У Магілёве 2 гады таму актывіст на школьнай лінейцы заклікаў настаўнікаў «пакаяцца»

Валадар Цурпанаў 1 верасня прыйшоў у 43 школу і заклікаў педагогаў, якія працавалі ў выбарчых камісіях, прызнаць факты фальсіфікацыі выбараў ды «пакаяцца, стаўшы на калені».

Актывіста затрымалі, а пазней асудзілі на 20 дзён адміністрацыйнага арышту за «дробнае хуліганства і непадпарадкаванне службовай асобе».

У ізалятары Цурпанаву прысудзілі яшчэ 8 содняў за іншае адміністрацыйнае правапарушэнне, звязанае з яго пратэстнай актыўнасцю. Ён абвясціў сухую галадоўку і пасля 10 дзён галадавання быў дастаўлены супрацоўнікамі вязніцы ў больніцу.

Да лёсавызначальнага для сябе «візіту» на школьную лінейку Цурпанаў у разгар пратэстаў дамогся сустрэчы з кіраўнікамі гарадской і абласной вертыкалі. Ім агучыў патрабаванні пратэстоўцаў.

  • Забяспечыць правядзенне мірных сходаў без абмежаванняў;
  • Зліквідаваць пасады і структуры ідэолагаў;
  • Аднавіць працу інтэрнэту, зняўшы блакаду;
  • Вызваліць палітвязняў.

Валадара Цурпанава, які праваабарончай супольнасцю прызнаны палітвязнем, пазней асудзілі на 3 гады «хіміі», з яе адправілі ў калонію. Цяпер жа ён няволіцца ў гродзенскай турме №1. На волю мае выйсці ў лютым 2023 году.

У Горках кіроўца скраў машыну друзу са свайго прадпрыемства

Амаль шаснаццаць тон гранітнага друзу 37-гадовы жыхар Горак спрабаваў прадаць «налева» – паведамляе прэс-служба УУС аблвыканкаму. 

Будаўнічы матэрыял ён загрузіў на самазвал на адным з дарожных рамонтна-будаўнічых упраўленняў гораду, дзе і сам працаваў. Не маючы ніякіх дакументаў на груз, зламыснік паспрабаваў прадаць матэрыялы мясцовай камерцыйнай арганізацыі.

15 800 кілаграмаў друзу праваахоўнікі ацанілі ў 600 рублёў шкоды, нанесеных дарожнаму рамонтна-будаўнічаму ўпраўленню.

Дзень у гісторыі: 1 верасня. Пачалася Другая сусветная вайна. Нарадзіліся: этнограф Міхал Федароўскі і празаік Масей Сяднёў. Прызналі ансамблем «Лявонаў», якія ўзгадавалі «Песняроў». Адкрылі помнік Усяславу Чарадзею

1939 год. Пачалася Другая сусветная вайна.

Гітлераўская Германія атакавала Польшчу. Тады саюзнікам Германіі быў Савецкі Саюз. Ён напаў на Польшчу з усходу. Між двума краінамі-агрэсарамі існавала дамоўленасць аб падзеле краін усходняй Еўропы. Гэты дакумент вядомы, як пакт Молатава-Рыбентропа.

Саюзніцкія абавязкі Сталін выконваў да 22 чэрвеня 1941 году, калі на СССР напала Германія.

У вайне ўдзельнічалі 62 дзяржавы з 74 з 80 % насельніцтва Зямлі, загінула больш за 70 мільёнаў чалавек.

На тэрыторыі Беларусі было забіта 2219 тысяч чалавек, ускосныя страты – да 3 мільёнаў – кожны трэці жыхар краіны і 4,3% усіх ахвяраў вайны ў свеце.

Вайна скончылася ў Еўропе 8 мая 1945 году. Афіцынай жа датай яе сканчэння лічыцца 2 верасня 1945 году, калі Японія падпісала акт аб капітуляцыі.

1 верасня адзначаецца Сусветны Дзень міру.

1841 год. Нарадзіўся Гіяцынт Альхімовіч.

Беларускі і французскі мастак.

Разам з братам Казімірам удзельнічаў у паўстанні 1863-1864 гадоў.

Эміграваў у Францыю, прафесар школы малявання, прафесійна-тэхнічнага вучылішча, вышэйшай жаночай школы ў Перпіньяне.

Удзельнік выстаў мастацкіх твораў. Узнагароджаны французскім ордэнам «Officier d’Académie».

