкевіч.

Грамадскі і культурны дзеяч, брат Якуба Коласа.

Удзельнік нацыянальнага руху, дэлегат 1-га Усебеларускага кангрэсу, выкладчык Мінскай беларускай гімназіі.

З 1944 году ў эміграцыі. Актыўны дзеяч Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў ЗША, член рэдакцыі часопісу «Беларус». Рэдагаваў часопіс «Голас Царквы».

data.cyclowiki.org


13 ліпеня 1938 года нарадзіўся Юрый Марухін.

Кінарэжысёр, сцэнарыст, аператар.

Працаваў на «Беларусьфільм», старшыня праўлення Беларускага саюзу кінематаграфістаў. 

Рэжысёр шэрагу фільмаў, у тым ліку, «Маці Урагану», аператар шматлікіх карцін, «Магіла льва», «Час выбраў нас».

sb.by


13 ліпеня 1990 года пачаўся І Фестываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча».

Праходзіў у Польшчы ля мястэчка Грудак на Беласточчыне з ініцыятывы Беларускага аб’яднання студэнтаў і гмінным асяродкам культуры.

Фестываль беларускай рок і альтэрнатыўнай музыкі. Удзельнічалі як беларускія, так і польскія гурты.

Традыцыйна на фестывалі ладзіўся конкурс маладых выканаўцаў, якія паспяхова прайшлі адбор. Штогод на фестываль прыязджала да 15 тысяч чалавек.


13 ліпеня 1952 года нарадзіўся Аляксандр Ціхановіч.

Эстрадны спявак. Аўтар папулярных эстрадных песень.

Саліст ВІА «Верасы», Дзяржаўнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Беларусі, стваральнік і кіраўнік першага ў Беларусі Тэатру песні.


13 ліпеня 1942 года нарадзіўся Харысан Форд.

Ягоныя продкі паходзілі з Беларусі. Па мацярынскай лініі, дзед і бабка – Ганна Ліфшуц і Гары Нідэльман, яўрэйскія імігранты з Мінску.

Амерыканскі актор кіно і тэлебачання, прадзюсар.

Здымаўся ў фільмах «Зорныя войны», «Індыяна Джонс», «Самалёт прэзідэнта» і многіх іншых.

Яго фільмы сабралі больш за 5.4 мільярда долараў у Паўночнай Амерыцы і больш за 9.3 мільярда долараў ва ўсім свеце, што робіць яго сёмым па прыбытку акторам у Паўночнай Амерыцы.

themoney.co


13 ліпеня ў 21:38 па мінскам часе зʼявіцца супермесяц.

Месяц падыдзе да Зямлі бліжэй чым 400 тысяч км. Назіраць астранамічную з’яву можна з любой кропкі краіны.

belnovosti.by


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

 

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Уладзімер Мацкевіч

Паводле паплечнікаў філосафа і метадолага ён па-ранейшаму знаходзіцца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску, адчувае сябе нармальна, упэўнены ў сваёй пазыцы.

Яго асудзілі на 5 гадоў узмоцненага рэжыму. Ад апеляцыі на вынесены яму прысуд адмовіўся, бо такім чынам гэта будзе сведчыць, лічыць ён, аб прызнанні віны.

Уладзімер Мацкевіч прызнаны вінаватым у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, стварэнне экстрэмісцкага фармавання і абразу Лукашэнкі.


Анархісты

Асуджаным анархістам Аляксандру Бялову, Арцёму Салаўю, Яўгену Рубашку і яшчэ аднаго Арцёму Салаўю Вярхоўны суд пакінуў тэрміны зняволення без зменаў.

Суддзя Юры Руткоўскі разглядзеў апеляцыйную скаргу анархістаў на закрытым працэсе.

22 красавіка суд прызнаў анархістаў вінаватымі ў групавых дзеянняў, якія груба парушалі грамадскі парадак і спалучаліся з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікам улады, а таксама ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні.

Аляксандру Бялову, Яўгену Рубашку, Арцёму Салаўю прызначылі па пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму, а яшчэ аднаму Арцёму Салаўю – 4,5 года калоніі агульнага рэжыму.


Наталля Падлеўска

Адбыла тэрмін зняволення. Утрымлівалася ў жодзінскай следчай турмы №8.

Паводле праваабаронцаў, жанчына вызвалілася па заканчэння тэрміну зняволення 4 ліпеня, не дачакаўшыся разгляду апеляцыйнай скаргі.

Яе затрымана 3 лістапада 2021 года ў рамках крымінальнай справы аб абразе Аляксандра Лукашэнкі, памочніка пракурора Аліны Касьянчык і іншых службовых асоб.

Ёй прызначылі пакаранне ў 1 год калоніі агульнага рэжыму і штрафу 100 базавых велічыняў.

Больш за паўгода ўтрымлівалася ў следчым ізалятары. У яе абвастрыліся хранічныя захворванні. Практычна ўвесь судовы працэс, які адбываўся ў закрытым рэжыме, жанчыну трымалі ў кайданках.

Расійскія вытворцы прадавалі ў Беларусі слодыч з небяспечнымі для дзяцей фарбавальнікамі

Замест заяўленых вытворцам натуральных фарбавальнікаў у ледзянцовай карамелі інспектары з Дзяржстандарту выявілі сінтэтычныя, якія негатыўна ўплыва.ць на ўвагу і актыўнасць дзяцей.

Слодыч прыбралі з продажу. Іх увоз у Беларусь забаронены.

Расійскія вытворцы прадавалі ледзянцовую карамель «Мини-Акварельки» са смакам апельсіна, вінаграду, вішні, грушы, грэйпфрута, маліны, піша інфармацыйная агенцтва «Белта».

У іх склад уваходзілі сінтэтычныя фарбавальнікі замест пазначаных у інфармацыі для спажыўца натуральных. У маркіроўцы ледзянцоў адсутнічаў папераджальны надпіс, што слодыч утрымліваюць фарбавальнікі, якія могуць негатыўна ўплываць на ўвагу і актыўнасць дзяцей.