1853 год. Нарадзіўся Міхал Федароўскі.

Фалькларыст, этнограф, археолаг.

Збіральнік кніг, твораў жывапісу і графікі, гістарычных, фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў.

Сабраў беларускія песенныя і танцавальныя мелодыі, народныя песні, прыказкі, сотні казак, загадак, якія выдадзеныя ў 8-томнай працы «Люд беларускі» (1887-1981).

Аўтар этнаграфічнага твору «Пружана і яе ваколіцы».

Вёў археалагічныя раскопкі ў Гродзенскай губерні.

1900 год. Нарадзіўся Сымон Баранавых.

Празаік, дзіцячы пісьменнік.

Член абʼяднання «Маладняк».

Аўтар апавяданняў, аповесцяў, раманаў. Па смерці выдадзены 6 кніг з яго твораў.

Арыштаваны савецкімі органамі ў 1936 годзе, асуджаны на 10 гадоў лагераў як «член контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі і за антысавецкую дзейнасць». Загінуў на Калыме.

Рэабілітаваны прэзідыумам Вярхоўнага суда БССР 29 снежня 1954 году.

1913 год. Нарадзіўся Масей Сяднёў.

Паэт, празаік, журналіст

Праз усю яго творчасць праходзіць адна нязменная тэма – Бацькаўшчына, маці, мова.

Аўтар зборніка вершаў «Ад сына твайго, Беларусь», кнігі «Ахвяры бальшавізму», шэрагу зборнікаў паэзіі, у тым ліку «Цень Янкі Купалы», раманаў, успамінаў.

На беларускую мову пераклаў санеты Мікеланджэла, некаторыя творы І. Гётэ, Г. Гейнэ, Р. Рыльке.

Арыштаваны савецкімі органамі ў 1936 годзе, абвінавачаны ў нацдэмаўшчыне і распаўсюдзе твораў Язэпа Пушчы і Алеся Гаруна.

З 1944 года – на эміграцыі.

З 1967 да 1983 году Майсей Сяднёў працаваў на Радыё Свабода, узначальваў беларускую рэдакцыю.

1942 год. Нарадзіўся Іван Басюк.

Гісторык.

Даследаваў пачатковы перыяд Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі, гісторыю беларускай дзяржаўнасці, палітычнай і прававой думкі ў Беларусі.

Аўтар 100 навуковых прац. 

1956 год. Нарадзіўся Уладзімір Салодкі.

Спявак.

Выхаванец Магілёўскага культасветвучылішча.

Уладальнік голасу прыгожага тэмбру шырокага дыяпазону.

У рэпертуары беларускія, украінскія народныя, аўтарскія і іншыя песні, сярод якіх «У лузе каліна стаяла», «Кірыла Тураўскі» У. Будніка.

Працаваў у Дзяржаўным народным хоры Беларусі, ансамблі «Свята», Дзяржаўным ансамблі танца.

Сустваральнік ансамбля народнай песні «Вяселле».

1969 год. Калектыў “Лявоны” атрымаў статус вакальна-інструментальнага ансамбля.

У 1970 годзе «Лявоны» змянілі назву на «Песняры», якім наканавана было стаць брэндавым беларускім калектывам.

Аснову яго рэпертуару складалі апрацаваная беларускія народныя песні.

Мастацкім кіраўніком з моманту ўтварэння і да смерці ў 2003 годзе быў У. Мулявін, народны артыст Беларусі і СССР.

Самымі папулярнымі песнямі калектыву сталі «Касiў Ясь канюшыну», «Бывайце здаровы», «Белая Русь». У 1976 годзе падчас гастроляў у Амерыцы, канадцы знялі фільм пра «Песняроў», а кампанія «Columbia» выпусціла кружэлку з іх песнямі.

2007 год. Адкрыты помнік Усяславу Чарадзею.

Першы конны помнік у незалежнай Беларусі. Вышыня помніка з пастаментам складае 3,5 метраў. Скульптура важыць 4,5 тоны.

Пад уладай Усяслава з 1044 па 1101 гады Полацкае княства дасягнула найбольшай магутнасці, пры ім зʼявіўся і першы мураваны будынак – Сафійскі сабор.


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

 

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, медыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Павел Мажэйка

Затрыманы.

Кіраўніка гродненскага«Цэнтру гарадскога жыцця» ў сакавіку 2021 году забіралі разам з мастаком Алесем Пушкіным. Тады Мажэйку вызвалілі пасля 72 гадзін зняволення.

Юлія Юргілевіч

Затрыманая па вяртанні ў Беларусь.

У тэлеграм-каналах пішуць, што ў доме адвакаткі правялі вобшук.

Юлію Юргілевіч выключылі з калегіі адвакатаў Гродна 23 лютага. Яна працавала ім 18 год. Юргілевіч абараняла палітвязняў: мастака Алеся Пушкіна, студэнта-хіміка Арцёма Баярскага, музыканта Ігара Банцара, блогера Вадзімаці і іншых.Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, медыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Андрэй Маслоў

Асуджаны на 2,5 годы калоніі.

Нагодай для крымінальнага пераследу стала жаданне хлопца далучыцца да добраахвотнікаў ва Ўкраіне.

Прызнаны вінаватым у «падрыхтоўцы да ўдзелу ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай краіны».

Вадзім Хіжнякоў

Змешчаны на паўгода ў памяшканне камернага тыпу.

Ён адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 1. У ПКТ прабудзе да сканчэння тэрміну зняволення.

Вадзіма Хіжнякова асудзілі на 2,5 гады калоніі за «гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі». Ён кінуў у амапаўца «неўстаноўлены прадмет» на акцыі пратэсту 27 верасня 2020 года. На судзе віну не прызнаў.

Праваабарончай супольнасцю прызнаны палітзняволеным.

Дзмітрый Дубоўскі

Застаецца ў штрафным ізалятары па сканчэнні 30 прызначаных дзён. 

Туды яго адправілі за дысцыплінарныя спагнанні, паведамляюць праваабаронцы.

Яны дапускаюць, што актывіста анархіскага руху маглі адправіць у памяшканне камернага тыпу.

Дубоўскі асуджаны на 18 гадоў калоніі. Праваабарончай супольнасцю прызнаны палітзняволеным.

Марыя Бажынская, Дзмітрый Арцёменка

Адказную сакратарку газеты «Металург» Марыю Бажынскую штрафавалі на 20 базавых велічыняў (320 рублёў).

Сацыёлага Дзмітрыя Арцёменку асудзілі на 12 дзён адміністрацыйнага арышту.

Што стала прычынаю іх пераследу, праваабаронцы спрабуюць высветліць.

Святлана Грышкевіч

Затрыманая.

Паводле праваабаронцаў, экскурсаводка і блогерка на «пакаяльным» відэа кажа, што на адной з экскурсіяў «дапусцілі некарэктныя выказванні на адрас Лукашэнкі».

Кірыл Каржакоў

Затрыманы.

Паводле праваабаронцаў нагодай для зняволення стаў яго ўдзел у акцыях пратэсту 2020 году і, нібыта, распаўсюджванне “экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

Павел Мажэйка

Затрыманы.

Кіраўніка гродненскага«Цэнтру гарадскога жыцця» ў сакавіку 2021 году забіралі разам з мастаком Алесем Пушкіным. Тады Мажэйку вызвалілі пасля 72 гадзін зняволення.

Юлія Юргілевіч

Затрыманая па вяртанні ў Беларусь.

У тэлеграм-каналах пішуць, што ў доме адвакаткі правялі вобшук.

Юлію Юргілевіч выключылі з калегіі адвакатаў Гродна 23 лютага. Яна працавала ім 18 год. Юргілевіч абараняла палітвязняў: мастака Алеся Пушкіна, студэнта-хіміка Арцёма Баярскага, музыканта Ігара Банцара, блогера Вадзімаці і іншых.

У Беларусі сетка піцэрый “Papa John’s” зачыняе апошнія ядальні

Апошні дзень працы двух, што засталіся ў Мінску, 1 верасня. Пра тое паведаміла беларускае прадстаўніцтва сеткі на сваёй старонцы ў Інстаграме.

“1 верасня (чацвер) – апошні дзень працы піцэрый “Папа Джонс” – гаворыцца ў допісе прадстаўніцтва.

«Паспейце патраціць бонусныя балы, назапашаныя ў нашай праграме лаяльнасці «Папа Бонус», зрабіўшы замову онлайн на сайце або ў дадатку з дастаўкай» – адзначаецца ў ім.

Карыстальнікі паслугаў сеткі на навіну, аб закрыцці ядальняў адрэагавалі эмацыйнымі каментарамі.

«Вельмі шкада. Добрая сетка піцэрый была. Толькі вось прычыну закрыцця так і не сказалі. Неяк не прыгожа ў адносінах да спажыўца» – гаворыцца ў адным з іх.

22 чэрвеня піцэрыя “Papa Johnʼs” зачынілася ў Магілёве, а 5 красавіка – у Бабруйску.

Прычыны закрыцця ядальняў кіраўніцтва сеткі не агучвае.

У Беларусі сетка “Papa Johnʼs” – мела 21 ядальню ў 7 гарадах.

Бюджэтнікам падвышаюць аклад на 0,5 працэнты

Урад Беларусі зацвердзіў павышэнне базавай стаўкі да канца года. Яе ўздымуць двойчы: з 1 верасня і з 1 лістапада. Вераснёўскае падвышэнне базавай стаўкі прывядзе да росту акладу бюджэтнікам на 0,5 працэнты.


Базавая стаўка ў Беларусі – гэта аснова для налічэння заробкаў работнікам бюджэтнай сферы. Іх аклад наўпрост залежыць ад базавай стаўкі і разлічваецца па формуле: Базавая стаўка х каэфіцыент разраду.


Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка падпісаў пастанову аб павышэнні базавай стаўкі. З 1 верасня яна вырасце да 211 беларускіх рублёў, з 1 лістапада – да 212 рублёў, піша рэсурс Myfin.

Такім чынам, павышэнне базавай стаўкі ў верасні павялічыць аклад (пры тым жа каэфіцыенце разраду) усяго на 0,5 працэнта.

Выданне нагадвае: раней базавую стаўку для бюджэтнікаў падвышалі ў 2022 годзе планава ўжо тры разы – у сакавіку, красавіку і маі. Да 1 верасня яна складала 210 беларускіх рублёў.

фота: intex-press.by

“Беларусь удзельніца злачынства” – міністр замежных справаў Украіны пра адказнасць беларусаў за вайну

Міністр замежных справаў Украіны Дзмітрый Кулеба выступіў за распаўсюджванне візавых санкцый Еўрапейскага Саюзу на грамадзян не толькі Расіі, але і Беларусі.

“Беларусь з’яўляецца саўдзельніцай у злачынстве агрэсіі, учыненай Расійскай Федэрацыяй” – цытуе Дзмітрыя Кулебу інфармацыйная агенцтва «УНІАН».

Міністр раскрытыкаваў пазіцыю Францыі і Нямеччыны, якія выступаюць супраць поўнага візавага бана для расіян.

“Калі я прачытаў сумесную заяву Францыі і Германіі (напярэдадні дыскусіі ў ЕС) аб тым, што трэба захаваць магчымасці ўезду для расіян у ЕС, таму што гэта вялізнае «трансфарматыўнае дзеянне і ўплыў на расійскае грамадства», то ў мяне ўзнікае лагічнае пытанне: пагадненне аб спрошчаным афармленні віз паміж Расіяй і ЕС дзейнічае з 2007 года” – кажа ён.

Дмітрый Кулеба падкрэслівае: пакуль працавала спрошчаная форма выдачы віз, гэта не дапамагло навучыць расіян паважаць іншыя краіны і іншыя народы і не змяніла іх адносін да Еўропы.

Ён нагадвае: Расея пачала вайну супраць Грузіі ў 2008 годзе, пачала вайну супраць Украіны ў 2014 годзе, здзейсніла шэраг забойстваў апанентаў рэжыму Пуціна (у тым ліку на тэрыторыі краін ЕС), а таксама працягвала энэргетычны шантаж Еўропы.

“У мяне пытанне: а ці моцна працуе ваша «трансфарматыўная сіла»? Можа, вы паглядзіце рэальнасці ў вочы і прызнаеце, што ёсць пэўныя ілюзіі, якіх трэба пазбавіцца?”, – кажа ён.

Кулеба таксама адзначыў, што поўнамаштабнае ўварванне РФ ва Украіну пазбавіла ўжо еўрапейскіх лідараў ад некаторых ілюзіяў.

“Калегі пазбавіліся многіх ілюзіяў адносна Расіі і цвяроза глядзяць на гэтую краіну і палітыку, але гэта апошняя гісторыя аб тым, што «Пуцін – дрэнны, а людзі – добрыя», гэта таксама ілюзія” – падсумоўвае міністр замежных справаў Украіны.

фота: currenttime.tv

Эстонія наважылася адкрыць у Беларусі візавыя цэнтры. Яны запрацуюць у Бабруйску і Полацку

У Бабруйску візавы цэнтр Эстоніі пачне працу з 1 верасня.

У ім акрамя Эстоніі будуць афармляць дакументы для ахвотных выехаць у Фінляндыю і Швецыю, паведамляе партнёр эстонскай амбасады ў Беларусі кампанія VFS Global.

Дакументы, аднак, прымуць не ўва ўсіх, адзначае выданне «Бобруйский курьер». Візу стануць афармляць:

– для наведвання блізкіх членаў сям’і грамадзян або ўладальнікаў дазволу на жыхарства;

– для паездкі па гуманітарных прычынах. Напрыклад, цяжкая хвароба або пахаванне блізкага сваяка;

– для кіроўцаў, якія працуюць у сферы міжнародных грузавых перавозак.

Візавы цэнтр Эстоніі ў Бабруйску размясціўся на вуліцы Пушкіна 251 (у будынку кампаніі Белдзяржстрах). У Полацку – на вуліцы Камуністычная, 4Б.

фота: sputnik.by

Настаўнік беларускай мовы з Магілёва перамог у лёгкаатлетычным забегу «Шахцёр-трэйл»

Юрась Каласоўскі, вядомы ў Магілёве не толькі як марафонец, але і як грамадскі актывіст, які вучыў ахвотных беларускай мове на моўных курсах. 

Ён – настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Яго прызнавалі найлепшым настаўнікам Магілёва і вобласці.

У Салігорску на забегу «Шахцёр-Трэйл» Юрась Каласоўскі перамог на самай прэстыжнай дыстанцыі ў 40 кіламетраў. Ён прабег яе за 2 гадзіны, 45 хвілін і 53 секунды!

У салігорскім забегу ўдзельнічала больш за пяцьсот удзельнікаў. Ім прапаноўваліся на выбар дыстанцыі ў 40 км, 20 км, 6 км, піша інтэрнэт-выданне «Шахцёр».

фота: Шахцёр

У Расіі шукаюць на зонах «добраахвотнікаў» забіваць украінцаў. Нямала зэкаў пагаджаецца

Зняволеным абяцаюць у выпадку іх гібелі цела даставіць родным. Ад саміх жа асуджаных, якія пагодзяцца ваяваць ва Ўкраіне, патрабуецца не гвалтаваць жанчын, не ўжываць наркотыкі і не збягаць, бо дэзерціраў будуць расстрэльваць.

Набірае «добраахвотнікаў» на вайну прыватная вайсковая арганізацыя «Вагнер». Пра тое, як адбываецца вербаванне, расказаў рэсурсу «Важные истории» сваяк асуджанага з папраўчай установы, што ў Іванаўскай вобласці.

Па ягоных словах, 150 чалавек з гэтай калоніі збіраюцца вывезці 1 верасня ў Растоў-на-Доне, дзе з імі правядуць «двухтыднёвую падрыхтоўку».

Вербаваць зняволеных у калонію прыяжджаў асабіста кіраўнік «Вагнера» Яўген Прыгожын, расказвае суразмоўнік «Важных историй».

«Прыгожын ім казаў, як крута быць у яго групе “салдат фартуны”. Казаў, што асуджаныя будуць забіваць ворага і ім за гэта нічога не будзе. Кляўся, што ў выпадку гібелі цела забітага вернуць родным – нібыта для яго гэта прынцыповы момант, а сваякам заплацяць 5 мільёнаў рублёў» – апавядае сваяк асуджанага.

Паводле яго, у Прыгожына, былі тры патрабаванні да “добраахвотнікаў”: не гвалтаваць жанчын, не ўжываць наркотыкі і не збягаць, бо дэзерціраў будуць расстрэльваць.

Пасля сустрэчы «добраахвотнікаў» павялі на «гутарку», у іх пыталіся памер галавы, памер абутку, рост і вагу. Яны пісалі прашэнне аб памілаванні. Ніякіх кантрактаў асуджаныя не падпісвалі: паперы ім абяцалі даць на подпіс ужо «на месцы».

Суразмоўца «Важных историй» сцвярджае: зняволеныя паміж сабою абмяркоўваюць, што з іншых калоніяў Іванаўскай вобласці таксама рыхтуюць групы асуджаных на адпраўку ва Украіну. Далучыцца да «Вагнера» захацелі з двух мясцовых зон 500 чалавек.

фота: focus.ua